Мулішча
Мулішча | |
трансьліт. Mulišča | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Барысаўскі |
Сельсавет: | Мётчанскі |
Насельніцтва: | 10 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 177 |
Паштовы індэкс: | 222128 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°7′54.98″ пн. ш. 28°51′40.00″ у. д. / 54.1319389° пн. ш. 28.8611111° у. д.Каардынаты: 54°7′54.98″ пн. ш. 28°51′40.00″ у. д. / 54.1319389° пн. ш. 28.8611111° у. д. |
± Мулішча |
Мулі́шча[1] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 4 км на паўночны ўсход ад Азьдзяцічаў. Мулішча ўваходзіць у склад Мётчанскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гісторыя пасяленьня Мулішча пачынаецца з часоў, калі велізарнымі плошчамі зямлі на Барысаўшчыне валодалі Радзівілы (Барысаўскім староствам, а пасьля яго зьліквідаваньня буйным землеўладаньнем, у якое яно пераўтварылася). Было гэта напрыканцы ХVІІІ — у першай палове ХІХ стагодзьдзя. У гэты час ва ўрочышчы Мулішча перадаецца ў арэнду Ёсіфу Аляхновічу 200 дзесяцін зямлі, 130 зь якой было ворнай.
Аляхновіч пераязджае жыць на арандуемыя землі, будуе тут двухпавярховы асабняк, лазьню, сьвіраны, будынак для захаваньня садавіны, канюшні, кароўнікі, птушнікі і іншыя збудаваньні. Ля дома на двух гектарах закладвае сад. Гаспадарка мела паўсотні коней, каля паўтары сотні буйнога рагатага быдла, сярод якога было 60 дойных кароў, больш сотні авечак. На палях пераважна вырошчваліся зерневыя, зернебабовыя культуры, шматгадовыя злакавыя і бабовыя травы. Асаблівая ўвага надавалася ў гаспадарцы жыту і ячменю, якіх, дарэчы, летам не заўсёды меліся ў дастатковай колькасьці. Бульбу і лён у гаспадарцы не вырошчвалі. Чвэрць ворных земляў не апрацоўвалася і прызначалася для выпасу быдла.
Абслугоўвалі гаспадарку 15—17 чалавек. Для іх былі пабудаваны адмысловыя будынкі. Для выкананьня сэзонных работ: апрацоўкі палёў, сяўбы і збору ўраджаю, прыцягваліся наёмныя сяляне зь Вяляцічаў. Аднак пастаянныя зьмены і часовасьць працаўнікоў нярэдка даводзіла яе да хаатычнага стану. Усёй гаспадаркай кіраваў прыказчык, для якога таксама быў у садзе пабудаваны дом.
Адносіны арандатара з працаўнікамі-сялянамі склаліся добрыя. Ён да іх ставіўся з павагай, ніколі ад іх не патрабаваў нічога лішняга.
Падчас падзеяў 1917 году жыхары навакольных вёсак разрабавалі і спалілі маёнтак. Пасьля таго некалькі гадоў зямля тут не апрацоўвалася. У 1920 годзе яна была падзелена сярод безьзямельных сялян. Асобныя зь іх атрымалі кароў і коней са зьліквідаваных гаспадарак Занцэвіча і Аляхновіча. Так была ўтворана вёска Мулішча.
Пасяленцы Мулішча ня мелі вопыту ў земляробстве — гэта былі былыя батракі Занцэвіча і моцных сялян зь Вяляцічаў, якія раней працавалі на лесанарыхтоўках, лесасплавах. Большасьць зь іх ня мела нават коней і ім не было як апрацоўваць зямлю. Даводзілася запазычваць іх у суседзяў. Былі праблемы ў пасяленцаў і з насеньнем. Як вынік, іх зямля апрацоўвалася дрэнна, зарастала хмызьняком і пустазельлем, а самі яны атрымлівалі невялікія ўраджаі і жылі бедна. Амаль ўсе пасяленцы, паўтара дзясятка гаспадарак (акрамя Філіпа Рашэтніка і каваля Антона Людвіга), не выходзілі зь цяжкага эканамічнага становішча.
У 1930 годзе сялянскія гаспадаркі з Мулішча ўвайшлі ў калгас «Іскра». У 60-х — 70-х гадах ХХ стагодзьдзя Мулішчы былі прызнаны непэрспэктыўнай вёскай. У выніку меней чым за 30 гадоў яе насельніцтва паменшылася амаль у чатыры разы. Цяпер Мулішча — невялікая вёска з насельніцтвам у некалькі дзясяткаў чалавек.
28 траўня 2013 году разам зь іншымі населенымі пунктамі ліквідаванага Азьдзяціцага сельсавету перададзеная ў склад Мётчанскага сельсавету[2].
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2010 год — 10 жыхароў
- 2008 год — 9 жыхароў, 6 гаспадарак[3]
- 1999 год — 14 жыхароў
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе і далей па шашы Барысаў — Чэрнеўка[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 64
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 (рас.)
- ^ а б Мулішча. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 159
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Алесь Барэвіч, Гоман Барысаўшчыны, Мулішчы(недаступная спасылка)