Забашавічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Забашавічы
трансьліт. Zabašavičy
Першыя згадкі: 1518
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Менская
Раён: Барысаўскі
Сельсавет: Глівінскі
Вышыня: 180 м н. у. м.
Насельніцтва: 515 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 177
Паштовы індэкс: 222117
Нумарны знак: 5
Геаграфічныя каардынаты: 54°2′35″ пн. ш. 28°37′28″ у. д. / 54.04306° пн. ш. 28.62444° у. д. / 54.04306; 28.62444Каардынаты: 54°2′35″ пн. ш. 28°37′28″ у. д. / 54.04306° пн. ш. 28.62444° у. д. / 54.04306; 28.62444
Забашавічы на мапе Беларусі ±
Забашавічы
Забашавічы
Забашавічы
Забашавічы
Забашавічы
Забашавічы

Заба́шавічы[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 20 км на поўдзень ад Барысава, за 7 км на захад ад шашы Р67. Забашавічы ўваходзяць у склад Глівінскага сельсавету.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Забашавічы на працягу многіх стагодзьдзяў зьяўляюцца адным з цэнтраў мясцовых пасяленьняў на паўднёвым захадзе Барысаўшчыны. Да 2013 году — цэнтар сельсавету, раней — цэнтар немалога землеўладаньня.

Першыя ўзгадваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старыя дакумэнты данесьлі асобныя старонкі з даўняга жыцьця Забашавічаў. Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне пра іх датуецца 2 ліпеня 1518 году. На пачатку ХVІ стагодзьдзя тут быў дзяржаўны маёнтак. Яго цёшча Жыгімонта Старога запісала Пятру Гінцу. Сам вялікі князь літоўскі ў 1526 годзе пацьвердзіў гэта дараваньне.

Напрыканцы ХVІ стагодзьдзя маёнтак у Забашавічах хутчэй за ўсё зноў ня меў прыватнага гаспадара і адносіўся да дзяржаўных. Тут дзейнічаў орган сялянскага самакіраваньня, які ўзначальваў старац, што выбіраўся на агульным сялянскім сходзе. У 1594 годзе старцам у Забашавічах быў Дзямід Гінковіч. Ён ня толькі займаўся назіраньнем за выкананьнем грамадзкіх работ, зьбіраў даніну і іншае, але і ўдзельнічаў у копным судзе.

У 1602 годзе ў тагачасных дакумэнтах адзначаюцца імёны тамтэйшага жыхара Дзяміда Хынковіча і яго дачкі Натальлі, якая пераехала з роднай вёскі ў іншую. Яны зьяўляліся падданымі барысаўскага пана Андрэя.

Вайна 1654—1667 гадоў (Крывавы патоп) пакінула пасьля сябе цяжкі сьлед. Даводзілася шмат што аднаўляць наноў. У гэты час маёнтак у Забашавічах належыў Крыстафу Ягеловічу. Ён у 1667 годзе даруе тамтэйшай царкве дзьве валокі зямлі і дае ёй права карыстацца сваім лесам і млыном.

Сядзіба Ваньковічаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не пазьней чым з другой паловы ХVІІ стагодзьдзя Забашавічы пераходзяць да Ваньковічаў. У 1773 годзе тут гаспадарыў Г. Ваньковіч, у 1800 годзе — Марцін Ваньковіч. У гэты час пры маёнтку мелася невялікая вытворчасьць жалеза.

Асноўныя падзеі 1812 году, што адбываліся на землях Барысаўшчыны, Забашавічы абмінулі. Але сюды ў лістападзе таго года адышоў з Барысава з асноўнай часткай свайго войска Чычагоў. Ён, падмануты Напалеонам, прастаяў тут некалькі дзён у чаканьні пачатку пераправы францускага войска на поўдні ад гораду.

У 1834 годзе ў Забашавічах адзначаецца два маёнткі, якімі валодаў адзін з Ваньковічаў. Усяго на той час тамтэйшая гаспадарка мела 205 душ. У 1876 годзе маёнтак належыць Фларыяну Ваньковічу, які атрымаў яго ў спадчыну. Усяго ў яго ўваходзіла 6436 дзесяцін зямлі ўключна з фальваркам Устрань. Сам Фларыян ня мог кіраваць гаспадаркай, таму ёй распараджалася барысаўская дваранская апека.

Час пабудовы апошніх будынкаў маёнтка Ваньковічаў невядомы. Тут да падзеяў 1917 году быў вялікі і вельмі багата ўнутры аздоблены двухпавярховы цагляны палац, шэраг мураваных гаспадарчых будынкаў. Мелася ў маёнтку сажалка і вельмі адметны парк. Апошні, як помнік прыроды, быў узяты пад ахову дзяржавы ў 1926 годзе.

Незайздросны лёс аказаўся ў маёнтку ў ХХ стагодзьдзі. Пасьля падзеяў 1917 году палац рабавалі, вярталі разрабаванае назад і зноў рабавалі. Пасьля заканчэньня амаль бесьперапынных войнаў у будынку была зроблена 7-гадовая школа, якая напярэдадні Другой сусьветнай вайны стала 10-гадовай. Падчас вайны палац быў спалены партызанамі. Пасьля яе яго рэшткі разабралі тутэйшыя жыхары на цэглу. У апошнюю вайну быў зьнішчаны і адметны парк.

Да сёньняшняга часу ад маёнтку ў Забашавічах захаваліся два цагляныя гаспадарчыя будынкі, нязначныя рэшткі палаца, яго склеп, які выкарыстоўваецца жыхарамі вёскі па сёньняшні час. У адным з панскіх будынкаў, што захаваліся да нашага часу, некалькі год таму разьмясьцілася царква. Дайшла да нашых дзён і сажалка. Ад старога парка засталося толькі некалькі дрэваў.

Цэрквы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прыхадзкая царква ў Забашавічах першапачаткова была праваслаўнай. У ХVІІ стагодзьдзі была пераведзена ва ўніяцтва, а зь яго касаваньнем у 1839 годзе пераходзіць ва ўладаньне РПЦ Масквы.

Яшчэ ў 1863 годзе ў Забашавічах была распачата пабудова новай Пакроўскай царквы. Будаўніцтва было скончана ў 1866 годзе і абышлося казьне ў 3358 рублёў. Яна была адным з 17 праваслаўных храмаў у Барысаўскім павеце, якія былі пабудаваны па ініцыятыве графа Мураўёва-Вешальніка ў псэўдарускім стылі пасьля падаўленьня паўстаньня 1863—1864 гадоў. У 1867 годзе пры ёй існавала праваслаўнае брацтва. У 1879 годзе царква ў Забашавічах была 5 кляса, мела гадавога жалаваньня прычту 236 рублёў. Яна мела каля 50 дзесяцін сядзібнай, ворнай зямлі і пашаў. Усяго прыход аб’ядноўваў 933 вернікі. У 1878 годзе адзначалася, што да прыхадзкой царквы прыпісана Барбарынская царква на могілках у Забашавічах, Траецкая на могілках у Слабодцы і царква ў Сяменькавічах. У 1879 годзе замест Барбарынскай царквы ў прыходзе ўзгадваецца Ганьнінская царква ў Заруччы.

У 1884 годзе ў Забашавічах адкрываецца царкоўнапрыхадзкая школа.

Да пачатку ХХ стагодзьдзя ўсе дапаможныя будынкі храма (як і царква, яны былі драўляныя) знаходзіліся ў дрэнным стане. Гэта адзначалася ў 1903 годзе. На той момант прыход аб’ядноўваў 1957 вернікаў з 10 пасяленьняў. Царква мела 66 дзесяцін 2380 кв. саж. зямлі.

Савецкую ўладу цэрквы ў Забашавічах не змаглі перажыць. Яны былі закрыты. Падчас апошняй вайны Пакроўская царква пэўны час працавала зноў. Каля 1958 году яе будынак быў перароблены пад клюб. Пазьней быў практычна цалкам перабудаваны. У такім выглядзе будынак клюбу дайшоў да нашага часу.

Акрамя праваслаўных цэркваў пры маёнтку ў Забашавічах існавала невялікая драўляная каталіцкая капліца.

Да 28 траўня 2013 году вёска зьяўлялася цэнтрам Забашавіцкага сельсавету. 28 траўня 2013 году сельсавет ліквідаваны, вёска разам зь іншымі населенымі пунктамі перададзеная ў склад Глівінскага сельсавету[2].

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1800 годзе ў Забашавічах было 42 двары, у якіх быў 271 жыхар. На працягу ХІХ стагодзьдзя колькасьць гаспадарак у пасяленьні амаль не зьмяняецца. У 1890 годзе тут было 36 сялянскіх гаспадарак. У гэты час Забашавічы — цэнтар сялянскай абшчыны, у якую акрамя асноўнай вёскі ўваходзіла Забашэўка.

Напрыканцы ХІХ стагодзьдзя пачынаецца імклівы рост пасяленьня. Па перапісе 1897 году тут ужо было 68 двароў, у якіх жыло 480 жыхароў. Акрамя таго, у маёнтку жыло яшчэ 73 жыхары. У 1908 годзе ў Забашавічах было ўжо 82 двары і 610 жыхароў, а ў 1917 годзе — 113 двароў і 765 жыхароў, у 1999 годзе — 589 жыхароў, у 2004 годзе — больш за 250 гаспадарак і каля 650 жыхароў, у 2010 годзе — 515 жыхароў.

Інфармацыя для турыстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Сьв. Барбары
  • Царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы
  • Царква
  • Сядзіба
  • Драўляная каталіцкая капліца

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 69
  2. ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234(рас.)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]