Распад Аўстра-Вугоршчыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Распа́д А́ўстра-Вугорскай імпэ́рыі — буйная геапалітычная падзея, якая адбылася ў выніку нарастаньня ўнутраных сацыяльных супярэчнасьцяў і адасабленьня розных частак імпэрыі. Першая сусьветная вайна, неўраджай 1918 году й эканамічны крызіс паслужылі падставай да распаду дзяржавы.

17 кастрычніка парлямэнт Вугоршчыны скасаваў унію з Аўстрыяй і абвясьціў незалежнасьць краіны, 28 кастрычніка ўтварылася Чэхаславаччына, усьлед за ёй 29 кастрычніка зьявілася Каралеўства Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў, 3 лістапада незалежнасьць абвясьціла Заходнеўкраінская Народная Рэспубліка, 6 лістапада ў Кракаве было абвешчана пра аднаўленьне Польшчы. Таксама ў ходзе распаду імпэрыі ўзьніклі Тарнабжэская рэспубліка, Гуцульская рэспубліка, Руская Народная Рэспубліка лемкаў, Усходне-Лемкаўская рэспубліка, Рэспубліка Прэкмур'е, Вугорская Савецкая Рэспубліка, Славацкая Савецкая Рэспубліка, Рэспубліка Банат, Рэспубліка Фіюмэ.

Пасьля распаду Аўстра-Вугоршчыны на яе былой тэрыторыі паўстала некалькі ўнітарных этнакратычных дзяржаў, вялікая частка якіх існуе й у наш час. Астатнія тэрыторыі, населеныя падзеленымі народамі, трапілі ў склад ужо існуючых ці новаўтвораных дзяржаваў. Юрыдычна распад імпэрыі быў аформлены ў Сэн-Жэрмэнскай дамове з Аўстрыяй, якая таксама выступала ў якасьці мірнае дамовы пасьля Першай сусьветнай, і ў Трыянонскай дамове з Вугоршчынай.

Мапа распаду Аўстра-Вугоршчыны ў 1919—1920 гадах

Прычыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнаграфічная мапа Аўстра-Вугоршчыны

Габсбурская манархія, якая займала шырокую тэрыторыю ў Эўропе й якая ўключала ў сябе каля 20 народаў, да пачатку XX стагодзьдзя вельмі аслабла знутры праз паўвекавыя нацыянальныя спрэчкі і канфлікты практычна ва ўсіх сваіх рэгіёнах. У Галічыне адбывалася супрацьстаяньне палякаў і ўкраінцаў, у Трансыльваніі — румынаў і вугорцаў, у Сылезіі — чэхаў і немцаў[1], у Закарпацьці — вугорцаў і ўкраінцаў; басьнійцы, сэрбы й харваты змагаліся за незалежнасьць[2] на Балканах і г. д.

З разьвіцьцём капіталізму й ростам колькасьці прадпрыемстваў фармаваўся сярэдняя рабочая кялса, якая занялася адстойваньнем інтарэсаў таго народу, да якога ён належаў[2]. Такім чынам, з кожным годам на ўскраінах імпэрыі расла небясьпека сэпаратызму. У 1848—1849 гадах паняволеныя народы ўжо зрабілі спробу здабыць незалежнасьць, у многіх рэгіёнах імпэрыі разгарнуліся ваенныя дзеяньні. Нават Вугоршчына распачала спробу аддзяліцца ад Габсбурскай манархіі, аднак пасьля вайны была зноў ўключана ў склад імпэрыі.

Пасьля правалу рэвалюцыі становішча ў краіне толькі пагоршылася, хоць цяпер супрацьстаяньне народаў вылілася ў палітычныя дэбаты і прапаганду нацыянальных ідэяў. Толькі часам адбываліся ўзброеныя сутыкненьні, якія душыліся імпэрскімі войскамі[2]. У 1867 годзе, з прыняцьцем новай агульнаімпэрскай канстытуцыі і падпісаньнем Аўстра-Вугорскага пагадненьня, Аўстра-Вугоршчына аслабла яшчэ больш, бо стала фэдэрацыяй, якая падзялялася на дзьве часткі: Аўстрыю і Вугоршчыну. Абедзьве зараз атрымалі права мець уласныя арміі, парлямэнты, прадстаўнічыя ўстановы і г. д., а ўласны бюджэт у кожнай частцы імпэрыі існаваў ужо да прыняцьця новай канстытуцыі. Уласны парлямэнт атрымала Босьнія і Герцагавіна (ёй таксама належала частка бюджэту), якая зьяўлялася кандамініюмам Аўстрыі і Вугоршчыны.

Доўгі час імпэрыяй правіў Франц Ёсіф, які сабраў вакол сябе прыхільнікаў-інтэрнацыяналістаў, што не дазваляла Аўстра-Вугоршчыне распасьціся на шэраг унітарных і нацыянальна аднародных дзяржаваў. Аднак і ў кіруючай эліце намеціліся рознагалосьсі, якія з часам перарасьлі ў недавер і адкрытае супрацьстаяньне паміж чыноўнікамі розных нацыянальнасьцяў, нават эрцгерцаг Франц Фэрдынанд заразіўся нянавісьцю да вугорцаў як да нацыянальнасьці, усяляк звужаючы іх правы і дапамагаючы народам, якія спрадвеку жылі побач зь імі. Нецярпімасьць Франца Фэрдынанда да вугорскай паловы імпэрыі вылілася ў фразу «Яны мне антыпатычныя, хоць бы проста з-за мовы», якую ён вымавіў пасьля чарговай беспасьпяховай спробы вывучыць вугорскую мову[2].

У такіх умовах магутны бюракратычны апарат, які ў тры разы перавышаў колькасьць аўстра-вугорскай арміі[2], пачаў «нацыяналізацыю» мясцовай улады па нацыянальнай і рэлігійнай прыкмеце, якая не праходзіла бяз кровапраліцьця. Цяпер ідэі сэпаратызму праніклі ва ўсе пласты грамадзтва, толькі буйная буржуазія падтрымлівала імпэратара і жадала цэласьці імпэрыі, спадзеючыся на Франца Ёсіфа як на выратавальніка Аўстра-Вугоршчыны. Сам Франц-Ёсіф выдатна разумеў, што распаду яму ў адзіночку не стрымаць, таму наракаў на сваю бязвыхаднасьць. «Маё няшчасьце, што я не магу знайсьці дзяржаўнага дзеяча» — казаў ён. Франц Фэрдынанд, нягледзячы на сваю непрыязнасьць да вугорцаў, рабіў спробы ператварыць імпэрыю ў фэдэрацыю, якія, аднак, скончыліся беспасьпяхова ўмяшаньнем імпэратара, які баяўся страціць усю паўнату ўлады[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Крушение империи: как создавалась Чехословакия. UA-Reporter.com. Праверана 7 ноября 2008 г. Архіўная копія ад 2012-01-30 г.
  2. ^ а б в г д е Шапошников Б. М. Мозг армии. — Военгиз. — 4000 ас.