Перайсьці да зьместу

Генрык Сянкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Генрык Сянкевіч
Henryk Sienkiewicz
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Henryk Adam Aleksander Pius Sienkiewicz
Псэўданімы Litwos
Нарадзіўся 5 траўня 1846
Воля-Акшэйска на Падляшшы, Царства Польскае, Расейская імпэрыя (цяпер — Польшча)
Памёр 15 лістапада 1916 (70 гадоў)
Вэвэ, Швайцарыя
Пахаваны
Сужэнец Марыя Шаткевіч[d], Марыя Раманоўская-Валадковіч[d] і Марыя Бабская[d]
Дзеці Jadwiga Korniłowiczowa[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці навэліст, сцэнарыст, журналіст, пісьменьнік, навэліст
Гады творчасьці з 1869
Кірунак гістарычныя раманы, белетрыстыка
Жанр аповесьць, рэпартаж[d], аповесьць[d], апавяданьне і фэльетон[d]
Мова польская мова[1]
Дэбют «Сялянка маладосьці», 1867
Значныя творы Агнём і мячом
Патоп
Пан Валадыёўскі
Сям'я Палянэцкіх
Quo vadis
Крыжакі
У пустыні і ў пушчы
Прэміі Нобэлеўская прэмія па літаратуры (1905)
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
[[::pl:s:Henryk_Sienkiewicz|Творы]] ў Вікікрыніцах
Творы на сайце Knihi.com

Генрык Сянкевіч (па-польску: Henryk Sienkiewicz, поўнае імя Ге́нрык А́дам Алякса́ндар Пі́юс Сянке́віч, па-польску: Henryk Adam Aleksander Pius Sienkiewicz; 5 траўня 1846, Воля-Акшэйска на Падляшшы — 15 лістапада 1916, Вэвэ, Швайцарыя) — польскі навэліст, пісьменьнік і публіцыст; ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1905) «за яго выдатныя заслугі як эпічнага пісьменьніка»[2]; адзін з самых папулярных пісьменьнікаў мяжы XIX—XX стагодзьдзяў.

Нарадзіўся ў вёсцы Воля-Акшэйска ў Лукаўскай зямлі ў зьбяднелай шляхецкай сям’і, якая была вядома пад гербам Ошык, па мячы выведзенай з татараў, аселых на Літве[3] ў XV—XVI стагодзьдзях. Яго бацькі Юзаф Сянкевіч (1813—1896) і Стэфанія Цецішоўская (1820—1873). Быў адным з шасьці дзяцей (4 сястры і брат)[4]. Воля-Акшэйска належала бабцы пісьменьніка, Фэліцыяне Цецішоўскай. Быў ахрышчаны ў суседняй мясцовасьці Акшэя ў касьцёле сьвятых Пятра і Паўла[5], у касьцёле, фундатаркай якога была прабабка пісьменьніка. Ужо ў дзіцячыя гады з захапленьнем чытаў Гамэра і выказваў жывую цікавасьць да польскай эпікі XVII ст[6]. Сям’я зь цягам часу пераехала ў Гроткі, пасьля ў Выгнанава, Патканы каля Пшытыка, потым ў Грабаўцы і Вужычын, каб у 1861 годзе застацца ў Варшаве. У 1858 годзе Сянкевіч пачаў вучыцца ў Варшаўскай гімназіі (распачаў вучобу ў адным з гмахаў Варшаўскага ўнівэрсытэту, пасьля працягнуў вучобу ў школе, якая разьмяшчаецца ў Палацы Сташыца, і скончыў гімназію на вуліцы Каралеўскай). У той час, калі вучыўся ў школе ў 1864 годзе атрымаў сваю першую ўзнагароду за працу «Прамова Жалкеўскага да войска пад Цэцорай». У школе аднак ня меў бліскучых посьпехаў, найлепш ішлі гуманітарныя прадметы. Праз тое, што ён меў складанае матэрыяльнае становішча і ня мог разьлічваць на фінансавую дапамогу бацькоў, дзевятнаццацігадовы Сянкевіч уладкаваўся гувэрнэрам у сям’і Вэйхераў у Плоньску. У 1866 годзе атрымаў атэстат сталасьці. Па жаданьні бацькоў здаў іспыты на лекарскі факультэт Галоўнай школы ў Варшаве, аднак адмовіўся ад мэдыцыны й паступіў у інстытут права, каб у выніку перавесьціся на філялягічна-гістарычны факультэт. Атрымаў там грунтоўныя веды па літаратуры й старапольскай мове. Хутчэй за ўсё тады ж напісаў сваю першую неапублікаваную аповесьць «Ахвяра». Працаваў таксама над сваёй аповесьцю «Дарэмна». Першая літаратурная спроба адбылася яшчэ ў 1867 годзе, калі ён напісаў вершаваны твор «Сялянка маладосьці», які адмовіліся друкаваць ў «Ілюстраваным Тыднёвіку». У 1869 годзе дэбютаваў журналістам. Тыднёвы агляд надрукаваў яго рэцэнзію на тэатральны спэктакль, а «Ілюстраваны Тыднёвік» разьмясьціў артыкул пра Мікалая Сэмпа Сажынскага. Сянкевіч пісаў пад псэўданімам Litwos (Літвос) у «Польскую Газэту» й «Нівы». У 1873 годзе быў надрукаваны яго фэльетон «Бяз назвы», а ў 1875 годзе цыкл «Chwila obecna» (бел. Прысутная хвіліна). З 1874 году вядзе літаратурную галіну ў «Ніве».

Помнік Генрыку Сянкевічу ў Акшэі. Зьлева — родная вёска пісьменьніка, Воля-Акшэйска

У 1872 годзе выдаў аповесьць «Дарэмна» (польск. Na marne), а таксама «Гумарэскі з тэчкі Варшылы» (польск. Humoreski z teki Worszyłły), пазьней «Стары слуга» (польск. Stary sługa, 1875), «Ганя» (польск. Hania, 1876), а таксама «Сэлім Мірза» (польск. Selim Mirza, 1877). Тры апошнія творы называюць «малой трылёгіяй». Бываў у папулярных тагачасных варшаўскіх салёнах: у сваёй сваячкі Ядзьвігі Лушчэўскай, вядомай пад літаратурным псэўданімам Deotyma, а таксама ў акторкі Гэлены Маджэеўскай.

У лютым 1876 Генрык Сянкевіч разам з Гэленай Маджэеўскай і групай знаёмых паехалі ў падарожжа па ЗША. У тыя часы гэта не было чымсьці паўсядзённым. У сваіх лістах у газэту Сянкевіч пісаў: «Чалавек, які едзе ў Амэрыку, зараз яшчэ рэдкасьць. Уяўляю сабе, нават, калі я вярнуся ў Лукаўскі павет, зь якім у мяне зьвязаныя асабістыя стасункі, мяне лічаць як мінімум месяц за такога мясцовага Фэрдынанда Картэса». У Амэрыцы даўжэй затрымаліся ў Каліфорніі. Менавіта ў той час былі напісаныя «Лісты з падарожжа ў Амэрыку» (польск. Listy z podróży do Ameryki), якія былі надрукаваныя ў «Газэце Польскай» і якія атрымалі шырокі водгук ад чытачоў. Напісаў таксама «Замалёўкі вуглём» (польск. Szkice węglem, 1876). Пад уражаньнем ад падарожжа па Злучаных Штатах напісаў яшчэ некалькі твораў: «Камэдыя з памылак» (польск. Komedia z pomyłek, 1878) «Праз стэпы» (польск. Przez stepy, 1879) «У краіне золата» (польск. W krainie złota, 1880), «За хлебам» (польск. Za chlebem, 1880), «Ліхтарнік» (польск. Latarnik, 1881), «Успаміны з Марыпозы» (польск. Wspomnienia z Maripozy, 1882), «Індэйскі правадыр» (польск. Sachem, 1883).

У 1878 годзе Генрык Сянкевіч вярнуўся ў Эўропу. Спачатку, затрымаўся ў Лёндане, а пазьней на цэлы год застаўся ў Парыжы. Знаходзячыся ў Францыі, ён пазнаёміўся з новым літаратурным кірункам — натуралізмам. У 1878 годзе напісаў навэлу «Янка Музыка» (польск. Janko Muzykant). У 1879 годзе ў артыкуле «З Парыжа» Сянкевіч сьцьвярджае: «Для аповесьці натуралізм быў бы ідэальным, неабходным і магчыма быў бы адным крокам наперад». Але пазьней, праз два гады, ён зьмяніў сваю думку, і выказваўся пра натуралізм у крытычным тоне. Ён выразіў свае меркаваньні пра сутнасьць натуралізму і літаратурнай дзейнасьці як такой у крытычных артыкулах: «Пра натуралізм у аповесьці» (1881), «Пра аповесьць гістарычную» (1889) «Лісты аб Золі» (1893).

Карэспандэнцыя са Злучаных Штатаў была апублікаваная ў польскай прэсе, атрымала шырокі грамадзкі водгук і абудзіла зацікаўленасьць да яго асобы. Чым быў выкліканы посьпех пісьменьніка вельмі добра патлумачыў Баляслаў Прус у артыкуле «Што пан Сянкевіч робіць з прыгажэйшай паловай Варшавы» (польск. Co p. Sienkiewicz wyrabia z piękniejszą połową Warszawy) на палосах Варшаўскага Кур’ера ў 1880 годзе:

Ужо пасьля вяртаньня з Амэрыкі, амаль кожная дама, пераходзячы вуліцу, прымала кожнага зграбнага й прыгожага мужчыну за Сянкевіча (...) Нарэшце, калі я заўважыў, што кожны мужчына мае фрызуру а ля Сянкевіч і ўсе маладыя хлопцы як адзін адпускаюць густыя бароды, спрабуючы атрымаць падобныя рысы твару і колер скуры, я ўсьвядоміў, што хачу пазнаёміцца зь ім асабіста (...) З свайго боку, дзе я сядзеў, я мог убачыць, што заля запоўненая амаль цалкам прыгожым полам. Некалькі мужчынаў, якія прыйшлі туды, каб цешыць дамаў ці пісаць справаздачы, правялі нагэтулькі шмат часу ў жаночай кампаніі, што пачалі размаўляць у жаночым родзе.

Арыгінальны тэкст  (пол.)
Już po powrocie z Ameryki, prawie każda z dam, przechodząc ulicą, posądzała prawie każdego wyższego i przystojnego mężczyznę o to, że jest Sienkiewiczem. (...) Nareszcie spotykając co krok fryzury á la Sienkiewicz, wiedząc, że młodzi panowie jeden po drugim zapuszczają Hiszpanki, starają się mieć posągowe rysy i śniadą cerę, postanowiłem poznać jego samego (...) Z mego kąta widzę, że sala prawie wyłącznie zapełniona jest przez płeć piękną. Kilku mężczyzn, którzy tam byli do robienia grzeczności damom albo pisania sprawozdań, tak już w ciżbie kobiet potracili poczucie własnej indywidualności, że mówili: byłam, czytałam, wypiłyśmy we dwie sześć butelek…

У 1879 годзе ў Львове Сянкевіч выступіў з дакладам пад назвай «Зь Нью-Ёрку ў Каліфорнію» (польск. Z Nowego Jorku do Kalifornii). У 1880 годзе ў Познані, у гатэлі Базар, ён прэзэнтаваў сваю навэлу «За хлебам», і пазьней у Варшаве выступаў з двума дакладамі аб натуралізьме ў літаратуры. У 1879 годзе, вяртаючыся зь Львова ў Шчаўніцу, прачытаў даклад аб сваім жыцьці ў Амэрыцы. У Шчаўніцы ўпершыню сустрэў сваю будучую жонку Марыю Шчаткевіч. Калі Сянкевіч даведаўся, што сям’я Шчаткевічаў зьбіраецца паехаць ў Вэнэцыю, пісьменьнік паехаў за імі й у Вэнэцыі пазнаёміўся з Марыяй бліжэй. 18 жніўня 1881 году яны ўзялі шлюб у касьцёле Ўсіх Сьвятых Жанчынаў на Тэатральнай плошчы (цяпер ужо не існуе). Ад шлюбу нарадзіліся дзеці: Генрых Юзаф і Ядзьвіга Марыя. Але шлюб быў ня доўгім, Марыя памерла ў 1885 годзе ад тубэркулёзу.

У 1879—1881 гадах напісаў драму «На адной старонцы», якую ставілі ў тэатрах у Львове й Варшаве.

Помнік Генрыку Сянкевічу ў Слупску

У 1882 годзе Генрык Сянкевіч пачаў супрацоўнічаць з штодзёньнікам «Слова» (часопіс аб тэндэнцыях кансэрватыўна-шляхецкіх) і сьпярша нават быў яго рэдактарам. У гэтым часопісе ў лютым — сакавіку і зьявілася яго чарговая навэла «Бартэк Пераможца» (польск. Bartek Zwycięzca).

У 1880 годзе напісаў гістарычны твор «Татарская навала» й працаваў над гістарычным раманам «Агнём і мячом». У лісьце да рэдактара кракаўскай газэты «Час» Станіслава Смолкі 1 лютага 1884 пісаў: «Што да вялікай аповесьці, то яна хутчэй за ўсё будзе мець назву „Воўчае гняздо“. Дзея адбываецца ў часы Яна Казімера, падчас казацкага паўстаньня». Успомненая ў лісьце аповесьць «Воўчае гняздо» была ўзгаданая ў калёнках «Слова» ад 2 траўня 1883 да 1 сакавіка 1884 году пад назвай «Агнём і мячом». «Агнём і мячом» аднойчы друкавалася ў варшаўскім «Слове» і кракаўскім «Часе».

Гэтая аповесьць (так жа як і чарговыя часткі «Трылёгіі») прынесла пісьменьніку вялікую папулярнасьць і была вельмі добра ўспрынятая. Шмат асобаў у лістах пыталіся пра далейшыя лёсы ўлюбёных герояў. Горад Збараж у 1879 годзе назваў адну з сваіх вуліц імем Сянкевіча, у 1884 Яцэк Мальчэўскі выставіў так званыя жывыя вобразы на падставе «Агнём і мячом», зьявіўся спэктакль паводле аповесьці, а ў 1990 годзе жыхары Збаража дамовіліся нават на пабудову касьцёльнай плошчы, сьцьвярджаючы, што там спачываюць нашчадкі Падбіпяты. Аповесьць таксама сустрэла й крытыка. Крытыкавалі пераважна гістарычныя прызначэньні.

Другая палова 1880-х і пачатак 1890-х — гэта для Сянкевіча пэрыяд вельмі цяжкай працы над некалькімі аповесьцямі. У хуткім часе пісьменьнік распачаў працу над чарговай часткай трылёгіі — «Патопам»; загаловак тычыўся швэдзкага патопу. Гэтая аповесьць была таксама надрукавана ўрыўкамі ў «Слове» — (з 23 сьнежня 1884 па 2 верасьня 1886). Гэта быў цяжкі пэрыяд у жыцьці пісьменьніка, у гэты час памерла Марыя Сянкевіч. Нягледзячы на гэта раман хутка разьбіў сэрцы чытачоў і ўмацаваў сваю літаратурную пазыцыю. Пасьля сьмерці жонкі пісьменьнік рушыў у Канстантынопаль (праз Бухарэст і Варну), адкуль пісаў лісты. Пасьля вяртаньня ў Варшаву выдаў трэцюю частку трылёгіі «Пан Валадыёўскі». І гэты раман зьявіўся ў «Слове» (з траўня 1887 па травень 1888 году). Трылёгія ўзьнесла Сянкевіча на пік папулярнасьці і зрабіла яго самым папулярным польскім пісьменьнікам. Стэфан Жэромскі ў сваіх дзёньніках напісаў: «Сам бачыў у Сандамэрскім, як усе тыя, нават, што нічога не чытаюць, патрабавалі „Патоп“». У якасьці прызнаньня Сянкевіч атрымаў ад невядомага паклоньніка, які падпісаўся Панам Валадыёўскім, даволі вялікія грошы — 15000 рублёў. Грошы гэтыя прызначыў у фонд імя Марыі Сянкевіч для тых, хто хварэе на тубэркулёз.

Генрык Сянкевіч

Пасьля напісаньня трылёгіі Сянкевіч піша навэлу «Тая трэцяя» (польск. Ta trzecia) (1888), пра жыцьцё багемы. У 1888 годзе аўтар «Патопу» падарожнічае па Гішпаніі. У 1890 годзе далучаецца да арганізацыі году, прысьвечанага Адаму Міцкевічу. У студзені 1891 накіраваўся ў Афрыку. Гэта падарожжа вядома «Лістамі з Афрыкі». У 1891 годзе зьявілася кніжнае выданьне аповесьці «Бяз догмы» (польск. Bez dogmatu), якое было надрукаванае раней (з 1889 па 1890) на старонках «Слова». У 1892 годзе Сянкевіч падпісаў кантракт на раман «Сям’я Палянэцкіх» (кніжны варыянт якога зьявіўся ў 1895 годзе), сёлета пісьменьнік пачаў працаваць над раманам з крыжацкіх часоў, у 1893 годзе распачаў падрыхтоўку да напісаньня раману «Quo vadis».

У яго прыватным жыцьці зьявілася Марыя Раманоўская, прыёмная дачка адэскага багацея Валадковіча. Шлюб адбыўся 11 лістапада 1893 году, аднак празь некаторы час дзяўчына пакінула мужа. Сянкевіч атрымаў папскае пацьверджаньне скасаваньня сакраманту шлюба. У гэты час напісаў раман «Сям’я Палянэцкіх» (кастрычнік 1894).

У 1894 годзе выйшлі першыя разьдзелы «Quo vadis», якія зьявіліся ў друку ў сакавіку 1895 году ў варшаўскай «Газэце Польскай», кракаўскім «Часе», а таксама ў «Дзёньніку Познанскім» (зь лютага 1896 году). Кніжнае выданьне зьявілася трохі пазьней і займела ашаламляльны посьпех па ўсёй Эўропе. Гэтая кніга, вельмі папулярная да сёньняшняга дня, была перакладзеная на шматлікія мовы, у тым ліку на арабскую й японскую, а таксама й на эспэранта. «Quo vadis» шмат разоў быў адаптаваны й ставіўся на сцэнах тэатраў, была напісаная нават опэра, якая абапіралася на матывы рамана, а ў 1913 годзе быў зьняты першы фільм. Потым раман экранізаваўся яшчэ некалькі разоў.

Маёнтак Сянкевіча ў Аблягорку

У 1896 годзе пісьменьнік распачаў працу над сваім новым раманам «Крыжакі», які быў скончаны праз чатыры гады, у 1900-м годзе. Сёлета (1900) пісьменьнік, пры падтрымцы ўсяго грамадзтва адзначыў 25-гадовы юбілей творчай працы і атрымаў ад народа маёнтак у Аблягорку, дзе стварыў дзіцячы дом. У тым жа годзе Ягелонскі ўнівэрсытэт прысвоіў яму тытул доктара honoris causa. Сянкевіч удзельнічаў у грамадзкіх справах. У 1901 годзе напісаў адозву па справе дзяцей у Вжэсьні, у 1906 — зьвярнуўся да землякоў з ЗША з просьбай дапамагчы галадаючым у Царстве Польскім.

У 1904 годзе ўзяў шлюб з Марыяй Бабскай. У 1905 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры «за выбітныя заслугі ў жанры эпасу». У прамове з гэтай нагоды, Сянкевіч адзначыў, што такі гонар асабліва каштоўны для сына Польшчы: «яе лічылі памерлай, а гэта адзін з тысячы доказаў, што яна жыве» — дадаючы — «лічылі яе параненай, а гэта новы доказ таго, што яна ўмее перамагаць». Напісаў раман «На полі хвалы» (польск. Na polu chwały) (1903—1909), які павінен быў стаць пачаткам новай трылёгіі. У «Варшаўскім кур’еры» за 1910 год зьмясьціліся ўрыўкі ягонага моладзевага рамана «У пустыні й у пушчы» (польск. W pustyni i w puszczy)

У 1905 годзе, адказваючы на пытаньні з анкеты, дасланай парыскай газэтай «Le Courrier Europeen», напісаў:

Трэба любіць сваю айчыну мацней за ўсё й трэба думаць перш за ўсё пра ёйнае шчасьце. Але адначасова першым абавязкам сапраўднага патрыёта зьяўляецца клопат пра тое, каб яго Радзіма ня толькі не стаяла супраць людзкога шчасьця, а каб была адной зь яго падставаў. Толькі ў такіх умовах разьвіцьцё радзімы стане справай, цікавай для ўсіх людзей. Інакш кажучы, дэвізам для ўсіх патрыётаў павінны быць словы: цераз Радзіму да народа, а не дзеля Радзімы супраць народа.

Арыгінальны тэкст  (пол.)
Należy miłować ojczyznę nade wszystko i należy myśleć przede wszystkim o jej szczęściu. Ale jednocześnie pierwszym obowiązkiem prawdziwego patrioty jest czuwać nad tym, by idea jego Ojczyzny nie tylko nie stanęła w przeciwieństwie do szczęścia ludzkości, lecz by się stała jedną z jego podstaw. Tylko w tych warunkach istnienie i rozwój Ojczyzny staną się sprawą, na której całej ludzkości zależy. Innymi słowy, hasłem wszystkich patriotów powinno być: przez Ojczyznę do ludzkości, nie zaś: dla Ojczyzny przeciw ludzkości
Труна Генрыка Сянкевіча ў крыпце архікатэдральнай базылікі Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Варшаве

Пасьля выбуху вайны Генрык Сянкевіч зьехаў у Швайцарыю. Разам зь Ігнацыем Янам Падарэўскім быў адным з заснавальнікаў Швайцарскага генэральнага камітэту дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы. Памёр у Вэвэ 15 лістапада 1916 году, дзе й быў пахаваны.

У 1924 годзе, ужо ў вольнай Польшчы, парэшткі пісьменьніка былі ўрачыста перавезеныя ў Польшчу. Па дарозе церазь землі Швайцарыі, Аўстрыі, Чэхіі людзі выказвалі яму шанаваньне. 27 кастрычніка 1924 году адбылася ўрачыстасьць каля помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве, дзе прамову агучыў Станіслаў Вайцяхоўскі. У канцы труну з саркафагу пахавалі ў Варшаве ў сутарэньні катэдральнага касьцёлу сьв. Яна каля труны прэзыдэнта Габрыеля Нарутовіча. У 1944 годзе падчас варшаўскага паўстаньня, нямецкія нацысты разбурылі катэдру, пасьля вайны саркафаг і катэдру аднавілі.

Генрык Сянкевіч быў кавалерам францускай Ганаровай Лігі й замежным чальцом Сэрбскай Акадэміі Навук і мастацтваў.

Шыльда на вуліцы Сянкевіча ў Слубіцах (леваруч стары мескі герб)
  • 1873 «Гумарэскі з тэчкі Варшылы» (польск. Humoreski z teki Worszyłły)
  • 1875 «Стары слуга» (польск. Stary sługa)
  • 1876 «Ганя» (польск. Hania)
  • 1877 «Сэлім Міжа» (польск. Selim Mirza)
  • 1877 «Замалёўкі вуглём» (польск. Szkice węglem)
  • 1878 «Янка Музыкант» (польск. Janko Muzykant)
  • 1880 «Зь дзёньніка познанскага настаўніка» (польск. Z pamiętnika poznańskiego nauczyciela)
  • 1880 «Татарская навала» (польск. Niewola tatarska)
  • 1882 «Бартэк Пераможца» (польск. Bartek Zwycięzca)
  • 1882 «Jamioł» (польск. Jamioł)

Навэлы амэрыканскія:

Беларускія пераклады

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Бартэк пераможнік / Гэнрык Сенкевіч. — Вільня : выданне Беларускага выдавецкага таварыства, 1926. — 83 с.
  • Янка-музыкант. Мн., 1938.
  • Апавяданні. Мн., 1955.
  • Quo Vadis: Раман / Пер. з пол. П. Татарыновіча [лацінскім шрыфтам]. — Рым: Выдавецтва «Źnič», 1956. — 476 с.
  • Крыжакі: Раман: Для ст. шк. ўзросту / Пер. з пол. М. П. Кенькі; [Прадм. і камент. М. П. Кенькі]. — Мн.: Вытвор.-камерц. інавац. прадпрыемства «Асар», 1997. — 719 с. — (Школьная бібліятэка).
  • Quo Vadis: Раман. / Пер. з пол. П. Татарыновіча; [Прадм., камент., транслітарацыя і рэд. В. Мартыненкі]. — Мн. : «Медысонт», 2002. — 411 с.

Экранізацыі твораў Генрыка Сянкевіча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Год Беларуская назва Арыгінальная назва Краіна Раман Здымачная група Іншае
1902 Quo Vadis? Францыя Quo Vadis? (раман) Чорна-белы, нямы
1912 Quo Vadis?

Італія Куды ідзеш? (раман) Чорна-белы, нямы
1912 Krwawa dola Польшча Замалёўкі вуглём Чорна-белы, нямы
1915 Патоп Расея Патоп (раман) Іван Мазжухін Чорна-белы, нямы
1920 Anna Італія Чорна-белы, нямы
1921 Na jasnym brzegu Польшча Навэла Чорна-белы, нямы
1923 Bartek Zwyciezca Польшча Бартэк Пераможца Чорна-белы, нямы
1925 Quo Vadis? Італія Quo Vadis (раман) Рэж. Габрыеліна д’Анунцыё
1930 Janko Muzykant Польшча Янка-музыка
1932 The Sign of the Cross ЗША Quo Vadis (раман)
(не экранізацыя, але з актыўным
выкарыстаньнем перапрацаванага рамана)
Намінаваны на Оскар
1951 Quo Vadis (фільм, 1951) Quo Vadis ЗША Quo Vadis (раман) Робэрт Тейлар, Дэбора Кер, Элізабэт Тэйлар У ролі Нэрона — Пітэр Усьцінаў. Рэж. Мэрвін Лерой Намінаваны на восем Оскараў
1957 Szkice weglem Польшча Замалёўкі вуглём
1960 Крыжакі (фільм) Krzyzacy Польшча Крыжакі (раман)
1963 Col ferro e col fuoco Італія Агнём і мячом (раман)
1969 Пан Валадыёўскі (фільм) Pan Wolodyjowski Польшча Пан Валадыёўскі (раман) Фільм Ежы Гофмана
1973 W pustyni i w puszczy Польшча У пустыні і ў пушчы
1974 Патоп (фільм) Potop Польшча Патоп (раман) пры падтрымцы «Беларусьфільму» Фільм Ежы Гофмана
1974 W pustyni i w puszczy Польшча У пустыні і ў пушчы Тэлесэрыял
1985 Quo Vadis Італія Quo vadis (раман) Клаўс Марыя Брандаўэр (импэратар Нэрон) Тэлесэрыял
1999 Агнём і мячом (фільм) Ogniem i mieczem Польшча Агнём і мячом Фільм Ежы Гофмана
2001 W pustyni i w puszczy Польшча У пустыні і ў пушчы
2001 Quo Vadis? Польшча Quo Vadis (раман) Фільм Ежы Кавалеровіча (1922-2007)
2002 W pustyni i w puszczy Польшча У пустыні й у пушчы Тэлесэрыял
  1. ^ Sienkiewicz, Henryk, 1846-1916 // CONOR.SI
  2. ^ «Because of his outstanding merits as an epic writer» // Нобэлеўская прэмія па літаратуры 1905  (анг.)
  3. ^ Lockert, Lacy (1919), «Henryk Sienkiewicz», The Sewanee Review 27 (3): 257—283  (анг.)
  4. ^ Drzewo genealogiczne  (пол.)
  5. ^ Miejsce chrzcin pisarza  (пол.)
  6. ^ История польской литературы. Том 1. Издательство «Наука». Москва, 1968. С. 562  (рас.)

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]