Перайсьці да зьместу

Севастопальская меская рада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Севастопальская меская рада
укр. Севастопольська міська рада
Агульныя зьвесткі
Краіна Украіна
Статус меская рада
Адміністрацыйны цэнтар Севастопаль
Улучае 4 раёны
Найбольшы горад Севастопаль
Іншыя буйныя гарады Севастопаль, Інкерман
Дата ўтварэньня 14 красавіка 1992
Старшыня рады Юры Дойнікаў
(апошні легітымны)
Афіцыйныя мовы украінская
Шчыльнасьць 440,4 чал./км²
Нацыянальны склад расейцы, украінцы
Плошча 864 км² км² (27-е месца)
Месцазнаходжаньне Севастопальскай мескай рады
Севастопальская меская рада на мапе
Мапа Севастопальскай мескай рады
Севастопальская меская рада, мапа
Мэдыя-зьвесткі
Тэлефонны код 692
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Севастопальская ме́ская ра́да (укр. Севастопольська міська рада) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Ўкраіны, разьмешчаная на поўдні краіны, на крайнім паўднёвым захадзе паўвостраву Крым. Мяжуе толькі з адзінай іншай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай дзяржавы — Аўтаномнай Рэспублікай Крым, адміністрацыйная мяжа зь якой пралягае на поўначы, усходзе й паўднёвым усходзе рады; на захадзе й поўдні абмываецца Чорным морам. Севастопальская меская рада мае статус асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Ўкраіны першага ўзроўню, не ўваходзячы ў склад Аўтаномнай Рэспублікі Крым і падпарадкоўваючыся непасрэдна органам цэнтральнае ўлады Ўкраіны.

Гэтым жа тэрмінам (укр. Севастопольська міська рада або скарочана Севастопольська міськрада) акрэсьліваецца орган мясцовага самакіраваньня адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Разьмешчаная на поўдні Ўкраіны, знаходзячыся на крайнім паўднёвым захадзе паўвостраву Крым, на поўначы, усходзе й паўднёвым усходзе праходзіць адміністрацыйная мяжа з Аўтаномнай Рэспублікай Крым, на захадзе й поўдні — узьбярэжжа Чорнага мора. Такім чынам, Аўтаномная Рэспубліка Крым уяўляе сабою адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Ўкраіну першага ўзроўню, зь якою мяжуе Севастопальская меская рада. Агульная даўжыня берагавой лініі — 143 км, адміністрацыйнае мяжы з АРК — 106 км. Плошча тэрыторыі рады — 864 км², што робіць раду найменшай паводле плошчы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Украіны першага ўзроўню[1].

На ўсходзе тэрыторыі, падпарадкаванай радзе, праходзяць узвышшы, што адносяцца да Крымскіх гораў. Па ўсёй тэрыторыі рады распасьцёртыя параўнальна невялікія рэкі Байдар, Бяльбек, Кача, Узунджа й Чорная, якія ўпадаюць у Чорнае мора, працякаючы з усходу на захад. На захадзе ўнутар тэрыторыі ўразаецца акваторыя Севастопальскае бухты, якая адначасова адразае паўночную частку Севастопалю, г. зв. Паўночны бок (укр. Північна сторона).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Севастопальскае мескае рады. Блакітным — Нахімаўскі раён, зялёным — Балаклаўскі, чырвоным — Ленінскі, ружовым — Гагарынскі.

У адміністрацыйным дачыненьні Севастопальская меская рада падзеленая на чатыры раёны, пры гэтым уласна тэрыторыя гораду Севастопаль не зьяўляецца тоеснай панятку Севастопальская меская рада і не ўтварае ў ейным складзе асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі другога ўзроўню. Уся тэрыторыя рады ўключае акрамя ўласна гораду Севастопаль самастойнае места Інкерман, а таксама пасёлак мескага тыпу Кача і 29 паселішчаў сельскага тыпу (28 сёлаў і 1 пасёлак)[1].

Тэрыторыя ўласна гораду Севастопалю займае параўнальна невялікую прыбярэжную тэрыторыю на паўднёвым захадзе тэрыторыі рады й не складае асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў яе складзе. Адносна рады тэрыторыя места Севастопаль падзеленая між трыма з чатырох раёнаў, пры гэтым адзін з гэтых трох раёнаў — Нахімаўскі, уключае ня толькі кварталы гораду Севастопаль, але й некаторыя прадмескія тэрыторыі. Астатнія з трох раёнаў, Ленінскі ды Гагарынскі, уключаюць толькі мескія тэрыторыі Севастопалю. Балаклаўскі раён гарадзкія тэрыторыі Севастопалю не ўключае.

Гагарынскі раён займае крайні захад Севастопальскае мескае рады — Гераклейскі паўвостраў, і ўключае толькі тэрыторыі ўласна гораду Севастопаль. На ўсход ад раёну месьціцца Ленінскі раён, які таксама ўключае выключна мескія севастопальскія тэрыторыі. На ўсход і поўнач Ленінскага раёну, пабаапал Севастопальскае бухты знаходзіцца Нахімаўскі раён, які займае практычна ўвесь поўнач Севастопальскае рады і з гэтае прычыны ўключае ня толькі тэрыторыі ўласна места Севастопаль, але й пэўныя прадмескія тэрыторыі й паселішчы (Качынская пасялковая, Андрэеўская сельская, Верхнесадоўская сельская рады). На паўднёвы ўсход ад Нахімаўскага й на ўсход ад астатніх раёнаў разьмешчаны Балаклаўскі раён, які займае абсалютную большасьць ад тэрыторыі Севастопальскае мескае рады. Дадзены раён не ўключае тэрыторыі ўласна гораду Севастопаль, аднак у ягоны склад уваходзяць горад Інкерман (Інкерманская меская рада), населены пункт Балаклава, які фармальна ня мае статусу места, і вялікая колькасьць сельскіх паселішчаў (аб’яднаныя пад юрысдыкцыяй Арлінаўскай і Цярноўскай сельскіх радаў).

Дэталёвы сьпіс
  • Гагарынскі раён;
  • Ленінскі раён;
  • Нахімаўскі раён:
  • Качынская пасялковая рада:
  • пасёлак мескага тыпу Кача;
  • Вішнёвае (Эскі-Элі);
  • Арлоўка (Мамашай);
  • Асіпенка;
  • Полюшка;
  • Андрэеўская сельская рада:
  • Андрэеўка (Аклеіз);
  • Сонячны;
  • Верхнесадоўская меская рада:
  • Верхнесадовае (Дуванкой);
  • Дальняе (Камышлы);
  • Камышлы;
  • Пірагоўка (Аджыкой);
  • Паваротнае;
  • Франтавое;
  • Фруктовае;
  • Балаклаўскі раён:
  • Інкерманаўская меская рада:
  • места Інкерман;
  • Арлінаўская сельская рада:
  • Азёрнае;
  • Арлінае (Байдар);
  • Ганчарнае (Варнавутка);
  • Калхознае (Узунджы);
  • Кізілавае;
  • Новабаброўскае (Бага);
  • Паўлаўка (Сахцік);
  • Перадавое (Уркуста);
  • Падгорнае (Календа);
  • Рэзэрвнае (Кючук-Мускомія);
  • Раднікоўскае (Скеле);
  • Расашанка (Саватка);
  • Тылавое (Хайто);
  • Шырокае (Бююк-Мускомія);
  • Цярноўская сельская рада:
  • Цярноўка;
  • Радное.

Паводле зьвестак на 1 красавіка 2014 году насельніцтва, якое пражывала ў межах Севастопальскае мескае рады, складала 385 998 чал., у тым ліку[2]:

наяўнае
насельніцтва,
чал.
у т.л.
мескае
насельніцтва,
чал.
сталае
насельніцтва,
чал.
у т.л.
мескае
насельніцтва,
чал.
плошча
сушы,
км2
[3]
Балаклаўскі раён 45084 34583 44926 34426 544,9
у т.л. горад Інкерман 12031 12031 11850 11850
і кварталы Севастопалю[a] 22552 22552 22576 22576
сельскія н/п 10501 0 10500 0
Гагарынскі раён 124514 124514 123950 123950 61,1
Ленінскі раён 111107 111107 110069 110069 26,0
Нахімаўскі раён 105293 91909 105090 91639 231,5
у т.л. пгт Кача 5124 5124 5121 5121
і кварталы Севастопалю[b] 86785 86785 86518 86518
сельскія н/п 13384 0 13451 0
м. Севастопаль[c] 344958 344958 343113 343113
Агулам 385998 362113 384035 360084 863,5

У 1992 годзе на аснове закону Ўкраіны «Аб прадстаўніку прэзыдэнта Ўкраіны» й Указу прэзыдэнта краіны ад 14 красавіка 1992 году «Аб становішчы мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі» і распараджэньні прэзыдэнта №9 ад 24 красавіка гэтага ж году была спыненая дзейнасьць Севастопальскага выканкаму Севастопальскага гарсавету, замест якога была зацьверджаная Севастопальская меская дзяржаўная адміністрацыя. У чэрвені 1994 году былі праведзеныя першыя прамыя выбары старшыні Севастопальскае мескае рады. 2 жніўня наступнага году ў адпаведнасьці з пунктам 1 указу прэзыдэнта Ўкраіны «Аб абласных, Кіеўскай і Севастопальскай мескіх, раённых у гарадох Кіеў і Севастопаль дзяржаўных адміністрацыях» была сфармаваная меская дзяржаўная адміністрацыя рады[4]. У верасьні 1998 году Канстытуцыйны Суд Украіны адмовіў у прамым абраньні старшыні рады ў сувязі з адсутнасьцю закону аб статусе Севастопалю, з прычыны чаго старшыня Севастопальскае мескае рады абіраецца дэпутатамі на сэсіі мескае рады.

З 2012 году ў сувязі з ратыфікацыяй Украінай Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў і моваў меншасьцяў і прыняцьцем закону «Аб захадах дзяржаўнае моўнае палітыкі» расейская мова, будучы роднаю мовай больш чым 10% ад насельніцтва рады, атрымала мажлівасьць набыць рэгіянальны статус, які й быў ёй нададзены мясцовымі дэпутатамі 16 верасьня 2012 году[5].

У лютым — сакавіку 2014 году праз уцёкі адпраўленага ў адстаўку прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча й прызначэньнем в. а. прэзыдэнта Аляксандра Турчынава ў Севастопалі атрымалі разьвіцьцё пратэсты прарасейскіх сілаў, накіраваныя супраць новых уладаў краіны, у ходзе чаго легітымныя мясцовыя ўлады былі адхіленыя самаабвешчанымі палітычнымі сіламі прарасейскай арыентацыі. У сярэдзіне сакавіка самаабвешчаныя ўлады Севастопальскае мескае рады аб’явілі пра правядзеньне незаконнага паводле заканадаўства Ўкраіны рэфэрэндуму аб статусе тэрыторыі, у выніку якога паводле сьцьвярджэньняў самаабвешчаных палітычных структураў атрымаў перавагу варыянт «за ўзьяднаньне з Расеяй». Празь невялікі час самаабвешчаныя ўлады рады аб’явілі пра ўваходжаньне ў склад АРК (самаабвешчаныя ўлады якой пераназвалі аўтаномію ў Рэспубліку Крым), якая 16 сакавіка году фармальна аб’явіла незалежнасьць і адразу ж падала прашэньне аб уваходжаньні ў склад Расеі, кіраўніцтва якой ухваліла гэтую просьбу й абвясьціла ўключэньне самаабвешчанай Рэспублікі Крым у склад Расейскае Фэдэрацыі на правох двух асобных суб’ектаў фэдэрацыі (адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак) — уласна Рэспублікі Крым, тэрытарыяльна адпаведнай АРК Украіны, і места фэдэральнага значэньня Севастопаль, тэрытарыяльна адпаведнага Севастопальскай мескай радзе.

Працэс прыходу прарасейскіх сілаў, а таксама рэфэрэндум аб зьмене статусу рады зьяўялецца незаконным паводле заканадаўства Ўкраіны й не прызнаецца цэнтральнымі органамі ўлады краіны, што робіць расейскі кантроль над тэрыторыяй рады толькі фактычным (дэ-факта). Ужо да фактычнага ўсталяваньня кантролю Расеі над Севастопальскай мескай радай самаабвешчаныя ўлады рэгіёну скасавалі афіцыйны статус украінскае мовы, што таксама супярэчыць існаму заканадаўству.

  1. ^ Былы горад Балаклава.
  2. ^ Паўночны й Карабельны бакі места.
  3. ^ Гагарынскі, Ленінскі раёны, севастопальскія тэрыторыі Нахімаўскага раёну, былы горад Балаклава.
  1. ^ а б м. Севастополь. Облікова картка (укр.) Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны. Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
  2. ^ Зьвесткі на 1 красавіка 2014 г. (рас.). Упраўленьне статыстыкі ў г. Севастопалі. Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
  3. ^ м. Севастополь (райони у містах). Регіони України та їх склад (укр.) Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны. Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
  4. ^ Указ Президента України. Про обласні, Київську та Севастопольську міські, районні, районні у містах Києві та Севастополі державні адміністрації (укр.) Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны (1995). Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
  5. ^ Дві області і Севастополь зробили російську регіональною // Украінская Праўда. — 2012.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]