Андрусаўскае замірэньне
Выгляд
(Перанакіравана з «Андрусаўская дамова»)
Андрусаўскае замірэньне | |
Андрусаўская дамова аб замірэньні 1667 году | |
Тып дамовы | Мірная дамова |
---|---|
Падпісаная | 30 студзеня 1667 |
· месца | в. Андрусава (Смаленскае ваяводзтва) |
Набыла моц | 1667 |
· умовы | перадача Масковіі Кіева, левабярэжнае Ўкраіны, Севершчыны ды Смаленскага ваяводзтва выплата Рэчы Паспалітай 1 млн злотых |
Тэрмін дзеяньня | 13,5 год |
Страціла моц | 30 ліпеня 1680 |
Падпісанты | Апанас Ордын-Нашчокін Юры Глябовіч |
Бакі | Масковія Рэч Паспалітая |
Статус | нядзейная |
Андрусаўскае замірэньне — мірная дамова, падпісаная паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай тэрмінам на 13,5 гадоў. Скончыла вайну Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг.
Пагадненьне было заключанае 30 студзеня 1667 г. ў вёсцы Андрусава (на мяжы Мсьціслаўскага і Смаленскага ваяводзтваў). З боку Рэчы Паспалітай дамову падпісаў Юры Глябовіч, з боку Маскоўскага царства — Апанас Ордын-Нашчокін.
Умовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замірэньне было заключанае на 13,5 год, цягам якіх бакі павінныя былі выпрацаваць умовы вечнага міру.
- Да Масковіі перайшлі Смаленскае ваяводзтва зь местамі Дарагабуж, Белая, Красны, Невель, Вяліж і Себеж, Северская зямля з Чарнігавам і Старадубам і Левабярэжная Ўкраіна. Агулам тэрытарыяльныя страты Рэчы Паспалітай склалі блізу паловы яе тэрыторыі.
- Рэчы Паспалітай заставаліся Правабярэжная Ўкраіна і Беларусь, у тым ліку акупаваныя маскавітамі гарады Віцебск, Полацак, Дзьвінск; іх насельніцтву гарантавалася свабода праваслаўнага веравызнаньня і недатыкальнасьць праваслаўных япархіяў.
- Кіеў быў перададзены Масковіі на 2 гады, але так і ня быў вернуты. У 1686 годзе па ўмовах «вечнага міру» канчаткова перайшоў пад уладу Маскоўскай дзяржавы, якая сплаціла за яго 146 000 рублёў.
- Запароская Сеч апынулася пад агульным пратэктаратам абедзьвюх дзяржаваў, якія абавязаліся ва ўзаемнай дапамозе дзеля здушэньня там хваляваньняў. Гэта разьвеяла спадзевы запарожцаў на стварэньне ўласнае дзяржавы, і казацкі гетман Пятро Дарашэнка пачаў шукаць дапамогі ў туркаў.
- Рэч Паспалітая і Масковія абавязаліся супольна выступіць супраць крымскага хана і Асманскае імпэрыі ў выпадку татарскіх набегаў на Ўкраіну.
- Было гарантаванае права вольнага гандлю між абедзьвюма краінамі.
- За землі Левабярэжнай Украіны Масковія сплаціла Рэчы Паспалітай 1 000 000 злотых (каля 200 000 рублёў).