Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка
Західноукраїнська Народна Республіка

1918—1919
 

 

 

Сьцяг Украіны Герб Украіны
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Ще не вмерла Україна»
Месцазнаходжаньне Украіны
Сталіца Львоў
Тарнопаль (дэ-факта)
Станіслаў (дэ-факта)
Бучач (дэ-факта)
Чарткоў (дэ-факта)
Залешчыкі (дэ-факта)
Форма кіраваньня Рэспубліка
Яўген Петрушэвіч

Захо́днеўкраі́нская Народная Рэспубліка (па-ўкраінску: Західноукраїнська Народна Республіка, паводле тагачаснага напісаньня — Західно-Українська Народня Республика; ЗУНР) — украінскае дзяржаўнае ўтварэньне (рэспубліка), якое існавала на працягу 1918—1919 гадоў на тэрыторыі Заходняе Ўкраіны са сталіцай у месьце Львоў.

Узьнікла пасьля Першае сусьветнае вайны праз вынікі распаду Аўстра-Вугоршчыны. Абвешчаная 19 кастрычніка 1918 году. Ахоплівала (альбо прэтэндавала) на тэрыторыі Галічыны, Букавіны ды Закарпацьця.

1 лістапада распачаўся вайсковы канфлікт з Польшчай, якую падтрымоўвалі краіны Антанты. 22 студзеня 1919 году рэспубліка аб’ядналася («Акт Злукі») з УНР, праз што атрымала назву «Заходняя вобласьць Украінскай Народнай Рэспублікі» (па-ўкраінску: Західна Область Української Народної Республіки). Спыніла фактычнае існаваньне ў выніку ўкраінска-польскае вайны(en) (18 ліпеня 1919 году). Анэксаваная Польшчай, Румыніяй(en) ды Чэхаславаччынай.

Да 15 сакавіка 1923 году ўрад ЗУНР знаходзіўся ў эміграцыі.

Гістарычны нарыс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напярэдадні Першае сусьветнае вайны вялікая частка ўкраінскіх тэрыторыяў — Усходняя Галічына, Букавіна, Закарпацьце — знаходзіліся ў складзе Аўстра-Вугоршчыны. Калі ў кастрычніку 1918 году ва ўмовах ваеннае паразы аўстра-нямецкага блёку ды нацыянальна-вызвольнае барацьбы народаў Аўстра-Вугорская імпэрыя распалася на некалькі незалежных дзяржаваў, украінцы пачалі зьдзяйсьняць шэраг захадаў з мэтаю стварэньня ўласнае дзяржавы на заходнеўкраінскіх землях [якія ўваходзілі ў склад колішняй Аўстра-Вугоршчыны].

Напрыканцы верасьня 1918 году ў Львове быў сфармаваны Ўкраінскі Генэральны Вайсковы Камісарыят (УГВК), які распачаў працу па падрыхтоўцы ўзброеннага паўстаньня. У кастрычніку гэтага ж году кіраўніком камісарыяту быў прызначаны сотнік Легіёну Ўкраінскіх Сечавых Стральцоў(uk) Дзьмітры Вітоўскі(uk).

18 кастрычніка гэтага ж году ў Львове на сходах усіх украінскіх дэпутатаў аўстрыйскага парлямэнту, украінскіх чальцоў галіцкага й букавінскага соймаў, прадстаўнікоў палітычных партыяў Галічыны й Букавіны, духавенства ды студэнцтва была ўтвораная Украінская Нацыянальная Рада(uk) — палітычны прадстаўніцкі орган украінскага народу ў Аўстра-Вугорскай імпэрыі[1].

19 кастрычніка 1918 году Рада абвясьціла ўкраінскую дзяржаву на ўсёй украінскай этнічнай тэрыторыі Галічыны, Букавіны ды Закарпацьця[2] (букавінцы падтрымалі абвяшчэньне незалежнасьці на букавінскім вечы(uk)). Было прынятае рашэньне аб распрацоўцы дэмакратычнае канстытуцыі, а таксама быў абраны прэзыдэнт Украінскае Нацыянальнае Рады, якім стаў Яўген Петрушэвіч(uk).

31 кастрычніка 1918 году ў Львове стала вядома пра прыезд у места Польскае ліквідацыйнае камісіі (утвораная 28 кастрычніка 1918 году ў Кракаве), якая мусіла пераняць ад аўстрыйскага намесьніка ўладу над Галічынай і далучыць яе да складу Польшчы. УНРада паставіла перад аўстрыйскім урадам пытаньне пра перадачу ёй усёй паўнаты ўлады ў Галічыне ды Букавіне. Аднак аўстрыйскі намесьнік Галічыны генэрал К. Гуйн адказаў катэгарычнаю адмовай. Тады на вечаровым паседжаньні УГВК (Украінскага Генэральнага Вайсковага Камісарыяту) 31 кастрычніка 1918 году было вырашана атрымаць уладу ў Львове ўзброеным шляхам.

Бітва за Львоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ЗУНР у кастрычніку 1918 году:

     ЗУНР

     Украінская дзяржава (разам з шэрагам тэрытарыяльных прэтэнзіяў)

     Крымскі краёвы ўрад

     Кубанская Народная Рэспубліка

     Усевялікае Войска Донскае(ru)

     Беларуская Народная Рэспубліка (шэраг кантраляваных ёю тэрыторыяў; бяз поўных тэрытарыяльных прэтэнзіяў)

     Летува (тэрытарыяльныя прэтэнзіі)

     Польшча

     Аўстра-Вугоршчына

     Румынія(en)

     Сэрбія

     Савецкая Расея

У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада 1918 году стралецкія часткі, узначальваныя сотнікам Дзьмітрыем Вітоўскім, занялі ўсе найбольш важныя ўрадавыя ўстановы ў месьце (акрамя чыгуначнага вакзалу(uk), што стала адною з памылак і прычынай страты Львова).

9 лістапада 1918 году УНРада стварыла свой часовы выканаўчы орган, які 13 лістапада гэтага ж году быў ператвораны ва ўрад — Дзяржаўны Сакратарыят ЗУНР-ЗВ УНР(uk).

У гэты ж дзень былі зацьверджаныя Канстытуцыйныя асновы новаўтворанае дзяржавы — «Тимчасовий основний закон про державну самостійність українських земель колишньої Австро-Угорської монархії»[3] (па-беларуску: «Часовы асноўны закон пра дзяржаўную самастойнасьць украінскіх земляў колішняй Аўстра-Вугорскай манархіі»), згодна зь якім яна атрымала назву «Західно-Українська Народна Республіка» (па-беларуску: Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка). Закон вызначаў тэрыторыію ЗУНР, якая ўлучала ўкраінскія этнічныя землі й ахоплівала Галічыну, Букавіну ды Закарпацьце. Тэрыторыя ЗУНР складала 70 тысячаў км², насельніцтва — 6 мільёнаў асобаў. Быў зацьверджаны герб дзяржавы — Залаты Леў на сінім фоне, ды сьцяг — блакітна-жоўты. Нацыянальным меншасьцям на тэрыторыі ЗУНР гарантаваліся роўныя правы з украінскім насельніцтвам.

Часовы Асноўны закон ЗУНР быў зь цягам часу дапоўнены цэлыс шэрагам законаў: пра арганізацыю войска (13 лістапада 1918 году), часовую адміністрацыю (15 лістапада 1918 году), часовую арганізацыю судаводзтва (16 лістапада і 21 лістапада 1918 году), дзяржаўную мову (1 студзеня 1919 году), навучальны працэс (13 лютага 1919 году), грамадзянства (8 красавіка 1919 году), зямельную рэформу (14 красавіка 1919 году).

Вынікам актыўнае зьнешнепалітычнае дзейнасьці ЗУНР стала адкрыцьцё амбасадаў у Аўстрыі, Вугоршчыне і Нямеччыне ды дыпляматычных прадстаўніцтваў у Чэхаславаччыне, Канадзе, ЗША, Бразыліі, Італіі ды інш.

Украінска-польская вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да новае ўкраінскае дзяржавы габрэйскае, нямецкамоўнае ды частка польскага насельніцтва паставілася ляяльна, іншая частка палякаў пры падтрымцы Польшчы распачалі ваенныя дзеяньні супраць украінскае ўлады(en). Адначасова румынскія войскі перайшлі межы ЗУНР і, незважаючы на супраціў насельніцтва, 11 лістапада занялі Чарнаўцы, а пасьля гэтага й усю Паўночную Букавіну.

Будынак тарнопальскае школы №4, у якім у лістападзе — сьнежні 1918 году знаходзіўся ўрад ЗУНР.

21 лістапада ў выніку крывапралітных баёў польскія войскі захапілі Львоў (ля места Перамышля ня здолелі разбурыць масты і полськія войскі прыехалі на чыгуначны вакзал у Львове). Урад ЗУНР пераехаў у Тарнопаль, а з 2 студзеня 1919 году УНРада і ўрад ЗУНР знаходзіліся ў Станіслававе (цяпер Івана-Франкоўск).

1 сьнежня 1918 году дэлегацыя УНРады і прадстаўнікі Дырэкторыі УНР(uk) падпісалі ў Фаставе папярэдняе пагадненьне пра аб’яднаньне ЗУНР і УНР[4] ды канчаткова ўхваленую вышэйшым органам дзяржавы 3 студзеня 1919 году.

4 студзеня 1919 году быў сфармаваны новы ўрад на чале з Сыдарам Галубовічам(uk) і створаны Аддзел УНРады (складаўся зь дзевяці чальцоў) пад кіраўніцтвам Яўгена Петрушэвіча.

21 студзеня 1919 году прадстаўнікі Ўсекарпацкага кангрэсу Сьцяпан Клачурак(uk) і Дзьмітры Клымпуш(uk) перадалі ўраду ЗУНР у Станіславе рашэньне насельніцтва краю пра далучэньне да Ўкраіны закарпацкіх земляў.

На наступны дзень у Кіеве адбылося ўрачыстае абвяшчэньне «Акту про Злуку» («Акту пра Злучэньне»)(uk) ЗУНР (Галічына, Букавіна, Закарпацьце) і УНР (Наддняпроўская Ўкраіна) у адзіную Ўкраінскую Народную Рэспубліку. Згодна з законам «Про форму влади в Україні» (па-беларуску: «Пра форму ўлады ва Ўкраіне»), прынятым Працоўным Кангрэсам Украіны(uk), ЗУНР атрымала назву «Західна Область Української Народної Республіки» (па-беларуску: «Заходняя Вобласьць Украінскае Народнае Рэспублікі», ЗВ УНР, ЗВУНР). Пазьней, пасьля падпісаньня Варшаўскае дамовы 1920 году(en) між УНР ды Польшчаю Акт Злучэньня быў дэнансаваны ўладаю ЗУНР-ЗВ УНР як пратэст супраць няўзгодненасьці дзеяньняў з боку Сымона Пятлюры, а таксама пра гэта былі паведамленыя прадстаўнік дыпляматычнае місіі УНР у Варшаве ды ўрад Польшчы[5].

У студзені — траўні 1919 году, нягледзячы на пастаянны недахоп зброі, баепрыпасаў і амуніцыі, Украінская Галіцкая Армія(uk) кантралявала сытуацыю на ўкраінска-польскім фронце і паступова выціскала польскую армію з тэрыторыі Галічыны.

У сярэдзіне лютага гэтага ж году Ўкраінская Галіцкая Армія пачала Ваўчухоўскую апэрацыю(uk). Але напрыканцы лютага 1919 году пасьпяховы наступ украінскай арміі быў спынены паводле патрабаваньня Парыскае мірнае канфэрэнцыі(be), якая для перамоваў з урадам ЗВ УНР пра ўмовы замірэньня з Польшчай выслала місію ў складзе францускага генэрала Бэртэлемі (кіраўнік місіі), брытанскага палкоўніка Віярда, амэрыканскага прафэсара Лорда ды італьянскага палкоўніка Стабіле (трох апошнія — чальцы місіі). Місія высунула патрабаваньне неадкладанага спыненьня ваенных дзеяньняў і запрапанавала дэмаркацыйную лінію між двума бакамі, паводле якой 40% Усходняе Галічыны (Львоў і Драгобыцкі нафтавы басэйн) адыходзіла да Польшчы. Урад ЗУНР гэтае прапановы не прыняў, пасьля чаго ваенныя дзеяньні аднавіліся.

13 траўня гэтага году Найвышэйшая Рада краінаў Антанты ажыцьцявіла новую спробу скласьці замірэньне між бакамі, што знаходзіліся ў стане вайны. Прапановы міжхаўруснае камісіі, якую ўзначальваў генэрал Люіс Бота(en), былі прынятыя ўкраінскім бокам. Аднак умовы замірэньня, паводле якіх Драгобыцкі басэйн заставаўся на баку ЗУНР, былі адрынутыя ўрадам Польшчы.

Праз гэтыя ўмовы цераз два дні на ўкраінскі фронт у Галічыне ды Валыні была адпраўленая сфармаваная і ўзброеная ў Францыі васьмідзесяцітысячная польская армія генэрала Юзэфа Гальлера, якая (паводле плянаў Антанты) прызначалася толькі для барацьбы супраць бальшавікоў. Напрыканцы траўня ўрад пачынае пераезд са Станіславава праз Бучач, Чарткоў у Залешчыкі.

Напачатку чэрвеня 1919 году польскія войскі, у тым ліку армія генэрала Гальлера, арганізаваная пры спрыяньні Антанты, захапілі амаль усю Галічыну, за выключэньнем тэрыторыі паміж Днестрам і ніжнім Збручам. 2 чэрвеня ў кляштары базылянаў(uk) (Бучач) была праведзеная нарада[6]. У сувязі з крытычным становішчам ЗВ УНР 9 чэрвеня 1919 году ўрад Сыдара Галубовіча склаў свае паўнамоцтвы, а Аддзел УНРады перадаў усю паўнату вайсковае й цывільнае ўлады Яўгену Петрушэвічу, які атрымаў тытул дыктатара ЗВ УНР. Для выкананьня ўскладзеных на яго функцыяў Петрушэвіч стварыў пры сабе часовы выканаўчы орган — Раду ўпаўнаважаных дыктатара і Вайсковую канцылярыю. Начальным правадыром быў прызначаны генэрал Аляксандар Грэкаў(uk).

7—28 чэрвеня 1919 году УГА (Украінская галіцкая армія) пад камандаваньнем Аляксандра Грэкава правяла Чарткоўскі наступ(uk), у выніку якога значная частка Галічыны была вызваленая ад польскіх войскаў. Аднак празь нястачу зброі і баепрыпасаў УГА была вымушаная на працягу чэрвеня — ліпеня 1919 году адступіць на старыя пазыцыі.

16—18 ліпеня гэтага ж году УГА адступіла за раку Збруч. Тэрыторыю ЗВ УНР акупавалі польскія войскі. Зь ліпеня да лістапада 1919 году месцам знаходжаньня кіраўніцтва ЗВ УНР зьяўляўся Камянец-Падольскі. 12 лістапада 1919 году ў ім адбылася апошняя сумесная нарада ўрадаў ЗУНР ды УНР, на якой Яўген Петрушэвіч прапанаваў адсунуць Сымона Пятлюру ад кіраўніцтва як «неспэцыяліста па апэратыўных справах». Уранку 17 лістапада гэтага ж году часткі Дабрарміі захапілі Камянец-Падольскі[7].

Эміграцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Позна ўвечары 16 лістапада 1919 году Петрушэвіч, палкоўнік В. Вышываны, група ўрадавых асобаў ЗУНР, сотня стралкоў асабістай аховы[8] былі вымушаныя пераехаць праз Румынію ў Вену, дзе працягвалі актыўную міжнародную дзейнасьць датычна абароны дзяржаўных інтарэсаў ЗУНР.

Найвышэйшая рада Антанты 25 чэрвеня 1919 году (паводле іншых зьвестак — 29 чэрвеня), перасьцерагаючыся наступу бальшавікоў за Збруч, пагадзілася на часовую акупацыю польскімі войскамі Ўсходняе Галічыны, пакінуўшы юрыдычныя правы над гэтаю тэрыторыяй за хаўруснымі дзяржавамі.

21 лістапада гэтага году пад ціскам польскага боку была складзеная «Дамова паміж хаўруснымі дзяржавамі і Польшчай па Ўсходняй Галічыне», паводле якой рэгіён на 25 гадоў уваходзіў у склад Польшчы, захоўваючы статус тэрытарыяльнай аўтаноміі. Па заканчэньні гэтага тэрміну статус гэтых зямель мусіў вызначацца шляхам самавызначэньня мясцовага насельніцтва.

8 сьнежня 1919 году Найвышэйшая рада Антанты, прызнаўшы ўсходняй мяжою Лінію Керзона(be), юрыдычна зацьвердзіла замацаваньне на баку Польшчы тэрыторыяў, на якія прэтэндавалі тагачасныя ўкраінскія нацыянальныя арганізацыі: Холмшчыны, Лемкаўшчыны(uk), паўднёвага Падляшша ды Надсаньня.

1 жніўня 1920 году ў Вене быў сфармаваны замежны (экзыльны) урад Дыктатара ЗУНР, галоўная мэта якога — дамагацца аднаўленьня незалежнасьці ЗУНР дыпляматычнымі сродкамі. Яўген Петрушэвіч склаў часовы ўрад для Ўсходняе Галічыны: сакратар замежных справаў — С. Вытвіцкі(uk), сакратар палітычнае прапаганды — К. Лявіцкі, сакратар унутраных справаў, судаводзтва — А. Ганінчак, сакратар фінансаў ды гандлю — В. Сінгалевіч. Был сфармаваная дарадніцкая рада, у якую ўваходзіла сем чальцоў Нацыянальнае рады.

На працягу 1920—1923 гадоў урад ЗУНР і прэзыдэнт Яўген Петрушэвіч пастаянна ставілі перад Лігаю Нацыяў, Найвышэйшаю радай і Радаю амбасадараў дзяржаваў Антанты пытаньні пра ліквідацыю рэжыму польскае ўлады на тэрыторыі рэспублікі ды аднаўленьне незалежнасьці ЗУНР. Аднак лідэры краінаў Антанты, зацікаўленыя ў існаваньні моцнае польскае дзяржавы як супрацьвагі Савецкай Расеі, не адважваліся прыняць рашэньне датычна гэтае праблемы.

11 жніўня дыктатар ЗУНР Яўген Петрушэвіч дадаткова ўлучыў у склад свайго ўраду ўпаўнаважанага, дзеяча УНТП Рамана Пярфецкага(uk) — як рэфэрэнта краю — для кіраўніцтва сацыяльна-палітычнымі працэсамі ў Галічыне.

У сакавіку 1921 году дэлегацыя ЗУНР (Косьць Лявіцкі(uk), Эрнэст Тэадор Брайтэр(uk), Осіп Назарук(uk), Лука Мышуга) выказала рашучы пратэст супраць складаньня Рыскае мірнае дамовы 1921 году.

У 1921 году Рада Лігі Нацыяў прыняла рашэньне пра арганізацыю ў 1922 годзе міжнароднае канфэрэнцыі па праблеме міжнародна-прававога статусу Галічыны.

У красавіку — траўні 1922 году пытаньне пра лёс украінскіх тэрыторыяў, што засталіся на баку Польшчы, абмяркоўвалася на Генуэскай канфэрэнцыі(en).

14 сакавіка 1923 году на паседжаньні Рады амбасадараў дзяржаваў Антанты(en) былі прызнаныя фактычныя межы Польшчы на ўсходзе з умоваю наданьня аўтаноміі для Ўсходняе Галічыны. Намагаючыся зьмяніць рашэньне Рады амбасадараў, з Раймонам Пуанкарэ(be) сустракаўся мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі(uk), але беспасьпяхова.

15 сакавіка 1923 году экзыльны ўрад ЗУНР спыніў існаваньне.

Улада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Судовая ўлада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 лістапада 1918 году Ўкраінская нацыянальная рада выдала закон «Про тимчасову організацію судівництва»[9] (па-беларуску: «Пра часовую арганізацыю судаводзтва»), адпаведна зь якім судовая сыстэма новаўтворанае Рэспублікі складалася з трох зьвеньняў: павятовых судоў, акругавых судоў ды Вышэйшага суду. Як і на ўсходніх землях, у ЗУНР заканадаўства колішняе мэтраполіі дзейнічала толькі ў тым выпадку, калі яно не супярэчыла інтарэсам украінскае дзяржавы.

Апроч агульных судоў прадугледжвалася стварэньне органаў вайсковай юстыцыі, якімі былі павінныя стаць: акругавы вайсковы суд, абласны вайсковы суд і Найвышэйшы вайсковы трыбунал[10].

Заканадаўствам ЗУНР былі ўсталяваныя падвышаныя патрабаваньні да асобаў, якія мелі жаданьне стаць судзьдзямі. У прыватнасьці, пасьля заканчэньня вышэйшае навучальнае ўстановы яны былі павінныя прайсьці двухгадовае стажаваньне, і толькі пасьля гэтага маглі стаць судзьдзямі ў выпадку пасьпяховае здачы спэцыяльнага экзамэну[11].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Украінцы (русіны) у Аўстра-Вугоршчыне, 1911 год, пазначаныя жоўтым колерам.

Згодна з Аўстра-Вугорскім перапісам 1910 году, на тэрыторыі абвешчанае Заходнеўкраінскае Народнае Рэспублікі пражывала блізу 5 400 000 асобаў. Сярод іх 3 291 000 тысячаў (прыблізна 60%) украінцаў, 1 351 000 (прыблізна 25%) палякаў, 660 000 (прыблізна 12%) габрэяў. Рэшту складалі немцы, вугорцы, румыны, чэхі, славакі, цыганы, армяне ды інш. У местах ды мястэчках пражывалі пераважна палякі ды габрэі, у сельскай жа мясцовасьці ў абсалютнай большасьці пераважалі ўкраінцы. Такое разьмеркаваньне месца пражываньня апынулася ў будучыні праблемным, бо найбуйнейшае места і адміністрацыйны цэнтар рэгіёну Львоў, які заснаваў кароль Даніла Раманавіч(be), было ў большасьці населеным на той момант палякамі і лічылася важным цэнтрам польскае культуры. Канфлікт за гэтае места быў непазьбежным.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Статут Української Національної Ради, прийнятий у Львові 18 жовтня 1918 року
  2. ^ Проклямація Української Національної Ради від 19 жовтня 1918 року
  3. ^ Тимчасовий основний закон про державну самостійність українських земель бувшої австро-угорської монархії, ухвалений Українською Національною Радою на засіданню 13 падолиста 1918
  4. ^ Передвступний договір, заключений дня 1 грудня 1918 року в м. Фастові між Українською Народньою Республікою й Західно-Українською Народньою Республікою про маючу наступити злуку обох українських держав в одну державну одиницю
  5. ^ Литвин М., Науменко К. Історія ЗУНР.-Львів: Інститут українознавства НАНУ, видавнича фірма «Олір», 1995. — 368 с., іл. ISBN 5-7707-7867-9 с.140
  6. ^ Шанковський Л. Бучаччина в роки визвольної війни 1918-1920 // Бучач і Бучаччина. Історично-мемуарний збірник. - Ню-Йорк-Лондон-Париж-Сидней-Торонто: НТШ, 1972. - Т. XXVII. - 944 с., іл. с.78
  7. ^ Литвин М., Науменко К. Історія ЗУНР.-Львів: Інститут українознавства НАНУ, видавнича фірма «Олір»,1995.-368 с., іл. ISBN 5-7707-7867-9 с. 266—267
  8. ^ Там жа.
  9. ^ Лозинський М. Галичина в рр. 1918—1920/М. Лозинський. — Нью-Йорк, 1970. — С. 45-46
  10. ^ Вісник державних законів і розпоряджень Західної області Української Народної Республіки. — 1919. — Вип.3. — С. 12—18
  11. ^ Судоустрій України: підручник / С.Ківалов, Ю.Полянський, М.Косюта, В.Долежан. — К.: Юрінком Інтер, 2011. — 384 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тищик Б. Й., Вівчаренко О. А. Західноукраїнська Народна Республіка. 1918–1923 pp. Коломия, 1993.
  • Кугутяк М. Галичина: Сторінки історії. Івано-Франківськ, 1993
  • Кульчицький В. С. До питання про виникнення і падіння Західноукраїнської Народної Республіки // Проблеми юридичної науки та правоохоронної практики. К., 1994
  • Литвин М. Р., Науменко К. Є. Історія ЗУНР. Львів, 1995. — 368 с., іл. ISBN 5-7707-7867-9
  • Лісна І. С. Становлення національної державності в Галичині (1918—1923 рр.). Львів, 1998
  • Макарчук С. А. Українська республіка галичан. Львів, 1997
  • Західно-українська народна республіка 1918–1923. Ілюстрована енциклопедія. Видавництво «Манускрипт»
  • Уряди України у ХХ ст. К.: Наукова думка. 2001. 608 с.
  • Шухевич С.Е. Спомини.- Львів: Червона калина, 1929.
  • Бучач і Бучаччина. Історико-мемуарний збірник. — НТШ: Ню-Йорк-Лондон-Париж-Сидней-Торонто, 1972. Т. XXVII. — 944 с., іл.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заходнеўкраінская Народная Рэспублікасховішча мультымэдыйных матэрыялаў