Перайсьці да зьместу

Адраджэньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рэнэсанс»)
«Вітрувіянскі чалавек» Леанарда да Вінчы

Адраджэ́ньне, ці Рэнэса́нс (па-француску: Renaissance, па-італьянску: Rinascimento) — эпоха ў гісторыі культуры Эўропы, якая прыйшла на зьмену культуры Сярэднявечча й папярэднічала культуры новага часу. Прыкладнымі храналягічныя рамкамі эпохі зьяўляюцца пачатак XIV — апошняя чвэрць XVI стагодзьдзя. У той жа час, фармавацца эпоха пачала ў XIII стагодзьдзі, што было акрэсьлена асобным тэрмінам — протарэнэсанс.

Як культурны рух, ён ахоплівае росквіт лацінскай і народнай літаратуры. У палітыцы Рэнэсанс спрыяў разьвіцьцю канвэнцыяў дыпляматыі, гэтак і ў навуцы больш шырокаму выкарыстаньню мэтаду назіраньня. Гісторыкі часьцяком спрачаюцца наконт ідэі, што гэты пэрыяд быў інтэлектуальнай трансфармацыяй і мостам паміж Сярэднявеччам і сучаснасьцю. Не зважаючы на тое, што ў часы Рэнэсансу назіраліся новыя падыходы й узрушэньні ў сацыяльнай сфэры й палітыцы, бадай, Адраджэньне перш за ўсё вядома сваімі мастацкімі творамі, такімі, як працы Леанарда да Вінчы й Мікелянджэлё[1][2].

Паводле самага распаўсюджаннага меркаваньня Рэнэсанс пачаўся ў Флярэнцыі, Італія, у XIV стагодзьдзі[3]. Розныя тэорыі прапанавалі для тлумачэньня ягонага паходжаньня й характарыстык, асаблівую сацыяльную, грамадзянскую й палітычную структуру Флярэнцыі, арыентуючыся на розных фактарах. Адным з галоўных фактараў сталася заступніцтва сям’і Мэдычы, якая мела вялізны ўплыў у гэтым італьянскім месцы[4]. Таксама пачатку Рэнэсансу спрыяла міграцыя грэцкіх навукоўцаў, якія прывозілі з сабой розныя тэксты й веды ў Італію, пасьля заваёвы Канстантынопалю туркамі-асманамі[5].

Адметная рыса эпохі Адраджэньня — сьвецкі характар культуры й ейны антрапацэнтрызм, то бок цікавасьць, у першую чаргу, да чалавека й ягонай дзейнасьці. Зьяўляецца цікавасьць да антычнай культуры, адбываецца ейнае «адраджэньне» — гэтак і зьявіўся тэрмін.

Эпоха Адраджэньня ставіла перад сабой дзьве задачы: падпадрадкаваць усе сілы прыроды розуму чалавека і ліквідаваць фэўдалізм. Першую задачу пасьпяхова вырашылі навукоўцы і мысьляры, другую — палітычныя дзеячы[6].

У XV стагодзьдзі Рэнэсанс пачаў распаўсюджвацца зь вялікай хуткасьцю з Флярэнцыі, першапачаткова па астатняй частцы Італіі, і, неўзабаве, даўшоў да астатняй часткі Эўропы. Вынаходніцтва друкаванага станка нямецкім друкаром Ёганам Гутэнбэргам дазволіла хутчэй перадаваць новыя ідэі. З распаўсюдам, ідэі Адраджэньня зьмяняліся, адаптуючыся да мясцовай культуры.

У Ангельшчыне Элізабэцінская эпоха азнаменавала пачатак ангельскага Адраджэньня, што зьвязана з працамі пісьменьнікаў Ўільяма Шэксьпіра, Крыстафэра Марла, Эдмунда Спэнсэра, сэра Томаса Мора, Фрэнсіса Бэкана, сэра Філіпа Сыдні, Джона Мілтана, а таксама выбітных мастакоў, архітэктараў, як то Ініга Джонзам, які прынёс італьянскую архітэктуру ў Ангельшчыну, і кампазытараў, як то Томас Таліс, Джон Тавэрнэр і Ўільям Бэрд.

У 1495 годзе італьянскі Рэнэсанс пачаў пранікаць у Францыю, што было зьвязана з уварваньнем караля Францыі Карла VIII у Італію. Фактарам, які спрыяў распаўсюджваньню сэкулярызму была няздольнасьць Царквы процістаяць распаўсюду ў Эўропе чорнай сьмерці. Францішак I запрасіў да свайго двару шматлікіх італьянскіх мастакоў, у тым ліку Леанарда да Вінчы, і будаваў багатыя палацы за вялікія грошы. Такія пісьменьнікі, як Франсуа Рабле, П’ер дэ Рансар, Жаашэн дзю Бэле й Мішэль дэ Мантэнь, мастакі, як то Жан Клюэ й музыкі, як то Жан Мутон таксама працавалі ў духу Адраджэньня.

Вялікае княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Францішак Скарына — усходнеславянскі першадрукар

На тэрыторыю Беларусі Адраджэньне прыйшло ў XVI стагодзьдзі й панавала да першай паловы XVII стагодзьдзя.

Перадумовамі станаўленьня й разьвіцьця культуры Адраджэньня на беларускіх землях сталі ўзаемасувязі Вялікага Княства Літоўскага з краінамі Заходняй Эўропы, адносна дэмакратычны лад жыцьця, рост гарадоў, завяршэньне працэсу фармаваньня беларускага этнасу й старабеларускай мовы. Тыповыя рысы рэнэсансавай культуры (гуманізм, свабодалюбства, патрыятызм, антыдагматычнасьць) выразна праявіліся ў культурна-асьветніцкай, творчай дзейнасьці Францішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага ды іншых. Расквітнела летапісаньне, заняпала жыційная літаратура, былі створаны хронікі, гістарыяграфічныя творы, на старабеларускую мову перакладаліся ўзоры сьвецкай прозы. Пашырэньню рэнэсансавых ідэяў паспрыяла ўзьнікненьне й хуткае разьвіцьцё мясцовага друкарства ў Берасьці, Нясьвіжы, Лоску, Любчы, Бялынічах, Ашмянах, Цяпіне.

Літаратура перастала быць ананімнай, цэлая плеяда літаратараў, публіцыстаў (Мялеці Сматрыцкі, Андрэй Волян, Афанасі Філіповіч, Андрэй Рымша, Лаўрэнці й Стафан Зізані, Іпаці Пацей і іншыя) гучна заявіла пра сябе творамі высокага мастацкага й эстэтычнага ўзроўню, напісанымі на старабеларускай, лацінскай і польскай мовах. Зьявіліся прафэсійныя паэты, атрымала разьвіцьцё мэмуарная літаратура.

Пасьпяхова разьвівалася архітэктура, што знайшло адлюстраваньне ў будаўніцтве шматлікіх ратушаў, храмаў, палацаў, шпіталяў, дамоў цэхавых брацтваў ды іншых. Спачатку рэнэсансавыя рысы спалучаліся з элемэнтамі готыкі (Мірскі замак, Мураванкаўская Царква Раства Багародзіцы). У XVI — сярэдзіне XVII стагодзьдзя рысы Адраджэньня праявіліся й у выяўленчым мастацтве, якое спалучала заходнеэўрапейскія традыцыі, асаблівасьці бізантыйскай мастацкай спадчыны й адметныя рысы творчасьці мясцовых мастакоў. Пашырыўся жанр партрэту, у якім праявілася рэнэсансавае разуменьне асобы чалавека. Фармаваўся жанравы й батальны жывапіс. У беларускім іканапісе ўзьнікла наватарская плынь, што выявілася ва ўвядзеньні ў сюжэтную канву побытавых і этнаграфічных дэталяў. У беларускім мастацтве першай паловы XVII стагодзьдзя формы Адраджэньня суіснавалі з рысамі маньерызму, але паступова пачалі саступаць віднае месца стылістыцы барока.

  1. ^ BBC Science and Nature, Leonardo da Vinci
  2. ^ BBC History, Michelangelo
  3. ^ Burke, P., The European Renaissance: Centre and Peripheries 1998
  4. ^ Strathern, Paul The Medici: Godfathers of the Renaissance (2003)
  5. ^ Har, Michael H. History of Libraries in the Western World, Scarecrow Press Incorporate, 1999, ISBN 0-8108-3724-2
  6. ^ Федарцова Т. М. Гісторыя сучаснай літаратуры. Класіцызм. Барока. Асветніцтва. — Мінск: БДТУ, 2008. — С. 3. — ISBN 978-985-434-729-5

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]