Раман Шухевіч
Раман Шухевіч | |
укр. Роман Шухевич | |
1945 год | |
1-ы галава Генэральнага сакратарыяту Ўкраінскай галоўнай вызваленчай рады(uk) | |
---|---|
15 ліпеня 1944 — 5 сакавіка 1950 | |
Наступнік: | Васіль Кук(uk) |
4-ы галава Рэвалюцыйнай арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў ва Ўкраіне | |
13 красавіка 1943 — 5 сакавіка 1950 | |
Папярэднік: | Мікола Лебедзь(en) |
Наступнік: | Васіль Кук |
1-ы галоўны камандзір Украінскай паўстанчай арміі | |
21 лютага 1943 — 5 сакавіка 1950 | |
Наступнік: | Васіль Кук |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
30 чэрвеня 1907 Львоў, Каралеўства Галічыны і Ўладзімерыі(uk), Перадлітавія(cs), Аўстра-Вугоршчына |
Памёр: |
5 сакавіка 1950 (42 гады) сяло Белагоршча(uk), Львоўская вобласьць, Украінская ССР, СССР |
Рух: | Рэвалюцыйная арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў(uk) |
Сужэнец: | Натальля Раманаўна Шухевіч (1910—2002) |
Дзеці: | Сын Юры(uk), дачка Марыя |
Бацька: | Восіп Шухевіч (1879—1948) |
Маці: | Яўгенія Шухевіч (1883—1956) |
Род: | Шухевічы |
Адукацыя: | Львоўская палітэхніка (1934) |
Узнагароды: | Герой Украіны, Крыж баявой заслугі, Крыж заслугі |
Раман Восіпавіч Шухевіч (1907; Львоў, цяпер Украіна — 1950; с. Белагоршча, цяпер Львоў) — украінскі вайсковы і дзяржаўны дзяяч. 1-ы галава Ўкраінскай галоўнай вызваленчай рады (1944—1950) і 1-ы галоўны камандзір Украінскай паўстанчай арміі (1943—1950).
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і Восіпа і Яўгеніі Шухевічаў на кватэры дзеда Ўладзімера Шухевіча (1849—1915) па вул. Сабышчызны, д. 7 (цяпер вул. Доўбуша, д. 2) у Львове. Бабуля Герміна Шухевіч(uk) (дзяв. Любовіч; 1852—1939) была 1-й старшынёй назіральнай рады Жаночай прамысловай суполкі «Праца»(uk) (1900—1914). Пры хрышчэньні паводле ўніяцкага абраду атрымаў 2-е імя Тарас.
Маленства правёў у мястэчку Кракавец (Явараўскі павет), дзе бацька працаваў у павятовым судзе. У 1914 г. сям’я пераехала ў Каменку-Струмілавую, дзе бацька заняў пасаду судзьдзі. Там скончыў пачатковую школу. У 1917—1925 гг. працягнуў навучаньне ў Львоўскай акадэмічнай гімназіі(uk), дзе ў 1921—1924 гг. меў пераважна выдатныя гадавыя адзнакі («вельмі добра») па асноўных прадметах. Пасьля абвяшчэньня 19 кастрычніка 1918 г. Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР) бацька стаўся палітычным камісарам Каменка-Струмілаўскага павету. Пасьля вайсковага нападу Польскай рэспублікі на ЗУНР 1 лістапада дзядзька Сьцяпан Шухевіч(uk) (1877—1945) уступіў у Галіцкую армію(uk) (УГА). У 1921—1922 гг. пакой у дзедавай кватэры здымалі галава Ўкраінскай вайсковай арганізацыі (УВА) Яўген Канавалец і былы афіцэр УГА С. Шах. Паводле ўспаміну С. Шаха: «Ромка Шухевіч высока цаніў нашае таварыства і шукаў яго. Запрашаў яго ў свой пакой ня раз палкоўнік Яўген Канавалец і там вёў зь ім размовы». У 1922 г. заснаваў у гімназіі гурток «Ясны трызуб» украінскага скаўцкага руху «Пласт»(en). На Запароскіх гульнях 1923 г. у Львове паставіў рэкорды ў бегу зь перашкодамі(en) на 400 м і ў плаваньні на 100 мэтраў.
Увосень 1925 г. паступіў вольным слухачом курсаў будаўнічай архітэктуры ў Львоўскую палітэхніку і стаў сябрам УВА. Першы год навучаньня правёў у політэхнічным інстытуце Данцыга. 19 кастрычніка 1926 г. 19-гадовым добраахвотнікам на заданьне УВА разам з Багданам Падгайным(uk) учыніў замах на школьнага куратара Львоўскага ваяводзтва Станіслава Сабінскага(uk), які цягам 1925—1926 гг. зачыніў амаль 2000 украінскамоўных народных школаў. Яго рэвальвэр даў асечку. Замест Падгайнага, які забіў стрэлам куратара, суд прысяжных безь віны вырак у 1929 г. на сьмерць (зьмянілі на 15 гадоў зьняволеньня) Івана Вярбіцкага і на 10 гадоў зьняволеньня Васіля Атаманчука, якія таксама былі ўкраінскімі студэнтамі. У 1927 г. заснаваў сярод студэнтаў пластаўскі курэнь «Чарнаморцы». Належаў да заснаванага 22 ліпеня 1922 г. 3-га курэня старшых пластуноў(uk) і сэньёраў «Лясныя чэрці»(uk).
У 1928—1929 гг. служыў у гарматных злучэньнях Польскага войска. Спачатку атрымаў залічэньне ў артылерыйскую частку ва Ўладзімеры-Валынскім (Валынскае ваяводзтва). Затым скончыў школу падафтцэраў («падхарунжыўка»), аднак працягнуў службу радавым у сувязі з даносам у паліцыю аб удзеле ў УВА. У 1930 г. ажаніўся ў сяле Аглядаў(uk) (Тарнопальскае ваяводзтва) на Натальлі Бярэзінскай, дачцэ параха Рамана Бярэзінскага. Затым навучаўся ў Палітэхніцы Данцыга, у якім таксама браў удзел у ваенных вучэньнях УВА.
Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля заснаваньня 2 лютага 1929 г. у Вене (Аўстрыя) Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў стаў 2-ім баявым рэфэрэнтам(uk) пад мянушкай «Дзьвін» яе Краёвай экзэкутывы(uk) (1930—1934). Улетку 1930 г. зладзіў сабатаж у Галічыне (Львоўскае, Станіславаўскае і Тарнопальскае ваяводзтвы), у ходзе якога ладзіліся ў асноўным (83%) падпалы(en) будынкаў (62 жылыя дамы, 87 стадолаў, 112 сьціртаў, 78 гаспадарчых збудаваньняў) у маёнтках, пераразаліся тэлеграфныя і тэлефонныя лініі. 1 верасьня прэм’ер-міністар Польшчы Юзэф Пілсудзкі ухваліў пастанову аб пацыфікацыі Галічыны(uk). Да 30 лістапада пры 5195 обшуках у 450 сёлах паліцыянты (16 ротаў) і жаўнеры (10 эксадронаў(en) коньніцы) забілі 13 жыхароў, згвалтавалі 40 жанчынаў, зьбілі 1357 чалавек і арыштавалі 1739 асобаў.
Адначасна з удзелам у АУН, на пачатку 1930-х гг., стаў студэнтам па клясе фартэпіяна завочнага курсу Вышэйшага музычнага інстытуту(uk) імя Міколы Лысенкі(uk) ў Львове. Малодшы брат Юры Шухевіч(uk) (1910—1941) таксама скончыў Вышэйшы музычны інстытут у Львове. У выніку Юры сьпяваў у Львоўскім опэрным тэатры(uk) пад акампанэмэнт свайго старэйшага брата.
У 1931 г. адбыліся 4 удалыя напады баявымі пяцёркамі АУН: 31 ліпеня — на паштовыя карэты пад Бірчай(pl) (Перамышльскі павет(pl), Львоўскае ваяв.) і Печанежынам(uk) (Каламыйскі павет(pl), Станіславаўскае ваяв.), на Народны банк у Барыславе (Драгобыцкі павет(uk), Львоўскае ваяв.); 8 жніўня — на пошту ў Трускаўцы (Драгобыцкі пав.). У 1932 г. адбыліся ўдалы замах у Львове на начальніка ўкраінскага аддзелу паліцыі Эмільяна Чахоўскага (22 сакавіка), які катаваў вязьняў падчас допытаў, і напад на пошту(uk) ў Гарадку (30 лістапада), у часе якога загінуў брат жонкі Юры Бярэзінскі(uk) (нар. 1912). 21 кастрычніка 1933 г. баявік АУН Мікола Лемік(uk) (1915—1941) учыніў у Консульстве СССР у Львове(uk) ўдалы замах на выведніка Аб’яднанай дзяржаўнай палітычнай управы (АДПУ) «Аляксея» Майлава(ru) у адказ на галадамор ва Ўкраіне 1932—1933 гадоў.
15 чэрвеня 1934 г. баявік АУН Рыгор Мацейка(uk) (1913—1966) выканаў у Варшаве ўдалы замах на міністра ўнутраных справаў Польшчы Браніслава Пярацкага(pl), які загадваў пацыфікацыяй Галічыны. Якраз у чэрвені 1934 г. Раман Шухевіч пасьпеў скончыць Львоўскую палітэхніку з дыплёмам інжынэра. Ужо 18 чэрвеня апынуўся пад арыштам. 6 ліпеня трапіў у Бяроза-Картускі канцэнтрацыйны лягер (Пружанскі павет, Палескае ваяводзтва; цяпер Берасьцейская вобласьць, Беларусь) без дастатковага доказу віны. На Варшаўскім працэсе(uk) (18 лістапада 1935 — 13 студзеня 1936) над сябрамі АУН за забойства міністра Пярацкага выступіў у якасьці сьведкі. Судзьдзя В. Пасямкевіч спагнаў зь яго і іншых сьведкаў 200 злотых за сьведчаньні на роднай украінскай мове. Таксама судзьдзя загадваў пакінуць судовую залу і караў адной содняй зьняволеньня за прывітаньне: «Слава Ўкраіне!» На пытаньне свайго адваката аб прычыне ўступленьня ў АУН адказаў: «Гэта быў загад майго сэрца». 19 студзеня 1936 г. яго выправілі ў львоўскую турму «Брыгідкі» (вул. Гарадоцкая(uk)) для наступнага сьледзтва. На Львоўскім працэсе(uk) (25 траўня — 26 чэрвеня 1936) над 27 сябрамі АУН за 3 забойствы (у тым ліку савецкага выведніка Майлава) яго адвакатам выступіў дзядзька Сьцяпан Шухевіч. На допыце прызнаў сваю повязь з УВА і АУН «толькі нацыяналістычным сьветапоглядам», за што атрымаў 4 гады зьняволеньня. На падставе ўрадавай амністыі 1935 г. вызваліўся праз 2 гады 27 студзеня 1937 году.
У лютым 1937 г. пасяліўся з жонкай Натальляй і сынам Юрыем (нар. 1933) у Львове па вул. Касінерская, д. 18а (цяпер вул. Карпінца). У сакавіку адчыніў каапэратыў «Фама»(uk), што стаў першым украінскім рэклямным прадпрыемствам Галічыны. Асяродкі прадпрыемства адчыніліся ў большасьці гарадоў Галічыны і Валыні ды за мяжой пераважна з удзелам сябраў АУН, якія таксама адбылі зьняволеньне за свае погляды. Посьпеху спрыяла вядзеньне справаў паводле ўкраінскага правіла «Свой да свайго па сваё»(uk). Прадпрыемства стварала абвесткі для каапэратываў «Цэнтрасаюз»(uk) і «Масласаюз»(uk), якія разьмяшчала ў газэтах «Діло»(uk) (бел. Дзела) і «Новий час». У выніку пашырэньня дзейнасьці ўзьніклі аддзелы абвестак у прэсе, кінарэклямы, друку рэклямных буклетаў, вырабу фірмовых шыльдаў і рэклямных шчытоў, рэклямнага афармленьня вітрынаў (дызайну), арганізацыі рэклямных выставаў і кірмашоў, вытворчасьці мінэральнай вады, вырабу «адрасарыя» (кнігі адрасоў установаў і фірмаў), уласны транспартны аддзел.
Карпацкая Ўкраіна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]26 кастрычніка 1938 г. новаабраны ўрад Закарпацкай Русі Чэхаславаччыны на чале з прэм’ерам Аўгусьцінам Валошыным(uk) зьмяніў назоў аўтаноміі на Карпацкая Ўкраіна. 9 лістапада ў горадзе Хуст, куды на наступны дзень перанесьлі сталіцу аўтаноміі, утварылася арганізацыя народнай абароны «Карпацкая Сеч»(uk). Пры канцы сьнежня Раман Шухевіч пад мянушкай «Барыс Шчука» разам з правадыром АУН Сколеўскага павету(pl) Іванам Буткоўскім(uk) (1910—1967) падпольна перайшоў польска-чэхаславацкую мяжу. 7 студзеня 1939 г. дабраўся да Хуста, дзе ў якасьці паручніка разам зь іншымі сябрамі АУН утварыў Генэральны штаб нацыянальнай абароны Карпацкай Украіны. Браў удзел у абарончых баях падчас Вугорска-ўкраінскай вайны(uk) 14—18 сакавіка. Пасьля вугорскай акупацыі Закарпацкай Украіны ў канцы сакавіка выехаў праз Румынію і Югаславію ў Аўстрыю, дзе сустрэўся з Провадам украінскіх нацыяналістаў(uk) (ПУН).
Нямецкая акупацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Увосень 1939 г. пражываў зь сям’ёй у Кракаве, дзе ў якасьці рэфэрэнта сувязі ПУН ладзіў падпольныя пераходы кур’ераў празь нямецка-савецкую мяжу. У 1940 г. у Кракаве нарадзілася дачка Марыя. 10 лютага 1940 г. узяў удзел у канфэрэнцыі АУН у Кракаве, на якой вылучылася Рэвалюцыйная арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (РАУН) на чале са Сьцяпанам Бандэрам (1909—1959). Стаў краёвым правадыром РАУН на заходнеўскраінных украінскіх землях (ЗУЗ), што ў выніку Пакта Молатава — Рыбэнтропа 1939 г. адышлі да Нямеччыны (Лемкаўшчына, Надсяньне, Холмшчына). Паводле ўспаміну ўніяцкага сьвятара Міхайлы Ганушэўскага(uk) (1880—1962), таксама ў Кракаве адзначыў: «Я ня веру ў іх добрую волю прызнаць Украіну самастойнай дзяржавай. Яны нас зараз патрабуюць і выкарыстоўваюць, бо яшчэ не ведаюць, як ім пойдзе вайна на Ўсходзе. Але як Гітлер думае, што нас перахітрыць, то памыляецца, бо мы маем свае пляны».
1—4 красавіка 1941 году браў удзел у 2-м Вялікім зборы РАУН(uk) у Кракаве. У красавіку пачаў выкладаць на афіцэрскіх курсах пры Вайсковым штабе АУН у Кракаве, дзе таксама навучаў стральбе. Пагадзіўся ўзначаліць у якасьці сотніка Дружыну ўкраінскіх нацыяналістаў(uk) (ДУН) «Нахцігаль»(uk), што на красавік налічвала 330 чалавек з падзелам на 3 сотні. Зь нямецкага боку «Нахцігаль» узначалілі обэр-лейтэнанты Альбрэхт Гэрцнэр і Тэадор Обэрлендэр(en) (паліт. кам.). Паводле дамовы РАУН зь нямецкім камандаваньнем, ДУН меў ваяваць ва Ўкраіне супраць Чырвонай арміі. 18 чэрвеня ДУН «Нахцігаль» адбыў у Жэшаў (Кракаўская акруга, Генэрал-губэрнатарства(en)). 22 чэрвеня а 3 гадз. 15 хв. «Нахцігаль» пераправіўся праз раку Сян ля с. Валавое(uk) (Перамышлянскі раён, Львоўская вобласьць, Украінская ССР) і рушыў у баявых парадках 49-га горна-стралковага корпусу 17-й нямецкай арміі(uk) групы арміяў «Поўдзень»(de). Затым батальён (ДУН) «Нахцігаль» накіраваўся празь Явараў — Янаў(uk) на Львоў, ваколіцаў якога дасягнуў 29 чэрвеня.
30 чэрвеня пры ўступленьні ў Львоў даведаўся, што ў турме на Лонцкага(uk) (цяпер вул. Бандэры, д. 1) знайшлі цела закатаванага брата Юрыя. Увечары ўзяў удзел у абвяшчэньні ад імя РАУН Акту аднаўленьня Ўкраінскай дзяржавы(uk). 3 ліпеня дзяржаўны падсакратар Генэрал-губэрнатарства Эрнст Кунт(de) паведаміў 5 правадырам РАУН, у тым ліку Раману Шухевічу, аб няўзгодненасьці з Трэцім Райхам стварэньня Ўкраінскага ўраду: «канчатковае слова ва ўкраінскіх справах належыць толькі фюрэру». 5 ліпеня галава часовага Ўкраінскага дзяржаўнага праўленьня Яраслаў Стэцько(uk) прызначыў яго 2-ім намесьнікам «чальца часовага Праўленьня ў вайсковых справах». 7—9 ліпеня батальён (ДУН) «Нахцігаль» рушыў далей на ўсход. 13 ліпеня «Нахцігаль» перайшоў раку Збруч (Прыдняпроўская Ўкраіна(uk)) і ўзяў удзел у баях супраць Чырвонай арміі пад Браілавым(uk) (Жмэрынскі раён, Віньніцкая вобласьць) і Віньніцай. Затым батальён «Нахцігаль» разьмясьцілі на адпачынак у мястэчку Юзьвін(uk) (Віньніцкі раён), дзе стала вядома аб адмове на нарадзе ў стаўцы фюрэра 16 ліпеня прызнаваць самастойны ўрад Украіны.
У сваім лісьце Вярхоўнаму камандаваньню Вэрмахта (нямецкага войска) падкрэсьліў, што ў выніку «арышту нашага ўраду і правадыра, Легіён ня можа далей знаходзіцца пад камандаваньнем нямецкага войска». 13 жніўня 1941 г. батальён «Нахцігаль» раззброілі і выправілі ў Кракаў. 27 жніўня — перавялі ў навучальны лягер Нойгамэр(pl) (Ніжняя Сылезія, Прусія). У верасьні жаўнеры «Нахцігалю» атрымалі зброю і пачалі баявую падрыхтоўку.
16 кастрычніка разам з камандзірам батальёну (ДУН) «Роланд»(uk) Яўгенам Пабягушчым(uk) (1901—1995) склаў «Мэмарандум украінскага легіёну» з 10 прававымі патрабаваньнямі да стаўкі ў Бэрліне. У выніку нямецкае камандаваньне замест 2-ой прысягі заключыла з кожным жаўнерам асабісты гадавы кантракт ад 1 сьнежня 1941 году. 21 кастрычніка батальёны «Нахцігаль» і «Роланд» злучылі ў адзін 201-ы батальён(en) на чале з Пабягушчым і перавялі ў Франкфурт-на-Одры (Брандэнбург, Прусія). Раман Шухевіч застаўся камандзірам 1-ай сотні (сотнікам) і намесьнікам у батальёне. 22 сакавіка 1942 г. 201-ы батальён пачаў выгрузку ў Менску (Генэральная акруга Беларусь, Райхскамісарыят Остлянд), дзе далучыўся да 201-й ахоўнай нямецкай дывізіі. Затым батальён перакінулі ў Лепель (цяпер Віцебская вобласьць). Паводле ўспаміну Пабягушчага, Р. Шухевіч «выбраў для сваёй сотні цяжкую службу — сярод лясоў, багны, дзе было поўна бальшавіцкіх бандытаў». 22 лістапада жаўнеры батальёна адмовіліся працягваць кантракт у прысутнасьці камандзіра 201-й ахоўнай дывізіі. 5 сьнежня батальён распусьцілі і вывезьлі жаўнераў ва Ўкраіну. 6 студзеня 1943 г. 22 украінскіх афіцэраў выслалі для зьняволеньня ў Львоў (акруга Галічына(de), Генэрал-губэрнатарства). 8 студзеня Р. Шухевіч, Васіль Сыдар-Шэлест (1910—1949) і шэраг іншых украінскіх афіцэраў учынілі пабег ад Таемнай дзяржаўнай паліцыі Нямеччыны (Гестапа).
Тым часам, зь верасьня 1942 г. па люты 1943 г. жонка Натальля Шухевіч хавала ў сваім доме па вул. каралевы Ядзьвігі ў Львове суседзкую 7-гадовую габрэйку Ірыну Райхэнбэрг(uk) (1936—2007). Бацькі Ірыны, Вольф і Ружа Райхэнбэргі, валодалі крамай тканінаў побач. Калі ў 1942 г. нямецкія нацысты забілі іх старэйшую дачку Ірму, Шухевічы схавалі Ірыну ў сябе. Раман Шухевіч дапамог Ірыне Райхэнбэрг з вырабам падробленага пасьведчаньня на імя ўкраінкі Ірыны Васілеўны Рыжко, дзе год народзінаў зьмянілі на 1937-ы і пазначылі яе дачкой загіблага савецкага афіцэра. Пасьля арышту гестапа Натальлі Шухевіч у 1943 г. Раман Шухевіч пераправіў Ірыну ў сіроцкі прытулак пры жаночым манастыры базылянак у Піліпаве (ля мяст. Кулікоў; цяпер Радэхаўскі раён, Львоўская вобл.), дзе тая пражыла да канца вайны.
Украінская паўстанчая армія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]17—21 лютага 1943 г. пад мянушкай «Тур» браў удзел у 3-й канфэрэнцыі РАУН у с. Церабежы(uk) (цяпер Бускі раён, Львоўская вобл.). 13 красавіка Провад РАУН абраў Бюро на чале зь ім («Турам»). Атрымаў прызначэньне вайсковым рэфэрэнтам Проваду РАУН. 21—25 жніўня пад мянушкай «Тарас Чупрынка» (ад Тарас Шаўчэнка і Рыгор Чупрынка(uk)) узяў удзел у 3-м надзвычаным Вялікім зборы РАУН у с. Залатая Слабада(uk) (цяпер Казаўскі раён, Тарнопальская вобласьць), на якім дамогся ўхвалы на стварэньне злучэньняў Украінскай паўстанчай арміі (УПА) для ўзброенага змаганьня супраць «двух акупантаў-імпэрыялістаў» — Трэцяга Райху і СССР. У кастрычніку пад мянушкай «Тур» правёў у с. Мельна(uk) (цяпер Рагацінскі раён, Івана-Франкоўская вобласьць) краёвую нараду РАУН на ЗУЗ з удзелам абласных правадыроў і вайсковых рэфэрэнтаў, на якой адзначыў: «Украіну чакае поўная бальшавіцкая акупацыя, а наш вызваленчы рух — зацяжная цяжкая ўзброеная і падпольная барацьба». Паводле ўспаміну акружнога правадыра Васіля Галасы(uk) (1920—2002), на нарадзе вызначыў заданьні: будаваць таемныя падземныя памяшканьні для хованкі асабістага складу і рэчыўных сродкаў; ствараць баявыя аддзелы ў горных і лясістых мясцовасьцях, у тым ліку з прадстаўнікоў паняволеных народаў СССР. Таксама ў кастрычніку на Провадзе РАУН у ваколіцах Львова адзначыў, што РАУН «мае вырашальны ўплыў на тэрыторыі ад Дняпра да Карпатаў». 21—22 лістапада узяў удзел у Канфэрэнцыі паняволеных народаў Усходняй Эўропы і Азіі(uk) ў с. Ільляшаўка(uk) (цяпер Астроскі раён, Ровенская вобласьць). Паводле ўспаміну палітрэфэрэнта Провада РАУН Емяльяна Логуша(uk) (1912—1982), пры ад’езьдзе з канфэрэнцыі зазначыў: «Канфэрэнцыя важная для нас ня толькі тым усім, што практычна створыць для нашай барацьбы сёньня. Яна пераканала нас, што справа агульнай фронту паняволеных народаў — гэта справа ня толькі неабходная, але рэальная. Мы выбралі правільны шлях». Таксама паводле намесьніка вайсковага рэфэрэнта Проваду РАУН Аляксандра Луцкага(uk) ((1910—1946)), згадаў пра меркаваньне Проваду РАУН, што канфэрэнцыя «павінная актывізаваць нацыяналістычнае падпольле ў СССР» (што і адбылося ў краінах Балтыі). У пачатку сьнежня на паседжаньні Проваду РАУН у Львове прапанаваў на аснове Украінскай народнай самаабароны(uk) «стварыць УПА на тэрыторыі Галічыны». 18 сьнежня пад мянушкай «Тарас Чупрынка» падпісаў Загад Галоўнага вайсковага штабу УПА № 2/43 «Про арганізацыйную структуру Украінскіх узброеных сілаў», якой вызначаліся дысцыплінарныя пакараньні. 19 сьнежня — Інструкцыю № 3/11 «Вайсковыя ступені і функцыі», якой уводзіўся падзел на радавых, падафіцэраў, афіцэраў і генэралаў.
23 студзеня 1944 г. Загадам № 1 увёў пры кожным камандзіры вайсковай акругі УПА па вайсковым штабе (ВШ), начальнік якога выступаў намесьнікам камандзіра. Кожны ВШ меў налічваць 6 аддзелаў: апэратыўны, арганізацыйна-пэрсанальны, выведвальны, выхаваўчы, навучальны і тылавы. Пры камандзіра прадугледжваўся аддзел вайсковых інспэктараў. 11—15 ліпеня 1-ы Вялікі збор Украінскай галоўнай вызваленчай рады (УГВР), што адбыўся каля сёлаў Нядзельная(uk) (цяпер Старасамбарскі раён, Львоўская вобл.) і Спрыня(uk) (цяпер Самбарскі раён), абраў яго галавою пад мянушкай «Р. Лазоўскі». 13 ліпеня згадаў, што Ахоўныя атрады (СС) Нацыянал-сацыялістычнай нямецкай працоўнай партыі (НСНПП; ням. NSDAP) утварылі на Валыні (Генэральная акруга Валынь-Падольле) польскую паліцыю, разам зь якой «ужылі жорсткія і бесчалавечныя прыёмы» супраць украінскага насельніцтва. Калі польскі бок «поўнасьцю паралізаваў рух УПА» на Валыні, «тады пачалася ліквідацыя польскага насельніцтва на Валыні, якая закончылася ўлетку 1943 году». Паводле ўспаміну кіраўніцы Украінскага Чырвонага Крыжа(uk) (УЧК) ў Львове Ірыны Козак-Савіцкай(uk), пасьля Вялікага збору УГВР сказаў: «Мы ўсе, ваяры УПА і ўсе падпольнікі, у тым ліку і я, цалкам усьведамляем, што рана ці позна нам давядзецца загінуць у барацьбе з грубай сілай». 12 ліпеня камісар дзяржаўнай бясьпекі Ўкраінскай ССР Сяргей Саўчанка(uk) зацьвердзіў у Львове апэратыўны плян «Бярлог» для вышуку і забойства сябраў Проваду РАУН і асабіста Шухевіча пад мянушкай «Тур».
6 лютага 1946 г. УГВР надала яму званьне генэрал-харунжы(uk). Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных справаў Украінскай ССР, колькасьць украінскіх паўстанцаў зь 1 красавіка 1946 г. па 1 студзеня 1947 г. павялічылася з 3735 да 4456 жаўнераў. Колькасьць баявых адзінак узрасла з 479 да 530. У сьнежні 1947 г. падпольнікі УПА забілі 13 старшыняў і сакратароў сельскіх саветаў, 12 кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў і 10 савецкіх чыноўнікаў. У лістападзе-сьнежні Ўправа праверкі партыйных органаў Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Ўкраіны адзначыла рост выніковых нападаў УПА ў 5 абласьцях (Драгобыцкая(uk), Львоўская, Ровенская, Станіслаўская, Тарнопальская).
Тым часам, у чэрвені 1947 г. львоўскі лекар Мацьвей Латовіч паставіў дыягназ «паслабленьне сардэчнай цягліцы, катар(en) страўніка, рэўматызм суставаў». У 1948—1949 гг. разам з рэфэрэнткай УЧК Галінай Дзідзік(uk) падпольна лячыўся на курортах Адэсы. Зь вясны 1948 г. да сьмерці пражываў у с. Белагоршча (цяпер частка Львова). 3 верасьня 1949 г. выдаў Загад № 2 аб часовым прыпыненьні баявой дзейнасьці штабамі і аддзеламі УПА на карысьць падпольля.
2 сакавіка 1950 г. супрацоўнікі Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі СССР(en) (МДБ СССР) пры дапамозе савецкай агенткі «Паліны» арыштавалі ў Львове сувязную Шухевіча Дар’ю Гусяк(uk) (нар. 1924). 4 сакавіка а 22 гадз. ў турме на Лонцкага Д. Гусяк перадала запіску да Натальлі Хробак у с. Белагоршча савецкай падсадной агентцы «Розе» Фроляк (сапр. імя Ганна), якая баіла аб сваім вызваленьні за адсутнасьцю доказаў. Запіска зьмяшчала словы: «асноўнае пытаньне — гэта пра ШУ і ДІ». У ноч на 5 сакавіка намесьнік міністра дзяржбясьпекі Ўкраінскай ССР Віктар Драздоў(uk) і начальнік дывэрсійнага аддзелу МДБ СССР Павал Судаплатаў(uk) зацьвердзілі «Плян чэкісцка-вайсковай апэрацыі захопу або ліквідацыі „Ваўка“», што прадугледжваў задзейнічаньне звыш 600 жаўнераў Унутраных войскаў МДБ СССР(ru) (УВ МДБ СССР). А 8-ай гадз. пачалося акружэньне сяла. У ходзе зачысткі жаўнеры схапілі на вуліцы Данілу Хробака, сына Натальлі. Ад Даніла даведаліся адрас дома яго сястры Ганны Канюшык, дзе хаваўся Шухевіч. Увечары, пры ўваходзе ў дом Канюшык, афіцэры МДБ СССР пазналі Галіну Дзідзік, якая адчыніла дзьверы і назвалася Стэфаніяй Кулік. Пачуўшы крокі на лесьвіцы, Шухевіч стрэлам зь пісталета праз драўляную перагародку «хованкі» забіў начальніка аддзяленьня Ўправы 2-Н МДБ УССР маёра А. Равенку. На выхадзе з будынка сяржант УВ МДБ СССР Палішчук забіў Шухевіча аўтаматнай чаргой.
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2000 г. выйшаў фільм «Няскораны»(uk), прысьвечаны апошняму году жыцьця Рамана Шухевіча. 23 кастрычніка 2001 г. на месцы падпольнага штабу АУН у Белагоршчы (цяпер Чыгуначны раён(uk) Львова), дзе загінуў Шухевіч, адчынілі музэй у яго гонар. 5 сакавіка 2009 г. насупраць музэю адчынілі помнік генэралу. У 2003 г. каля с. Гукаў(uk) (Чамеравецкі раён, Хмяльніцкая вобласьць), у ваколіцах якога вайскоўцы МДБ СССР спалілі цела Шухевіча, устанавілі памятны крыж. 30 чэрвеня 2007 г. у с. Тышкаўцы(uk) (Гарадэнкаўскі раён, Івана-Франкоўская вобл.) адчынілі Музэй сям’і Шухевічаў, а ў с. Княгінічы(uk) (Рагацінскі раён) — Музэй «Кансьпіратыўная кватэра Рамана Шухевіча», дзе той жыў з кастрычніка 1946 г. па 21 верасьня 1947-га.
Таксама помнікі ў гонар Шухевіча стаяць на Лычакоўскіх могілках(uk) у Львове, у гарадах Калуш (Івана-Франкоўская вобл.) і Моршын (Львоўская вобл.), сёлах Забалотаўка(uk) (Чарткоўскі раён, Тарнопальская вобл.), Цюдаў(uk) (Косаўскі раён, Івана-Франкоўская вобл.) і Шманькаўцы(uk) (Чарткоўскі раён).
Імя Рамана Шухевіча носяць вуліцы ў больш як 12 ўкраінскіх гарадах: Буча (Кіеўская вобласьць), Бучач (Тарнопальская вобл.), Драгобыч, Луцак (Валынская вобл.), Львоў, Роўна, Тарнопаль, Ужгарад, Уладзімер-Валынскі, Чарнаўцы, Шапятоўка (Хмяльніцкая вобл.). Таксама ў Івана-Франкоўску ёсьць вуліца Шухевічаў, а ў Львове — вул. генэрала Чупрынкі(uk).
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
На марках Падпольнай пошты Ўкраіны(uk)
-
Партрэт Р. Шухевіча на львоўскім трамваі(uk)
-
Памятная дошка на вул. Тараса Чупрынкі, Львоў
-
Юбілейная манэта (5 грыўняў) з сэрыі «Знакамітыя асобы Ўкраіны» ў гонар Р. Шухевіча, 2008 г.
-
Памятная дошка на вул. Крываноса-Доўбуша, Львоў
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Моладзь памятае Шухевіча (укр.)
- Алесь Янчук(uk). «Няскораны» (поўная вэрсія) // Кінастудыя імя Аляксандра Даўжэнкі, 24 студзеня 2011 г. Праверана 31 жніўня 2015 г.