Руска-бізантыйская ўмова 911 году
Руска-бізантыйская ўмова 911 году | |
Падпісаная | 911 |
---|---|
Падпісанты | князь Алег, імпэратары Леў VI, Аляксандар і Канстантын VII |
Бакі | Кіеўская Русь Бізантыя |
Руска-бізантыйская ўмова 911 году — мірнае пагадненьне, складзенае паміж Кіеўскай Русьсю і Бізантыяй. Рэгулявала руска-бізантыйскія дачыненьні. Стала вынікам выправы князя Алега на Канстантынопаль. Захавалася ў сьпісах у складзе Аповесьці мінулых часоў.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 911 годзе, паводле летапісных зьвестак, князь Алег паслаў сваіх людзей да грэкаў дзеля складаньня зь імі мірнага пагадненьня паміж Русьсю і Бізантыяй. Умову склалі 2 верасьня 911 году паміж двума бакамі:
- Русь: князь Алег і яму падпарадкаваныя вялікія князі і баяры, якіх прэзэнтавалі 15 паслоў: Карлы, Інегелд, Фарлаф, Верамуд, Рулаў, Гуды, Руалд, Карн, Фрэлаў, Руар, Актэву, Труан, Лідул, Фост, Стэмід.
- Бізантыя (ва ўмове завецца «хрысьціянамі» і «грэкамі»): тры імпэратары — Леў VI, ягоны брат Аляксандар, і сын Льва Канстантын.
Умова ўсталявала мірныя дачыненьні паміж Русьсю і Бізантыяй, вызначыла парадак выкупу палонных, пакараньня за крымінальныя злачынствы, учыненыя грэцкімі і рускімі купцамі ў Бізантыі, правілы вядзеньня судовага працэсу і ўспадкоўваньня, стварала спрыяльныя ўмовы дзеля гандлю для русі і грэкаў, зьмяняла берагавое права. З гэтага часу замест захопу выкінутага на бераг судна і яго маёмасьці, уладальнікі берага абавязваліся надаваць дапамогу ў іх выратаваньні.
Таксама паводле ўмовы рускія купцы атрымалі права жыць у Канстантынопалі па паўгода, Бізантыя абавязвалася ўтрымліваць іх на гэты час за кошт скарбу. Рускія купцы атрымалі права бязмытнага гандлю ў Бізантыі. Дазвалялася наймаць русь на вайсковую службу ў Бізантыі.
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З 15 імёнаў русі («ад роду рускага») 13 або 14 маюць германскае (паўночнагерманскае) паходжаньне: Карлы (Karli), Инегелдъ (Ingjaldr, Ingeldr), Фарлофъ (Farulfr), Веремудъ (Vermundr), Рулавъ (Rollabʀ, Hrúlfr), Гуды (Góði), Руалдъ (Hróaldr, Hrúaldr), Карнъ (Karn), Фрелавъ (Friðláfr або Hjörleifr), Рюаръ (Hróarr), Актеву (магчыма, мае фінскае паходжаньне), Труанъ (Þrándr), Лидуль (Leiðóflr або фінскага паходжаньня), Фостъ (Fastr), Стемиръ (Steinmarr)[1][2].
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Melnikova E. A. The Cultural Assimilation of the Varangians in Eastern Europe from the Point of View of Language and Literacy // Runica — Germ. — Mediavalia. Vol. 37, 2003. P. 454—465.
- ^ Циммерлинг А. В. Имена варяжских послов в «Повести временных лет» // 5-й круглый стол «Древняя Русь и германский мир в филологической и исторической перспективе». — Москва, 2012.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Договор между Русью и Византией (911), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae