Натальля Вішнеўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Натальля Вішнеўская
Натальля Вішнеўская.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 3 траўня 1907
Коўна
Памерла 3 траўня 1989 (82 гады)
Санкт-Пецярбург
Сужэнец Алесь Дудар, Алесь Звонак і Янка Бобрык
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэзія
Дэбют «Вершы», 1926

Натальля Вячаславаўна Вішнеўская (3 траўня 1907, Коўна — 3 траўня 1989, Санкт-Пецярбург) — беларуская паэтка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Натальля Вішнеўская на першым зьездзе маладнякоўцаў

Нарадзілася 3 траўня 1907 году ў Коўне ў сям’і настаўнікаў. У маленстве была натураю адоранай і артыстычнай. Ужо ў адзінаццаць гадоў яна кіравала школьным тэатрам[1]. У часе Першай сусьветнай вайны разам зь сям’ёй жыла ў Самарскай губэрні, пазьней — у Капыльскім раёне[2]. Пасьля грамадзянскай вайны ў Расеі Вішнеўскія жылі на Случчыне[3]. На гэты час прыпадае знаёмства Натальлі зь Якубам Коласам, які выкладаў яе маці на настаўніцкіх курсах у Слуцку[2]. Ён першым заўважыў талент маладое паэткі, таксама ўвёў яе ў літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк» і ў 1924 годзе дапамог стаць студэнткай Беларускага пэдагагічнага тэхнікуму[3]. Аднакурсьнікамі Натальлі Вішнеўскай былі Антон Адамовіч, Пятро Глебка і Максім Лужанін[1].

У 1925 годзе ўдзельнічала ў 1-м зьезьдзе «Маладняка»[3]. У 1926 годзе разам з Зінаідай Бандарынай і Яўгеніяй Пфляўмбаўм выдала зборнік «Вершы», які сучасныя дасьледнікі ацэньваюць як «новую фэмінісцкую зьяву ў літаратурна-грамадзкім жыцьці»[4]. Акрамя таго, лірычныя вершы паэткі зьяўляліся ў часопісах «Маладняк», «Чырвоны сейбіт», «Полымя», газэце «Савецкая Беларусь» і літаратурным дадатку да яе[2].

У пачатку 1928 году, на апошнім курсе вучобы, узяла шлюб з Алесем Дударом, зь якім пазнаёмілася ў «Маладняку»[3]. Неўзабаве за ненадрукаваны верш «Пасеклі наш Край папалам» у сакавіку яго арыштоўваюць і ссылаюць у Смаленск[1]. Не зважаючы на ярлык жонкі «ворага народа», Натальля Вішнеўская здолела скончыць пэдагагічны тэхнікум і ў 1929 годзе паступіць у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт[3]. У гэты час яе не друкуюць і не дазваляюць ўладкавацца на працу[1].

У 1930 годзе «Маладняк» і «Савецкая Беларусь» зноў пачынаюць друкаваць яе вершы, але ў сувязі з узбуджэньнем новай справы на Алеся Дудара і выклікам Вішнеўскай на допыты ратуецца пераездам у Маскву. Тут працавала ў беларускай сэкцыі Дзяржаўнага выдавецтва народаў СССР. Пасьля яе ліквідацыі перайшла ў газэту «Гудок», рэдагавала беларускую старонку[3]. У расейскай сталіцы Вішнеўская знаёміцца з сваім аднагодкам студэнтам літаратурнага факультэту МДУ беларускім паэтам Алесем Звонакам[1]. Пазьней ён напіша:

Задуменная, з блакітнымі вачыма і залатымі косамі, паўнаватая і рослая, спакойная і разважлівая Наташа празь некалькі гадоў стала маёй жонкай[1].

У 1934 годзе разам з мужам вяртаецца ў Менск. Увосені 1936 году Алеся Звонака арыштоўваць. Па справах А. Дудара і А. Звонака зноў выклікалася на допыты[3]. Сядзела ў «амэрыканцы»[2]. Пасьля адседкі яна сустрэла турэмнага сьледчага, які шапнуў, каб хутчэй куды-небудзь выяжджала, бо рыхтуецца новая хваля арыштаў[1]. Такім чынам паэтка ў другі раз пазьбягае арышту.

Пэўна час разам з маці хаваецца ў цёткі ва Ўкраіне, пасьля ў 1938 годзе пераяжджае ў Ленінград. Тут у трэці раз выходзіць замуж за беларускага паэта Яна Бобрыка, які тады атрымаў працу галоўнага рэдактара Ўпраўленьня па справах мастацтва Ленінградзкага гарвыканкаму[2].

У часе Другой сусьветнай вайны Натальля Вішнеўская працуе ў дзіцячым доме, зь якім па пачатку вайны эвакуюецца ў Горкаўскую вобласьць. Незважаючы на ўгаворы, Янка Бобрык вырашае застацца ў Ленінградзе. 25 жніўня 1942 году ён памірае ад блякаднага голаду[2].

Пасьля вайны ў 1945 годзе Вішнеўская вяртаецца на былую, ужо пустую ленінградзкую кватэру. Да самага выхаду на пэнсію ў 1962 годзе яна працавала ў бібліятэках Ленінградзкага стаматалягічнага інстытуту і іншых мэдычных установаў[2]. Пляменьніца Алеся Звонака Нэла Аляксандраўна пазьней успамінала:

На сваёй сьціплай пасадзе Натальля Вішнеўская трымалася зь вялікай годнасьцю. Яна была вельмі ўладарная, важная. Я зьдзіўлялася, калі да яе ў кабінэт заходзілі людзі і ня ведалі, як ля яе стаць, як размаўляць зь ёю. Усе ставіліся да яе зь вялікай павагай[2].

Вяла ліставаньне зь Сяргеем Грахоўскім. Эпісталярная спадчына пэрыяду 1970—1980 гг. была апублікаваная Леанідам Мараковым у газэце «Голас Радзімы».

Памерла 3 траўня 1989 году.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё Арлоў, Уладзімер (2 сакавіка 2007) Натальля Вішнеўская Імёны Свабоды. Радыё СвабодаПраверана 24 жніўня 2019 г.
  2. ^ а б в г д е ё ж Віктар Жыбуль. Прашумелае шчасце Наталлі Вішнеўскай // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 5. — С. 13.
  3. ^ а б в г д е ё ВІШНЕЎСКАЯ Наталля Вячаславаўна // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  4. ^ Ірына Багдановіч Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння. — Мінск: 2001.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Натальля Вішнеўскаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў