Перайсьці да зьместу

Віцебскі краёвы слоўнік

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Віцебскі краёвы слоўнік» (1927)

Віцебскі краёвы слоўнік — лексыкаграфічны звод дыялектнай лексыкі Віцебскай акругі краязнаўца Мікалая Касьпяровіча, выдадзены ў 1927 годзе ў друкарні віцебскай акруговай газэты «Заря Запада» пад рэдакцыяй Міколы Байкова і Браніслава Эпімах-Шыпілы.

Зьбіраньне матэрыялаў для слоўніка М. Касьпяровіч пачаў увосень 1924 году, як толькі стаў інспэктарам Віцебскага акруговага аддзелу народнай асьветы. Дзеля гэтага пры праўленьні акруговага таварыства стварыў слоўнікавую камісію, ад імя праўленьня і камісіі зьвярнуўся да шырокай грамадзкасьці з заклікам зьбіраць дыялектную лексыку да ўсіх мясцовых краязнаўчых арганізацыяў і выслаў неабходную колькасьць выдадзенай Інбелкультам «Інструкцыі».

Вышэйпамянёныя мерапрыемствы спрычынілі сотні людзей ва ўсіх раёнах акругі і за паўтара году камісія па ўкладаньні слоўніка атрымаша 36 071 картку-слова ад 205 індывідуальных карэспандэнтаў і дзевяці калектыўных. На гэты час 10 121 лексычная адзінка была зафіксаваная самім М. Касьпяровічам.

Першая частка слоўніка (да літары «Н») колькасьцю 10 асобнікаў выйшла ў канцы 1926 году, а цалкам слоўнік быў выдадзены ў пачатку 1927 тыражом 1500 асобнікаў.

Слоўнік зьмяшчае 9703 словы, зафіксаваныя ў 591 населеным пункце былой Віцебскай акругі. Сустракаюцца агульнабеларускія словы, якія атрымалі права літаратурнай нормы, і дыялектныя, характэрныя толькі для Віцебшчыны і сумежных тэрыторыяў з колькаснаю перавагаю апошніх. Поруч з словамі ў альфабэтным парадку асобнымі артыкуламі пададзеныя некаторыя фразэалягічныя, адвербіялізаваныя і выклічнікавыя спалучэньні словаў. Загалоўныя словы і словазлучэньні забясьпечаныя граматычнымі і стылістычнымі паметамі, значэньні іх раскрываюцца расейскімі лексычнымі адпаведнікамі або апісальна і праілюстраваныя адным-двума прыкладамі зьвязнага тэксту з пазначэньнем раёне і населенага пункту, дзе яны запісаныя.

Слоўнік утрымліваў дадатковы «Слоўнічак уласных найменьняў», які зьмяшчў 290 мужчынскіх і жаночых беларускіх мясцовых беларускіх імёнаў з расейскімі перакладнымі адпаведнікамі.

  • Іван Германовіч. Мікола Каспяровіч. Жыццё і дзейнасць // Пра час «Узвышша». Матэрыялы навуковых канферэнцый, узвышаўскіх чытанняў (Мінск. 1999—2002) / Рдкал.: Г. В. Запартыка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелНДІДАС. 2002 — С. 53—58. — 167 с.