Перайсьці да зьместу

Беларуска-пакістанскія дачыненьні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Беларуска-пакістанскія дачыненьні
Беларусь і Пакістан

Беларусь

Пакістан
Дыпляматычныя місіі
Амбасада Беларусі
ў Пакістане
Амбасада Пакістану
ў Беларусі
Амбасадары
Андрэй Мяцеліца Саджад Хайдэр Хан

Белару́ска-пакіста́нскія дачыне́ньні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Беларусі і Пакістану.

На 2021 год Амбасада Беларусі ў Пакістане месьцілася на ўсходзе 1-га раёну Ісламабаду ў мікрараёне «Ф-6» па 4-й вуліцы (3-і квартал), д. 8. Амбасада працавала з панядзелка па пятніцу а 9:00—18:00[1]. Стаўка консульскага збору за выдачу візы складала 60 эўра. У адпаведнасьці зь 245-м артыкулам Падатковага кодэксу Беларусі ад консульскага збору за разгляд хадайніцтва аб выдачы візы вызваляліся іншаземцы ў веку да 14 гадоў[2]. Зь лістапада 2019 году ў Лагоры (правінцыя Панджаб) працаваў ганаровы консул Беларусі Валід Муштак[3].

Амбасада Пакістану ў Беларусі знаходзілася ў Цэнтральным раёне Менску па праспэкце Пераможцаў, д. 100[4]. Ад 31 студзеня 2021 году ўсе візы выдавалі праз партал анлайн[5]. Для грамадзянак і грамадзянаў Беларусі асабістая падарожніцкая віза ў Пакістан на тэрмін да 3-х месяцаў каштавала 35 даляраў ЗША[6].

У 2007—2014 гадох двухбаковы гандаль вагаўся ў межах 50—120 млн даляраў ЗША за год. Пакістан быў адным з ключывых рынкаў для трактароў «Беларус» у Азіі, бо там штогод збывалі да 4000 трактароў[7]. У 2011—2015 гадох абсяг таваразвароту скараціўся з 62 млн $ да 56 млн $, а беларускі экспарт з 48 млн $ да 43 млн $[8]. У 2015—2020 гадох беларуска-пакістанскі гандаль складаў ад 50 да 65 млн даляраў за год. Зь Беларусі пастаўлялі трактары і грузавікі, калійныя ўгнаеньні і сынтэтычныя валокны, шыны і станкі, фталевы ангідрыд, газэтную паперу і сухія сумесі для дзіцячага харчаваньня. З Пакістану прывозілі рыс і гародніну, садавіну і скураныя вырабы, тканіну і тэкстыль, спортавы інвэнтар, хірургічныя інструмэнты і манікюрныя наборы. У лютым 2019 году беларуская прамысловая дэлегацыя на чале з намесьнікам міністра прамысловасьці Беларусі наведала Пакістан, у выніку чаго ўпершыню паставілі кар'ерны самазвал «БелАЗ» грузападымальнасьцю 45 тонаў для ТАА «Грыўз Пакістан» (Карачы, правінцыя Сынд)[9].

29 траўня 2015 году ўрады Беларусі і Пакістану заключылі Пагадненьне аб супрацы ў галіне навукі і тэхналёгіяў. Адначасна Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Пакістанская акадэмія навук зацьвердзілі Дамову аб навукова-тэхнічнай спрацы. Тады ж Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства інфармацыі, тэлерадыёвяшчаньня і народнай спадчыны Пакістану заключылі Пагадненьне аб супрацы ў галіне культуры. У жніўні 2015 году старшыня ўраду Пакістану Наваз Шарыф адкрыў у Менску 1-ы Фэст пакістанскага кіно[10]. 11 жніўня 2015 году Міністэрства інфармацыі Беларусі і Нацыянальны кніжны фонд Пакістану падпісалі Мэмарандум па «Праекце перакладу і публікацыяў клясычных літаратурных твораў Беларусі і Пакістану»[11].

11 лістапада 2015 году старшыня ўраду Беларусі Андрэй Кабякоў адкрыў Беларускі інфармацыйна-культурны цэнтар у Нацыянальнай бібліятэцы Пакістану. Цэнтар укамплектавалі кнігамі пра гісторыю, культуру і прыроду Беларусі, у тым ліку пра станаўленьне беларускай дзяржаўнасьці, палітычную і гаспадарчую будову грамадзтва. 3 кастрычніка 2016 году Беларускаму інфармацыйна-культурнаму цэнтру перадалі кнігі на ангельскай мове і ўсталявалі інтэрактыўны куб «Гарызонт». Адначасна стварылі Беларуска-пакістанскі цэнтар каардынацыі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай супрацы, а ў Нацыянальным інстытуце сучасных моваў у Ісламабадзе адчынілі Цэнтар беларускай мовы і культуры. У лістападзе 2017 году Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт заснаваў катэдру мовы ўрду. 13—21 сьнежня 2017 году ў Пакістане адбыўся 2-і Беларуска-пакістанскі форум маладых навукоўцаў. 25 лістапада 2019 году намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Дапкюнас перадаў Беларускаму інфармацыйна-культурнаму цэнтру ў Ісламабадзе шматтомнае факсімільнае выдыаньне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». У Менску традыцыйным стала правядзеньне пакістанскага «Фэстывалю манга»[10].

3 лютага 1994 году ўрады Беларусі і Пакістану ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У лістападзе 2014 году ў Ісламабадзе адчынілі Амбасаду Беларусі ў Пакістане[12]. 25 траўня 2015 году ў Ісламабадзе адкрыўся Беларуска-пакістанскі дзелавы і інвэстыцыйны форум, у якім бралі ўдзел кіраўнікі 25 беларускіх і 60 пакістанскіх прадпрыемстваў. Беларускія прадпрыемствы прадстаўлялі нафтаперапрацоўку і сельскую гаспадарку, машынабудаваньне і мэдыцыну, хімічную і лёгкую прамысловасьць Беларусі. У першы дзень Форуму кіраўнікі прадпрыемстваў заключылі кантракты на 42 млн даляраў[7]. 28—29 траўня 2015 году адбыўся 1-ы афіцыйны візыт А. Лукашэнкі ў Пакістан. У ходзе візыку 29 траўня 2015 году Лукашэнка і старшыня ўраду Пакістану Наваз Шарыф падпісалі Ісламабадзкую дэклярацыю Беларуска-пакістанскага партнэрства[13]. За час 2-дзённага візыту кіраўнікі ведамстваў Беларусі і Пакістану падпісалі каля 20 дамоваў і пагадненьняў[14]. 10—12 жніўня 2015 году старшыня ўраду Пакістану Наваз Шарыф зрабіў 1-ы візыт у Беларусь, падчас якога 10 жніўня 2015 году заключылі Дамову аб сяброўстве і супрацы. Таксама сталічныя мэры падпісалі Пагадненьне аб усталяваньні пабрацімскіх сувязяў між Менскам і Ісламабадам[15]. Да 11 жніўня 2015 году агульны лік пагадненьняў між Беларусьсю і Пакістанам, заключаных ад пачатку году, склаў каля 40[16].

9—11 лістапада 2015 году старшыня ўраду Беларусі Андрэй Кабякоў зладзіў афіцыйны візыт у Пакістан. У 10 лістапада Кабякоў сустрэўся са старшынёй пакістанскага ўраду Навазам Шарыфам[17] і старшынёй Нацыянальнага сходу Пакістану Аязам Садыкам[18], а 11 лістапада — з пакістанскім прэзыдэнтам Мамнунам Хусэйнам[19]. У ходзе візыту адбыўся 3-і Беларуска-пакістанскі дзелавы і інвэстыцыйны форум, падчас якога падпісалі кантракты на пастаўку беларускіх вырабаў на суму 55 млн даляраў[20]. За 2015 году ўрады Беларусі і Пакістану падпісалі 58 пагадненьняў аб разьвіцьці супрацы[21]. 4—6 кастрычніка 2016 году А. Лукашэнка паўторна наведаў Пакістан, дзе падпісаў Сумесную заяву са старшынёй ураду Пакістану Навазам Шарыфам[12]. 5 кастрычніка бакі падпісалі Пратакол абмену ратыфікацыйнымі граматамі аб набыцьці моцы Дамовы аб сяброўстве і супрацы[22]. Агулам за час візыту падпісалі каля 15 пагадненьняў і мэмарандумаў[21].

1—4 лютага 2017 году Беларусь наведаў старшыня Сэнату Пакістану Раза Рабані. 10—12 красавіка 2017 году старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ўладзімер Андрэйчанка наведаў Пакістан. 16—19 сьнежня 2018 году ў Беларусь прыяжджаў старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Узброеных сілаў Пакістану Зубайр Махмуд Хаят. У чэрвені 2019 году на Саміце Шанхайскай арганізацыі супрацы ў Бішкеку (Кыргыстан) А. Лукашэнка сустрэўся са старшынёй пакістанскага ўраду Імранам Ханам. У лістападзе 2019 году Валіда Муштака прызначылі ганаровым консулам Беларусі ў Лагоры (правінцыя Панджаб). 17—19 сьнежня 2019 году адбыўся візыт у Пакістан памагатага міністра абароны Беларусі ў міжнароднай супрацы А.Л. Воінава[12]. На 12 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Пакістану падпісалі 77 пагадненьняў і мэмарандумаў аб узаемаразуменьні[23]. 27 ліпеня 2021 году ў Менску адбылося 5-е кола кансультацыяў між Міністэрствамі замежных справаў Беларусі і Пакістану. У верасьня 2021 году А. Лукашэнка паўторна сутрэўся зь Імранам Ханам на саміце ШАС, які праходзіў у Душанбэ (Таджыкістан)[12].

Беларускія амбасадары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пакістанскія амбасадары

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Адрас і час працы // Пасольства Беларусі ў Пакістане, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  2. ^ Cтаўкі консульскіх збораў // Партал «Факты пра Беларусь» (консульства ў Дубаі), 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  3. ^ Ганаровы консул Рэспублікі Беларусь у Лахоры // Пасольства Беларусі ў Пакістане, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  4. ^ Зьвязацца з намі (анг.) // Амбасада Пакістану ў Беларусі, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  5. ^ Віза (анг.) // Амбасада Пакістану ў Беларусі, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  6. ^ Будова аплаты (анг.) // Візавы партал Міністэрства ўнутраных справаў Пакістану, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  7. ^ а б Тацяна Паляжай. Беларусь і Пакістан заключылі кантракты на $42 млн // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 25 траўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  8. ^ Беларусь-Пакістан: гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 4 кастрычніка 2016 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  9. ^ Гандлёва-эканамічныя зносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан // Пасольства Беларусі ў Пакістане, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  10. ^ а б Беларуска-пакістанскія адносіны ў сфэры навукі, адукацыі і культуры // Пасольства Беларусі ў Пакістане, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  11. ^ Беларусь і Пакістан будуць супрацоўнічаць у сфэры інфармацыі і камунікацый // БелТА, 11 жніўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  12. ^ а б в г Палітычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Пакістан // Пасольства Беларусі ў Пакістане, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  13. ^ Беларусь і Пакістан дамовіліся пашыраць супрацоўніцтва па ўсіх напрамках // БелТА, 29 траўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  14. ^ Завяршыўся афіцыйны візыт прэзыдэнта Беларусі ў Пакістан // БелТА, 29 траўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  15. ^ Беларусь і Пакістан падпісалі дамову аб дружбе і супрацоўніцтве // БелТА, 10 жніўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  16. ^ Беларусь і Пакістан з пачатку года падпісалі каля 40 пагадненняў у розных сфэрах // БелТА, 10 жніўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  17. ^ Юлія Вогнева. Беларусь прапануе Пакістану супрацоўніцтва ў галіне нафта- і газаздабычы // БелТА, 10 лістапада 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  18. ^ Кабякоў сустрэўся са сьпікерам Нацыянальнай асамблеі Пакістану // БелТА, 10 лістапада 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  19. ^ Прэм'ер-міністар Беларусі сустрэўся з прэзыдэнтам Пакістану // БелТА, 11 лістапада 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  20. ^ Юлія Вогнева. Беларусь і Пакістан паказваюць небывалую дынаміку двухбаковых адносін - Кабякоў // БелТА, 11 лістапада 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  21. ^ а б Уладзімер Макей: Адносіны Беларусі і Пакістану менш як за два гады набылі вялікую дынаміку // БелТА, 6 кастрычніка 2016 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  22. ^ Беларусь і Пакістан падпісалі пакет дакумэнтаў аб разьвіцьці супрацоўніцтва ў розных сфэрах // БелТА, 5 кастрычніка 2016 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  23. ^ Беларусь і Пакістан падтрымліваюць трывалае супрацоўніцтва ў розных сфэрах - госьць УНС // БелТА, 12 лютага 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  24. ^ Аліна Грышкевіч. Беларусь і Пакістан маюць намер актывізаваць міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва // БелТА, 23 кастрычніка 2017 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  25. ^ Пасол // Пасольства Беларусі ў Пакістане, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  26. ^ Пасол Пакістану Масуд Раджы ўручыў копіі даверчых граматаў у МЗС Беларусі // БелТА, 5 жніўня 2015 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  27. ^ Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан Масудам Ханам Раджой // БелТА, 22 студзеня 2018 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  28. ^ Ранейшыя амбасадары (анг.) // Амбасада Пакістану ў Беларусі, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.
  29. ^ Сустракайце амбасадара (анг.) // Амбасада Пакістану ў Беларусі, 2021 г. Праверана 12 лістапада 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]