Перайсьці да зьместу

Нямецкая хваля

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Нямецкая хваля»

Лёга з 2012 г.
Горад Бон
Краіна Нямеччына
Слоган Зроблена для розумаў
Фармат Навіновы
Частасьць 15530 кілягэрц
Мачта Наўэн(de) (зямля Брандэнбург)
Магутнасьць 500 кіляват (2016)
Час вяшчаньня 11 гадзінаў (3:00-8:00, 13:00-19:00 UTC)
Зона вяшчаньня Аўганістан, Афрыка, Мадагаскар
Пачатак працы 3 траўня 1953 (71 год таму)
Доля 4,2% (2007)[1]
Заснавальнік Урад Нямеччыны
Уласьнік Згуртаваньне радыёвяшчальнікаў Нямеччыны(de)
Кіраўнікі Пэтэр Лімбург(de)
Сайт dw.com
Twitter dw_deutsch
Facebook dw.deutschewelle
YouTube deutschewelle
Он-лайн-трансьляцыя akamaihd.net

«Нямецкая хваля» (НХ; ням. Deutsche Welle, DW) — дзяржаўная радыёстанцыя Нямеччыны, заснаваная ў траўні 1953 г. у Кёльне (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) для замежнага вяшчаньня. У 2003 г. сядзібу перамясьцілі ў Бон. На 2016 г. падавала навіны на 10 мовах Азіі (арабская, бэнгальская, гіндзі, дарыйская, інданэзійская, кітайская, пуштунская, пэрсыдзкая, турэцкая, урду), 3 мовах Афрыкі (амхарская, суахілі, хаўса) і 14 мовах Эўропы (альбанская, ангельская, баўгарская, гішпанская, грэцкая, македонская, нямецкая, партугальская, польская, расейская, румынская, сэрбскахарвацкая, украінская, француская). Радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася на кароткіх хвалях і праз спадарожнік на 9 мовах: амхарскай (Этыёпія), ангельскай, грэцкай, дарыйскай (Аўганістан), партугальскай, пуштунскай, суахілі (Кенія, Танзанія, Уганда), францускай і хаўса (Нігер, Нігерыя). Мае ў падпарадкаваньні аднайменны(de) спадарожнікавы тэлеканал, заснаваны 1 красавіка 1992 году ў Бэрліне. Налічвала звыш 3000 супрацоўнікаў з 60 краінаў.

Сядзіба ў Боне (2014 г.)

2 сьнежня 2005 г. а 20:30 радыё «Нямецкая хваля» пачало беларускамоўнае вяшчаньне на сярэдніх хвалях і частасьці 1555 кілягэрц[2] у выглядзе 15-хвіліннай перадачы «Беларуская хроніка». 1 красавіка 2009 г. выпуск перадачы «Беларуская хроніка» спынілі[3]. Да кастрычніка 2009 г. бэрлінская тэлестудыя «Нямецкай хвалі» пачала выпускаць 4 беларускамоўныя тэлеперадачы («Будучыня», «На колах», «Эўрамакс» і «Эўропа сёньня»), што паказвалі зь серады па суботу на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» (Варшава, Польшча)[4]. Да 2013 г. выпуск тэлеперадачаў спынілі.

28 кастрычніка 2021 году сайт НХ заблякавалі ў Беларусі[5].

Радыёстудыя ў Боне (2006 г.)

У сакавіку 2022 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі Telegram-канал «DW Беларусь» і лягатып Нямецкай хвалі[6]. У красавіку 2024 году Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь абвясьціла «DW Беларусь» экстрэмісцкім фармаваньнем[7].

Замежныя перадавальнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. радыёстанцыя выкарыстоўвала 7 замежных радыёперадавальнікаў.

3 траўня 1953 г. у Кёльне (Заходняя Нямеччына) дзяржаўная радыёстанцыя «Нямецкая хваля» пачала вяшчаньне на кароткай хвалі даўжынёй 25 мэтраў з частасьцю 11,795 кілягэрц з урачыстага звароту 1-га прэзыдэнта Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына Тэадора Гойса (1949—1959). Першая перадача ажыцьцяўлялася з 11:30 да 14:30 са студыі «Паўночна-заходняга нямецкага радыёвяшчаньня»(de) (Кёльн), заснавага ў траўні 1945 году. 11 чэрвеня 1953 г. Згуртаваньне радыёвяшчальнікаў Нямеччыны(de) падпісала з «Паўночна-заходнім нямецкім радыёвяшчаньнем» («ПЗНР») пагадненьне аб кіраваньні радыё «Нямецкая хваля». У 1954 г. запусьцілі 5-хвіліннае вяшчаньне на ангельскай, гішпанскай, партугальскай і францускай мовах. У 1955 г. «Нямецкая хваля» перайшла ў кіраваньне вылучанага з «ПЗНР» «Заходненямецкае радыёвяшчаньня»(de) (Кёльн). У 1956 г. радыёстанцыя займела першы ўласны радыёперадавальнік у г. Юліх(de), што на захад ад Кёльна. У 1959 г. запусьцілі вяшчаньне на арабскай мове. У 1960 г. «Нямецкая хваля» стала самастойнай радыёстанцыяй. 7 чэрвеня 1962 г. уступіла ў Згуртаваньне радыёвяшчальнікаў Нямеччыны(de).

Былая сядзіба ў Кёльне (2003 г.)

У 1965 г. пры «Нямецкай хвалі» адчынілі навучальны асяродак для радыёжурналістаў з Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Першымі навучэнцамі ў Кёльне сталі 3 радыётэхнікі дзяржаўнага радыё «Руанда»(en) (Кігалі). У 1970 г. у Заходнім Бэрліне адчынілі навучальны асяродак у галіне тэлебачаньня, у партугальскім горадзе Сініш(pt) (Сітубальская акруга) пусьцілі радыёперадавальнік. 10 красавіка 1972 г. у Баварыі запусьцілі перавадальнік Вэрташталь(de) магутнасьцю 500 кіляват. У 1974 г. нямецкая служба радыё перайшла на кругласодневае вяшчаньне, пачаў працу радыёперадавальнік на Мальце. У 1975 г. у брытанскай калёніі Антыгуа (цяпер Антыгуа і Барбуда) адчынілі перадавальнік сумесна з Брытанскай вяшчальнай карпарацыяй. У 1987 г. навучальны асяродак выпусьціў 1000-га навучэнца.

Уваход у сядзібу ў Бэрліне (2008 г.)

У 1990 г. у навучальным асяродку ў галіне тэлебачаньня прайшлі падрыхтоўку 12 тэлежурналістаў Вугоршчыны і Польшчы. У жніўні 1990 г. адбылося падпісаньне пагадненьня аб супрацы з Маскоўскім радыё. У 1991 г. савецкія радыёглушыльнікі пад Іркуцкам, Куйбышавам і Новасыбірскам пераабсталявалі для перадачы радыёсыгналаў «Нямецкай хвалі» на Азію. У 1992 г. падрыхтоўку прайшлі журналісты індыйскага дзяржаўнага радыё «Нябесны голас»(hi) (Нью-Дэлі), сэрбскахарвацкую службу радыё падзялілі на сэрбскую і харвацкую. 1 ліпеня 1993 г. радыё «Вяшчаньне Нямеччыны»(de) (Кёльн) перадало «Нямецкай хвалі» службы на 11 эўрапейскіх мовах.

Лягатып 1995-2012 гг.

У 1994 г. «Нямецкая хваля» мела звыш 2200 супрацоўнікаў. У верасьні 1994 г. радыёстанцыя займела сайт dwelle.de, зь якога ў 1995 г. пачала сеціўнае радыёвяшчаньне. У 1998 г. расейскамоўнае вяшчаньне павялічылі з 8 да 13 гадзінаў на дзень, нямецкамоўнае — скарацілі да 4 гадзінаў. У 2001 г. адбыўся пераход у новы дамэн dw-world.de. У 2012 г. сайт займеў дамэн dw.de, гадавы каштарыс склаў каля 271 млн эўра. 22 чэрвеня 2015 г. радыёстанцыя перайшла на сучасны дамэн у сеціве (dw.com), набыты ў 2013 годзе. У 2014 г. каштарыс склаў 323,8 млн эўра, зь іх 311,4 млн эўра (96%) дзяржаўных сродкаў[9].

Арабская рэдакцыя радыё (1960 г.)
Назоў Год пачатку Год сканчэньня
Нямецкая 1953
Ангельская 1954
Француская
Гішпанская
Партугальская
Арабская 1959
Пэрсыдзкая 1962
Турэцкая
Расейская
Польская
Чэская 2000
Славацкая 2000
Вугорская 2000
Сэрбскахарвацкая
Суахілі 1963
Хаўса
Інданэзійская
Баўгарская
Румынская
Славенская
Грэцкая 1964
Гіндзі
Бэнгальская
Урду
Італьянская 1998
Кітайская 1965
Амхарская
Японская 1969 2000
Македонская
Пуштунская 1970
Дарыйская
Дацкая 1993 1998
Нарвэская
Нідэрляндзкая
Альбанская 1992
Украінская 2000
Беларуская 2005 2009
  1. ^ Нацыянальнае апытаньне ў верасьні 2007 г. (пытаньне №58) (рас.) // Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаванняў (НІСЭПД), 15 кастрычніка 2007 г. Праверана 30 траўня 2016 г.
  2. ^ Барыс Тумар, Яўген Васілеўскі. «Нямецкая хваля» перайшла на беларускую // Наша ніва : газэта. — 23 сьнежня 2005. — № 48 (454). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
  3. ^ Марына Рахлей. Паляпшэньне адносін Менска з ЕС — яшчэ не нагода для згортваньня мэдыяпраектаў для беларусаў і па-беларуску, лічаць экспэрты // БелаПАН, 10 ліпеня 2009 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
  4. ^ «Нямецкая хваля» на «Белсаце» // Тэлеканал «Белсат», 18 чэрвеня 2012 г. Архіўная копія ад 18 чэрвеня 2012 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
  5. ^ АГ/ИР. (2021-10-28) Перестали открываться сайты газеты «Новы час» и ресурсов «Настоящее время» и «Deutsche Welle» (рас.). БелсатПраверана 2021-10-28 г. Архіўная копія ад 2021-10-28 г.
  6. ^ Материалы Deutsche Welle признаны экстремистскими в Белоруссии (рас.) Інтэрфакс Праверана 2024-04-30 г.
  7. ^ Белорусскую службу DW признали экстремистским формированием (рас.) РБК(ru) Праверана 2024-04-30 г.
  8. ^ Кароткахвалевыя частасьці (ням.) // «Нямецкая хваля», 1 сакавіка 2016 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
  9. ^ Каштарыс выдаткаў і даходаў за 2014 фінансавы год (ням.) // «Нямецкая хваля», 2015 г. Праверана 27 траўня 2016 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]