Перайсьці да зьместу

Палянізацыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Апалячваньне»)

Паляніза́цыя (апалячваньне; польск. polonizacja) — запазычаньне або насаджэньне польскай культуры, асабліва, польскай мовы ў землях зь няпольскім насельніцтвам, якія трапілі пад кантроль Польшчы або падпалі пад польскі культурны ўплыў.

У сярэдзіне XVI стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў складаным становішчы: за часамі Лівонскай вайны Жыгімонт Аўгуст прапанаваў Лівонскай канфэдэрацыі пратэктарат, што выклікала ваенны канфлікт з Маскоўскай дзяржавай, якая акупавала значную частку тэрыторыі ВКЛ. Дзеля прыцягненьня на дапамогу войска Каралеўства Польскага не было праўных падставаў, 1 ліпеня 1569 году ў выніку Люблінскай уніі адбылося аб’яднаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў канфэдэрацыйную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Першым манархам Рэчы Паспалітай стаў Жыгімонт Аўгуст. У новай дзяржаве мелі быць агульныя гаспадар (кароль і вялікі князь), сойм, грашовая сыстэма, замежная палітыка. Разам з тым, праўная сыстэма, войска і ўрады заставаліся асобнымі. Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага працягвалі падкрэсьліваць, што яны менавіта ліцьвіны, а не палякі, чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай самасьвядомасці: «Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў», — пісаў у сваім лісьце да Крыштапа Радзівіла канцлер Леў Сапега ў канцы XVI стагодзьдзя[1][2].

Існуе меркаваньне, што па Люблінскай уніі пачалася папулярызацыя летувіскай мовы і культуры ў Вялікім Княства Літоўскім, асноўную ролю ў якой адыграў ордэн езуітаў — а менавіта «польская партыя» ў ім. Галоўным матывам апошніх, як мяркуецца, было жаданьне палякаў зьнішчыць моўна-культурныя повязі паміж ліцьвінамі і русінамі[a] дзеля іх палянізацыі і асыміляцыі[5].

Адзначаецца, што паступовы працэс апалячваньня (ахвотнай палянізацыі) літоўскай шляхты і найвышэйшых станаў грамадзтва пачаўся ў другой палове ХVІІ стагодзьдзя[6]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч спрабаваў захапіць усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскія войскі адзначыліся разбурэньнем і спусташэньнем шматлікіх местаў і мястэчак, а таксама вынішчэньнем і паланеньнем насельніцтва. Напрыклад, у выніку ўчыненай 22 ліпеня 1654 году Трубяцкой разьні акупанты забілі амаль усіх жыхароў Амсьціслава[7][8], які быў сталіцай аднаго зь дзевяці ваяводзтваў краіны. Аднак часьцей галоўнай мэтай быў захоп у палон мясцовых жыхароў і вываз іх у Масковію. Аляксей Міхайлавіч плянаваў перасяліць на свае землі 300 тысячаў беларусаў. Кожны маскоўскі абшарнік мог прыехаць у Вялікае Княства Літоўскае і купіць хоць-якую колькасьць палонных[9]. Вынікам гэтай вайны стала поўнае разбурэньне гаспадаркі Вялікага Княства Літоўскага, вынішчэньне адукаванага мяшчанства, заняпад мясцовай культуры[10]. Гэта паскорыла працэсы палянізацыі найвышэйшых станаў Вялікага Княства Літоўскага[11], якія такім спосабам спрабавалі адасобіцца ад патэнцыйнага агрэсара і прыбраць падставы да імаверных тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Сярод іншага, некалькі местаў зазналі зьмену назваў на польскі ўзор: Менск стаўся «Мінскам» сугучна польскаму Мінску Мазавецкаму (дзеля адрозьненьня пачалі ўжываць назву «Мінск Літоўскі»), Наваградак пад уплывам польскага кораня «груд» перарабілі на «Навагрудак»[12].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па падзелах Рэчы Паспалітай маскоўскія гаспадары Павал I (1796—1801) і Аляксандар I (1801—1825) не перашкаджалі палянізацыі анэксаванага Вялікага Княства Літоўскага (як зазначае польскі дасьледнік Рышард Радзік, татальная палянізацыя літоўскай шляхты адбылася па падзелах Рэчы Паспалітай, як культурная рэакцыя на палітычнае змаганьне з Расейскай імпэрыяй[13]). Апроч таго, у XIX стагодзьдзі каталіцтва лічылася «польскай верай», а праваслаўе — «рускай верай», і адпаведна з гэтым насельніцтва беларускіх земляў фармальна і нефармальна клясыфікавалася як «польскае» альбо «расейскае». Такім спосабам хваля паланізацыі часткова закранула сялянства, пераважна праз Рымска-Каталіцкую Царкву (па ліквідацыі расейцамі Уніяцкай Царквы больш за мільён беларусаў, пратэстуючы супраць гэтага гвалту, перайшлі ў рыма-каталіцтва). Ксяндзы, часта наўмысна атаясамліваючы нацыянальнасьць і веравызнаньне, прапаведвалі заганную формулу: хто трымаецца «польскай» (каталіцкай) веры — той паляк[6].

Захаваліся сьведчаньні, што пры мяшаным шлюбе (жонка — летувіска, муж — беларус[b]) дзеці выхоўваліся па-летувіску альбо ўся радзіна магла палянізавацца, бо польская мова выконвала ролю пасярэдніка[14].

У пачатку XX стагодзьдзя сярод ліцьвінаў-каталікоў пашыраўся наступны прапагандысцкі прыём дзеля іх палянізацыі: «будзеш беларус — значыць, гвалтам зробяць праваслаўным. Калі хочаш застацца каталіком, то мусіш казаць, што (ты) паляк, бо наша вера польская, а не беларуская ці іншая якая»[15][16].

Польская Рэспубліка (1918—1939)

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заходняя Беларусь

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Рыскае мірнае дамовы між Польшчай і Савецкай Расеяю заходняя частка Беларусі адышла Польшчы[17]. У адпаведнасьці з савецка-польскай мірнай дамоваю, а таксама з пагадненьнямі паміж Польшчай і краінамі Захаду ў 1919 году, Польшча абавязалася даць магчымасьць нацыянальнага разьвіцьця для беларусаў і іншых нацыянальных меншасьцяў на сваёй тэрыторыі. Напраўду гэтыя забавязаньні Польшчай былі парушаныя[18][19].

Сьледуючы паноўным настроям у польскім грамадзтве[20] улады распачалі жорсткую палітыку палянізацыі і асыміляцыі беларускага насельніцтва[21] У беларускіх крыніцах прыводзіцца цытата высокапастаўленага польскага чыноўніка Леапольда Скульскага, прыхільніка палітыкі асыміляцыі, які ў сваім выступе з Сэйме ў канцы 1930-х гадоў прамаўляў: «Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіхсьці дзесяць гадоў вы зь сьвечкай ня знойдзеце [у Заходняй Беларусі] ні аднаго беларуса»[22][23][24]. Радыкальная палянізацыйная палітыка фармавалася пад уплывам нацыяналістычнага руху «Нацыянальная дэмакратыя» на чале з Раманам Дмоўскім. Дмоўскі адмаўляў беларусам і іншым народам рэгіёну ў праве на вольнае нацыянальнае разьвіцьцё і называў іх «горшым гатункам палякаў»[25]. Уладыслаў Студніцкі, уплывовы польскі ўраднік у адміністрацыі «Ўсходніх крэсаў», адкрыта заяўляў, што гэты рэгіён патрэбны Польшчы для мэтаў калянізацыі[26]

Масавы характар насіла дыскрымінацыя беларускай мовы[27] Было забароненае яе выкарыстаньне ў органах дзяржаўнай улады.[28]. Паводле гісторыка Пэра Андэрса Рудлінга, беларуская мова была выціснутая з школьнай адукацыі ў Заходняй Беларусі[19]. Да 1921 году ў Беларусі існавала 514 беларускіх школаў[29]. У 1928 годзе іх заставалася толькі 69, што складала толькі 3% ад усіх існых навучальных установаў у Заходняй Беларусі на той момант[30]. Усе яны, апроч Віленскай беларускай гімназіі, былі зачыненыя да 1939 году[18][29]. Польскія ўраднікі адкрыта супрацьстаялі альбо сабатавалі адкрыцьцё беларускіх школаў, насаджалі польскамоўную адукацыю ў Заходняй Беларусі[31]. Даходзіла да таго, што ўлады часта разглядалі ўсякую беларускую грамадзкую актыўнасьць і ўсякія патрабаваньні навучаньня на беларускай мове ў якасьці выніку камуністычнай змовы[32]

Праваслаўныя таксама сутыкаліся з дыскрымінацыяй у міжваеннай Польшчы[28]. Мэтаю палітыкі польскіх уладаў была асыміляцыя праваслаўных беларусаў[33]. Улады насаджалі польскую мову ў жыцьці праваслаўнай царквы,[33] ініцыявалі стварэньне Польскіх праваслаўных таварыстваў у розных рэгіёнах Заходняй Беларусі (Слонім, Беласток, Ваўкавыск, Наваградак)[33].

Беларускія каталіцкія сьвятары, як а. Вінцэнт Гадлеўскі[33], якія прасоўвалі беларускую мову ў Касьцёле і займаліся падтрыманьнем беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, таксама былі пад моцным ціскам уладаў і кіраўніцтва Касьцёлу[33]. Польская каталіцкая герархія выдавала дакумэнты, якія забаранялі сьвятарам выкарыстоўваць беларускую мову ў касьцёлах і нядзельных школках у Заходняй Беларусі. У 1921 годзе ў Варшаве была выдадзеная брашура, у якой беларускія сьвятары крытыкаваліся за выкарыстаньне беларускае мовы: «Яны хочуць перайсьці з багатай польскай мовы да мову, якую сам народ называе простай і ўбогай»[34]

Супраціў палянізацыі ў Заходняй Беларусі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грамадзкасьць міжваеннай Заходняй Беларусі чыніла супраціў палянізацыі і масаваму закрыцьцю беларускіх школаў. Асноўнаю арганізацыяй, якая займалася разьвіцьцём беларускамоўнай асьветы ў Заходняй Беларусі ў 1921—1937 гадох, было Таварыства беларускай школы на чале з Браніславам Тарашкевічам ды іншымі дзеячамі.

У параўнаньні з украінцамі, беларусы праяўлялі меншую палітычную актыўнасьць у міжваеннай Польшчы. Разам з тым, палітыка польскіх уладаў бесьперапынна выклікала пратэсты і нават збройны супраціў[28].

Найбольшая беларуская палітычная арганізацыя ў Заходняй Беларусі, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, патрабавала спыненьня палянізацыі і наданьне аўтаноміі Заходняй Беларусі.

Па Другой сусьветнай вайне летувіскія ўлады зачынілі беларускую гімназію і настаўніцкую сэмінарыю ў Вільні, а Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча ліквідавалі і фактычна разрабавалі — большая частка яго збораў трапіла ў летувіскія музэйныя фонды і бібліятэку Акадэміі навук Летувы[35]. Усьведамляючы немагчымасьць ажыцьцявіць беспасярэднюю летувізацыю жыхароў этнічна беларускай Віленшчыны, летувіскія ўлады праводзілі іх дэнацыяналізацыю[36] і палянізацыю[37]. На ўзгадненьне з Масквой і камуністычнай Польшчай летувіскія ўлады замест беларускіх школаў насаджалі польскія і расейскія, колькасьць студэнтаў-беларусаў у летувіскім Віленскім унівэрсытэце не перавышала 1%[35]. Пачала выдавацца газэта «Чырвоны штандар» на польскай мове, а польскія ксяндзы працягнулі прапаганду сярод беларусаў-каталікоў, што тыя напраўду палякі[36].

  1. ^ Шматлікія сьведчаньні на карысьць таго, што ў XV—XVI стагодзьдзях у ВКЛ адбылося сьціраньне этнічнай мяжы паміж русінамі і ліцьвінамі зь іх поўнай этнічнай інтэграцыяй, прыводзіць гісторык Павал Урбан[3], а гісторык Вацлаў Пануцэвіч зьвяртае ўвагу на сьведчаньне з XVII ст., што «літоўская мова ёсьць настолькі пашыранай у Русі, што літоўскую мову называюць рускай і рускую — літоўскай»[4]
  2. ^ Прытым адваротнага варыянту мяшаных шлюбаў (жонка — беларуска, муж — летувіс) летувісы ўнікалі
  1. ^ Беларусы: У 13 т.  Т. 4. — Менск, 2001. С. 95.
  2. ^ Гісторыя Беларусі. У 2 ч. Ч. 1. Са старажытных часоў да канца XVIII ст.: Курс лекцый. / І. Крэнь, І. Коўкель, С. Марозава, С. Сяльверстава, І. Фёдараў. — Менск: РІВШ БДУ, 2000. С. 321.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 85.
  4. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 278.
  5. ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 87—89, 92—93.
  6. ^ а б Калачынскі Ю. Адкуль у Беларусі ўзяліся палякі? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 54—55.
  7. ^ Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 373.
  8. ^ Пушкін І. Гістарычная спадчына горада Магілёва: курс лекцый. — Магілёў: УА МДУХ, 2006. С. 63. [1]
  9. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 245.
  10. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 250—251.
  11. ^ Шарова Н. Гісторыя Беларусі: Матэрыялы да экзамену. — Менск: ВП «Экаперспектыва», 1997.
  12. ^ Антон Трафімовіч. Акцябрскі, Дзяржынск… Навошта пераймяноўвалі беларускія гарады // Газэта «Аргумэнты і факты ў Беларусі», 27 сьнежня 2012 г. Праверана 13 лютага 2012 г.
  13. ^ Катлярчук А. Чаму беларусы не апанавалі літоўскай спадчыны // ARCHE Пачатак. № 2 (25), 2003.
  14. ^ Козловский И. Судьбы русского языка в Литве и на Жмуди // Вестн. Зап. России. Т. 4, кн. 12, 1869. С. 107.
  15. ^ Калубовіч А. Крокі гісторыі. — Беласток — Вільня — Менск, 1993. С. 72.
  16. ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 80.
  17. ^ Копія польскага тэксту дамовы, зробленая 18 скавіка 1921
  18. ^ а б Матэрыялы для падрыхтоýкі да абавязковага экзамену за курс сярэняй школы: Стан культуры у Заходняй Беларусі у 1920-я-1930-я гг: характэрныя рысы і асаблівасці
  19. ^ а б Rudling A. The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906—1931. University of Pittsburgh Press, 2017. P. 183.
  20. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 34.
  21. ^ Toporska B. Polityka polska wobec Białorusinów. 1962.
  22. ^ Сачанка Б. Беларуская эміграцыя (PDF) Менск, 1991.
  23. ^ Вераніка Канюта. Класікі гавораць…, Звязда, 21.02.2014 г.
  24. ^ Аўтапартрэт на фоне класіка, Наша Ніва, 19.08.2012 г.
  25. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 4—5.
  26. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 12.
  27. ^ Молодечно в периоды польских оккупаций
  28. ^ а б в Учебные материалы «История Беларуси»: Заходняя Беларусь пад уладай Польшчы (1921—1939 гг.)
  29. ^ а б проф. В. Козляков. В борьбе за единство белорусского народа — к 75-летию воссоединения Западной Беларуси с БССР
  30. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 72.
  31. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 41, 53—54.
  32. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 93.
  33. ^ а б в г д А. Гелогаев. 8 мифов о «воссоединении» Западной и Восточной Беларуси
  34. ^ Mironowicz E. Białorusini i Ukraińcy w polityce obozu piłsudczykowskiego. Wydawnictwo Uniwersyteckie Trans Humana, 2007. ISBN 978-83-89190-87-1. S. 45.
  35. ^ а б Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 386.
  36. ^ а б Зайкоўскі Э. Як Вільня сталася жамойцкім горадам? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі. — Менск, 1993. С. 69—70.
  37. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 174.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]