Чэрнеўка (Менская вобласьць)
Чэрнеўка | |
трансьліт. Černieŭka | |
Першыя згадкі: | 19 стагодзьдзе |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Мётчанскі |
Вышыня: | 160 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 68 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222128 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°3′11.99″ пн. ш. 28°51′38.99″ у. д. / 54.0533306° пн. ш. 28.8608306° у. д.Каардынаты: 54°3′11.99″ пн. ш. 28°51′38.99″ у. д. / 54.0533306° пн. ш. 28.8608306° у. д. |
± Чэрнеўка |
Чэ́рнеўка[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, на левым беразе ракі Бабёр пры ўпадзеньні яе ў Бярэзіну, за 6 км на паўднёвы ўсход ад Азьдзяцічаў, на поўдзень ад Лаўніцы. Чэрнеўка ўваходзіць у склад Мётчанскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для разьвіцьця любога пасяленьня вельмі важна, у якім месцы яно знаходзіцца. Больш удалае разьмяшчэньне, чым у Чэрнеўкі, прыдумаць цяжка. Тут перасякаліся важныя водныя і наземныя шляхі. Гэта суднаходныя рэкі Бярэзіна і Бобр і старажытны наземны шлях зь Менску ў Друцак, які існаваў у сярэднявеччы. На месцы падыходжаньня шляху да Бярэзіны з даўніх часоў быў брод. У навакольных мясьцінах па сёньняшні час многа лясоў.
Узьнікненьне Чэрнеўкі і паходжаньне назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да паходжаньня назвы Чэрнеўка існуе два падыходы. Першы грунтуецца на тым, што яна паходзіць ад таго, што тут раней шмат хто займаўся чарненьнем (фарбаваньнем) тканіны.
Другі падыход вынікае з аналізу старажытных дакумэнтаў. Урыўкавыя зьвесткі пра месца, дзе цяпер разьмешчана Чэрнеўка, сустракаюцца з пачатку ХVІ стагодзьдзя. У 1516 годзе з Барысава на Арэшкавічы ехаў пасол Сьвяшчэннай Рымскай імпэрыі Сігізмунд Герберштэйн. Аднак ён ня толькі не адзначаў тут якісьці населены пункт, але і казаў пра пустыннасьці гэтых мясьцін. Напрыканцы ХVІ стагодзьдзя ў некалькіх дакумэнтах узгадваецца тутэйшая пераправа празь Бярэзіну. Прычым у якасьці населенага пункту, да якога прывязвалася пераправа, называюцца Чарневічы, а брод празь Бярэзіну — Чэрневым бродам. Так, у адным з дакумэнтаў 1594 году адзначаецца, што ў Чэрневым бродзе жыхары Азьдзяцічаў перавезьлі празь Бярэзіну пана Падбярэскага. Было гэта 2 красавіка. Такім чынам, з дакумэнтаў ХVІ стагодзьдзя вынікае, што на той час у гэтым месцы ніякага населенага пункту не было. А тое пасяленьне, якое ўзьнікла потым, хутчэй за ўсё атрымала назву ад брода, ля якога ўзьнікла (брод — Чэрнеў, вёска — Чэрнеўка). Час узьнікненьня вёскі невядомы. Пісьмовыя зьвесткі пра яе сустракаюцца толькі пачынаючы з ХІХ стагодзьдзя.
Мэталюргічны завод
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьвіцьцё Чэрнеўкі як мястэчка ў значнай ступені абумоўлена ўзьнікненьнем і разьвіцьцём тут буйнога па тых часах мэталюргічнага завода. Сыравінай для яго служыла тутэйшая балотная руда, якой у навакольлях Чэрнеўкі было вельмі шмат. Мэтазгоднасьць пабудовы ў гэтых мясьцінах завода была вызначана ўрадавай экспэдыцыяй афіцэраў расейскай арміі, якая працавала тут у 1850 годзе.
Для пабудовы завода ля Лаўніцы быў утвораны цагельны завод. Ён вырабляў цэглу нестандартнага памеру 28×14×7 см. У далейшым яго прадукцыя выкарыстоўвалася тутэйшымі жыхарамі для вырабленьня печаў і для іншых мэтаў. Кіравалі вытворчасьцю Коган і Рэгінскі.
Мэталюргічны завод (фабрыка жалеза) быў пабудаваны ўладальнікам гэтых земляў Лявонам Радзівілам і пачаў дзейнічаць у 1854 годзе. Ён вырабляў чыгун, жалеза (пудлінгавае, паласавое, шыннае, круглае, квадратнае). У 1856 годзе завод вырабіў жалеза на 25 тыс. рублёў. У 1857 годзе ён пераходзіць да вялікага князя М. М. Раманава. У 1863—1872 гадох тут вырабляліся адліўкі, машыны, у тым ліку і паравыя. Гэта быў час росквіту завода, калі ён стаў адным з найбуйнейшых мэталюргічных заводаў ня толькі на Беларусі, але і ў Расейскай імпэрыі наогул.
На заводзе выкарыстоўваліся чатыры паравыя машыны, домны (у 1863 годзе — адна, у 1865 годзе — дзьве, у 1863 годзе — ужо тры). У 1868 годзе ў ім меліся пудлінгавая печ, вагранка, два крычныя горны.
У 1861 годзе на заводзе працавалі 161 чалавек, а ў 1867 годзе — 437 чалавек.
У 1863 годзе на Чэрнеўскім мэталюргічным заводзе было выплаўлена 84,16 тысячы пудоў чыгуну, у 1867 — 120 тысячаў пудоў, у 1870 — 160 тысячаў пудоў, у 1872 годзе — 100 тысячаў пудоў. Акрамя таго штогод выраблялася жалеза і сталі па 20—72 тысячы пудоў. Агульны аб’ём прадукцыі ў 1869—1872 гадах склаў 157—162 тысячы пудоў мэталю. На Ўсерасейскай выставе, якая праходзіла ў Маскве ў 1870 годзе, прадукцыя Чэрнеўскага мэталюргічнага завода была ўдастоена бронзавага мэдаля.
Завод займаў плошчу каля 240 маргоў зямлі. Складаўся ён зь непасрэдна мэталюргічнага завода, пракатняга стану і такарні. Акрамя таго, пры ім ля ракі Бобр меўся тартак. Значная частка будынкаў завода была зроблена з цэглы на мураваных падмурках. Да завода з Бабра быў прарыты канал, па якому на баржах падводзілася руда. Такім жа чынам вывозілася з завода і гатовая прадукцыя. Напрыканцы канала было зроблена возера, дзе стаялі тыя баржы, адбывалася іх пагрузка і разгрузка.
Выпрацоўка мэталю грунтавалася на спальваньні драўнянага вуглю. Для гэтых мэтаў высякаўся лес у навакольлях мястэчка, піліўся на калодкі. Іх расколвалі на паленьні і складвалі ў шахматным парадку ў курганы, якія абкладвалі дзёрнам. Кожны з такіх курганоў меў некалькі дзясяткаў кубамэтраў драўніны. Ля падножжа курганоў пракладваліся каналы, у якіх запальвалася вогнішча. Пасьля ўзгараньня курганоў канал закладваўся дзёрнам. У выніку адбывалася так званае «курэньне» драўніны, у выніку чаго ўтвараўся драўніны (як казалі раней курны) вугаль. Пасьля астываньня курганоў вугаль грузілі на падводы і адвозілі на мэталюргічны завод. Сьляды такіх курганоў яшчэ нядаўна можна было назіраць у навакольлях Чэрнеўкі. Цяпер яны зьнішчаны глыбокім разворваньнем палёў з дапамогаю трактароў.
Плаўленьне мэталю адбывалася наступным чынам. З камянёў, набітых глінай, рабіўся сырадутны горан. Яго прасушвалі і напаўнялі драўніным вуглём. Пасьля распальваньня вуглю на яго насыпалі раздробленую руду. На яе ўкладвалі пласт вуглю. Па меры ўшчыльненьня вугаль падсыпаўся. Для лепшага гарэньня ён з дапамогаю мяхоў прадуваўся паветрам. Расплаўленая руда сьцякала ўніз. Праз 8—12 гадзін працы печ разбуралі, атрыманыя жалезныя пліткі — крыцы — ачышчалі ад шляку.
У 1878 годзе завод перадаецца ў дзяржаўную казну, а ў 1881 годзе ён спыняе сваю дзейнасьць. Адной з галоўных прычын таму стала пабудова чыгункі, што зрабіла прывазны мэталь больш танным, а прадукцыю Чэрнеўскага завода неканкурэнтназдольнай.
Пасьля закрыцьця завода яго будынкі пачынаюць пуставаць. Пазьней — мясцовыя жыхары разьбіраюць іх на цэглу. Да нашага часу ад будынкаў мэталюргічнага завода захаваліся толькі падмуркі і нязначныя іх фрагмэнты, якія цяпер ужо амаль не прыкметны. Сьведчаньнем існаваньня завода зьяўляецца і шляк, які і цяпер больш чым праз 120 гадоў пасьля закрыцьця завода ў вялікай колькасьці маецца ў навакольлях Чэрнеўкі і якім па сёньняшні час пасыпаны навакольныя дарогі.
Росквіт і заняпад мястэчка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Промыслы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэталюргічны завод ня быў тым адзіным, што надавала Чэрнеўцы адметнасьць. Далёка за межамі мястэчка славіліся сваімі промысламі яго майстры. Гэта найперш ганчары, але ня толькі яны. Ганчарныя промыслы ў Чэрнеўцы адзначаліся яшчэ ў 80-х гадах ХІХ стагодзьдзя ў «Slowniku geograficznym». У 1900 годзе газэта «Северо-западное слово» адзначала, што ў Чэрнеўцы вельмі добра разьвіты промыслы, маецца 15 адмысловых заводаў (дакладней будзе сказаць, майстэрняў). Са зьменай складу насельніцтва Чэрнеўкі ў выніку апошняй вайны старыя промыслы ў ёй практычна перасталі існаваць.
Гандаль, установы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гандаль у Чэрнеўцы быў добра разьвіты яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. У 1886 годзе тут ужо была крама, а ў 1897 годзе — тры ў мястэчку і адна ў фальварку ля ганчарнага завада. Крамы былі вялікія і багатыя на тавары. У 80-х — 90-х гадах ХІХ стагодзьдзя тут узгадваецца піцейны дом.
Славілася Чэрнеўка гандлем ня толькі ў сваіх крамах. Штотыдзень у нядзелю тут ладзіўся вялікі базар. На ім свае вырабы прадстаўлялі ня толькі тутэйшыя жыхары, але і шматлікія іншыя, што спэцыяльна прыязджалі на яго з розных месцаў.
Да другой сусьветнай вайны ў Чэрнеўцы знаходзіліся два нарыхтоўчых пункты. Яны ледзь спраўляліся прымаць ад насельніцтва ягады, грыбы, скурсыравіну, шэрсьць, шчаціну. Тут жа можна было здаць і набыць любое быдла, набыць сала, мяса, вэнджаныя сьцегнякі, каўбасы. У Чэрнеўцы знаходзіліся канторы Лесьбела і Лесасплава.
Цяпер становішча з гандлем ў Чэрнеўцы зусім іншае. Яшчэ нядаўна ў Чэрнеўцы была крама. На сёньняшні час няма ніводнай.
Былі да вайны ў Чэрнеўцы бандарны цэх, лесапільны цэх з цыркуляркамі і гонтарэзкай, млын, на якім малолі зерне і рабілі крупы, шэрстачоска, сукнавальня, якая дазваляла фарбаваць сукно, маслабойня, на якой можна было вырабляць алей з насеньня лёну, канаплі. Усе гэтыя цэхі працавалі на прывадзе ад паравой машыны. Да 1920 году існаваў і ганчарны цэх. На ім выраблялі гаспадарчы посуд і дзіцячыя цацкі. Кіраваў цэхам Вінігдон Мацьвеевіч Бабіцкі.
З 1916 году ў Чэрнеўцы дзейнічаў фэльчарска-акушэрскі пункт (першапачаткова і ў часы НЭПа ён быў прыватным), пры якім працавала аптэка. Дарэчы, аптэка славілася добрым наборам лекаў. Дзякуючы сувязям яе гаспадара ў яе дасылаліся фармацэўтычныя вырабы ня толькі айчыннай вытворчасьці, але і зь іншых краінаў, у тым ліку і ЗША.
Пошта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Разьвіцьцё мястэчка зрабіла актуальнай праблему ўтварэньня ў ім пошты. У жніўні 1904 году жыхары Чэрнеўкі Міхалап, Фрыдлянскі, Падрабіньнік і Паўлавец падалі ў губэрнскае паштовае ведамства прашэньне аб адкрыцьці ў мястэчку паштовага аддзяленьня. Ніякіх вынікаў прашэньне не дало. У 1910 годзе з той самай просьбай за начальніка Менскай тэлеграфнай акругі зьвяртаецца кіраўнік Чэрнеўскага лясьніцтва Юргенс. У 1913 годзе падобнае прашэньне падаецца за подпісам 70 жыхароў мястэчка. І толькі тады менскі віцэ-губэрнатар прызнаў мэтазгоднасьць адкрыцьця пошты ў Чэрнеўцы. Аднак указаньне аб адкрыцьці паштовых апэрацыяў у паштовым аддзяленьні ў Чэрнеўцы паступіла толькі 5 красавіка 1916 году. Для яго было прадастаўлена панам Міхалапам памяшканьне, а жыхары Чэрнеўкі ўнесьлі ў казну 195 рублёў.
Дзейнічала паштовае аддзяленьне ў Чэрнеўцы 62 гады і ў 1978 годзе было закрыта.
Пляніроўка і выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэрнеўка ў ХІХ — першай палове ХХ стагодзьдзя мела тыповую для тутэйшых мястэчак пляніроўку. У яе цэнтры знаходзілася базарная плошча. Мястэчка было забудавана характэрнымі для свайго часу хатамі, што будаваліся габрэямі-рамесьнікамі і гандлярамі. Усе будынкі ў ім (па-за межамі мэталюргічнага завода) былі драўлянымі. Яны былі ладнымі, ашаляваныя, пафарбаваныя ў жоўты колер. На вуліцах для пешаходаў меліся драўляныя ходнікі.
Адметным будынкам у мястэчку была сынагога, якая была пабудавана не пазьней 20-х гадоў ХХ стагодзьдзя. Вылучаўся сваёй адметнасьцю і будынак фэльчара, які быў узьведзены прыблізна ў той жа час, што і сынагога.
28 траўня 2013 году разам зь іншымі населенымі пунктамі ліквідаванага Азьдзяціцага сельсавету перададзеная ў склад Мётчанскага сельсавету[2].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Хуткі рост і разьвіцьцё Чэрнеўкі назіраліся напрыканцы ХІХ стагодзьдзя і ў меншай меры працягваліся на пачатку ХХ стагодзьдзя. У 1870 годзе тут было ўсяго каля 20—40 жыхароў. У 1897 годзе ў Чэрнеўцы ўжо было 63 двары і 420 жыхароў, у 1908 годзе — 85 двароў і 434 жыхары, у 1917 годзе — 96 двароў і 547 жыхароў. У далейшым у выніку вядомых падзеяў колькасьць насельніцтва мястэчка паменшылася. У 1926 годзе ў Чэрнеўцы было ўсяго 56 двароў, 242 жыхары. У 1929 годзе яе насельніцтва павялічылася да 350 чалавек, напярэдадні апошняй вайны — каля 400. Насельніцтва Чэрнеўкі складалася практычна цалкам з габрэяў (у 1929 годзе тут было толькі 10 двароў беларусаў). Гэта акалічнасьць прывяла да таго, што пасьля Другой сусьветнай вайны зь яе жыхароў засталіся толькі адзінкі. Таму мястэчка так і не змагло адрадзіцца. Цяпер тут жыве каля 160 жыхароў.
- 1999 год — 99 чалавек
- 2010 год — 68 чалавек
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш старыя зьвесткі пра школу ў Чэрнеўцы — габрэйскую (відаць, малітоўную) адносяцца да 1886 году. У 1913 годзе тут адкрываецца аднакамплектнае народнае вучылішча. У 1926 годзе яно пераўтвараецца ў габрэйскую школу.
У 1934 годзе ў Чэрнеўцы адкрываецца вучылішча. Тут можна было вывучыць сталярна-сьлясарную справу. Усяго ў вучылішчы займалася 140 навучэнцаў. Пры ім акрамя навучальнага корпуса быў інтэрнат, сталовая, клюб, лазьня і іншыя будынкі. Спыніла сваё існаваньне вучылішча з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Водныя і наземныя шляхі адыгралі важную ролю ў станаўленьні Чэрнеўкі. Здаўна тут сканчваўся сплаў лесу «аматарамі» па Бабры. Тут яго пераводзілі ў лавы бярэзінскага маштабу і гналі далей «прафэсіяналы» ўніз па Бярэзіне і далей па Дняпры да Крэменчугу.
Мелася ў Чэрнеўцы на Бярэзіне і прыстань. Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя і нават пазьней рачныя цеплаходы зьяўляліся асноўным тутэйшым пасажырскім транспартам. Спыніла сваё існаваньне прыстань у Чэрнеўцы ўжо больш за два дзясяткі гадоў.
Бярэзіна зьяўлялася ня толькі шляхам, але і перашкодай на шляху іншых — наземных шляхоў. Напрыканцы 70-х — пачатку 80-х гадоў ХІХ стагодзьдзя тут быў пабудаваны драўляны мост празь Бярэзіну. У 1908 годзе маста ў Чэрнеўцы не было. Замест яго дзейнічаў паром, які меў памеры 6×3,5 сажаняў і пад’ёмную сілу 600 пудоў. Паром перамяшчаўся з дапамогаю пяньковага каната. Для зьезду з парома існавалі мосьцікі на казлах.
У савецкі час празь Бярэзіну быў пабудаваны новы драўляны мост. Ён меў даўжыню 840 мэтраў і быў узьняты над водамі ракі на 8 мэтраў. Для яго аховы ў мястэчку быў разьмешчаны невялікі гарнізон вайскоўцаў у колькасьці 40 чалавек. Гарнізон меў казармы, сталоўку, лазьню і іншыя будынкі. Мост у Чэрнеўцы праіснаваў да апошняй вайны, калі быў спалены. Немцамі мост быў адноўлены, але ён прастаяў нядоўга. Пасьля вайны мост празь Бярэзіну не аднаўляўся. Не існуе з часоў вайны і чэрнеўскі гарнізон.
Інфармацыя для турыстаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сынагога
Вядомыя выхадцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У часы існаваньня мэталюргічнага заводу і да 1896 году Чернеўскае лясьніцтва ўзначальваў Якаў Седашаў — родзіч вялікім князям Раманавым, зяць кіроўцы маёнтка Старабарысаў Мяшчэрына. З 1896 году па 1917 год гэту пасаду займаў штабс-капітан Юргенса. Яшчэ ў часы Седашава 150 дзесяцін лугу і 110 дзесяцін ворнай зямлі ў навакольлях Чэрнеўкі бярэ ў арэнду тутэйшы пан Міхалап.
Сярод тых, хто жыў і працаваў у Чэрнеўцы, варта вылучыць Барыса Якаўлевіча Альперына. Нарадзіўся ён у 1889 годзе. Вышэйшую мэдыцынскую адукацыю атрымаў у Пецярбурзе. У Чэрнеўку прыехаў да родзічаў, ажаніўся тут і застаўся жыць. Ён кіраваў фэльшарска-акушэрскім пунктам, у навакольлях быў вядомы як вопытны і дасьведчаны ўрач.
Б. Альперын напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны рыхтаваўся да абароны кандыдацкай дысэртацыі. З гэтай мэтай ён у красавіку 1941 году паехаў у Маскву. Абараніўся. Падчас вайны служыў у войску ў званьні генэрал-маёра мэдыцынскіх войскаў. Яго ж сям’я загінула ў гета. Аб гэтым Барыс Якаўлевіч даведаўся толькі пасьля заканчэньня вайны.
У далейшым Альперын абараніў доктарскую дысэртацыю, але ў Чэрнеўку так і не вярнуўся.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 65
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхась Мацельскі, Гоман Барысаўшчыны, Мястэчка, якое так і не стала горадам(недаступная спасылка)