Людміла Макарына-Кібак
Людміла Макарына-Кібак | |
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га і 7-га скліканьняў | |
---|---|
11 кастрычніка 2016 — цяперашні час | |
Прэзыдэнт: | Аляксандар Лукашэнка |
Прэм’ер-міністар: | Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас, Раман Галоўчанка |
Папярэднік: | Васіль Аляксеенка |
Кіраўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру отарыналярынгалёгіі | |
2007 — 11 кастрычніка 2016 | |
Наступнік: | Мікалай Грэбень |
Дэпутатка Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў 26-га скліканьня | |
25 красавіка 2010 — 23 сакавіка 2014 | |
Прэм’ер-міністар: | Сяргей Сідорскі, Міхаіл Мясьніковіч |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзілася: |
20 красавіка 1967 (57 гадоў) Хвойнікі, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз |
Грамадзкае аб’яднаньне: | «Белая Русь» |
Сужэнец: | замужам |
Дзеці: | сын Андрэй Макарын-Кібак і дачка |
Адукацыя: | Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны інстытут (1990), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі (2011) |
Узнагароды: |
Падзячны ліст прэзыдэнта Беларусі, Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Беларусі, нагрудны знак «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» |
Людміла Эдуардаўна Макарына-Кібак (нар. 1967, Хвойнікі, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — лекарка-навукоўца і дзяржаўная дзяячка Беларусі.
Доктарка мэдычных навук (2017) і прафэсарка. Кіраўніца Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру отарыналярынгалёгіі (да 2016 году). Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га і 7-га скліканьняў (зь 2016 году) ад Грушаўскай акругі ў Маскоўскім раёне Менску[2]. Узначальвала ў Палаце прадстаўнікоў Пастаянную камісію аховы здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям'і токара 6-га разраду і машыннай вышывальніцы, якая працавала дома. Рана навучылася лічыць, таму адну адпускалі ў краму зь 5 гадоў. Разам са старэйшым братам дапамагала маці ў абразаньні нітак, пасьля чаго з 6 гадоў адвозіла на прадпрыемства торбу з вышыўкай, каб здаць і атрымаць новую партыю. Заняла 1-е месца на Гомельскай абласной алімпіядзе па фізыцы. Два гады запар займала 1-е месца на Рэспубліканскай алімпіядзе сачыненьняў. Скончыла музычную школу ў Хвойніках і 9 гадоў займалася ў танцавальным гуртку. Была сакратаркай камітэту камсамолу школы і сяброўкай бюро Хвойніцкага раённага камітэту камсамолу. Пры канцы 10-й клясы зьбіралася паступаць на журналістыку ва Ўнівэрсытэт сяброўства народаў у Маскве (Расейская СФСР). Але дзядзька, які працаваў загаднікам біяхімічнай лябараторыі крыві ў Брагіне, пераканаў паступіць у Гарадзенскі мэдычны інстытут, бо ўсе землякі ехалі паступаць у Горадню. Усе 5 курсаў ВНУ хадзіла на гурток па гінэкалёгіі[3]. У 1990 годзе скончыла Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны інстытут па спэцыяльнасьці «лекарская справа»[4]. Працавала отарыналярынгалягіняй у Берасьцейскай абласной лякарні[5].
У 1998 годзе пасьля інтэрнатуры ў загадніка аддзяленьня Ўладзімера Якімука стала загадніцай отарыналярынгалягічнага аддзяленьня лякарні і галоўнай пазаштатнай отарыналярынгалягіняй Берасьцейскай вобласьці. У выніку пад яе кіраўніцтвам сталі працаваць 32 лекары ў Берасьці і 310 у Берасьцейскай вобласьці. У 2006 годзе абараніла кандыдацкую дысэртацыю пра насавыя крывацёкі на прапанову мужа, які працавай у лякарні анэстэзіёлягам-рэаніматолягам[4]. У 2007 годзе заняла пасаду галоўнай лекаркі Рэспубліканскай лякарні паталёгіі слыху, голасу і маўленьня, якую пераўтварылі ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар отарыналярынгалёгіі[5]. Адначасна стала галоўнай пазаштатнай отарыналярынгалягіняй Беларусі. Пад яе кіраўніцтвам працавала звыш 1200 отарыналярынголягаў. Лякарня была базай катэдры Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі. На пасадзе галоўнай лекаркі лякарні дадала катэдру Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, дзе выкладала, і запрасіла намесьнікамі лекараў з навуковымі ступенямі. У 2009 годзе паступіла ў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі, якую скончыла ў 2011-м па спэцыяльнасьці «дзяржаўнае кіраваньне сацыяльнай сфэрай». Тамсама засталася выкладаць на катэдры сацыяльнай палітыкі і ідэалёгіі. 25 красавіка 2010 году абралася ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў[3]. Стала галоўнай рэдактаркай навуковага часопісу «Отарыналярынгалёгія. Усходняя Эўропа». 3 кастрычніка 2017 году пасьля 10 гадоў напісаньня абараніла доктарскую дысэртацыю па тэме «Хранічны эпітымпана-антральны гнойны сярэдні атыт: дыягностыка, лячэньне і мэдычная рэабілітацыя». Выдала 143 навуковыя працы[4]. Мела 10 патэнтаў[5]. На 2022 год працягвала працаваць лекаркай у Рэспубліканскім навукова-практычны цэнтры отарыналярынгалёгіі. Таксама была сяброўкай экспэртнай рады ў Найвышэйшай атэстацыйнай камісіі Беларусі[3].
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]11 верасьня 2016 году абралася дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Беларусі 6-га скліканьня ад Грушаўскай акругі № 99 у Маскоўскім раёне Менску. 13 кастрычніка 2016 году заняла пасаду старшыні Пастаяннай камісіі аховы здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыкі[6], а таксама ўвайшла ў склад Рады Палаты прадстаўнікоў. Стала сяброўкай 2-х працоўных групаў Нацыянальнага сходу Беларусі па супрацы з замежнымі парлямэнтамі — Бэльгіі і Ўзбэкістану[4]. Уваходзіла ў суполку грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» у Палаце прадстаўнікоў[7].
17 лістапада 2019 году пераабраралася ў Палату прадстаўнікоў 7-га скліканьня ад Грушаўскай акругі № 98[8]. Стала сяброўкай дэпутацыі Нацыянальнага сходу Беларусі ў Парлямэнцкім сходзе Саюзу Беларусі і Расеі, дзе займала пасаду намесьніцы старшыні Камісіі сацыяльнай і моладзевай палітыкі, навукі, культуры і гуманітарных пытаньняў[9]. Была сяброўкай 4-х працоўных групаў Нацсходу Беларусі па супрацы з замежнымі парлямэнтамі — Бэльгіі, Казахстану, Паўднёвай Карэі і Эгіпту. Адказвала за законапраект, прыняты ў 2-м чытаньні на прапанову Савету міністраў Беларусі 19 лістапада 2020 году «Аб зьмяненьні законаў у пытаньнях аховы здароўя і аказаньні псыхалягічнай дапамогі»[10]. У дзень ухваленьня законапраекту Людміла Макарына-Кібак зьвярнула ўвагу на главу пра інфарматызацыю: «пачне функцыянаваць цэнтралізаваная інфармацыйная сыстэма, сфармуецца адзіны архіў. У законапраекце прапісана, якія зьвесткі будуць уносіцца на кожнага пацыента. Акрамя таго, кожны пацыент зможа заходзіць у асабісты інфармацыйны кабінэт і глядзець інфармацыю аб стане свайго здароўя, аналізы, эпікрызы»[11].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бацькі жылі ў Менску.
- Муж — анэстэзіёляг-рэаніматоляг Берасьцейскай абласной лякарні.
- Сын — Андрэй Макарын-Кібак, хірург. Кандыдат мэдычных навук (2020). На 2020 год быў загаднікам апэрацыйнага блёку Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру отарыналярынгалёгіі.
- Дачка (на 3 гады маладзейшая за Андрэя) працавала афтальмалягіняй у Берасьці.
- Старэйшы ўнук нарадзіўся ў 2017 годзе[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ http://house.gov.by/by/news-by/view/5-listapada-2018-goda-deputaty-chleny-pershasnaj-arganizatsyi-rga-belaja-rus-palaty-pradstaunikou-58978-2018/
- ^ У Беларусі выбраны парлямэнт шостага скліканьня // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 верасьня 2016 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ а б в г Марына Жданава. «Кіраўнік павінен быць эрудаваным ва ўсіх галінах» // «Настаўніцкая газэта», 28 лютага 2022 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ а б в г Макарына-Кібак Людміла Эдуардаўна (шостае скліканьне) // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 11 сакавіка 2022 г.
- ^ а б в Вераніка Бута. Вялікая размова з прадстаўнікамі навуковай эліты // Белтэлерадыёкампанія, 25 студзеня 2019 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ Надзея Юшкевіч. Для плённай работы ўсё гатова // Зьвязда : газэта. — 14 кастрычніка 2016. — № 199 (28309). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Члены першаснай арганізацыі РГА «Белая Русь» Палаты прадстаўнікоў прысутнічалі на сустрэчы старшыні РГА «Белая Русь» з актывам «Белай Русі» горада Менска // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 5 лістапада 2018 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ ЦВК абнародавала прозьвішчы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня // БелТА, 18 лістапада 2019 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ Эдуард Півавар. Саюзныя парлямэнтары прапанавалі фінансаваць рэабілітацыю пасьля каронавіруса зь бюджэту СД // БелТА, 22 кастрычніка 2021 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ Макарына-Кібак Людміла Эдуардаўна (Сёмае скліканьне) // Палата прадстаўнікоў Беларусі, 2022 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
- ^ Папраўкі ў законы аб ахове здароўя і аказаньні псыхалягічнай дапамогі прынятыя ў другім чытаньні // БелТА, 18 лістапада 2020 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Людміла Макарына-Кібак // Газэта «Зьвязда», 3 лістапада 2021 г. Праверана 12 сакавіка 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра асобу з Беларусі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 20 красавіка
- Нарадзіліся ў 1967 годзе
- Узнагароджаныя мэдалём За працоўныя заслугі
- Нарадзіліся ў Хвойніках
- Беларускія жанчыны
- Выпускнікі Гарадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту
- Беларускія лекары
- Выпускнікі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь
- Выдатнікі аховы здароўя Беларусі
- Жанчыны-палітыкі
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га скліканьня
- Жанчыны-навукоўцы
- Дактары мэдычных навук
- Дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 7-га скліканьня
- Узнагароджаныя Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь