Перайсьці да зьместу

Мужанка (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мужанка
трансьліт. Mužanka
Першыя згадкі: XIX стагодзьдзе
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Лошніцкі
Вышыня: 192 м н. у. м.
Насельніцтва: 19 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222123
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°17′35.02″ пн. ш. 28°48′5.00″ у. д. / 54.2930611° пн. ш. 28.8013889° у. д. / 54.2930611; 28.8013889Каардынаты: 54°17′35.02″ пн. ш. 28°48′5.00″ у. д. / 54.2930611° пн. ш. 28.8013889° у. д. / 54.2930611; 28.8013889
Мужанка на мапе Беларусі ±
Мужанка
Мужанка
Мужанка
Мужанка
Мужанка
Мужанка
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Мужа́нка[1]вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на правым беразе ракі Мужанка, за 2 км на ўсход ад Лошніцы, на поўдзень ад шашы М1 (E30). Мужанка ўваходзіць у склад Лошніцкага сельсавету.

Рака Мужанка, на якой стаіць аднайменная вёска, раней была шырокай і глыбокай. Яе шырыня даходзіла да 15—20 мэтраў. У паўночнай частцы вёскі на рацэ было досыць вялікае натуральнае возера. За ім распачыналася доўгае балота. На рэчцы ў тых мясьцінах былі Чорныя (ці інакш Паповы) ямы. Мясцовыя жыхары неяк з дапамогаю жэрдак мералі іх глыбіню. Яна была каля пяці мэтраў. Глыбіня ж возера ля вёскі была яшчэ большая. Практычна ў кожнай мясцовай гаспадарцы была лодка, якой карысталіся для плаваньня па рацэ, пераправы на яе іншы бераг.

Ніжэй за вёску па плыні ракі знаходзілася ўрочышча Ельнік.

Рэчка зь яе рыбай былі не адзіным прыродным багацьцем тутэйшых жыхароў. Тут быў вялікі і вельмі добры лес. У ім было шмат розных грыбоў, ягад, меўся арэшнік. Таму і імі жыхары Мужанкі маглі забясьпечыць сябе.

Рака, лес рабілі тутэйшыя землі вельмі прыгожымі і добра прыдатнымі да жыцьця. Зямля ў тутэйшых навакольлях была добрай, надзвычай урадлівай. Таму ня дзіва, што ў старыя часы жыхары Мужанкі жылі вельмі заможна.

У навакольлях сучаснай вёскі Мужанкі людзі жылі здаўна. Раней тут захоўваліся рэшткі старажытнага ўмацаванага пасяленьня — гарадзішча, якое можа быць датавана другой паловай 1 тысячагодзьдзя да нашай эры — першай паловай 1 тысячагодзьдзя нашай эры. Раскопкі на ім не праводзіліся, але яно дасьледавалася ў 1929 годзе. Пра больш позьнюю прысутнасьць чалавека тут сьведчылі курганы, якімі быў «як усыпаны» лес у кірунку Ратуцічаў.

Калі ж утварылася сама вёска Мужанка, сказаць вельмі цяжка. Гэта пасяленьне было невялікім і практычна ня згадваецца ў старых дакумэнтах. Найбольш старыя зь вядомых зьвестак пра яго могуць быць аднесены да другой паловы 1860-х гадоў. Аднак можна не сумнявацца, што гісторыя вёскі значна больш даўняя. Сьведчаньнем таму зьяўляюцца шматлікія гісторыі, якія перадаюцца тутэйшымі жыхарамі з пакаленьня ў пакаленьне і ў якіх гаворыцца пра далёкія часы. Большасьць зь іх зьвязаны з войнамі. Старажылы са спасылкай на расповеды сваіх продкаў кажуць, што апошняя вайна зь немцамі была вельмі страшэннай. Але раней была больш страшная вайна — з французамі. У навакольлях вёскі тады былі страшэнныя баі. Коньніца пабіла шмат французаў, нямала іх загінула ў тутэйшых балотах. Ня дзіва, што ў навакольлях вёскі знаходзілі шмат францускай амуніцыі.

У жыхароў Мужанкі раней была ўпэўненасьць, што ў крыніцы ва ўрочышчы Ельнік французы схавалі золата. Таму мясцовыя сяляне ўвесь час спрабавалі адшукаць яго там. Цягнулася гэта да таго часу, пакуль не распачаліся тут мэліярацыйныя работы.

Яшчэ адзін цікавы факт зь мінулага жыцьця вёскі, які перадаецца яе жыхарамі з пакаленьня ў пакаленьне. Была калісьці вайна. Калі набліжалася варожае войска да вёскі, мясцовыя жыхары ўзялі ікону і зь ёй пашлі насустрач ворагу. Ворагі кінулі ікону і прайшліся па ёй на конях і пайшлі далей наперад. Аднак уся іх коньніца да апошняга воіна была разьбіта і зьнішчана.

Паколькі войны пакінулі такі глыбокі сьлед у памяці жыхароў Мужанкі, не зьяўляецца дзіўным тое, што яны зь імі і зьвязваюць паходжаньне назвы сваёй вёскі. Яны кажуць, што тут былі вельмі моцныя баі, у якіх удзельнічала коньніца. Было пабіта шмат французаў. За мужнасьць, якая была праяўлена тут, вёску і назвалі Мужанкай. Але больш праўдападобным зьяўляецца тое, што сваю назву вёска атрымала ад ракі, на якой яна знаходзіцца.

На пачатку ХХ стагодзьдзя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па стане на 1908 год у Мужанцы было 22 дамы.

Жылі тут калісьці і два немцы. Згодна з паданьнем, яны сюды прыехалі ў часы праўленьня Кацярыны і так і засталіся тут жыць. Таму зьяўляецца зразумелым, адкуль узяліся назвы мясцовасьцей у ля Мужанкі «Нямецкі сад» і «Нямецкае балота».

Стары шлях з Воршы на Менск, які ў вёсцы пераходзіў праз рэчку, людзі звалі Кацярынінскім трактам. Ля яго на ўскрайку вёскі стаяла карчма. Тут можна было ня толькі спыніцца, паесьці, адпачыць, але і пагуляць у карты.

На рацэ здаўна стаяў двухпавярховы драўляны млын. Належыў ён двум габрэям, якія жылі ў вёсцы. На ўскрайку пасяленьня знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы — ёўні, пуні і інш. Працавала да рэвалюцыі ў Мужанцы і свая крама. Трымаў яе Хаецкі.

У Мужанцы здаўна жылі (акрамя немцаў) Аскеркі, Бараноўскія, Валашчукі, Жылінскія, Камінскія, Крачкоўскія, Ласевічы, Лукашэвічы, Марашчукі, Рэуты, Сікорскія, Фаміны, Хаецкія і інш. Добра жылі ўсе, але шмат хто з жыхароў мог лічыць сябе багатым. Напрыклад, памешчык Камінскі. Мелі вялікі дом і Сікорскія. Ён складаўся зь дзьвюх частак, а ў яго ўваход быў празь вялікія прыступкі. Ня беднымі былі Рэуты і інш.

Сярод найбольш адметных былых жыхароў вёскі людзі згадваюць Васіліху. Прычым называюць яе ня інакш як «здаровая баба». Яна шмат што рабіла сама, сама лавіла рыбу. Але асноўнае, дзякуючы чаму яна пакінула пра сябе сьлед, — гэта тое, што лячыла тутэйшых жыхароў вадой. Прычым рабіла гэта вельмі пасьпяхова. Жыў тут такі дзядзька Кароль. У свой час ён трапіў пад рэкурцкі набор і 26 гадоў служыў у царскай арміі. Там ён быў гарністам. Шмат што яму давялося пабачыць. Яшчэ нядаўна захоўваліся яго старыя фатаздымкі, на якіх быў ён у форме ў час службы.

Ня толькі матэрыяльным жыцьцём жыла Мужанка. Ля яе на ўзвышшы знаходзілася каталіцкая капліца. Ля яе стаяў вялікі дубовы крыж, былі помнікі асобных пахаваньняў. Штогод на дзесятуху ў вёсцы праводзіўся кірмаш. У гэты дзень пасьля набажэнства ў кальварыі ля Барысава сюды да капліцы прыязджалі ксяндзы з Барысава, ладзілі тут службу. У вёсцы зьбіралася шмат людзей. Усе хадзілі па хатах, гулялі, танчылі.

У савецкія часы жыцьцё ў вёсцы і яе навакольлях пачало імкліва зьмяняцца. Пачаліся раскулачваньні. За людзьмі прыходзілі вечарам, адвозілі на станцыю, садзілі ў вагоны і везьлі на поўнач. На раніцу ў вёсцы можна было назіраць раскрытыя гаспадаркі, па якіх хадзілі «пакінутыя» каровы, сьвіньні, авечкі. Хтосьці разумеў, што наступнымі будзе ён. Таму вымушаны быў, калі мог, на конях зьбягаць з роднай вёскі. А хтосьці вымушаны быў пакідаць усё і ратавацца ўцёкамі безь нічога.

Крама з Мужанкі ў савецкі час была перавезена ў Лошніцу, дзе і працавала да вайны. Была разабрана карчма, пазьней — быў зьнішчаны млын.

Лес у навакольлях вёскі часткова быў высечаны (у бок Навасёлкаў) яшчэ да вайны, недзе ў 1932 годзе. Завяршылі яго высечку ў вайну немцы. Яны баяліся нападу партызанаў (пераправа ў Мужанцы праз рэчку мела важнае значэньне, бо гэта быў адзіны шлях у навакольлях празь яе балоцістую пойму), таму і зрабілі навакольлі «больш празрыстымі».

Пасьля высечкі «першай чаргі» лесу курганы апынуліся на полі і пасьля пачатку яго разворваньня неўзабаве зьніклі. Яшчэ значна раней па гэтай жа прычыне зьнікла гарадзішча.

Недзе каля 1932 году была зьнішчана капліца. Тамтэйшыя камяні пахаваньняў зьвярнулі зь месцаў бульдозэрам, і ўсё навокал зраўнялі. Была сьпілавана старая ліпа, што стаяла тут. Потым сюды ж сьцягвалі з поля валуны. Дубовы крыж, што стаяў ля капліцы, сьпілаваў мясцовы жыхар, якога людзі звалі нямым. Яго далейшы лёс людзі зьвязвалі з праклёнам за тую справу, якую ён зрабіў у 1932 годзе — з боскім пакараньнем. Ён жыў доўга (каля ста гадоў), але хварэў, вельмі пакутаваў і ня мог ніяк сысьці з жыцьця і атрымаць пакой.

Недзе ў 1935 годзе ля Мужанкі пачалі будаваць новую дарогу зь Менску на Маскву. Для гэтых мэтаў прыцягвалі мясцовых жыхароў ды ня толькі іх. Як ні дзіўна, але сярод будаўнікоў было шмат кітайцаў. Працы на будоўлі ня спыняліся ні днём ні ноччу. Для таго, каб можна было працаваць у цёмны час сутак, абапал дарогі нацягвалася вяроўка. На яе нацягвалі правады, якія і давалі магчымасьць забясьпечыць патрэбнае асьвятленьне. Скончылася будаўніцтва дарогі перад самай вайной.

Перад вайной вёска Мужанка, відаць, была найбольш шматлюднай. Тады ў кожнай хаце было па 4—8, а часам і па 8—12 дзетак. У вайну зь вёскі адразу прызвалі 23 чалавекі, 16 зь іх не вярнуліся. Нямала было людзей у вёсцы яшчэ й у 1950-я гады. Але потым колькасьць тых, хто тут жыў увесь час зьмяншалася.

Яшчэ да вайны і пэўны час пасьля яе паміж Мужанкай, Прыяміна і Замужаньнем існаваў ваенны аэрадром. На ім мелася школа па падрыхтоўцы лётчыкаў. Многія з курсантаў жылі на хатах у вёсцы.

З панскіх часоў у вёсцы была памешчыцкая студня. Яна была выкладзена з дуба, мела глыбіню 15 мэтраў. Яшчэ доўга ў савецкі час уся вёска брала зь яе ваду. Нават для лётнай школы ваду бралі выключна тут. Прыяжджала машына, ставілі насос і напаўнялі яе. А ўзровень вады ў студні пры гэтым заставаўся ранейшым.

Школы ў Мужанцы ніколі не было. Дзеці хадзілі вучыцца ў Лошніцу. Неяк у пасьляваенны час старшыня мясцовага калгасу вырашыў пабудаваць у вёсцы школу (у той час у Мужанцы было 62 хлопцы і дзяўчыны школьнага ўзросту). Было загадана ўсе каменьні, што зьбіраліся і звозіліся з поля, звозіць на ўскраек вёскі, дзе меркавалася распачаць яе будаўніцтва. Але нешта не атрымалася. Каменьні так і засталіся нявыкарыстанымі.

«Дабіла» спрадвечную прыроду ля Мужанкі мэліярацыя. Мясцовыя людзі былі катэгарычна супраць яе. Недзе ў 1980—1981 гадах сюды ўжо была даслана адмысловая тэхніка для яе правядзеньня. Людзі пачалі змагацца за рэшткі той прыроды, што яшчэ заставалася. Два разы езьдзілі ў Менск, каб адстаяць там сваю пазыцыю. У выніку тэхніка была ўбрана. Жыхарам вёскі здалося, што яны перамаглі. Але гэта было ня так. Мэліярацыя была праведзена і замест маляўнічай багатай рыбай рэчкі яны практычна атрымалі мёртвую сьцёкавую канаву.

Пасьля мэліярацыі крыніца ва ўрочышчы Ельнік засталася, але стала ўжо далёка ня той, якой была раней. Узровень вады ў былой панскай студні значна паменшыўся, але яна яшчэ функцыянавала. Але ёй ужо было ня мала гадоў. Дуб, зь якога была зроблена студня, ня вечны. Надышоў час яго замяніць. Але гэта, відаць, ня трэба было нікому. Да таго ж студню ніхто ня чысьціў. Так яна прыйшла ў непрыдатны для выкарыстоўваньня стан і была засыпана.

Традыцыя правядзеньня кірмашоў пратрымалася да 1950-х гадоў, а потым згасла.

Яшчэ адзін дробны, але цікавы факт з адносна недалёкай мінуўшчыны Мужанкі. Неяк тут сьпілавалі старую вялікую ліпу, на якой было бусьлінае гняздо. Дык каб вывесьці тое, што засталося ад гнязда, спатрэбілася 10 вазоў!

Як і шмат дзе на Барысаўшчыне, у Мужанцы не засталося нічога, што б нагадвала пра яе гісторыю. І толькі ў памяці тутэйшых людзей яно працягвае жыць. Гэта надзвычай маляўнічая прырода з рэчкай, крыніцамі і лесам, старажытныя курганы (гарадзішча ўжо забыта мясцовымі жыхарамі), карчма, млын, капліца і інш.

Ад былога лесу трошку ўбаку ад левага берагу былой ракі застаўся маленькі кавалак — каля трох гектараў бярэзьніку. З даўніх часоў яго называлі Залькаў бярэзьнік.

Няма ў Мужанцы і крамы. Неяк была ўтворана крама на хаце. Але пратрымацца яна доўга не змагла. Потым езьдзіла сюды аўталаўка. Але пакупнікоў у вёсцы ня многа, таму перастала езьдзіць і яна. Цяпер тут няма дзе купіць нават самыя неабходныя рэчы.

На сёньняшні час у Мужанцы засталося толькі 12 хат, у якіх увесь час жывуць людзі. Раней такіх было 45. Калі ў былыя часы статак вёскі складаўся з 60 кароў (безь цялят), то цяпер ён налічвае толькі чатыры каровы. Відавочна, што вёска вымірае.

У шмат якіх вёсках на Барысаўшчыне вясковыя хаты пачынаюцца выкарыстоўвацца як лецішчы. Іх гаспадары — нашчадкі вяскоўцаў, якія тут жылі або проста жыхары гораду, якія адчуваюць настальгію па працы на зямлі ці прагнуць адпачынку на сьвежым паветры. Адсутнасьць жа лесу і ракі робяць у гэтым пляне Мужанку вельмі непэрспэктыўнай. Таму яе, магчыма, чакае вельмі сумнае будучыня.

  • XX стагодзьдзе: 1908 год — 22 дамы; 1999 год — 40 жыхароў
  • XXI стагодзьдзе: 2008 год — 26 жыхароў, 12 двароў[2]; 2010 год — 19 жыхароў

Транспартныя сувязі па шашы БарысаўВорша, якая праходзіць побач зь вёскай[2].

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Капліца
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 75
  2. ^ а б Мужанка. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 159

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]