Сьцяг Беларускай ССР
Сьцяг Беларускай ССР | |
БССР | |
Сьцяг Беларускай ССР | |
Прапорцыі | 1:2 |
---|---|
Прыняты | 25 сьнежня 1951 |
Скасаваны | 19 верасьня 1991 |
Дызайн | Чырвоная і зялёная палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1, з выявай у верхнім левым куце чырвонай паласы залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі з залатой аблямоўкай. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, белы на чырвоным фоне |
Аўтар | Мікалай Гусеў |
Сьцяг Беларускай ССР — рэспубліканскі сымбаль Беларускай ССР, зацьверджаны 25 сьнежня 1951 году. Гэта палотнішча памерамі 1:2, падзеленае гарызантальна на чырвоную і зялёную палосы ў прапорцыі адпаведна 2:1, з выявай у верхнім левым куце чырвонай паласы залатых сярпа і молата і над імі чырвонай пяціканцовай зоркі, апраўленай залатой аблямоўкай. Уздоўж тронка разьмяшчаецца арнамэнт, белы на чырвоным фоне. Праіснаваў да выхаду Беларусі з складу СССР.
З 1995 году рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мадыфікацыю сьцяга БССР — каляніяльны[1] чырвона-зялёны сьцяг[1] (ЧЗ-сьцяг; рас. Красно-зеленый флаг, КЗ-флаг, флаг Белоруссии), de facto усталяваны ў якасьці дзяржаўнага сьцяга Беларусі ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першай Канстытуцыі БССР (ССРБ), прынятай 3 лютага 1919 году, прысутнічала наступнае апісаньне сьцяга рэспублікі: «Гандлёвы і ваенны сьцяг ССРБ — прастакутнае чырвонае (пунцовае) палотнішча з залатымі літарамі ў верхнім куце ля тронка ССРБ або надпісам „Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь“»[3]. Пры гэтым эталённай выявы сьцяга не існавала[3]. Пазьней сьцяг БССР некалькі разоў зьмяняўся, аднак адзінае яго адрозьненьне ад сьцяга СССР (як і сьцягоў іншых саюзных рэспублік) крылася ў надпісе «БССР» у левым верхнім куце. Такім чынам, узорам для афіцыйна прынятай сымболікі БССР стала савецкая сымболіка Расеі[4]. Тым часам савецкія ўлады ў Маскве ў 1928 годзе распачалі актыўнае змаганьне зь бел-чырвона-белым спалучэньнем колераў: у дакладзе АДПУ (пазьнейшага НКВД) у ЦК ВКП(б) ад 27 траўня адзначаўся загад да менскіх уладаў перафарбаваць вулічныя слупы і інтэр’ер Дому працы, раней расфарбаваныя ў беларускія нацыянальныя колеры (рас. белорусские национальные цвета)[5].
Неўзабаве па сканчэньні Другой сусьветнай вайны савецкія ўлады ў Маскве[6] распачалі кампанію па зьмяненьні сьцягаў рэспублік Савецкага Саюзу (у тым ліку і БССР) на больш арыгінальныя. Імаверна, яе прычынай было ўтварэньне ААН, дзе апроч СССР, прадстаўніцтва таксама атрымалі БССР і УССР. На фоне шматколернасьці сьцягоў краінаў-удзельнікаў ААН савецкія рэспубліканскія палотнішчы выглядалі непаўнавартаснымі і безаблічнымі[6].
Дзеля адлюстраваньня нацыянальных асаблівасьцяў на палотнішчы новага сымбалю БССР надумалі зьмясьціць малюнак арнамэнту, вышытага ў 1917 году (год кастрычніцкага перавароту) сялянкай Матронай Маркевіч зь вёскі, якая на момант стварэньня сьцяга ўваходзіла ў склад Ульянаўскага (назва ў гонар Леніна) сельсавету[6]. Яшчэ да вайны ўзор узялі на захоўваньне ў архіў Белпрамсавету з прычыны магчымасьці яго выкарыстаньня ў лёгкай прамысловасьці[6]. Вялікую ролю пры абраньні менавіта гэтага арнамэнту адыграла ягоная назва «Ўзыходзячае сонца», якая імпанавала камуністычнай ідэалёгіі[6]. Увогуле, выкарыстаньне нацыянальнага арнамэнту на савецкай сымболіцы не было ўнікальным: раней чуваскі арнамэнт зьмясьцілі на сьцягу Чуваскай АССР (1926 год), а грузінскі, карэльскі і кіргіскі — адпаведна на гербах Грузінскай ССР (1921 год), Карэла-Фінскай ССР (1940 год) і Кіргіскай ССР (1937 год).
Абраньню адпаведнага варыянту беларускага арнамэнту не перашкодзіў той факт, што мужа Матроны Маркевіч арыштавалі ў 1937 годзе за антысавецкую прапаганду і расстралялі, па чым сям’я прайшла праз «раскулачваньне». Арыгінал вышытага Матронай Маркевіч ручніка не захаваўся, бо быў альбо канфіскаваны савецкімі карнымі органамі ў 1937 годзе, альбо згінуў у час Другой сусьветнай вайны. Брата Матроны Маркевіч Міхаіла Кацара, мастацтвазнаўцу і загадчыка сэктару этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук БССР, у 1951 годзе ўлучылі ў склад камісіі па распрацоўцы новага сьцяга БССР[7][8].
На падставе абранага арнамэнту малюнак новага сьцяга БССР стварыў мастак Мікалай Гусеў[6][9], народжаны ва Ўладзімерскай губэрні расеец, які канчаткова перабраўся ў Беларусь у 1932 годзе. Адной з апошніх яго даваенных работ стаў плякат «Няхай жыве Сталінская Канстытуцыя перамогшага сацыялізму і сапраўднага дэмакратызму», тым часам за нямецкай акупацый (1941—1944) ён маляваў партрэты афіцэраў Нацысцкай Нямеччыны і яе кіраўніка Гітлера[10].
У выніку, 25 сьнежня 1951 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР зацьвердзіў новы сьцяг БССР[6]. Форму закону гэтаму ўказу надалі 27 сакавіка 1952 году[11].
27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР. Яшчэ ў 1990 году ўлады Менску (а таксама Радашкавічаў[12]) пачалі выкарыстоўваць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг побач зь сьцягам БССР (яны разам вывешваліся над будынкам гарсавету). У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[13]. 24 жніўня 1991 году дэпутат Галіна Сямдзянава ўнесла бел-чырвона-белы сьцяг у Вярхоўны Савет Беларусі[14]. На наступны дзень, 25 жніўня, дэпутаты надалі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону. А 19 верасьня 1991 году парлямэнт Беларусі прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці дзяржаўных сымбаляў[13].
Галерэя сьцягоў Беларускай ССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падобныя савецкія сьцягі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сьцяг Чуваскай АССР з арнамэнтам (1926) |
Сьцяг Летувіскай ССР (1953—1988) |
Сьцяг Малдаўскай ССР (1952—1990) |
Сьцяг Карэла-Фінскай ССР (1953—1956) |
Сьцяг Таджыцкай ССР (1953—1992) |
Сьцяг РСФСР (1954—1991) |
Сьцяг Украінскай ССР (1949—1991) |
Сьцяг Казаскай ССР (1953—1992) |
Сьцяг Узбэцкай ССР (1952—1991) |
Сьцяг Туркмэнскай ССР (1953—1992) |
Сьцяг Грузінскай ССР (1951—1990) |
Сьцяг Азэрбайджанскай ССР (1952—1991) |
Сьцяг Армянскай ССР (1952—1991) |
Сьцяг Кіргіскай ССР (1952—1992) |
Сьцяг Латвійскай ССР (1953—1990) |
Сьцяг Эстонскай ССР (1953—1990) |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бел-чырвона-белы сьцяг
- Герб Беларускай ССР
- Гімн Беларускай ССР
- Сьцяг Беларусі
- Герб Беларусі
- Гімн Беларусі
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Сапраўдныя беларускія сімвалы: вось што трэба ведаць пра Пагоню і БЧБ, Наша Ніва, 22 лістапада 2020 г.
- ^ а б Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 21.
- ^ Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 7.
- ^ Славатинский А. Доклад ОГПУ в ЦК ВКП(б) о политических настроениях в среде белорусской интеллигенции (27 мая 1928 г.) // ЦК РКП(б)—ВКП(б) и национальный вопрос. Книга 1. 1918—1933 гг. / Составители Л. С. Гатагова, Л. П. Кошелева, Л. А. Роговая. — М.: «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), 2005. С. 569.
- ^ а б в г д е ё Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 24.
- ^ У Сянне адкрылі помнік жанчыне, якая вышыла арнамент з дзяржаўнага сцяга, Budzma.org, 6 ліпеня 2015 г.
- ^ Адкрыты спіс — Маркевіч Аляксей Захаравіч (1885)
- ^ Гурневіч З. Ловім прапагандыстаў на фэйках. «Калі б закон у краіне працаваў, то першымі пацярпелі б самі прапагандысты», Салідарнасьць, 22 сакавіка 2021 г.
- ^ Мартинович Д. Изобразил Гитлера и спасал военнопленного. Кто нарисовал красно-зеленый флаг, TUT.BY, 8.12.2020 г.
- ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 25.
- ^ Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. С. 26.
- ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.
- ^ 50 фактаў за бел-чырвона-белы сьцяг. Радыё свабода. Праверана 16 студзеня 2021 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Басаў А., Куркоў І. Флагі Беларусі ўчора і сёння / Пер. А. Найдовіч. — Менск: Полымя, 1994. — 34 с.: іл. ISBN 5-345-00730-6.
- Лялькоў І. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан // ARCHE Пачатак. № 1 (21), 2002. С. 98—112.
- Шаланда А. Кароткі нарыс гісторыі беларускай нацыянальнай і дзяржаўнай сімволікі // Герольд Litherland. № 21, 2019. С. 3—10.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2