Алексантэры Ахола-Вало
Алексантэры Ахола-Вало | |
Дата нараджэньня | 27 студзеня 1900[1][2] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 15 верасьня 1997[1] (97 гадоў) |
Месца сьмерці | |
Адукацыя | |
Месца вучобы | |
Занятак | мастак, мысьляр |
Сайт | ahola-valo.fi |
Алексантэры (Аляксандар Пятровіч) Ахола-Вало (па-фінску: Aleksanteri Ahola-Valo; 27 студзеня 1900, Імпілахці — 15 верасьня 1997, Сімрысхамн) — фінскі мастак і мысьляр, заснавальнік мастацка-рацыяналістычнае сыстэмы жыцьця (эвахамалёгіі)[3].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 27 студзеня 1900 году ў Імпілахці(fi) (Кар’яла) у сям’і пісьменьніка і журналіста Пэтэры Ахола. У 1902 року пасьля заўчаснай сьмерці жонкі бацька перавёз сям’ю ў Пецярбург. У 1905 року за ўдзел у рэвалюцыйных выступленьнях Пэтэр Ахола быў высланы ў Вырыцу (фін. Viiritsan) пад Пецярбургам. У гэты ж час Алексантэры абраў псэўданім Вало, што азначае «сьвятло».
У 16-гадовым веку Алексантэры пераехаў у Петраград, дзе паступіў у Mayak College (для дзяцей дыпляматаў), у якім навучаўся да ягонага закрыцьця ў 1918 г.; быў сьведкам падпісаньня Леніным акту незалежнасьці Фінляндыі. Ахола-Вало ўступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у паходзе на Варшаву. Паранены, накіраваны на лекаваньне ў Віцебск. Навучаўся ў мастацкай школе Юдэля Пэна (1921—1922), працаваў у школе мастаком-выхавацелем. У 1923 року экстэрнам здаў іспыты ў Адэскай мастацкай вучэльні.
У 1925 вярнуўся ў БССР, у Менск. Працаваў у Інбелкульце, пазнаёміўся з Казімерам Малевічам і Маркам Шагалам, ажаніўся зь беларускай Аленай Нікановіч-Яцкевіч, зь якой мелі двух дачок.
У 1925 разам зь Сяргеем Эйзэнштейнам узяў удзел у стварэньні фільму «Браняносец „Пацёмкін“», стварыў гравюру «Кастрычнік у космасе» (пасьля падораная аўтарам Юрыю Гагарыну).
У 1930 року на запрашэньне Надзеі Крупскай пераехаў у Маскву, працаваў дызайнэрам у Інстытуце аховы сям’і і дзіцяці.
У 1933 року, трапіўшы ў апалу Крупскай, быў вымушаны бегчы зь сям’ёй у Фінляндыю, пасяліўся ў Хямэенліне. З пачаткам савецкага нападу яго западозрылі ў сувязях з НКУС. Нягледзячы на заступніцтва мастака Аксэлі Гален-Калелы, Алексантэры арыштавалі і адправілі ў лягер Драгсквік каля Расэборгу. У лягеры ён стварыў карціну «Блакітная душа». Пасьля вызваленьня з 1940 року жыў у Швэцыі. Вярнуўся ў Фінляндыю толькі ў 1982.
Памёр у 1997 року, згодна запавету ягоны прах быў расьсеяны ў моры на мяжы Расеі, Фінляндыі і Швэцыі — краінаў, якія ён лічыў сваёй радзімай.
Унёсак у беларускую культуру
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Добра валодаў беларускай мовай. Працаваў у часопісах «Беларускі піянер», «Малады араты», «Беларуская работніца і сялянка», газэце «Беларуская вёска». Аформіў кнігі Якуба Коласа «Новая зямля», Андрэя Александровіча «Угрунь», Паўлюка Труса «Ветры буйныя», Анатоля Вольнага «Табе», Міколы Нікановіча «Вясновы прамень», Кузьмы Чорнага «Хвоі гавораць». Кнігі ў ягоным афармленьні былі прадстаўленыя на Сусьветнай кніжнай выстаўцы ў Парыжы (1927).
У 1927 року стаў ініцыятарам стварэньня творчай суполкі «Прамень».
У 1930 распрацаваў і збудаваў на тэрыторыі Першай усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўкі ў Менску «Павільён гісторыі пакутаў чалавецтва» (зьнішчаны ў вайну 1941).
У 1995 року ўзяў удзел у Другім міжнародным кангрэсе беларусістаў у Менску.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Register of the Artists' Association of Finland (фін.)
- ^ Aleksanteri Ahola-Valo // Artists of the World Online, Allgemeines Künstlerlexikon Online, AKL Online (ням.) / Hrsg.: A. Beyer, B. Savoy — B: K. G. Saur Verlag, Verlag Walter de Gruyter, 2009. — ISSN 2750-6088 — doi:10.1515/AKL
- ^ Ahola-Valo, Aleksanteri (1900—1997) (фін.) National Biography of Finland Праверана 28 сьнежня 2016 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1996 Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 153.
- Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 4: 1917—1941 гг. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Л. М. Дробаў, В.Ф. Шматаў] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1990. — 352 с. : іл. ISBN 5-343-00157-2
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — С. 333. — 704с.:іл. с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-11-0496-9
- Республика Беларусь: Энциклопедия в 7 т. Т. 2: А — Герань / редкол. Г. П. Пашков и др. — Минск: БелЭн, 2006. — 912 с : ил. — ISBN 985-11-0341-1. — ISBN 985-11-0371-3 (Т. 2).