Перайсьці да зьместу

Двор-Гарадзішча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Двор-Гарадзішча
лац. Dvor-Haradzišča
Населены пункт
Мясьціна з рэшткамі парку графаў Ракіцкіх
Мясьціна з рэшткамі парку графаў Ракіцкіх
Краіна Беларусь
Вобласьць Гомельская
Раён Брагінскі
Сельсавет Малейкаўскі
Першыя згадкі XVIII стагодзьдзе
Дата заснаваньня другая палова XVIII ст.
Часавы пас
Каардынаты 51°48′42″ пн. ш. 30°17′10″ з. д.HGЯO
Насельніцтва
Колькасьць
Лічбавыя ідэнтыфікатары
Тэлефонны код +375 2344
Паштовы індэкс 247640
Нумарны знак 3
Двор-Гарадзішча на мапе Беларусі ±
Двор-Гарадзішча
Двор-Гарадзішча
Двор-Гарадзішча
Двор-Гарадзішча
Двор-Гарадзішча
Двор-Гарадзішча

Дво́р-Гарадзі́шча (з 25 кастрычніка 1934 году — Тэльман[2]) — панскі двор альбо фальварак, пазней пасёлак на рацэ Брагінцы. Уваходзіць у склад Малейкаўскага сельсавету Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі. Насельніцтва на 2009 год — 133 чалавекі. Знаходзіцца за 4 км на паўночны ўсход ад Брагіна; за 25 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі (лінія Васілевічы — Хвойнікі ад лініі КаленкавічыГомель), каля аўтамабільнай дарогі Камарын — Хвойнікі.

Фрагмэнт эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.
Фальварак і слабада Гарадзішча на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Фальварак Гарадзішча і грунт яго згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году. У мэтрычным запісе Астраглядаўскага касьцёлу за 31 ліпеня 1787 году аб шлюбе Яна Шандэра (Сандэра) з Барбарай Бялінскай месцам пражываньня названа менавіта Гарадзішча, хоць і без указаньня статусу паселішча[a][3]. Паводле рэвізіі 1795 году, у паселішчах, прыналежных да фальварку Гарадзішча, налічвалася 2 848 душ прыгонных мужчынскага полу[4]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах той жа рэвізіі, вядома, што вёскі Гарадзішча (верагодна, і фальварак), Углы, Каманоў, Сялец, хутар Малейкі, саўладальнікамі якіх былі Людвік і Рафал Алаізы Ракіцкія, у «оренду поступлено капитану Сандеру»[5][b]. Будучы Двор-Гарадзішча пазначаны побач з аднаіменнай слабадой як фальварак таксама на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 году.

Недзе ў пачатку XIX стагодзьдзя тут, на правым беразе ракі Брагінкі, паўстала рэзыдэнцыя графа Людвіка Ракіцкага[d] з радыяльна-рэгулярным у пляне паркам. Аляксандар Ельскі пісаў пра «wspaniały pałac murowany», у якім гаспадар, маршалак Рэчыцкага павету, а пазьней маршалак Менскай губэрні, шыкоўна і з густам бавіў свайго жыцьця гады [10]. Л. Ракіцкі, сам музыкант і вялікі знаўца музыкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазытара Джавані Батысты Віёці, займеў выдатны аркестар з сарака музыкантаў; захоўваліся ў тым палацы і колькі твораў мастацтва. У шляхецкай рэвізіі 1811 году ў фальварку Гарадзішча засьведчана пражываньне 37-гадовага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[e], Міхала (16 г.), сына яго брата Рафала[f], Уладыслава Аскеркі (17 г.), сына яго сястры Ізабэлы[g]. Там жа сярод «шляхетства беспоместного», акрамя дварэцкага, эканома, штальмейстара і іншых службоўцаў, названыя «директор музыки» Антоні Скібінскі (43 г.)[h], «мэтр музыки» Ян Пецэльд (37 г.), «при музыке» Казімер Казлоўскі (57 г.)[i] і яго сын Антоні (22 г.)[17][k].

Пад кіраўніцтвам запрошанага ў двор Гарадзішча ў 1814 годзе таленавітага музыканта, кампазытара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага[l] згаданы аматарскі аркестар дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сымфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховэна. Канцэрты пад кіраўніцтвам Ю. Дашчынскага, на якія зьязджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў маёнтку Л. Ракіцкага, але таксама ў Менску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі опэры А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[23].

20 жніўня 1818 году «jedyne dziecię i jedyna pociecha ojca» Л. Ракіцкага дачка Тэкля і сын Караля Прозара Уладыслаў узялі шлюб[24], таму рэзыдэнцыя з прыналежнымі да яе паселішчамі і ўгодзьдзямі недзе каля 1830 году дасталася роду Прозараў[m]. У сьнежні 1831 году пан падкаморы рэчыцкі Уладыслаў Прозар заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хвойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[26], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камэрцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Менскай губэрні . У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 20 асобаў мужчынскага і 19 жаночага пола зь ліку жыхароў фальварку Гарадзішча належалі да Астраглядаўскай парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[27].

Двор і вёска Гарадзішча на мапе Шубэрта-Тучкова з праўкамі 1860-х гг.
Фрагмэнт сьцяны, якая атачала палац Ракіцкіх[o]
Маёнтак Гарадзішча ўладальніка Патона. Згадка 1887 г.

У парэформавы пэрыяд паселішча належала да Брагінскай воласьці. У 1876 годзе сын і дочкі Мечыслава Прозара Канстанцін, Марыя, Зофія, Станіслава мелі ў дварах Гарадзішча, Астраглядавічы і Савічы разам 31 581 дзесяціну ўгодзьдзяў; яшчэ ў Гарадзішчы — 2 вадзяныя з гадавым прыбыткам у 1260 рублёў, 1 конны млын (50 р.), 1 вятрак (100 р.), сукнавальню (60 р.), завод па вытворчасьці жалеза (70 р.)[28]. У 1886 годзе тут дзейнічалі бровар і вадзяны млын[29]. Паводле сьпісу землеўладальнікаў Менскай губэрні на 1889 год, уласьнікам маёнтку Гарадзішча ў 3730 дзесяцін угодзьдзяў быў сапраўдны стацкі саветнік Уладзімер Мацьвееў Ергольскі[30]. Але ў дадатку «Апісаньне сумежных земляў» што да пляну надзела брагінскіх сялянак Аляксандры і Ганны Сідаравых Лаўрусенкаў, выкананым у 1887 годзе землямерам панам Вырвічам, засьведчана, што маёнтак Гарадзішча належаў Патону[31]. У кнізе «Памяць. Брагінскі раён» без спасылкі на крыніцу сказана, што ў 1890 годзе двор Гарадзішча набыў расейскі аташэ ў Швэйцарыі Аскар Пятровіч Патон[p]. На 1903/1904 год сярод зямельных уласьнікаў Менскай губэрні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы уладальнік маёнтку Гарадзішча, што ў Брагінскай воласьці, спадчынны дваранін Пётар Аскаравіч Патон[33]. У 1913 (1911) годзе маёнтак Гарадзішча П. А. Патона складаў 2183 дзесяціны ўгодзьдзяў[34].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Двор Гарадзішча, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[35].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Брагінская воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня яна разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.

8 сьнежня 1926 году Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласьць вярнулі БССР. Тады ж утвораны Брагінскі раён. Найболей інтэнсіўна пасёлак Двор-Гарадзішча развіваўся ў 1920-я гады. У 1932 годзе арганізаваны калгас. Паводле Яўгена Рапановіча, імя Э. Тэльмана паселішчу нададзена 25 кастрычніка 1934 году[36].

Марына Мнішак і Дзьмітры Самазванец у замкавым саду ў Самбары. Гравюра С. Ф. Галакціёнава пачатку XIX ст.

У гады Другой сусьветнай вайны акупанты забілі 13 жыхароў. Падчас баёў за вызваленьне пасёлка ў кастрычніку 1943 году загінулі 6 савецкіх салдатаў, якія пахаваны ў брацкай магіле.

На 2004 год, пасёлак знаходзіўся ў складзе калгаса імя Э. Тэльмана (цэнтр — вёска Сялец); працавалі клуб, крама.

  • XX стагодзьдзе: 1909 год — у фальварку Гарадышча (Городыще) 1 двор, 17 жыхароў[37].
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 57 гаспадарак, 177 жыхароў; 2006 год — 55 гаспадарак, 169 чалавек, зь якіх 50 ва ўзросьце да 16 гадоў, 75 — у працаздольным і 44 — старэйшым за працаздольны; 2009 год — 133 жыхары[38]; 2021 год — 107 жыхароў[39].

Плян Двара-Гарадзішча складаецца з крывалінейнай вуліцы, блізкай да мэрыдыянальнай арыентацыі і забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[40].

Валун «Камень каханьня» ў парку двара Гарадзішча паноў Ракіцкіх і Прозараў, господ Патонов.[q]

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Парк пры сядзібе Ракіцкіх (канец XVIII ст.)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
  • Сядзіба Ракіцкіх (канец XVIII ст.)
  1. Але наўрад ці пан арандатар жыў у вёсцы Гарадзішча, хутчэй у фальварку.
  2. Ян Сандэр, капітан «польской службы», уладальнік у Рэчыцкім павеце 53 сялянскіх душ (гл.: Кондратьєв Ігор. Участь шляхти Речицького повіту у виборах в дворянські інституції Чернігівського намісництва в 1796 р. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 307, 310).
  3. Менш як праз тры тыдні, ва ўзросьце 19 гадоў, пакінула сьвет жывых ў выніку пасляродавай гангрэны; 26 студзеня пахавана на Сялецкіх могілках[7].
  4. У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласьцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзыдэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў (Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы, фальваркі Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Углы)[6].
    Запіс аб хросьце Тэклі Юзафаты Антаніны Ракіцкай, дачкі бацькоў z Pałacu Horodyszcza.
    Найранейшая згадка пра zamek Horodyski. 1812 г.
    Найраней pałac Horodyszcze згаданы 5 студзеня 1799 г. у мэтрычных кнігах царквы Сялецкага базылянскага кляштару ў запісе аб хросьце Тэклі Юзафаты Антаніны, дачкі Людвіка і Ганны з Плятэраў[c] Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу. Кумамі былі кашталяніч менскі Рафал Ракіцкі з Брагіня і Тэкля зь Сівакоўскіх Валовічава, шамбэлян Ксавэры Валовіч з Холмэча і Барбара Сандэрава, падстароста судовы рэчыцкі Ігнацы Аскерка і Антаніна Сандэраўна, лоўчы рэчыцкі Андрэй Солтан і Казімера Забэлаўна з Гарадзішча[8]. Але ў датаваным днём раней, 4 студзеня 1799 г., запісе ў мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёлу (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 198) усё пададзена яшчэ ня гэтак урачыста: і дзяўчынка названая адно Тэкляй, і кумамі ў той дзень была адна толькі пара — Ігнацы Аскерка і Тэкля Валовічава, і самы хрост адбыўся ў маёнтку Гарадзішча (in praedio Horodyszcze; пэўна, тут маем адпаведнік іншаму лацінамоўнаму выразу — in aula (у двары)). Увогуле, найчасьцей ужываўся тэрмін «двор». Пазьней жа, у 1812 (14 студзеня ўпершыню), 1815, 1818 – 1822 гг. колькі разоў згаданы «zamek Horodyski» альбо «zamek Horodyszcze»[9]. Магчыма, акрамя знаходжаньня на даўнім гарадзішчы з валамі (што могуць высьветліць хіба спэцыялісты-архэолягі), той нібыта Вішнявецкіх замкавы мур, урэшце атачыўшы палац, часам і выклікаў у сьвятароў Актавіяна Доўгірда і Максыміліяна Эйсманта жаданьне называць яго «замкам».
  5. 5 жніўня 1774 г. ахрышчаны «толькі з вады» (ex aqua solum) грэка-уніяцкім прэсбітэрам Пракопіем Шумскім, парохам Ручаёўскай царквы, а 11 ліпеня 1775 г. з усімі ўжо касьцёльнымі цырымоніямі – айцом Эгідыюшам Піатроўскім, вікарыем Астраглядаўскага парафіяльнага касьцёлу[11].
  6. Спачыў 14 мая 1802 г. у фальварку Людамонт Менскага павету, пахаваны на Кальварыйскіх могілках[12].
  7. Паводле мэтрычнага запісу Юравіцкага касьцёлу, пайшла з жыцьця 13 траўня 1794 г., пасьля нараджэньня сына; была парафіянкай касьцёлу ў Астраглядах, пахаваная ў Рудакове[13].
  8. Антоні, сын Яна, Скібінскі, рыма-католік, на 1814 год названы ў сялецкіх мэтрыках канюшым, на 1816 год маршалкам двара Гарадзішча, згаданы і ў 1825 годзе[14]. Памёр 20 сьнежня 1844 г. у Малейках[15]
  9. Капэльмэйстар двара Гарадзішча Казімер Казлоўскі вядомы яшчэ ад 24 жніўня 1802 году з мэтрычнага запісу Сялецкага кляштару аб хросьце яго і Барбары з Скрычэўскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу, дачкі Разаліі Эльжбэты Юзэфы[16].
  10. Антоні Гаўсман з жонкай Марыянай, мэдыкі (konsyliarze medycyny) двара Гарадзішча, рыма-католікі, у мэтрычных запісах Сялецкага кляштару згаданы ў 1816 і 1819 г.[18].
  11. У сувязі з пражываньнем у двары Гарадзішча музыкантаў, бацькі і сына Казімера і Антонія Казлоўскіх, варта задацца пытаньнем: а ці наведваў тутэйшую сядзібу, браў удзел у канцэртах і даваў урокі музыкі Каралю Ельскаму менавіта Юзаф, сын Антонія, Казлоўскі, знакаміты кампазытар (гл.: Восіп Казлоўскі)? Тэму пачала В. Дадзіёмава; наведваньні тыя, канешне, вельмі верагодныя. Але Міхал Ельскі згадаў толькі доктара Гаўсмана[j] і Казлоўскага, якія прызнаныя лепшымі скрыпачамі ў аркестры Л. Ракіцкага, а значыць былі сталымі яго музыкантамі. І хто той Казлоўскі? Можна дапусьціць, што бацька і сын даводзіліся адпаведна старэйшым братам і пляменьнікам Юзафу. Ці мо нехта зь іх даў колькі ўрокаў К. Ельскаму?.. Акрамя таго. А. Ахвердава, а потым і В. Дадзіёмава ў сваіх працах напэўна ж
    Тытульны аркуш Канцэрту для фартэпіяна, прысьвечанага Тэклі Прозар, народжанай графіні Ракіцкай. 1833 г.
    Сьцяна ў двары Гарадзішча, пач. XX ст. Здымак зь сямейнага архіву Афонскіх.
    Будаўнічы матэрыял з кляймом цагельні Ракіцкіх (спалучаныя тыльнымі бакамі літары R i K – ROKICKI). Фота Андрэя Лебедзева. 2022 г.
    адвольна лякалізавалі Гарадзішча «пад Мінскам». І хоць С. Немагай тое ў свой час абвергла[19], расейская дасьледчыца А. Лебедзева-Ямеліна паспрабавала яшчэ неяк і ўдакладніць месцазнаходжаньне сядзібы Л. Ракіцкага: «вблизи Минска (то есть, по дороге из Пропойска в Залесье Огинских)…» і «Городищи Ракицких отстоят от Дудичей Ельских на приличное расстояние (около 80 км)!»[20]. Здагадка пра «по дороге...» А. Лебедзевай-Ямелінай — штучная. І адлегласьць паміж маёнткамі Ракіцкага і Ельскага была ў чатыры разы большая. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на працу якога, акрамя іншых, спасылалася і С. Немагай, як і брат-энцыкляпэдыст Аляксандар, дакладна ведаў, што двор Гарадзішча маршалка Л. Ракіцкага месьціўся ў Рэчыцкім павеце, а настаўнікамі іх бацькі ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі[21].
  12. Юзаф, сын Даміяна, Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пэнсію (ад 24 ліпеня 1828 г. дажыцьцёвае права на валоданьне вёскай Пясочанка зь сялянамі[22]), жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў, да апошніх дзён. Многія творы ён прысьвяціў сваім дабрадзеям — графу Людвіку Ракіцкаму і ягонай дачцэ Тэклі Прозар. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны палянэз» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя творы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу.
  13. У кліравой ведамасьці Брагінскай Сьвята-Траецкай царквы за 1829 г. засьведчана пражываньне ў Гарадзішчы графа маршала Людвіка Міхалавага сына Ракіцкага, а ў Брагіне — ягонага пляменьніка графа маршала Міхала Рафалавага сына Ракіцкага[25]. Паводле іерэя Расьціслава Бандарэнкі, настаяцеля Сялецкай Праабражэнскай царквы, кліравыя складаліся ў самым канцы бягучага і ўтрымлівалі інфармацыю на 1 студзеня наступнага (тут: 1830) году. Больш позьніх зьвестак пра Л. Ракіцкага пакуль няма.
  14. Праз дваццаць гадоў у энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць» (Мінск: БЭ, 2005. Т. 2. С. 431) С. В. Марцэлеў паведаміў пра яшчэ адзін замак Вішнявецкіх у вёсцы Бабчын на Хойнікшчыне. Вядома, аднак, што апошнія мелі замак у Брагіне, апісаны ў 1574 г., а болей і нідзе ў рэгіёне.
  15. Гэтая руіна ці не ад выхаду ў сьвет тому "Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць" (АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. – Мінск: БСЭ, 1985. С. 104) афіцыйна ўважаецца за рэшткі сьцяны замку князёў Вішнявецкіх[n]. Але пры іх (малодшая галіна роду, XVI ст. — пачатак 1670-х гг., ды пасьля немалога перапынку Міхал Сэрвацы са старэйшай галіны і апошні з мужчын у родзе, 1730-я — 1740-я гг.; гл. Брагін) у Гарадзішчы ня тое што мураванага замку, але і якой-небудзь драўлянай панскай сядзібы не існавала. На 1609 год ёсьць зьвестка пра дарогу гарадзішчаўскую, 1742 і 1750 — пра млыны, 1754 — пра дзьве халупы (хаты) у вёсцы Гарадзішча (гл. Гарадзішча). На здымку, верагодна, — рэшткі сьцяны ў комплексе мураваных збудаваньняў вялікапанскай сядзібы маршалка Людвіка Ракіцкага, якая зь цягам часу перастала быць патрэбнай наступным уладальнікам і яе пачалі разьбіраць, магчыма, яшчэ ў канцы XIX ст.
  16. Вартае ўвагі тое, што А. П. Патон, паводле ўспамінаў сына Яўгена[32], быў знаёмы «по службе» з найталенавітым інжынэрам Станіславам Кербедзем, які ўжо ў 1883 г. стаў уладальнікам маёнтку Брагін, пазьней перайшоўшым да сына Міхала (гл. Брагін).
  17. Выглядае, што зьвязаная з гэтым валуном мясцовая "легэнда" пра рамантычнае спатканьне Ілжэдзьмітрыя з Марынай Мнішак нават ня ў Брагіне (што таксама было б фантасмагорыяй), а менавіта тут, зьявілася пад уплывам вершу "В Городище есть преданье:_У реки, где панский сад_Были встречи и свиданья_Много лет тому назад..." (поўны тэкст гл.: Памяць. Брагінскі раён. — Мінск, 2003. С. 47). Сам жа верш, дзеля забавы, мог скласьці не пазбаўлены мастацкага густу чалавек са службы П. А. Патона ў позьнім двары Гарадзішча альбо, — і гэта падаецца больш верагодным, — нехта з абазнаных у расейскай гісторыі паэтаў ужо савецкіх часоў. У кожным выпадку, натхненьне выклікана сюжэтам, напрыклад (бо ёсьць і іншыя), як у гравюры С. Ф. Галакціёнава "Марина Мнишек и Дмитрий Самозванец в саду Самборского замка" пачатку XIX ст.
  1. https://bragin.gov.by/uploads/files/Pasport-Malejsovskogo-selsoveta-Braginskogo-rajona.pdf
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  3. НГАБ у Менску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 211-211адв.
  4. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206
  5. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72, 74
  6. Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016 (далей: Минские губернаторы, etc.). С. 211
  7. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 245
  8. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 3адв.
  9. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 47адв., 59адв., 60адв., 72адв.-73, 75, 77адв., 79адв.-82адв.
  10. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1882. T. III. S. 143
  11. НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 160
  12. Минские губернаторы, etc. С. 212
  13. НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97
  14. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 58, 66адв., 94адв.
  15. НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 36адв.
  16. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 16адв.
  17. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 77, 206
  18. НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 67, 75, 76
  19. Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага – помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21
  20. А. Лебедева-Емелина. Осип Козловский – белорус? (Новое о композиторе) // Старинная музыка. 2015. № 2 (68). С. 9
  21. Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 22. S. 169 – 171; № 23. S. 180 – 182
  22. НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
  23. А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65).
  24. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. – Poznań, 1895. Rocznik XVII. S. 151 – 152
  25. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 11, 13адв.
  26. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 831. А. 9
  27. Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв.
  28. Памяць. Брагінскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 61
  29. Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 5. — С.-Петербург, 1886. С. 111
  30. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 368
  31. НГАБ. Ф. 1477. Воп. 1. Спр. 2620
  32. Патон Е. О. Воспоминания. Литературная запись Ю. Буряковского. – Київ: Державне видавництво художньої літератури, 1933. С. 5, 12
  33. Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  34. Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 110 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  35. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) /[ О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : українськ ий часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  36. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск: Навука і тэхніка, 1986. С. 58, 168
  37. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 43
  38. Насельніцтва Гомельскай вобласці па выніках перапісу 2009 года  (рас.)
  39. Малейкаўскі сельскі савет
  40. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 112.
  41. НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.