Афіцэрскія курсы БКС

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Афіцэрскія курсы БКС — курсы падрыхтоўкі афіцэраў для Беларускага корпусу самааховы, якія дзейнічалі ў Менску, а пазьней і ў іншых местах Беларусі ў ліпені—верасьні (паводле Кушаля, да лістапада) 1942 году, і выкладаліся Францішкам Кушалем. Курсы былі згорнутыя разам са спыненьнем дзейнасьці БКС.

Адчыненьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1 ліпеня 1942 году ў Менску вельмі ўрачыста адчынілі курс. Заля была ўпрыгожаная дзяржаўнымі сьцягамі й эмблемамі беларускімі й нямецкімі. Быў апрацаваны цэлы цырыманіял адчыненьня. Афіцэраў выстраілі роўнымі шэрагамі. На ўрачыстасьць прыбылі: Генэральны Камісар Беларусі Вільгельм Кубэ са сьвітаю, Камандуючы войскамі Менскае акругі з штабам, найвышэйшыя прадстаўнікі нямецкае паліцыі й CC, і найвыдатнейшыя прадстаўнікі беларускага грамадзства.

Кушаль здаў рапарт Ермачэнку як Галоўнаму Камэнданту БКС. Генэральнаму Камісару Беларусі здаў рапарт нямецкі капітан Кумэр, апякун афіцэрскага курсу зь нямецкага боку. Першы сказаў доўгую прамову Ермачэнка, пасьля яго яшчэ даўжэйшую сказаў Галоўны Камісар Беларусі Кубэ. У сваёй прамове Кубэ называў беларускіх афіцэраў сваімі сябрамі й абяцаў ім будучыню ў беларускім войску, якое, безумоўна, пры нямецкай дапамозе зарганізуецца. Пасьля прамовы Кубэ, Ермачэнка ўзьнёс Беларускі Нацыянальны Сьцяг перад Пагоняй і партрэтам Гітлера й гэтым курс уважаўся адчыненым. Кубэ прайшоў уздоўж фронту афіцэраў, пры чым азнаёміўся з афіцэрамі. Склад афіцэраў пад поглядам веку быў вельмі розны, найстарэйшы афіцэр меў 68 гадоў, а наймалодшы 20. Гэтаму Кубэ асабліва дзівіўся, ацэньваючы патрыятызм беларусаў, дзе дзед і ўнук разам пайшлі ў шэрагі войска. Настрой сярод афіцэраў і гасьцей быў незвычайна ўрачысты.

Урачыстасьць закончылася супольным абедам. Пры абедзе афіцэры прамаўлялі, пры гэтым асабліва падкрэсьлівалі сваю адданасьць справе. «Няхай жыве Незалежная Беларусь» — бесьперапынку гучэла на залі.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы курс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі курс пачаў дзейнічаць, немцы не пакідалі яго без увагі. То той, то другі прадстаўнік нямецкае ўлады зьяўляліся на выклады, цікава прыслухоўваючыся й прыглядаючыся да курсантаў. Курсанты з адданасьцю займаліся навукай. Асабліва цікава выглядалі практычныя заняткі. Адбываліся далёкія маршы за места, і сівавалосыя дзяды стараліся ўдала крочыць побач з маладымі выспартаванымі былымі падхарунжымі польскае арміі й савецкімі лейтэнантамі. Беларускія жаўнерскія песьні разьлягаліся на вуліцах Менску. Кожную раніцу й кожны вечар курсанты з патрыятычным уздымам сьпявалі на супольнай зборцы песьню «Беларусь — наша Маці Краіна!» Такім чынам беларускія нацыяналісты паверылі ў абяцанкі немцаў.

Пасьля выхаду загаду аб арганізацыі БКС Ермачэнка пачаў арганізоўваць Штаб. На шэфа Штабу быў пакліканы падпалкоўнік генэральнага штабу царскае арміі Язэп Гуцько. Падпалкоўнік Гуцько прыбыў у Менск і ўступіў у выкананьне абавязкаў шэфа Штабу.

Незадоўга пасьля некалькіх дзён з адчыненьня першага афіцэрскага курсу групэнфюрэр Цэнэр, які выдаў загад аб арганізацыі Самааховы, быў адкліканы зь Менску на іншую пасаду. Францішак Кушаль сам не разумеў прычынаў гэткае зьявы й меркаваў:

...Можа хуткае набраньне поўнага афіцэрскага курсу й непахісная пастава, энтузіязм ягоных слухачоў у часе ўрачыстасьці — гаварыліся вельмі сьмелыя і гарачыя прамовы — так напалохалі прадстаўнікоў нямецкай улады, ці можа зусім іншыя прычыны ўваходзілі тут у ігру...

Гэты факт зрабіў найгоршае ўражаньне на ўсё беларускае грамадзтва, a асабліва афіцэрскі курс. Усьлед за Цэнэрам выехаў і галоўны камэндант БКС Ермачэнка — на месячны водпуск дахаты, у Прагу. Як свайго заступніка ў справах БКС Ермачэнка пакінуў Юльяна Саковіча, чалавека вельмі энэргічнага, але не папулярнага ані ў беларусоў, ані ў немцаў. На колькі Саковіч быў непапулярны ў немцаў сьведчыць той факт, што кіраўнік палітычнага аддзелу Генэральнага Камісарыяту Беларусі Юрда забараніў Саковічу выступаць перад нямецкімі ўладамі ў справах БКС.

Дзеля гэтых падзеяў на афіцэрскім курсе дух вельмі ўпаў. Праз тры тыдні шкаленьня курс быў скончаны, але зачыненьне яго адбылося ў вельмі благім настроі. Цягам ўсяго гэтага часу зброі яшчэ не было, і нічога не было зробленае ў справе арганізацыі БКС.

Другі курс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1-га верасьня 1942 году быў адчынены другі месячны афіцэрскі курс пры ўдзеле 120 кандыдатаў. Курсанты, якія прыбылі на курс з розных куткоў Беларусі, расказвалі пра энтузіязм, які запанаваў быў пры першай вестцы аб арганізацыі БКС, і як гэты энтузіязм пачынае цяпер паволі стынуць.

Групэнфюрэра Цэнэра замяніў штандартэнфюрэр Шымана. Са штабу Шыманы пачалі выходзяць новыя загады, і кожны загад што разу больш абніжаў вартасьць першага. У верасьні пасада Галоўнага Камэнданта БКС ў Ермачэнкі была адабраная, гэтаксама яму было забаронена мець Штаб БКС . Даведаўшыся пра гэтае, палкоўнік Ген. Штабу Гуцько, як толькі вярнуўся з водпуску Ермачэнка, падзякаваў яму за гонар і паехаў дахаты ў Наваградак.

Загадам Шыманы было забаронена ў БКС выкарыстоўваць афіцэрскіх рангаў. Камандоўцы адзінак БКС маглі выкарыстоўваць толькі назовы сваіх функцыяў, прыкладам: камандовец зьвязу, камандовец роты й г.д. На афіцэрскім курсе пачаліся ўсялякія гутаркі аб безнадзейнасьці становішча. Да ўпадку настрою на курсе прычынялася яшчэ й тое, што курсанты былі ў сваіх вопратках, некаторыя вельмі лёгка апранутыя, а тым часам падалі халодныя дажджы, а заняткі вяліся нармалёва.

Шмат каштавала энэргіі й спрыту Францішку Кушалю, каб утрымаць курс. Адзін раз прыехаў на курс з Остміністэрства нейкі высокі ўрадавец, які, паглядзеўшы на афіцэраў, быў захоплены іхнай паставай, дзівіўся кепскім варункам жыцьця й навукі, абяцаў дапамагчы, але як паехаў, так і паехаў.

Трэці курс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня другога афіцэрскага курсу быў пакліканы трэці курс. Настрой у масах ужо так упаў, што на трэці курс ледзьве ўдалося сабраць 40 чалавек (паводле Акулы 60), дый тыя прыехалі зь перакананьнем, што зброі няма, баёвы настрой народу не скарыстаны й нічога з БКС ня будзе. Кушаль пра гэтае ўспамінаў:

Роля мая, як камандоўцы афіцэрскіх курсаў, была вельмі непрыемная. На ўсіх трох курсах увесь час трэба было ствараць настрой. Трэба было пераконваць курсантаў у неабходнасьці вучыцца, у тым, што БКС будзе, што немцы урэшце зброю дадуць і т.п.

Да гэтага курсу гэтаксама былі прыдзеленыя з мэтай перашкаленьня й эстонскія афіцэры з 49-га батальёну. Яны прыходзілі толькі на практычныя заняткі ў полі. Паводле Кушаля, трэці курс быў скончаны прыблізна ў палове лістапада, хаця папярэднія цягнуліся каля месяца.

Па-за Менскам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня першага афіцэрскага курсу, калі выйшлі першыя перашколеныя афіцэры, яны былі выкарыстаныя ў акругах для перашкаленьня падафіцэраў. У Баранавічах і Наваградку былі адчыненыя падафіцэрскія курсы, а пазьней у Вялейскай і Глыбоцкай акругах. У гэтых акругах адбылося па некалькі курсаў, такім чынам, было перашколена некалькі тысячаў падафіцэраў.

Да канца 1942 году такія школы пасьпелі адчыніць у Баранавічах, Новоградку, Вялейцы, Глыбокім, Браславе й Паставах.

Вынікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Дзякуючы правядзеньню гэтых курсаў быў улічаны ўвесь кадровы склад беларускіх афіцэраў, камандаваньне БКС атрымала ўяўленьне пра ўзровень іх ваенных ведаў і на грунце гэтага дбала даць ім аднолькавую вайсковую дактрыну й прышчапіць, калі магчыма, базавыя паняцьці беларускага нацыяналізму.
  • Траціна слухачоў менскіх курсаў сталі камандоўцамі ротаў або батальёноў БКС.
  • Пасьля сканчэньня курсаў большасьць афіцэраў былі разьмеркаваныя інструктарамі ў школы унтэр-афіцэраў, якія былі адчыненыя ў месцах стварэньня батальёнаў БКС. Тутака прыбылыя зь Менску афіцэры мусілі падрыхтаваць неабходную колькасьць унтэр-афіцэраў, каб замяніць імі, з часам, нямецкі пэрсанал у частках КБС. З гэтых курсаў выйшлі менавіта беларускія унтэр-афіцэры й афіцэры, якімі іх уяўлялі нацыяналісты. Шмат хто зь іх будзе складаць кадровы касьцяк амаль усіх беларускіх фармаваньняў, якія пазьней былі створаныя немцамі.

Выкладніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выкладнікамі былі Францішак Кушаль дый нямецкі капітан Кумэр. Таксама Кушаль меў намесьніка — Віталя Мікулу. Пра шкаленьне афіцэраў Кушаль успамінаў:

На першым курсе кадраю быў толькі я адзін і яшчэ адзін нямецкі капітан, які выкладаў тактыку і перакручваў афіцэраў на нямецкі строй. Так што я быў і камандзірам курсаў, і выкладчыкам, і інструктарам, і ўсім іншым. Ужо на другі і на трэці курс была падабраная мною кадра з курсантаў першага курсу, хаця і досыць слабая.

Агулам у Менску было перашколена каля 260 чалавек да паловы лістапада 1942 году, і гэтыя афіцэры сталіся кадрай для ўсіх беларускіх вайсковых арганізацыяў у пазьнейшым часе.

Курсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Першы курс (ліпень) — 120 чалавек.
  • Другі курс (жнівень) — 120 чалавек.
  • Трэці курс (верасень) — паводле Кушаля, 40 чалавек, а паводле Акулы, 60.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]