Перайсьці да зьместу

Юльян Урсын Нямцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юльян Урсын Нямцэвіч
Юльян Урсын Нямцэвіч, кан. XVIII ст.
Юльян Урсын Нямцэвіч, кан. XVIII ст.

Герб «Равіч»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 16 лютага 1757
Скокі Берасьцейскага павету
Памёр 21 траўня 1841
Парыж
Пахаваны
Род Нямцэвічы
Бацькі Марцэлій Нямцэвіч[d]
Ядвіга з Сухадольскіх[d]
Дзейнасьць дыплямат, перакладнік, паэт, пісьменьнік, публіцыст, гісторык, палітычны актывіст
Подпіс Выява аўтографу

Юльян Урсын Нямцэвіч (па-польску: Julian Ursyn Niemcewicz; 16 лютага 1757, вёска Скокі Берасьцейскага павету, цяпер Берасьцейскі раён — 21 траўня 1841, Парыж) — пісьменьнік, гісторык, палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай.

Прадстаўнік шляхецкага роду Нямцэвічаў гербу «Равіч». Навучаўся ў Берасьцейскім езуіцкім калегіюме[1], у 1770—1777 працягваў адукацыю ў Рыцарскай школе ў Варшаве. Быў ад’ютантам А. К. Чартарыйскага. Падарожнічаў па Эўропе (наведаў Францыю, Ангельшчыну, Італію).

Пасол на Чатырохгадовы сойм (1788—1792), удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 траўня, ад 1791 у складзе Адукацыйнай камісіі.

Па перамозе Таргавіцкай канфэдэрацыі ў 1792 эміграваў у Саксонію, потым Аўстрыю, Італію[2].

У часе паўстаньня 1794 году ад’ютант і сакратар Т. Касьцюшкі. Паранены ў Мацяёвіцкай бітве, трапіў у палон; зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Пецярбургу. У 1796 разам з Т. Касьцюшкам выехаў у ЗША.

Вярнуўся на радзіму ў 1807, займаў пасаду сакратара Сэнату Варшаўскага княства, з 1813 сакратар Сэнату Каралеўства Польскага.

Зрабіў некалькі падарожжаў з мэтай адшуканьня і апісаньня нацыянальных помнікаў па тэрыторыі сучаснай Беларусі — 1809, 1816 і 1819.

У часе паўстаньня 1830—1831 гг. увайшоў у Часовы ўрад, абіраўся сэнатарам-кашталянам. Па здушэньні паўстаньня эміграваў у Парыж.

Супрацоўнічаў з кансэрватыўным лягерам эміграцыі на чале з А. Е. Чартарыйскім[3], цалкам прысьвяціў сябе літаратурнай дзейнасьці.

Юльян Урсын Нямцэвіч

У літаратурнай творчасьці прытрымліваўся эстэтыкі клясыцызму, ягоныя гістарычныя погляды трымаліся на канцэпцыі школы А. Нарушэвіча зь ейнымі ідэямі пра нутраны заняпад Рэчы Паспалітай.

У адным зь першых сваіх мастацкіх твораў — палітычнай камэдыі «Вяртаньне пасла» (1790) — выказаўся за сацыяльныя рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленьне сялянаў ад прыгону.

Аўтар зборнікаў «Літоўскія лісты» (1812), дзе адлюстраваў мясцовую літоўскую (беларускую) тэматыку, і патрыятычнага палітычнага цыклю «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і іншых твораў.

У кнігах «Дзёньнікі маіх часоў» (выйшла ў 1848), «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гадоў» (выйшла ў 1858) апісаў Берасьце, Горадню, Наваградак, жыцьцё беларускіх сялянаў.

Напісаў «Гісторыю панаваньня Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—1819), «Жыцьці значных людзей XVIII ст.» (выйшла ў 1904). Выдаў «Збор гістарычных мэмуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—6, 1822—1833), у які ўлучаў «Дыярыюшы» С. і Б. Маскевічаў.

Пісаў на польскай мове і лічыцца адным з найвыдатнейшых пісьменьнікаў польскага Асьветніцтва. 3 сакавіка 2009 у берасьцейскай бібліятэцы адбылася прэзэнтацыя кнігі Анатоля Гладышчука «Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі»: дзёньнікі Ю. Нямцэвіча ўпершыню пабачылі сьвет на беларускай мове[4].

На думку польскіх дасьледнікаў Юльян Урсын Нямцэвіч бачыў Вялікае Княства Літоўскае, зь якога паходзіў, як інтэгральную частку польскай дзяржавы. Такі пункт гледжаньня ён перадаваў у сваёй творчасьці, чым уплываў на фармаваньне ў наступных пакаленьнях палякаў рамантычнай візіі Крэсаў як часткі Польшчы. Польскі этнограф Ян Станіслаў Быстрань сьцьвярджаў, што Ю. У. Нямцэвіч адносіўся да Польшчы як да адзінага цэлага, у межах перад падзеламі (…) нічога не адмаўляў, езьдзіў на Ўкраіну, на Літву, на Памор’е, на Чырвоную Русь як на польскія зямлі і абуджаў у шырокіх колах чытачоў перакананьне, што межы Кангрэсовага Каралеўства — гэта ня межы Польшчы. Невыносны стары дзядзька (…) усё жыцьцё заставаўся грамадзянінам ўсёй непадзельнай і незалежнай Польшчы[5].

  1. ^ 16 лютага 1757 году нарадзіўся Юльян Нямцэвіч // «Радыё Свабода», 16 лютага 2005.
  2. ^ Валеры Пазднякоў. Нямцэвіч Юльян Урсын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 367.
  3. ^ Валеры Пазднякоў. Нямцэвіч Юльян Урсын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 368.
  4. ^ Юры Рубашэўскі. Нямцэвіч загаварыў па-беларуску // «Вечерний Брест», 6 сакавіка 2009.
  5. ^ Marek A. Koprowski. Białoruś. Uparte trwanie polskości. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2006. ISBN 978-83-7441-409-8. — S. 23—24.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юльян Урсын Нямцэвічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў