Томас Гардзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Томас Гардзі
Thomas Hardy
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 2 чэрвеня 1840
Гаер Бокгэмптан, Стынсфард, Дорчэстэр, Дорсэт
Памёр 11 студзеня 1928 (87 гадоў)
Дорчэстэр, Дорсэт
Пахаваны
Сужэнец Emma Gifford[d][1] і Florence Dugdale[d][2][1]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, паэт
Кірунак натуралізм
Мова ангельская мова[4]
Дэбют «Бядняк і лэдзі» (1868[3])
Узнагароды
Подпіс
[[::en:s:Thomas Hardy|Творы]] ў Вікікрыніцах

Томас Гардзі (па-ангельску: Thomas Hardy; 2 чэрвеня 1840, Гаер Бокгэмптан — 11 студзеня 1928, Макс-Гейт, Дорчэстэр) — ангельскі раманіст і паэт.

Паэзія Гардзі, якая пачала друкавацца ў 1890-х, здыбыла вялікую прыхільнасьць і моцна паўплывала на сучасную ангельскую паэзію. Адзін з сваіх вершаў — «Чорны дрозд» — аўтар адмыслова апублікаваў на наступны дзень пасьля Новага году (1 студзеня 1901).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Томас Гардзі нарадзіўся ў Гаер Бокгэмптане, паселішчы на ўсходзе ад Дорчэстэра ў графстве Дорсэт, Ангельшчына. Дзед Гардзі быў вольны земляробам. Ягоны бацька Томас (пам. 1892) быў каменячосам і будаўніком, маці — Джэмайма (пам. 1904) была надзвычай начытанаю асобаю, але ня ўмела пісаць. Яна дала Томасу першую адукацыю задоўга да яго паступленьня ў сельскую школу (1848). Некалькі гадоў наведваў дорчэстэрскую «акадэмію» юных джэнтэльмэнаў пад загадам містэра Ласта. Тут ён вывучаў лацінскую і паказаў неблагія акадэмічныя здольнасьці[5]. У шаснаццаць гадоў Томас Гардзі паступіў вучнем да мясцовага царкоўнага архітэктара Джэймза Гікса (James Hicks)[6], што стала своеасаблівым кампрамісам паміж воляю яго бацькі, які жадаў, каб сын абраў духоўную кар’еру, і самім юным Томасам, якога захапляла старажытная гісторыя свайго краю[3]. Гардзі практыкаваўся ў архітэктурнай майстэрні да свайго пераезду ў Лёндан (1862), дзе актыўна ўдасканальваў свае веды па архітэктуры пад кіраўніцтвам вядомага архітэктара Артура Блумфілда (Arthur Bloomfield). У 1866 атрымаў дыплём архітэктара. Наступныя пяць гадоў Гардзі ўдзельнічаў у архітэктурна-рэстаўрацыйных працах па аднаўленьні царкоўных збудаваньняў і, паводле яго біёграфаў, дабіўся значнага посьпеху ў абраным абсягу дзейнасьці[7].

Флорэнс Гардзі на беразе мора, 1915

У 1871 Гардзі вярнуўся ў Дорчэстэр для працы па праектаваньні і аднаўленьні цэркваў. У 1870 у часе архітэктурнай вандроўкі па рэстаўрацыі парафіяльнае царквы сьв. Джуліі ў Корнўале[8], Гардзі спаткаўся з Эмай Лавініяй Гіфард (Emma Lavinia Gifford), зь якой яны пабраліся ў 1874[9]. Пад канец 1884 Гардзі пабудаваў у Дорчэстэры дом, Макс Гейт, для сябе і для Эмы (дзяцей яны ня мелі). У 1910 Томас Гардзі стаў кавалерам ордэна Заслуг. Нягледзячы на тое, што пазьней ён жыў асобна ад сваёй супругі, яе заўчасная сьмерць у 1912 ад сэрцавага спохвату была моцным ударам для ўжо сталага пісьменьніка. Пасьля яе сьмерці Гардзі ажыцьцявіў падарожжа па асноўных корнўальскіх мясьцінах, якія тычыліся іхніх узаемаадносінаў. Гэтае падарожжа адлюстравалася ў яго вершах 1912—1913 гг. У 1914 ён ажаніўся на сваёй сакратарцы Флорэнс Эмілі Дагдэйл (Florence Emily Dugdale), якая была на 39 гадоў маладзейшаю за яго. Зрэшты, ён так і ня здолеў зьмірыцца са сьмерцю першай жонкі і імкнуўся пераадолець смутак праз напісаньне вершаў[10].

З Флорэнс Дагдэйл ён пражыў у Макс Гейце да самой сваёй сьмерці. У сьнежні 1927 ён захварэў на плеўрыт і памёр 11 студзеня 1928 а дзявятай увечары, папярэдне прадыктаваўшы жонцы перадсьмяротны верш. Яго цела было пахаванае ва Ўэстмінстэрскім абацтве, а сэрца — у магіле Эмы (50°43′05″ пн. ш. 2°24′36″ з. д. / 50.71802009° пн. ш. 2.41008710° з. д. / 50.71802009; -2.41008710), непадалёк ад месца нараджэньня пісьменьніка.

Раманы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вокладкі раманаў Томаса Гардзі
«Адчайныя сродкі», (Desperate Remedies, 1871)
«Пад зялёным дрэвам» (Under the Greenwood Tree, 1871)
«Пара блакітных вачэй» (A Pair of Blue Eyes, 1873)
«Рука Этэльбэрты» (The Hand of Ethelberta, 1871)
«Двое на вежы» (Two on a Tower, 1882)
«У лясным краі» (The Woodlanders, 1887)
«Тэс з рода д'Эрбэрвіляў» (Tess of the d'Urbervilles, 1891)
«Безуважная» (A Laodicean, 1871)
«Джуд Непрыкметны» (Jude the Obscure, 1895)

Першаю буйною працаю Томаса Гардзі стаў вострасатырычны раман «Бядняк і лэдзі» (The Poor Man and the Lady, 1868). Рукапіс сьпярша быў адасланы ў выдавецтва Макмілана. Выдавец быў абураны рэвалюцыйнымі настроямі і крытычнымі ідэямі аўтара і перадаў рукапіс лёнданскай фірме «Chapman & Hall», літаратурным касультантам якой быў Джордж Мэрэдыт. Ён выклікаў маладога Томаса Гардзі і параіў не друкаваць раман, загадзя асуджаны на ганеньне афіцыяльнаю крытыкаю, а пачаць з вострасюжэтнага твора, разьлічанага на масавага чытача[11]. Паводле зьвестак сучасьнікаў Гардзі, ён зьнішчыў рукапіс рамана, ад якога да нашых дзён засталіся толькі часткі.

Наступным творам літаратара стаў раман «Адчайныя сродкі» (Desperate Remedies, 1871), выдадзены безыменна. Публікацыя рамана забясьпечыла Гардзі адносную матэрыяльную самастойнасьць.

Раман «Пад зялёным дрэвам» (Under the Greenwood Tree, 1871), заклаў пачатак цыклю «раманаў характара і асяродзьдзя», таксама званых «ўэсэкскімі раманамі» праз аб’яднанасьць месца дзеяньня ўсіх твораў у выдумленым сьвеце пад назваю «Ўэсэкс». Упершыню гэтае найменьне Гардзі ўжыў у 1874. Ён пазычыў яго з старажытнай ангельскай гісторыі і выкарыстаў для абазначэньня некалькіх паўднёва-заходніх графстваў краіны (Дорсэтшыр, Дэваншыр, Бэркшыр)[12]. У прадмове да аднаго з сваіх раманаў Гардзі пісаў:

« Задуманая мною сэрыя раманаў у большай ступені зьвязаная зь месцам дзеяньня, і дзеля таго, каб захаваць гэтае ўражаньне адзінства, патрабавалася даць якое-колечы вызначанае ўяўленьне пра тэрыторыю. Паколькі я бачыў, што абсягу якога-небудзь аднаго графства недастаткова для задуманага мною шырокага палатна... я адкапаў гэтую дзіўную назву...Але я прашу маіх добрых і схільных да фантазіяў чытачоў ня цешыць сябе гэтаю думкаю і ня верыць, што жыхары віктарыянскага Ўэсэкса існуюць дзе-небудзь апрача гэтых кнігаў, якія расказваюць пра іх жыцьцё, гутаркі і норавы[12]. »

Гардзі паклаў у аснову цыклю вядомае выказваньне Наваліса: «Характар — гэта лёс» і разгледзіў станаўленьне індывідуўма ў вызначаным сацыяльным асяродзьдзі. У раманах «характара і асяродзьдзя» горад і вёска супрацьпастаўляюцца як спаконвечныя варожыя пачаткі[13]. Гардзі цяжка перажываў разбурэньне жыцьцёвага ўкладу сельскае Ангельшчыны і зьбядненьне і гібель многіх сялянскіх сем’яў пад уціскам гарадзкіх формаў жыцьця[14].

Цыкль «ўэсэкскіх раманаў» утрымлівае сем твораў, якія ствараліся на працягу апошняй чвэрці XIX стагодзьдзя — з пачаткам 70-х да сярэдзіны 90-х гг.:

Месца нараджэньня Томаса Гардзі ў Гаер Бокгэмптане, дзе былі напісаныя раманы «Пад зялёным дрэвам» і «Здалёк ад звар'яцелага натоўпу».
  • «Пад зялёным дрэвам» (Under the Greenwood Tree, 1871),
  • «Здалёк ад звар'яцелага натоўпу» (Far from the Madding Crowd, 1874),
  • «Вяртаньня на радзіму» (The Return of the Native, 1878),
  • «Мэр Кэстэрбрыджа» (The Mayor of Casterbridge, 1886),
  • «У лясным краі» (The Woodlanders, 1887),
  • «Тэс з рода д'Эрбэрвіляў» (Tess of the d'Urbervilles, 1891)
  • «Джуд Непрыкметны» (Jude the Obscure, 1895).

Падзеі, апісаныя ў гэтых раманах, разгортваюцца ў 1830—1870-х гадох[14].

Побач з «раманамі характара і асяродзьдзя» Томас Гардзі ствараў і «рамантычныя гісторыі і фантазіі» (па-ангельску: Romances and Fantasies): «Пара блакітных вачэй» (A Pair of Blue Eyes, 1873), «Трубач драгунскага палка» (The Trumpet-Major, 1880), «Двое на вежы» (Two on a Tower, 1882) і «Каханая» (The Well-Beloved, 1897), а таксама «раманы выяўленчыя і экспэрымэнтальныя» (па-ангельску: Novels of Ingenuity): «Адчайныя сродкі» (Desperate Remedies, 1871), «Рука Этэльбэрты» (The Hand of Ethelberta, 1871) і «Безуважная» (A Laodicean, 1871).

Жанравыя адметы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З пункту гледжаньня тэорыі рамана, Гардзі заставаўся ў рэчышчы рэалістычнай традыцыі, пераўтварыўшы свае раманы ў раманы-трагедыі, дзе сюжэтныя элемэнты высокай трагедыі гарманічна спалучаюцца з дынамічнай кампазыцыяй, характэрнай для авантурнага любоўнага рамана, і глыбокай сацыяльна-псыхалягічнай праблематыкай[15]. Гардзі быў схільны да драматызацыі рамана, арыентуючыся, як ён сам адзначаў, на трагедыі Сафокла[16]. Працэс драматызацыі рамана Гардзі лічыў заканамернасьцю эпохі: у жанры рамана пачалі вырашацца праблемы, да якіх раней зьвярталіся ў драме[17].

Свае меркаваньні пра задачы рамана ён выклаў у артыкулах «Карыснае чытаньне мастацкай літаратуры» (па-ангельску: The Profitable reading of fiction, 1888) і «Шчырасьць у ангельскай літаратуры» (па-ангельску: Candour in English Fiction, 1890). Тут ён пісаў пра тое, што роля рамана ў жыцьці грамадзтва ўзрасла ў параўнаньні зь іншымі літаратурнымі жанрамі, паколькі менавіта раман з найбольшаю поўнасьцю выказвае філязофска-этычныя пошукі сучасьнікаў, супярэчнасьці рэчаіснасьці і іх трагічны характар.

Мэтаю рамана ён бачыў праўдзівае адлюстраваньне жыцьця і канфліктаў паміж людзьмі[16].

Тэмы і погляды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле характара сьветаўспрыманьня Гардзі быў смутнаглядцам, і ягоны смутнагляд мае шмат агульнага з смутнаглядам Тэкерэя. У адрозьненьне ад Джордж Эліёт, Гардзі лічыў, што ня толькі век герояў, але і век шчасьлівых людзей беззваротна сышоў у мінулае. Сучаснасьць, у сваю чаргу, перапоўненая найглыбейшага трагізму[15]. Пры гэтым варта адзначыць уплыў на Гардзі філязофіі Шапэнгаўэра, чыі смутнаглядныя ўяўленьні аб сутнасьці сьвету як неразумнай волі, якая падпарадкоўвае сабе лёс чалавека, атрымалі сваё распаўсюджаньне ў другой палове XIX стагодзьдзя[16]. Трагічнае караніцца ня столькі ў несправядлівасьці сацыяльнага ладу грамадзтва, сколькі ў самім уладкаваньні сьвету, варожым чалавеку. Гардзі закранаў ня толькі праблемы, актуальныя для грамадзтва яго эпохі, але і так званыя вечныя праблемы, якія зьяўляюцца невырашальнымі па сваёй сутнасьці, бо адносяцца да вобласьці чалавечае душы, характара, лёсу і кону. Тэма кону, што няўмольна перасьледуе чалавека, Гардзі пазычыў з клясычных трагедыяў[18].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Oxford Dictionary of National Biography (анг.) / C. MatthewOxford: OUP, 2004.
  2. ^ Pall Mall Gazette (анг.)London: 1914. — Iss. 15219. — P. 1.
  3. ^ а б Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — С. 415. — 544 с.
  4. ^ CONOR.SI
  5. ^ Claire Tomalin, Thomas Hardy: the Time-torn Man(Penguin, 2007) pp.30,36.
  6. ^ Walsh, Lauren. Introduction. The Return of the Native. By Thomas Hardy. New York: Barnes & Noble Classics, 2005. Print.
  7. ^ Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — С. 270. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3
  8. ^ Gibson, James (ed.) (1975) Chosen Poems of Thomas Hardy, London: Macmillan Education; p.9.
  9. ^ Hardy, Emma (1961) Some Recollections by Emma Hardy; with some relevant poems by Thomas Hardy; ed. by Evelyn Hardy & R. Gittings. London: Oxford University Press
  10. ^ "Thomas Hardy at Stourhead" BBC Online, 10 March 2004
  11. ^ Ковалева Т.В. и др. История зарубежной литературы второй половины XIX — начала XX веко / Т.В. Ковалева, Т.Д. Кириллова, Е.А. Леонова. — Мн: Завигар, 1997. — С. 243. — 336 с.
  12. ^ а б Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — С. 268. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3
  13. ^ Ковалева Т.В. и др. История зарубежной литературы второй половины XIX — начала XX веко / Т.В. Ковалева, Т.Д. Кириллова, Е.А. Леонова. — Мн: Завигар, 1997. — С. 244. — 336 с.
  14. ^ а б Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — С. 269. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3
  15. ^ а б Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — С. 416. — 544 с.
  16. ^ а б в Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — С. 272. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3
  17. ^ Михальская Н. П. История английской литературы / Н. П. Михальская. — 2-е. — М.: Издательский центр «Академия», 2007. — С. 273. — 480 с. — ISBN 978-5-7695-4544-3
  18. ^ Л. В. Сидорченко, И. И. Бурова, А. А. Аствацатуров и др. История западноевропейской литературы. XIX век: Англия / Под ред. Л. В. Сидорченко, И. И. Буровой. — СПб: Филологический факультет СПбГУ; Издательский центр «Академия», 2004. — С. 417. — 544 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Томас Гардзісховішча мультымэдыйных матэрыялаў