Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў
«Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў» | |
Дата ўтварэньня | 1 студзеня 1927 (97 гадоў таму) |
---|---|
Дата спыненьня існаваньня | 1 студзеня 1930 |
Тып | Мастацтва |
Юрыдычны статус | Грамадзкае аб’яднаньне |
Мэта | Развіцьцё беларускага мастацтва |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Віцебск, Гомель, Магілёў |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
старшыня | Аляксандар Грубэ |
намесьнік старшыні | Арон Касьцялянскі |
сакратар | Міхась Станюта |
Кіроўны орган | Сход |
Матчына кампанія | Інстытут беларускай культуры |
«Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў» — беларускае мастацкае аб’яднаньне, заснаванае пры мастацкай сэкцыі Інстытута беларускай культуры. У пачатку 1927 году ініцыятыўнай групай мастакоў быў распрацаваны статут Усебеларускага аб’яднаньня мастакоў. Утваранае абʼяднаньне мела мэтай, як было заяўлена, злучыць мастацкія сілы й пашырыць працу па ўтварэньню нацыянальнага па форме й пралетарскага па зьместу беларускага й іншых нацыянальных мастацтваў народаў Беларусі. Абʼяднаньне намячала шэраг дыспутаў і выставак[1]. Старшынём абралі Аляксандра Грубэ, намесьнікам старшыні — Арона Касьцялянскага, сакратаром — Міхася Станюту[2]. Аб’яднаньне мела свае філіалы ў Менску, Віцебску, Гомелі, Магілёве й, таксама, ў Маскве й Ленінградзе, куды ўваходзілі беларускія студэнты.
Стварэньню «УАМ» папярэднічала «Першая Ўсебеларуская мастацкая выстава», арганізаваная ў 1925 годзе ў Менску па ініцыятыве Інстытута беларускай культуры. Па задуме ў мэты выставы ўваходзіла «выявіць мастацкія групоўкі ці кірункі, на якія мы маглі б надалей абапірацца ў справе культурнага будаваньня Савецкай Беларусі». Пазьней, пры актыўным удзеле аб’яднаньня, у Менску былі арганізаваны 2-я (1927) і 3-я (1929) — «Усебеларускія выставы», а таксама беларускі аддзел выставы «Мастацтва народаў СССР» у Маскве (1927).
У выставах бралі ўдзел чальцы аб’яднаньня: Меер Аксэльрод, Аркадзь Астаповіч, Ян Ахрэмчык, Абрам Бразэр, Гаўрыла Віер, Валянцін Волкаў, Аляксандра Галубкіна, Майсей Горшман, Аляксандар Грубэ, Зьміцер Дваракоўскі, Мікола Дучыц, Барыс Зьвінагродскі, Леў Зевін, Арон Касьцялянскі, Сяргей Каўроўскі, Зьміцер Комар, Якуб Кругер, Ісак Мільчын, Залман Мірінгоф, Пальміра Мрачкоўская, Рыгор Пархоменка, Тодар Пархоменка, Мікола Пашкевіч, І. М. Рубанаў, Вячэслаў Руцай, Раман Семашкевіч, Майсей Сьляпян, Арон Салавейчык, Міхась Станюта, Якуб Тайц, Мікола Тарасікоў, Анатоль Тычына, Міхась Філіповіч, Уладзмер Хрусталёў, Акім Шаўчэнка, Габрыэль Шульц, Міхаіл Эндэ, Гілель Шыфрын і інш.[3][4].
Склад «УАМ» не быў аднародны. Яго чальцы пільнаваліся розных эстэтычных і ідэалягічных прынцыпаў, што абумовіла раскол, які пачаўся спакваля неўзабаве пасьля «Другой Ўсебеларускай мастацкай выставы» ў 1927 годзе. Частка маладых мастакоў (Меер Аксэльрод, Абрам Бразэр, Майсей Горшман, Аляксандар Грубэ, Леў Зевін, Арон Касьцялянскі, Вячэслаў Руцай і інш.) патрабавала клясавага падзелу абʼяднаньня й выступала супраць «буржуазна-нацыяналістычнага» ухілу ў мастацтве. У 1930 гэта група выйшла з «УАМ» і ўтварыла Рэвалюцыйнае абʼяднаньне мастакоў Беларусі (РАМБ). Пасьля расколу дзейнасьць «УАМ» спынілася. У 1931 годзе чальцы аб’яднаньня «РАМБ» прынялі ўдзел у 4-й Усебеларускай мастацкай выставе[5].
Адначасова з аб’яднаньнем «РАМБ» існавала абʼяднаньне «Прамень», якое было створана ў лютым 1928 году[6]. У склад «Праменя» увайшлі мінскія мастакі Алена Аладава, А. Вало, Павал Гуткоўскі, Анатоль Тычына й інш. Чальцы аб’яднаньня прынялі ўдзел у 3-й Усебеларускай мастацкай выставе[4].
Выставы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1927 — Менск. 8 лістапада 1927 году. «Другая Ўсебеларуская мастацкая выстава». Арганізавана Усебеларускім аб'яднаньнем мастакоў. Удзелнічаў 61 мастак, экспанавана 377 твораў[3][7].
- 1927 — Масква. Зь 7 лістапада да 18 сьнежня 1927 году. Юбілейная выстава мастацтва народаў СССР. Арганізавана Дзяржаўнай Акадэміяй мастацкіх навук(ru), Усебеларускім аб'яднаньнем мастакоў у адзначэньне дзесяцігадовага юбілею Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Выяўленчае мастацтва, тэатар, кіно – у памяшканьні Вхутэмаса (вул. Мясьніцкая, 21)[8][9][10][11].
Посьпехі беларускага мастацтва. 18-га сьнежня ў Маскве зачынілася выстаўка вобразнага й тэатральнага мастацтваў нацыянальнасьцяў СССР. Перад зачыненьнем выстаўкі спэцыяльная камісія ў складзе прэзыдэнта Дзяржаўнай Акадэміі Мастацкіх Навук прафэсара Пятра Когана(ru) й выдатнейшых мастацтвазнаўцаў Масквы вызначыла прэміі за больш удалыя экспанаты. За лепшыя экспанаты беларускага адзьдзелу вызначаны ганаровыя дыплёмы наступным арганізацыям: Усебеларускаму аб'яднаньню мастакоў, БДТ 1, БДТ 2, Беларускаму габрэйскаму тэатру й Віцебскаму мастацкаму тэхнікуму. З паасобных удзельнікаў выстаўкі атрымалі дыплёмы: па вобразным мастацтве – Міхась Філіповіч і Арон Касьцялянскі, па графіцы – Саламон Юдовін і Абрам Бразэр. Апроч таго, выставачны камітэт пры Дзяржаўнай Акадэміі Мастацкіх Навук пастанавіў зьмясьціць, у адным з буйнейшых пэрыядычных выданьняў БССР, свой водгук аб беларускім мастацтве, а таксама здымкі экспазыцыі цэлай залі, паасобных работ, выступленьне хору й інш.[12] |
||
- 1929 — Менск. «Трэцяя Ўсебеларуская мастацкая выстава». Адкрыта з 3 па 25 студзеня 1929 году у Менску, у памяшканьні Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Удзельнічалі 62 прафэсійныя мастакі, экспанаваны 582 творы прафэсійных мастакоў[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Хроніка беларускай культуры. Тэатр, мастайтва і музыка. // Полымя : часопіс. — 1927. — № 1. — С. 213.
- ^ Хроніка. Аб'яднаньне мастацкіх сіл. // Узвышша : часопіс. — 1927. — № 2. — С. 213, 214.
- ^ а б Каталёг 2-й Усебеларускай мастацкай выстаўкі. / Прадмова: П. Капаевіч, Мікола Шчакаціхін, Аляксандар Грубэ, Міхаіл Філіповіч, Арон Кашталянскі; мастак: Анатоль Тычына. — Менск: БДВ, 1927. — С. 11 (№ 192). — 30 с. — 500 ас.
- ^ а б в Каталёг (Трэцяе) Усебеларускае мастацкае выстаўкі ў Менску — 1929. / Міхайла Грамыка, Уладзімер Кудрэвіч, Мікалай Красінскі, Мікола Шчакаціхін, Міхась Станюта, А. Вало, Мікалай Касьпяровіч, А. Маркоўскі; мастак: Янка Кашкель. — Менск: ФЗВ, 1929. — С. 12 (№№ 143—149). — 17 с. — 500 ас.
- ^ Чацьвёртая Ўсебеларуская мастацкая выстаўка, прысвечаная трэцяму рашаючаму году пяцігодкі : Малярства. Скульптура. Графіка. Каталог. — Менск: 1931. — 21 с. — 5000 ас.
- ^ Хроніка беларускае культуры. У Менску арганізавалася Беларускае Мастацкае Т-ва «Прамень». // Полымя : часопіс. — 1928. — № 2. — С. 230.
- ^ Беларускія мастацкія выстаўкі. 2-я ўсебеларуская выстаўка. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1927, 23 кастрычніка. — № 242 (2134). — С. 3.
- ^ Каталог юбилейной выставки искусства народов СССР, организованной государственной Академией художественных наук: изобразительное искусство, театр, кино / Вступительная статья Я. Тугендхольда. — Москва: Гос. акад. худож. наук, 1927. — С. 16. — 32 с.
- ^ Беларускія мастацкія выстаўкі. На выстаўцы нацыянальнасьцяй СССР. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1927, 23 кастрычніка. — № 242 (2134). — С. 3.
- ^ Выставки советского изобразительного искусства. Справочник / составители: Азаркович В. Г. и др.. — Москва: Советский художник, 1965. — Т. 1. 1917—1932. — С. 209—211, 239. — 555 с. — 3000 ас.
- ^ Коган П. С. Искусство народов СССР. К выставке в дни Октябрьских торжеств. // «Советское искусство» : часопіс. — 1927. — № 5. — С. 99—107.
- ^ Посьпехі беларускага мастацтва. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1927, 20 сьнежня. — № 288 (2180). — С. 4.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аладава А. В. Рэвалюцыйная аб'яднаньне мастакоў Беларусі (РАМБ). // Беларуская савецкая энцыкляпэдыя. У 12 т. / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1973. — Т. 9. Рабкор — Сочы. — 640 с. — С. 233.
- Герасімовіч П. М. Усебеларускае аб'яднаньне мастакоў. // Беларуская савецкая энцыкляпэдыя. У 12 т. / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1974. — Т. 10. Сошна — Фут. — 656 с. — С. 495.
- Гісторыя беларускага мастацтва: у 6 т. / Рэдактары тома: Л. М. Дробаў, В. Ф. Шматаў. — Мінск: Навука і тэхніка, 1990. — Т. 4. 1917—1941. — С. 46, 47, 78. — 352 с. — 2450 ас. — ISBN 5-343-00157-2.
- «Прамень». // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2001 Т. 12: Палікрат — Праметэй. — С. 554. — С. 554.
- Усебеларускае аб’яднаньне мастакоў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Т. 5: Скамарохі — Яшчур. — 702 с. — 9500 ас. С. 368.
- Бадин Р. Г. К истории художественной жизни Белоруссии. // Проблемы развития советского искусства и искусства народов СССР. — Л.: Академия художеств СССР, 1975. — Т. Вып. II. — С. 22—30.
- Белорусская культура / составители: Балицкий, Антон; Гартный, Тишка; Цвикевич, Александр; Щекатихин, Николай. — Белорусское общество культурных связей с заграницей. — Минск: 1928 Т. Сб. 1. — С. 45, 70. — 75 с. — 300 ас.
- Кастелянский А. Г.. Изобразительное искусство БССР / предисловие: Гурски И. — М. — Л.: Огиз—Изогиз, 1932. — С. 20, 21.
- Орлова, Марина. Искусство Советской Белоруссии: живопись, скульптура, графика. Очерки. — М.: Издательство Академии художеств СССР, 1960. — С. 62—67, 70. — 324 с. — 2600 ас.
- Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии / редактор К. Ситник. — М. — Л.: Искусство, 1940. — С. 140, 141. — 149 с.
- Северюхин, Д. Я; Лейкинд, О. Л. Всебелорусское обединение (ассоцицация) художников (ВОХ); Усебеларуская аб'яднаньне мастакоў. Минск, 1927—1930. (рас.) // Золотой век художественных объединений в России и СССР (1820—1932) : справочник. — Петербург: Издательство Чернышова, 1992. — С. 49, 50. — ISBN 5-85555-004-4.