Вольны тэатар
«Во́льны тэа́тар» (таксама «Свабодны тэатар») — андэграўндны тэатральны праект беларускіх прафэсійных актораў, рэжысэраў, драматургаў, які ўваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю.
«Вольны тэатар» быў заснаваны 30 сакавіка 2005 году Мікалаем Халезіным і Натальляй Калядой. У траўні 2005 году ў склад «Вольнага тэатру» увайшоў рэжысэр Уладзімер Шчэрбань.
У Беларусі тэатар ня мае ні сцэны, ні памяшканьня для рэпэтыцый, ні дзяржаўнай падтрымкі. У Беларусі спэктаклі праходзяць пераважна на прыватных кватэрах.
Так, падчас прэм’ернага паказу спэктаклю францускага рэжысэра Крысьціяна Бэнэдэці паводле п’есы Эдварда Бонда «Адзінаццаць кашуль» у жніўні 2007 году супрацоўнікамі праваахоўных органаў былі затрыманыя ўсе гледачы і акторы «Вольнага тэатру». Халезіна некалькі разоў арыштоўвалі за выступы з крытыкай беларускіх улад.
Спэктаклі «Вольнага тэатру» пабывалі з гастролямі ў Рызе, Маскве, Магілёве, Барысаве, Летуве, Фінляндыі, Польшчы, Нямеччыне і Францыі, Вялікай Брытаніі, ЗША. «ВТ» выступаў на лепшых пляцоўках Эўропы, такіх як Швэдзкі каралеўскі тэатар, і браў удзел у самых прэстыжных эўрапейскіх фэстах — такіх, як Тэатральнае біенале ў Вісбадэне, фэст Эўрапейскай тэатральнай канвэнцыі ў Сэнт-Эцьене. У траўні 2007 году «Вольны тэатар» запрошаны Парыскім тэатрам пад кіраўніцтвам Крысьціяна Бэнэдэці на месячныя гастролі ў Парыж. У пачатку траўня «Вольны тэатар» прымаў удзел у фэсьце «Пасаж» у Нансі.
«Вольны тэатр» падтрымліваюць выдатныя творцы сучаснасьці: Том Стопард, Вацлаў Гавэл. Нобэлеўскі ляўрэат Гаралд Пінтэр яшчэ пры жыцьці даў тэатру права пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. «Свабодны тэатр» уваходзіць у Эўрапейскую тэатральную канвенцыю.
У сьнежні 2010 году Вольны тэатар паказаў ў адным з найбуйнейшых тэатраў Вялікабрытаніі, лёнданскім «Young Vic», 2 спэктаклі — «Спасьцігаючы каханьне» і «Лічбы». Удзел у пастаноўцы прынялі знакамітыя брытанскія акторы: Джуд Лоў, Іан Маккелен, Сэмюэль Уэст і іншыя[1].
Удзельнікі тэатру праводзілі неаднаразовыя акцыі пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў Нью-Ёрку і Лёндане.
Пастаноўкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2005 — «Псыхоз 4.48» (Сары Кэйн, рэж. Уладзімер Шчэрбань),
- 2007 — «Мы. Самаідэнтыфікацыя» (паводле пьесаў Паўла Пражка, Паўла Расолька і Кастуся Сьцешыка, рэж. Уладзімер Шчэрбань)
- 2007 — «Тэхніка дыханьня ў беспаветранай прасторы» (Натальля Мошына, рэж. Уладзімер Шчэрбань)
- 2006 — «Белівуд» — (Павал Пражка, рэж. Уладзімер Шчэрбань)
- 2006 — «Пакаленьне Jeans» (Мікалай Халезін)
- 2006 — «Быць Гаральдам Пінтэрам» (паводле пьесаў Г. Пінтэра, рэж. Уладзімер Шчэрбань).
- 2009 — «Спасьцігаючы каханьне» (аўтар і рэж. Міклай Халезін)
- 2008 — «Лічбы» (рэж. Уладзімер Шчэрбань)
Узнагароды й прэміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ляўрэат прэміі Францускай Рэспублікі ў галіне абароны правоў чалавека
- красавік 2008 — у грэцкіх Салёніках «Свабодны тэатр» атрымаў прэстыжную тэатральную прэмію «Эўропа — тэатру»
- Люблю Беларусь (2010)[2]
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Брытанскія акцёры падпісалі петыцыю ў падтрымку свабоднай Беларусі(недаступная спасылка)
- ^ Прэмію «Люблю Беларусь» нарэшце ўручылі ляўрэатам (бел.). Радыё Свабода (2010-02-20). Праверана 2021-03-20 г. Архіўная копія ад 2021-03-20 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт (рас.)