Азьдзяцічы
Азьдзяцічы | |
трансьліт. Aździacičy | |
Першыя згадкі: | 1594 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Мётчанскі |
Насельніцтва: | 626 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222128[1] |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°5′46″ пн. ш. 28°49′30″ у. д. / 54.09611° пн. ш. 28.825° у. д.Каардынаты: 54°5′46″ пн. ш. 28°49′30″ у. д. / 54.09611° пн. ш. 28.825° у. д. |
± Азьдзяцічы |
Азьдзя́цічы[2] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 25 км на паўднёвы ўсход ад Барысава. На поўдні мяжуе зь лясным масівам і паўднёвай мяжой выходзіць да левага берагу Бярэзіны. Празь вёску праходзіць шаша Барысаў — Чэрнеўка (Н8100). Уваходзіць у склад Мётчанскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Азьдзяцічы зьяўляюцца адным з найбольшых пасяленьняў на Барысаўшчыне па-за межамі гораду. Маюць яны і надзвычай старажытную гісторыю, аб чым сьведчаць археалягічныя помнікі ў навакольлях вёскі. Аб старажытным яе паходжаньні сьведчыць і назва вёскі. Найбольш верагодна, што яна паходзіць ад назвы племені озда, што калісьці жылі ў гэтых мясьцінах.
Археалягічныя помнікі і старажытныя дакумэнты ўказваюць на тое, што пасяленьне на гэтым месцы існуе бесьперапынна ўжо ня менш за 2400 гадоў. Найбольш старым месцам, дзе жылі тутэйшыя жыхары ў ІV ст. да н. э. — І ст. н. э., зьяўляецца гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі. Яно, дарэчы, зьяўляецца адным з трох вядомых найбольш старажытных на Барысаўшчыне. Адкрыў яго ў 1930 годзе А. Ляўданскі. Ён жа абсьледаваў яго ў 1930 і 1931 гадах. У 1958 годзе тут праводзіў раскопкі А. Мітрафанаў.
Знаходзіцца гарадзішча на паўднёвы захад ад вёскі ля поймы Бярэзіны ва ўрочышчы Моргі (Баранец). Яно ўзвышаецца над навакольлем на 10 мэтраў. З усходняй яго часткі захаваўся абарончы вал вышынёй 0,7 мэтраў. Там жа зьбярогся роў глыбінёй 0,4—0,5 мэтраў. З захаду маецца стромкі абрыў у бок поймы Бярэзіны, а з поўначы і поўдня — яры глыбінёй 8—9 мэтраў. У выніку дасьледаваньняў гарадзішча на ім выяўлена тры будынкі, два зь якіх былі жылымі. Адзін з будынкаў быў зрубной будовы, два — слупавой. На гарадзішчы выяўлена шмат керамікі, жалезныя дзіды, косткі жывёлаў, шмат жалезных шлакаў, рэшткі горнаў для выплаўкі жалеза, рыбалавецкі кручок, серп ды шмат чаго яшчэ. У 70-х гадох ХХ стагодзьдзя гарадзішча было вельмі моцна пашкоджана.
Сьведчаньнем жыцьця людзей у гэтым месцы ў VІІІ—ІХ стст. н. э. зьяўляюцца курганныя пахаваньні, што знаходзяцца каля могілак. Разьмяшчэньне могілак ля старых курганоў, відаць, не зьяўляецца выпадковым.
У курганнай групе ў 1930 годзе адзначалася 63 курганы, у 1987 годзе — 50. Яны маюць вышыню 0,5—2,5 мэтру і дыямэтар 6—8 мэтраў. У 1930 годзе А. Ляўданскі раскапаў тут 4 курганы, а ў 1958 годзе А. Мітрафанаў — 14 курганоў. Ва ўсіх курганах мела месца трупаспальваньне. Выяўлена кераміка позьняга этапу Зарубінецкай і Банцэраўскай культураў, вырабы з бронзы, у тым ліку і ўпрыгожваньні.
Яшчэ адна курганная група знаходзіцца за паўкілямэтру на захад ад фэрмы. У ёй знаходзяцца курганы ХІ—ХІІ стагодзьдзяў. У 1930 годзе тут было 54 курганы, у 1987 годзе — 45. Аднак яны моцна разворваліся і цяпер ад курганнай групы амаль нічога не захавалася. Гэтыя курганы мелі вышыню 0,4—1,2 мэтру і дыямэтар 5—7 мэтраў. У 1929 годзе тут былі дасьледаваны 2 курганы І. Калодкіным і М. Канвісаравым. У тым жа годзе курганы дасьледаваў Дубінскі. У 1930 годзе 7 курганоў раскапаў А. Ляўданскі, а ў 1979 годзе іх дасьледаваў Ю. Заяц. Ва ўсіх курганах мела месца трупапалажэньне. Месцамі меліся грабавішчы. У пахаваньнях выяўлены мэталічныя і шкляныя пацеркі, жалезны нож.
Найбольш старое пісьмовае сьведчаньне аб Азьдзяцічах можа быць аднесена да 1594 году. У тагачасным дакумэнце, які датаваны 2 красавіка, узгадваецца сяло Азьдзяцічы (значыць, ужо ў той час тут была царква; першапачаткова яна была праваслаўнай), якое адносілася да Барысаўскай воласьці, і яго жыхары, што перавозілі празь Бярэзіну пана Падбярэскага. Узгадваюцца Азьдзяцічы як вёска і ў 1732 годзе. Найбольш старое пазначэньне іх на мапе можа быць аднесена да 1772 году, калі яны паказаны на мапе Рэчы Паспалітай, што была выдадзена Рыцы Заноні.
Першапачаткова Азьдзяцічы разьмяшчаліся ў іншым месцы. Да нашага часу дайшло два магчымых тлумачэньні гэтага перасяленьня. Па аднаму зь іх, якое было запісана краязнаўцам Самцэвічам ад тутэйшых старажылаў у 1929 годзе, вёска раней разьмяшчалася за 3—4 кілямэтры на паўночны захад ад ракі Вейніца. Перасяленьне адбылося падчас прыгоннага права па загаду кіраўніка маёнтка князя Радзівіла бліжэй да мэталюргічнага заводу або з-за нейкай непаслухмянасьці сялян. Такое тлумачэньне пераносу вёскі не стасуецца зь іншымі фактамі. Так, мэталюргічны завод быў пабудаваны ў Чэрнеўцы толькі ў 50-х гадах ХІХ стагодзьдзя. У той жа час дакладна вядома, што ў 1822 годзе Азьдзяцічы ўжо існавалі на тым самым месцы, што і цяпер.
Іншае тлумачэньне пераносу вёскі ўтрымліваецца ў летапісе Азьдзяціцкай царквы, у якім фіксаваліся ўсе падзеі, што адбываліся ў вёсцы з моманту заснаваньня царквы, зьмены ўсіх царкоўных службоўцаў, трагічныя падзеі і пажары ў вёсцы, рэзкія кліматычныя зьмены і стыхійныя падзеі ў навакольлі, стан і дабрабыт сялянскіх сем’яў і шмат што іншае. Лёс гэтага летапісу, на жаль, невядомы. Але ўспаміны тых, хто чытаў яго, былі зафіксаваны ў свой час сп. Фёдарам Лучынам. Цяпер гэтыя ўспаміны зьяўляюцца найкаштоўнейшым дакумэнтам, які сьведчыць пра былую гісторыі вёскі.
Згодна летапісу Азьдзяціцкай царквы і ўспамінах старажылаў, што былі зафіксаваны ў свой час Лучынам, вёска раней разьмяшчалася бліжэй да Бярэзіны ў раёне сучасных могілак і была выцягнута з захаду на ўсход. Аднойчы летам паміж 1730 і 1740 гадамі моцны пажар зьнішчыў большую частку вёскі. Новыя дамы было вырашана будаваць у новым месцы ў двух вярстах ад пажарышча. Так на гэтым месцы зьявілася каля трох дзясяткаў гаспадарак. Пазьней на новае месца пачалі перавозіць і тыя гаспадаркі, што ўцалелі ад вогнішча. На старым месцы засталася толькі царква. Ля яе пачалі хаваць людзей. Так утварыліся тамтэйшыя могілкі. У далейшым, калі царква спарухнела, новы храм быў пабудаваны на месцы новага пасяленьня, на могілках жа была пабудавана каплічка. Старое пасяленьне захавалася да нашага часу ў назьве Старасельле. Кажуць, што і зараз там ва ўрочышчы Каляднік падчас араньня можна ўбачыць рэшткі старых гаспадарак і могілак.
Перасяленцы сяліліся ля скрыжаваньня дарог у паўвярсты ад драўлянага маста праз рэчку Еленка. Увесь лес на левым беразе Еленкі на працягу трох вёрст быў топкім. Тут «уладарнічалі» балотныя расьліны, а найбольш мох. Забалочаныя Еленка і возера Ермачыха прыносілі шмат бед тутэйшым жыхарам. Тут танула быдла, гінулі жывёліны ад набегаў ваўкоў. Еленка амаль штогод з талымі водамі зносіла мост.
Галоўная вуліца вёскі на новым месца цягнулася з поўначы на поўдзень. Яна называлася 1-ы плян (цяпер вуліца Бардзілоўскага). Другая вуліца — 2-і плян (цяпер вуліца Кастрычніцкая) пачала засяляцца напрыканцы ХVІІІ стагодзьдзя.
У чэрвені 1794 году Азьдзяціцкая царква пераводзіцца з уніяцтва ў маскоўскае праваслаўе (у ўніяцтва яна была пераведзена не пазьней ХVІІ — пачатку ХVІІІ стагодзьдзя).
У 1800 годзе Азьдзяцічы — сяло ў Барысаўскім павеце Менскай губэрні, налічвала 78 двароў, 777 жыхароў, існаваў млын, сукнавальня. Зьяўлялася ўладаньнем Радзівілаў.[3]
У 1822 годзе ў Азьдзяцічах будуецца новая Багародзіцкая царква. Яна была драўляная і ўзводзілася з абчасаных з чатырох бакоў бярвеньняў цесьлярамі са Смаленшчыны. Будаўніцтва вялося за кошт памешчыка Г.Паўлюса, які жыў у Леванове і прыгоннымі якога зьяўляліся азьдзяціцкія сяляне. Насупраць царквы былі зрублены дамы для папа і дзякана. Папом на той час у Азьдзяцічах быў І. П. Салаўевіч. Ля царквы была званіца. Яна мела сем званоў. Адзін зь іх быў 12-і пудоў, другі 8-і, трэці 6-і. Два званы былі па 2 пуды і два па аднаму.
Набажэнствы ў царкве ладзіліся штонядзельна, а таксама на рэлігійныя сьвяты. Зранку званар пачынаў біць па вялікаму звану. Гучала па два ўдары ў хвіліну. У гэты час выходзіў са свайго дома поп. Па меры набліжэньня яго да царквы званар далучаў гукі іншых званоў. У хуткім часе ўжо гучаў перазвон усіх сямі званоў. Гук званоў быў чутны ня толькі ва ўсіх вёсках Азьдзяціцкага прыходу, але і 5-7 кілямэтраў навокал іх. Пасьля сьціханьня званоў у царкве пачыналася набажэнства.
Выкарыстоўваліся званы і для падачы сыгналаў трывогі, напрыклад, падчас пажару. Для гэтага да зямлі са званіцы была спэцыяльна спушчана вяроўка. Пры яе дапамозе любы жыхар без званара мог пры неабходнасьці падаць сыгнал трывогі.
Царква ў тыя часы зьяўлялася ня толькі культавым цэнтрам, але і месцам правядзеньня сьвяточных і нядзельных дзён, культурна-асьветніцкім цэнтрам.
У 1862 годзе пасьля адмены прыгоннага права насупраць царквы была ўсталявана стэла. Яна была зроблена з чорнага граніту і мела вышыню 2,5 мэтру. На версе быў разьмешчаны герб з арлом. У падножжы была разьмешчана жалезная пліта з тэкстам падзякі цару-вызваліцелю ад прыгоннага права ў 1861 годзе Аляксандру II. Пліта гэта была адліта на Чэрнеўскім мэталюргічным заводзе.
У 1863 годзе ў Азьдзяцічах адкрываецца народнае вучылішча, у якім у 1892 г. навучаліся 59 хлопчыкаў.
Летам 1866 году ў Азьдзяцічах адбыліся маштабныя траўрныя мерапрыемствы ў сувязі са сьмерцю падчас родаў 24-ох гадовай жонкі гаспадара Чарнеўскага мэталюргічнага завода. Труну ў царкву даставіў картэж з васьмі выязных коней на адкрытай траўрнай карэце. У цырымоніі ўдзельнічалі ўсе жыхары Азьдзяцічаў. Дзясяткі вясковых дзяўчат ішлі наперадзе картэжу і ўсьцілалі яго шлях кветкамі. У якасьці выключэньня яна была пахавана ў адмысловым склепе ля самой царквы. У хуткім часе на склепе быў усталяваны помнік. Склеп быў зьнішчаны ў 30-я гады ХХ стагодзьдзя разам з ліквідацыяй царквы. Аднак і зараз сьляды склепа можна заўважыць каля паўднёвага боку будынка былога клюбу.
У 1879 годзе адзначалася, што царква ў Азьдзяцічах адносілася да 5-га кляса. Мела штатнага гадавога жалаваньня прытчу 236 руб. Да яе адносілася сядзібнай, ворнай зямлі, сенажаці і нязручнай да апрацоўкі зямлі 99,5 дзесяцін. Прыход аб’ядноўваў 577 вернікаў мужчынаў і 593 жанчыны. На той час да царквы не было прыпісаных іншых цэркваў.
У 1897 годзе Азьдзяцічы — сяло ў Вяляціцкай воласьці Барысаўскага павету, налічвала 209 двароў, 1522 жыхара, у каторым існавала народнае вучылішча, крама, піцейны дом, а таксама казённы хутар, які налічваў 6 двароў і 48 жыхароў[3].
У 1903 годзе ўжо адзначалася, што да царквы ў Азьдзяцічах была прыпісана царква на могілках у Дрозьдзіне. Усяго ж азьдзяціцкі прыход на той час уключаў 13 сяленьняў, у якіх было 1777 вернікаў мужчын і 1692 жанчыны.
Пры Азьдзяціцкай царкве яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя дзейнічала таварыства цьвярозасьці. Тыя, хто ўступаў у яго, пры ўсіх перад набажэнствам кляліся на Эвангельлі, стоячы на каленях, што ня будуць піць і брудна лаяцца. Сьвятар пасьля завяршэньня абраду прыняцьця ў таварыства вешаў ім на шыю мэдаль з арлом на сярэбраным ланцужку. На адваротным баку была прыведзена клятва. Такія людзі карысталіся ў сялян асаблівай павагай.
Царкоўна-прыхадзкая школа разьмяшчалася на кватэры сьвятара. Вучылася ў ёй каля двух дзясяткаў сялянскіх дзетак. Праіснавала школа ў вёсцы да 1922 году, калі на яе месцы была ўтворана Азьдзяціцкая пачатковая школа.
У 1918—1920 гадах Азьдзяцічы ня раз заставаліся то пад нямецкімі, то пад польскімі, то пад савецкімі войскамі.
З 31 ліпеня 1920 году ў БССР. На базе ранейшай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1920 г. навучаліся 206 хлопчыкаў і дзяўчынак.[3]
У лістападзе 1923 году ўтвараецца Азьдзяціцкі сельсавет. Да 28 траўня 2013 году цэнтар Азьдзяціцага сельсавету. 28 траўня 2013 году разам зь іншымі населенымі пунктамі ліквідаванага Азьдзяціцага сельсавету перададзеная ў склад Мётчанскага сельсавету[4].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На працягу ХІХ стагодзьдзя Азьдзяцічы практычна не растуць. На пачатку стагодзьдзя тут было 78 двароў і 777 жыхароў. Да 1886 году яны павялічыліся толькі да 100 двароў і 1059 жыхароў. Потым жа пачынаецца імклівы рост вёскі. У 1897 годзе тут было 209 двароў і 1522 жыхары. Аднак у 1908 годзе тут адзначаецца толькі 187 двароў. У 1917 годзе ў Азьдзяцічах было 232 двары і 1590 жыхароў, а ў 1929 годзе тут жылі 1535 чалавек. У 1960 годзе 1577 жыхароў, у 1988 годзе 382 гаспадаркі, 917 жыхароў.
- 1999 год — 804 жыхары
- 2008 год — 687 жыхароў, 291 двор[5]
- 2010 год — 626 жыхароў
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У аграгарадку функцыянуюць: сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, амбуляторыя, фэльчарска-акушэрскі пункт, клюбная ўстанова, крамы, комплексны прыёмны пункт, аддзяленьне паштовай сувязі і «Беларусбанка», аўтаматычная тэлефонная станцыя. На паўднёва-заходняй ускраіне — гаспадарчы сэктар, дзейнічае СВК «БарысаўСаюзАгра».
Інфармацыя для турыстаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква
- Багародзіцкая царква (драўляная, 1822)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Белпошта
- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 64
- ^ а б в Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 66
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 65