Перайсьці да зьместу

Усьвяты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Усьвяты
лац. Uśviaty
Вуліца мястэчка
Вуліца мястэчка
Першыя згадкі: 1021
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Пскоўская вобласьць
Муніцыпальны раён: Усьвяцкі
Насельніцтва: 2674 чал. (2017)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +7 81150
Паштовы індэкс: 182570
Нумарны знак: 60
Геаграфічныя каардынаты: 55°44′55″ пн. ш. 30°45′20″ у. д. / 55.74861° пн. ш. 30.75556° у. д. / 55.74861; 30.75556Каардынаты: 55°44′55″ пн. ш. 30°45′20″ у. д. / 55.74861° пн. ш. 30.75556° у. д. / 55.74861; 30.75556
Усьвяты на мапе Расеі
Усьвяты
Усьвяты
Усьвяты
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Усьвя́ты — мястэчка ў Расеі, паміж азёрамі Ўзьменем і Ўсьвятам. Адміністрацыйны цэнтар Усьвяцкага раёну Пскоўскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год — 2674 чалавекі. Знаходзіцца за 320 км на паўднёвы ўсход ад Пскова, каля граніцы зь Беларусьсю.

Усьвяты — даўняе места гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захавалася сядзіба Радзянкаў, помнік архітэктуры XIX ст.

Першы пісьмовы ўпамін пра горад Усьвяты (Въсвячь, пазьней Въсвяты, Усвячь, Свячь, Усть-Свято) датуецца 1021 годам, калі князь кіеўскі Яраслаў перадаў яго князю полацкаму Брачыславу. Паселішча ўваходзіла ў склад Полацкага, пазьней Віцебскага княстваў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1320 годзе Ўсьвяты далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага як спадчына жонкі Альгерда Марыі. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) яны значацца сярод «літоўскіх» замкаў. У пачатку XVI ст. места трапіла пад уладу Маскоўскай дзяржавы, з 1548 году — ізноў у Вялікім Княстве Літоўскім, уладаньне Грычынавічаў, з 1554 году — Кішкаў.

Агульны выгляд, да 1918 г.

За часамі Інфлянцкай вайны ў 1562 годзе маскоўскія войскі захапілі Ўсьвяты і ў 1567 годзе збудавалі ў ім крэпасьць. У 1580 годзе войскі Рэчы Паспалітай вызвалілі места, 17 жніўня тут спыняўся Стэфан Баторы. Згодна зь Ям-Запольскім мірам 1583 году Ўсьвяты засталіся ў Вялікім Княстве Літоўскім.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе маскоўскія войскі зноў акупавалі Ўсьвяты. У 1667 годзе, згодна з Андрусаўскай дамоваю, места засталося за Вялікім Княствам Літоўскім.

Паводле інвэнтару 1743 году, у цэнтры Ўсьвятаў знаходзіўся Рынак, на якім стаяла царква Сьвятога Спаса, купецкія крамы і склады. Места падзялялася на сем кварталаў, дзе было 232 гаспадаркі: 160 гаспадарак мяшчанаў, 30 гаспадарак месьцічаў-агароднікаў, 34 гаспадаркі месьцічаў-бабылёў і 8 вольных людзей. Усьвяцкі замак на той час ужо страціў сваё значэньне як фартыфікацыі і быў рэзыдэнцыяй адміністратара і гаспадарчым цэнтрам уладаньня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Рынак. Царква-мураўёўка, да 1918 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Усьвяты апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вяліскім павеце Полацкага намесьніцтва, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. Статус паселішча панізілі да сяла. У 1773 годзе Кацярына II падаравала яго расейскаму генэрал-пракурору А. Вяземскаму.

У пачатку XIX ст. Усьвяты перайшлі ў валоданьне графа Зубава, пазьней — Энгельгарда, княжны Соф’і Юсупавай, яе сына Аляксандра Пацёмкіна, графа Шувалава, графа Рыбап’ера, генэрала Дурасава, ангельцаў Ідэна, Бальфура, Аршысьціяда. На 1892 год тут было 360 дамоў, дзеялі 2 царквы. У пачатку XX ст. мястэчка атрымала вядомасьць цэнтру гарбарства (тут працавалі 8 гарбарняў)[1].

25 сакавіка 1918 году Ўсьвяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яго разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР, з 1924 году ў Пскоўскай губэрні (з 1957 году ў Пскоўскай вобласьці). У 1926 годзе беларускія бальшавікі прасілі вярнуць Усьвяты БССР, аднак Масква не задаволіла гэтую просьбу[2]. У 1985 годзе паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

  • XVIII стагодзьдзе: 1743 год — 1,5 тыс. чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 2142 чал.[3], зь іх 247 мяшчанаў; 1857 год — 305 мяшчанаў; 1892 год — 1034 чал.[4]
  • XX стагодзьдзе: 1939 год (перапіс) — 2948 чал., зь іх 1229 (41,69 %) расейцаў, 812 (27,5 %) беларусаў, 636 (24,9 %) юдэяў, 271 (9,2 %) іншых; 1979 год — 2745 чал.; 1989 год — 3643 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 3148 чал.; 2009 год — 2871 чал.; 2010 год — 2961 чал.; 2011 год — 2950 чал.; 2012 год — 2872 чал.; 2013 год — 2804 чал.; 2014 год — 2759 чал.; 2015 год — 2713 чал.; 2016 год — 2717 чал.; 2017 год — 2674 чал.

Сярод прадпрыемстваў Усьвятаў — прамысловы камбінат, асфальтабэтонны завод, пякарня.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захавалася нэалітычнае паселішча Ўсьвяты IV.

  • Замчышча (XVI ст.), на якім знаходзіцца помнік архітэктуры XIX ст. — сядзіба Радзянкі (г. зв. «Белы дом»)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Аляксей Сапуноў (1851—1924) — беларускі гісторык, археограф, краязнавец, дасьледнік помнікаў старажытнай культуры

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Паводле інвэнтару 1743 году, асаблівасьцю Ўсьвятаў была поўная адсутнасьць жыдоў сярод жыхароў места[5]
  1. ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 300.
  2. ^ Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагодзьдзі: вернутае // Радыё Свабода, 8 сакавіка 2007.
  3. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 58.
  4. ^ Krzywicki J. Uświat // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 849.
  5. ^ Голубеў В. Усвяты і Усвяцкае староства паводле інвентарных апісанняў пер. пал. XVIII ст. // Беларускае Падзвінне-2014. Ч. 1. — Наваполацак, 2017. С. 20.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]