Тры Будрысы
| Тры Будрысы | |
| Trzech Budrysów | |
| Жанр: | баляда |
|---|---|
| Аўтар: | Адам Міцкевіч |
| Мова арыгіналу: | польская |
| Год напісаньня: | 1827 |
| Публікацыя: | 1829 |
| Электронная вэрсія | |

Тры Будрысы (па-польску: Trzech Budrysów) — баляда Адама Міцкевіча, якая ў жартаўлівай форме тлумачыць збліжэньне Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай і палянізацыю літоўскай шляхты. Таксама баляда адлюстроўвае жыцьцёвую пазыцыю паэта: не багацьце, а толькі каханьне прыносіць шчасьце[1]. Напісаная ў канцы 1827 альбо пачатку 1828 і прысьвечана філямату і філяэту Вінцэнту Будрэвічу(pl). Упершыню пабачыла сьвет у другім томе зборніка паэзыі Міцкевіча (Пецярбург, 1829). Мае падзагаловак «Баляда літоўская»[2]. Тадэвуш Булгарын назваў баладу «ўзорам прастаты апавяданьня й прыгажосьці»[3].
Сюжэт
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Дзеяньне баляды адбываецца ў Літве XІV стагодзьдзя, якая разьвівае сваю моц дзякуючы ваенным дзеяньням, якія праводзяцца на некалькіх франтах адначасова. Першая страфа п’есы знаёміць чытача з домам галоўнага героя — старога Будрыса, — які адпраўляе трох сыноў на палі бітвы. Кожны зь іх павінен адправіцца ў іншы бок, каб змагацца ў войсках літоўскіх князёў: першы дапаможа Альгерду у барацьбе з рускімі, другі разам са Скіргелам (братам Ягайлы) адправіцца на «ляхаў», а трэці з Кейстутам «разграміць тэўтонаў».
Яны павінны прывезьці са сваіх экспэдыцый пэўную здабычу: у Расеі гэта «сабаліныя апоны й залатыя заслоны», у Прусіі — «як пяску, там бурштыну, сукны дзіўнага тканьня, і там рызы ў ксяндзоў у дыямэнтах». Самую незвычайную здабычу павінен прывезьці той, хто адправіцца на «ляхаў» — гэта будзе нявеста-полька, вартасьці якіх стары Будрыс сьмела праслаўляе перад сынамі.
Такім чынам, трое маладых літоўцаў адпраўляюцца на вайну ў пошуках славы, прыгод і абяцанай бацькам здабычы, пазьней турбуючы Будрыса сваёй доўгай адсутнасьцю. Урэшце, з экспэдыцыі вяртаецца першы з сыноў, прывозячы замест грошай польскую нявесту; неўзабаве пасьля яго ў доме бацькі зьяўляецца другі з братоў зь ідэнтычнай «здабычай». У фінале балады стары Будрыс, заўважыўшы на даляглядзе трэцяга са сваіх ваяўнічых сыноў, больш не пытаецца пра прывезеныя багацьці, рыхтуючы адразу трэцяе вясельле.
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць код]На беларускую мову твор Міцкевіча двойчы пераклад Янка Купала, у 1913 і 1940 годзе. На летувіскую мову ўпершыню твор пераклаў Людвік Адам Юцэвіч у 1837 годзе[4], потым Петрас Армінас-Трупінеліс у 1892 годзе.
У 1829 годзе паэму парадкова пераклаў на расейскую мову Тадэвуш Булгарын. На расейскую мову твор таксама пераклаў Аляксандар Пушкін (1833), што быў апублікаваны ў 1834 годзе ў часопісе «Бібліятэка для чытаньня»[5].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Станіслаў Манюшка ў 1839 годзе стварыў да балады музыку[6][7]. Польскі мастак Юльюш Косак стварыў да баляды дзьве карціны[8][9].
Пазьней сваю карціну да баляды стварыў летувіскі мастак Джэрард Багданавічус(lt) (1901—1986)[10].
Аляксандар Ходзька напісаў на матыў «Трох Будрысаў» сваю бяладу «Гербы», у якой распавёў гісторыю прымірэньня «Белага Арла» і «Пагоні»[11]. Уладзіслаў Сыракомля напісаў да баляды Міцкевіча паэму-працяг «Trzy córki Litwina» («Тры дачкі Літвіна»)[12].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- ↑ "Dėl Tavęs… — Lietuvos teatro, muzikos ir kino muziejus
- ↑ Trzech Budrysów
- ↑ «Сынъ Отечества и Северный Архивъ» (1829, т. V, с. 113—115)(недаступная спасылка)
- ↑ Wyjątkі z nowoczesnych poetów polskіch. Wіlno, 1837
- ↑ Томас Венцлова. К нулевому пра-тексту: заметки о балладе Будрыс и его сыновья. — Alexander Pushkin: Symposium II, ed. by Andrey Kodjak, Krystyna Pomorska and Kiril Taranovsky. — Columbus: Slavica, 1986. — P. 78—87.
- ↑ Trzech Budrysów : Ballada
- ↑ Moniuszko Stanisław, Trzech Budrysów Ballada Na Baryton I Orkiestrę
- ↑ Budrys z Laszką
- ↑ Bohaterowie tytułowi ballady Adama Mickiewicza «Trzech Budrysów»
- ↑ Trys Budriai
- ↑ Chodzka Aleksander. Poezye. Petersburg, 1829. Пераклад Кастуся Цьвіркі: Філаматы і філарэты, 1998, с. 344
- ↑ Кондратовичъ, Л. Избранныя стихотворенія Людвига Кондратовича (Владислава Сырокомля) — Москва: В. М. Лавровъ и В. А. Федотовъ, 1879. — Т. 1. — 462 с. — с. 333
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Trzech Budrysów у бібліятэцы Wolne Lektury.