Перайсьці да зьместу

Аляксандар Аскерка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Аскерка
Аляксандар Аскерка
Аляксандар Аскерка

Герб «Мурдэліё»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1830
Памёр 11 студзеня 1911
Пахаваны
Род Аскеркі
Бацькі Уладзіслаў Аскерка
Ядвіга з Гечэвічаў
Жонка Тэадозія з Грабоўскіх
Дзеці Ядвіга, Соф’я, Марыя
Дзейнасьць публіцыст

Аляксандар Юстыніян Аскерка (1830, маёнтак Рудакоў Рэчыцкага павету — 11 студзеня 1911, вёска Відзы-Лаўчынскія Браслаўскага павету) — беларускі грамадзкі дзяяч, удзельнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (18631864), публіцыст, выдавец. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданьне першага беларускамоўнага лемантару-катэхізіса «Элемэнтаж для добрых дзетак-каталікоў».

Прадстаўнік старажытнага шляхецкага роду Аскеркаў гербу «Мурдэліё». Яго род некалькі пакаленьняў адносіўся да рэгіянальнай эліты Мазырскага і Рэчыцкага паветаў ВКЛ. Зьяўляўся праўнукам менскага кашталяна (1777—1779) графа Адама Міхала Ракіцкага, уласьніка Брагіну. Сын Уладзіслава і Ядвігі з Гечэвічаў.

Нарадзіўся ў сям’і Ўладзіслава Ігнатавіча Аскеркі (1793—не жыў у 1834) і Ядвігі Вінцэнтаўны Гечэвіч (1805—?), якая была дачкой менскага губэрнатара (1818—1831) Вінцэнта Янавіча Гечэвіча (1770—1840). Ягонным поўным імем, нададзеным пры хросьце, было Аляксандар Юстыніян. Бацька быў уласьнікам маёнткаў Рудакоў у Рэчыцкім павеце й Раеўшчына ў Вялейскім павеце. Зь інвэнтарнага вопісу маёнтка Рудакоў, складзенага 1 лістапада 1844 г., вядома, што ён адносіўся да Рэчыцкага павета й уключаў вёску Рудня (13 сем’яў сялян). Вопіс быў складзены на валоданьне маёнткам нашчадкамі маянткоўца — Сафіі, Генрыка (Генрыка-Юстына), Аляксандра (Аляксандра-Юсьцініяна) Уладзіслававічаў Аскеркаў. У іх уладаньні былі занесены й фальваркі Мокіш (27 сем’яў) і Бабчын (40 сем’яў) у Рэчыцкім павеце, што былі іх спадчынай ад іх бабкі — графіні Ізабелы Адамаўны-Міхалаўны Ракіцкай, дачкі менскага кашталяна (1777—1779) графа Адама-Міхала Ракіцкага. Усяго ў маёнтку ў 1844 г. лічылася 7 157 дзесяцінаў зямлі, 492 мускіх і 466 жаночых душ. Акрамя таго ва Ўладзіслава меўся яшчэ адзін сын Іпаліт-Эдмунд Уладзіслававіч Аскерка (1825—?), які, напэўна, памёр у маленстве, калі адсутнічаў у сьпісе спадчыньнікаў.

Уладзіслаў Ігнатавіч Аскерка спачатку насіў тытул рэчыцкага падкаморыца, бо яго бацька Ігнат Ежавіч Аскерка (1758—1803), ажэнены з графіняй Ізабелай Ракіцкай, быў пасьлядоўна рэчыцкім гродзкім судзьдзёй (1786—1793), рэчыцкім судовым падстаростам (1789—1795), рэчыцкім падстаростам (1797—1802), рэчыцкім павятовым падкаморым (1802—1803) і, паводле сьведчаньня («крэдэнса») генэрал-лейтэнанта й рэчыцкага судовага старосты графа Юзафа Міхалавіча Юдыцкага, яшчэ і шамбялянам (упам. 1786 г.) караля Станіслава-Аўгуста. Сам жа Ўладзіслаў Ігнатавіч Аскерка ў часы Расейскай імпэрыі быў выбраны на дваранскіх выбарах у Менску на дваранскую пасаду засядацеля І-га дэпартамэнта Галоўнага Суда Менскай губэрні (упам. 1817 г.), а пазьней выбіраўся на дваранскіх выбарах на пасаду рэчыцкага павятовага падкаморыя (упам. 1829 г.).

У юнацтве Аляксандр Аскерка вучыўся ў Вільні ў «прыватным пансыёне». Скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт. У 18531857 на вайсковай службе ў грэнадэрскім імя караля Фрыдрыха Вільгельма палку, афіцэр рэзэрву. Быў на варце балтыйскіх берагоў падчас Крымскай вайны (1853—1855). Звольніўся з вайсковай службы «па хваробе» у рангу паручніка й пасяліўся ў сваім спадчынным маёнтку Раеўшчына ў Вялейскім павеце (маёнтак Рудакоў у Рэчыцкім павеце пасьля сьмерці бацькі па спадчыне перайшоў да старэйшага яго брата Генрыка Ўладзіслававіча Аскеркі) і пачаў кар’еру грамадзкага дзеяча.

Праца над сялянскай рэформай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля зваленьня са службы, аасяліўся ў сваім маёнтку Раеўшчына Вялейскага павету. Як чалец Менскага губэрнскага камітэту для ўладкаваньня побыту сялянаў удзельнічаў у распрацоўцы ўмоваў сялянскай рэформы (1861), у працы рэдакцыйных камісіяў у Пецярбургу; выступаў у друку датычна пытаньняў земскага крэдыту. 3 1861 чалец Віленскай установы ў сялянскіх справах. Вылучаўся лібэральнымі поглядамі, падчас падрыхтоўкі сялянскай рэформы па адмене прыгону працаваў з 30 жніўня 1858 г. у Менскім губэрнскім камітэце па сялянскіх справах (1858—1861) — быў не выбраны дваранамі ад павета, а прызначаны менскім губэрнатарам (1858—1861) Эдуардам Келерам у камітэт (разам з маянткоўцам Менскага павета графам Фларыянам Ржавускім) у ліку двух прадстаўнікоў ад губэрнскай улады. Браў удзел у працы рэдакцыйных камісый у Санкт-Пецярбургу, а з 1861 г. працягваў рыхтаваць умовы правядзеньня сялянскай рэформы ўжо ў Вільні — быў членам установы па сялянскіх справах. Як і многія дваране-маянткоўцы літоўска-беларускіх губэрняў, якія распрацоўвалі праект сялянскай рэформы для імпэратара, быў праціўнікам надзяленьня сялян зямлёй пасьля адмены прыгону. У друку прапагандаваў ідэю земскага крэдыту. Быў супрацоўнікам Віленскай археалягічнай камісыі і камісыі, якая займалася апекаю над дзецьмі.

Навуковая й адукацыйная дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Браў удзел у працы Віленскай археалягічнай камісіі. У газэце «Kurier Wileński» прапагандаваў неабходнасьць стварэньня сельскіх школаў і бібліятэк для беларускага, польскага і летувіскага насельніцтва. Сябраваў з Уладзімерам Спасовічам. У 1862 зладзіў у Варшаве выданьне беларускага лемантару-катэхізу («Элемэнтаж для добрых дзетак каталікоў»)[1]. Гісторыя выданьня лемантару паходзіла ад ініцыятывы «Таварыства Пянтковічаў» (па-польску: Stowarzyszenie Piątkowiczów), кіраўніком якога быў Яўстах Чарноўскі. Таварыства ў 1862 годзе перайшло да культурна-адукацыйна дзейнасьці для дзяцей сялян, рамесьнікаў, працоўных[2]. На тэрыторыі Сьвянцянскага й Ашмянскага паветаў для беларускіх дзяцей навучаньне праводзілася на беларускай мове лацінкаю[2]. На патрэбу курсаў «Таварыства Пянтковічаў» у 1862 годзе Аляксандар Аскерка выдае першы лемантар на беларускай мове[2].

Паўстаньне 1863—1864 гадоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часе паўстаньня быў адным з кіраўнікоў партыі «белых» на Літве (Беларусі). У канцы лютага 1863 увайшоў у склад паўстанцкага Аддзелу кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў вайсковымі справамі і віленскай мескай арганізацыяй (начальнік места Вільні).

Напярэдадні Студзеньскага паўстаньня (1863—1864) увайшоў у склад групоўкі «белых» і стаў адным зь яе актыўных кіраўнікоў у Літве й Беларусі. У газеце «Kurіer Wіleńskі» прапагандаваў неабходнасьць стварэньня вясковых школаў і бібліятэкаў для беларускага, польскага й літоўскага насельніцтва, якое пражывала ў Віленскай губэрні. У 1862 г. арганізаваў у Варшаве выданьне «тыражом кнігарні Цэльса Лявіцкага ў будынку Тэатра» у друкарні К. Кавалеўскага беларускамоўнага лемантару-катэхізіса «Элемэнтаж для добрых дзетак-каталікоў». На 40 старонках брашуры зьмяшчаўся альфабэт, азы арытмэтыкі й асноўныя рэлігійныя павучаньні, сярод якіх: «Старайся, каб дзеткі твае вучыліся <…> чытаць і пісаць». Відавочна, пасьля апублікаваньня Маніфэсту 19 лютага 1861 г. аб адмене прыгону, каб забясьпечыць эканамічныя інтарэсы шляхты ад яго стратных наступстваў, Аскерка стварыў і ўзначаліў Літоўскае земскае крэдытнае таварыства (ЛЗКТ). Меркавалася, што членамі яго стануць усе дваране-землеўладальнікі літоўска-беларускіх губэрняў і такім чынам у рамках арганізацыі, непадкантрольнай дзяржаве, будуць аб’яднаныя землі й фінансы краіны. Гэта, побач з чаканым дыпляматычным ціскам з боку Велікабрытаніі й Францыі, быў адзін з тых мірных спосабаў дасягненьня незалежнасьці ад Расейскай імпэрыі, на якія спадзяваліся члены групоўкі «белых» у Літве й Беларусі. Гісторык С. П. Марозаў падаў архіўныя зьвесткі, паводле якіх ЛЗКТ, магчыма, не ад самога заснаваньня, але было сапраўдным цэнтрам падрыхтоўкі паўстаньня, а ў выпадку яго перамогі стала б гатовым урадам для адноўленага Вялікага Княства Літоўскага. Дасьледнік прывёў меркаваньне чыноўніка з расейскай адміністрацыі С. Крэйца, які ў другой палове 1860-х гг. рыхтаваў да выданьня выкрывальныя матэрыялы пра Аляксандра Аскерку:

« «калі разабраць дзейнасьць гэтага «мірнага рэвалюцыянера» [Аскеркі] і яго намеры, яны апынуцца непараўнальна вышэйшымі за ўсе подзьвігі Серакоўскіх, Зьвяждоўскіх і Каліноўскіх. Праславуты ваявода Серакоўскі проста прыехаў на гатовае ўжо паўстаньне, якога ні павясьці, ні падтрымаць не здолеў. Каліноўскі <…> гэта быў напаўвар’ят, адораны моцнай воляй, вядомай дозай розуму й так званай мужыцкай хітрасьцю <…>. Ён імкнуўся да ажыцьцяўленьня нейкай ідэальнай Літвы з простага народу <…>»[3]
Арыгінальны тэкст  (рас.)
«если разобрать деятельность этого мирного революционера [Оскерки] и его намерения, они окажутся несравненно выше всех подвигов Сераковских, Звиждовских и Калиновских. Пресловутый воевода Сераковский просто приехал на готовое уже восстание, которого ни повести, ни поддержать не сумел. Калиновский <…> это был полусумасшедший человек, одарённый сильною волею, известной дозой ума и так называемой мужицкой хитростью <…>. Он стремился к осуществлению какой-то идеальной Литвы из простого народа<…>».
»

Якуб Гейштар (1827—1897), які быў знаёмы з Аскеркам з 1846 г. і моцна паўплываў на яго погляды наступным чынам характарызаваў постаць Аляксандра Аскеркі:

« Зьвязвала мяне зь ім найграчэйшае сяброўства ад першай хвіліны знаёмства ў 1846 годзе. Гэта быў чалавек замкнёны ў сабе, спакойны, халодны. Зь вялікай развагай, ясным позіркам, цьвярозы, непараўнальна вытрывалы ў працы, зь вялікімі амбіцыямі, але без непрадуманых рухаў, умее чакаць, бо ўпэўнены ў сабе. Да вопліскаў не хцівы, хоць паволі імкнецца да пераканьня усіх, бо ніколі нікому востра не пярэчыў. Вельмі чульлівы, але ўмее ўзяць сябе ў рукі. Перад уласнай ахвярай не адступіцца, але хладнакроўна падпіша кожны вырак. Але пры гэтым бракуе яму ініцыятвы, ажыўляльнага духу, натурай хутчэй пасыўны, але ўмее прыўласьніць чужую ідэю і рэалізаваць яе лепей за тых, кто пачаў яе рэалізоўваць, бо ацэніць ідэю крытычна й вытрывала дакончыць. Меркаваньне аб людзях і іх знаёмасьць досыць добрае, не падманвае выглядам, пачуцьцямі не забаўляецца, але ўмее быць добрым сябрам, мужам, бацькам і сынам. Зь яго пасыўным, чакальным характарам, заўсёды й паўсюль можаць быць карысным, але найменей - у рашучыя хвіліны. Я ня веру ў незалежнасьць ягонных поглядаў, у ягонную здольнасьць самастойна хоць што-небудзь правесьці, але нават будучы міністрам ён змог бы падтрымаць сябе й у канчатковым выніку не пакрыўдзіць ні адзін бок. Ён быў шчыра прывязаны да мяне, - вельмі доўгі час мы амаль нічым не адрозьніваліся. Аднойчы, ва ўнівэрсытэце, калі мяне моцна кранула думка, якую ён напісаў маці, я быў гатовы ўзяць свае словы назад. Ва Ўсоле ён сказаў мне, што сваім удзелам у арганізацыі й паўстаньні абавязаны мне. Але ні хвіліны не вагаўся й не падманваў сябе, бачыў, што гэта не забава, а шлях да сьмерці без розгаласу, без славы! У сялянскіх справах ён быў прыхільнікам наданьня сялянам зямлі, у грамадзянскай арганізацыі - найлепшым супрацоўнікам і чынным апекуном дзяцей Сыракомлі. Калі я сярод іншых быў, магчыма, ажыўляльным духам грамадзкай арганізацыі, то ён быў галавой, якая ўпарадкоўвала, і ў значнай ступені рукой, якая найбольш працавала. Адмоўным бокам Аляксандра заўсёды была гэтая залішняя пасыўнасьць, гэтае спадзяваньне на час. Яны з Францішкам былі дзьвюма крайнасьцямі, Францішак ні ў чым не ішоў на кампрамісы, Аляксандар ні зь кім не парываў.[4]
Арыгінальны тэкст  (пол.)
Łączyła mię z nim przyjaźń najgorętsza od pierwszej chwili poznania w 1846 r. Był to człowiek zamknięty w sobie, spokojny, zimny. Rozsądek wielki, pogląd jasny, trzeźwy, wytrwałość w pracy niezrównana, ambicja wielka, lecz nie rzucająca się, umiejąca wyczekiwać, bo pewna siebie. Oklasków nie chciwy, choć dążący zwolna do pozyskania wszystkich, bo nigdy się nikomu ostro nie stawiał. Uczucie silne, ale umie je brać w karby powinności. Przed ofiarą własną żadną się nie cofnie, ale i z zimną krwią wyrok każdy podpisze. Lecz przytem brak inicjatywy, ożywczego ducha, natura więcej bierna, ale umiejąca przyswoić obcy pomysł i lepiej wykonać od tych, którzy go poczęli, bo oceni go krytycznie i wytrwale dokona. Sąd o ludziach i ich znajomość dość dobre, nie łudzi się pozorami, w czułostki się nie bawi, lecz umie być dobrym przyjacielem, mężem, ojcem i synem. Z jego charakterem biernym, wyczekującym, zawsze i wszędzie może być użytecznym, lecz najmniej w chwilach stanowczych. W jego poglądy samodzielne, w zdolność prowadzenia samemu czegobądź nie wierzę, lecz nawet jako minister potrafiłby utrzymać się i żadnemu stronnictwu ostatecznie nie narazić. Przywiązany był szczerze do mnie, — długi bardzo czas w niczem prawdę nie różniliśmy się. Kiedyś w uniwersytecie, gdym mocno był poruszony wypisanem przez niego do matki zdaniem, gotów był takowe cofnąć. W Usolu mi mówił, że udział w organizacji i powstaniu mnie zawdzięcza. Lecz ani na chwilę on się nie zawahał, ani się łudził, widział, że to nie zabawka, a droga do śmierci bez rozgłosu, bez sławy! W sprawie włościańskiej byl zwolennikiem uwłaszczenia, w organizacji obywatelskiej najlepszym pracownikiem, czynnym opiekunem dzieci Syrokomli. Jeśli ja obok innych byłem może ożywczym duchem organizacji obywatelskiej, to on byl tą głową, która porządkowała, a w znacznej części ręką, która najwięcej pracowała. Ujemną stroną była zawsze w Aleksandrze ta zbytnia bierność, to spuszczanie się na czas. On i Franciszek to były dwie ostateczności, Franciszek z niczem nie robił kompromisów, Aleksander z nikim nie zrywał.[5]
»

З урыўку становіцца зразумелым, чаму кандыдатура Аскеркі афіцыйна прапаноўвалася ў будучы Нацыянальны ўрад. Той жа Якуб Гейштар заўважаў яшчэ, што Аскерка «доўгі час ня быў для грамадзтва сымпатычны, пакуль шчырай працай, адданасьцю справе не пераканаў усіх у сваёй высакароднай душы й вялікай карыснасьці».

У канцы лютага 1863 г. увайшоў у склад паўстанцкага Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, дзе загадваў ваеннымі справамі й быў паўстанцкім начальнікам Вільні. Не падтрымліваў радыкальна-рэвалюцыйнай праграмы групоўкі «чырвоных». Лідар «чырвоных» Кастусь Каліноўскі (1838—1864) некаторы час быў адным зь яго памочнікаў, а пасьля заняў яго месца. Аскерка быў арыштаваны 31 мая (12 чэрвеня) 1863 г. расейскімі ўладамі. На допытах істотных паказаньняў не даў. Быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня, замененага ў 1863 г. пасьля рэвізыі прысуду на 15 гадоў сыбірскай катаргі з пазбаўленьнем статуса двараніна («прав состоянія») і канфіскацыяй маёнтка. Быў адпраўлены да саляварняў Усолі ў Іркуцкай губэрні.

Яго брат Генрык Уладзіслававіч Аскерка (1827—1866), паводле словаў Якуба Гейштара (1827—1897), выконваў функцыі паўстанчага начальніка Рэчыцкага павета, быў арыштаваны й знаходзіўся ў зьняволеньні ў Менску ў гарадзкой турме («Пішчалаўскім замку»), але пазьбег пакараньня дзякуючы прыкрываючай пазыцыі падчас сьледзтва вязьненага Баляслава Пятровіча Сьвіды (1822—1897), паўстанчага начальніка Рэчыцкага, Пінскага й Мазырскага паветаў. Але, верагодна, Генрых ніколі рэальна не прымаў функцый паўстанчага кіраўніка Рэчыцкага павета.

31 траўня 1863 расейскія ўлады арыштавалі А. Аскерку. На допытах істотных паказаньняў ня даў. Карнікі прысудзілі яго да сьмяротнага пакараньня, замененага па пераглядзе выраку на катаргу ў Сыбіры. Сьледам за асуджаным да саляварняў Усольля ў Іркуцкай губэрні паехала і ягоная нявеста Тэадозія з Грабоўскіх. Сьціплая цырымонія зашлюбінаў адбылася тамака ж, прычым выканаў абрад ксёндз-катаржнік[6].

У сыбірскую ссылку за Аляксандрам Аскеркам добраахвотна паехала яго нявеста Тэадора (Тэадозія) Карлаўна-Рафалаўна Грабоўская (заручаная зь ім у час паўстаньня), дачка Касыльды Цяльшэўскай і пружанскага апеляцыйнага судзьдзі (1826), лідзкага апеляцыйнага судзьдзі (1837) Караля-Рафала Феліцыянавіча Грабоўскага, уласьніка маёнткаў Плянты й Вялікага Мажэйкава. (Караль-Рафал Феліцыянавіч Грабоўскі быў сынам Феліцыяна Грабоўскага, пружанскага павятовага маршалка (1795—1798), далёкага сваяка Тадэвуша Касьцюшкі). Там жа ў Сібіры ва Ўсолі адбыўся іх шлюб. Сьціплую цэрымонію каталіцкага абраду выканаў ксёндз-катаржнік. Тэадора мужна падзяляла з Аляксандрам лёс выгнаньня. Аскерка быў паважаным чалавекам і сярод зьняволеных і пасяленцаў; абраны імі за старасту, усяляк дамагаўся паляпшэньня ўмоў знаходжаньня людзей у месцах адбыцьця пакараньня. Імпэратарскім маніфэстам катарга была заменена на пасяленьне й Аскеркам зь дзецьмі далі магчымасьць перабрацца ў Іркуцк. У дарозе, аднак, здарылася бяда — памёр іх маленькі сын.

У 1868 атрымаў дазвол вярнуцца ў эўрапейкую частку Расейскай імпэрыі (апрача Літвы). 3 1872 жыў у Варшаве, працаваў у рэдакцыі часопіса «Ateneum». У 18851904 дырэктар філіі страхавога таварыства ў Вільні. Меў дачок Ядвігу, Соф’ю і Марыю.

Вяртанне з высылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Драўляная віла «Падгор’е» на рагу вуліц Гарматная Гара і Жаромскага ў Налэнчаве (Люблінскае ваяводзтва)

У 1868 г. Аскерку было дазволена вярнуцца ў еўрапейскую частку імперыі, але толькі не ў літоўска-беларускія губэрні. Праз год сям’я дабралася да Салікамску ў Пэрмскай губэрні, яшчэ праз два — да Екацярынаславу (сучасны Дняпро).

З 1872 г. Аляксандар Аскерка з жонкай і дачкой Ядвігай жыў у Варшаве, дзе пасьля нарадзіліся яшчэ Сафія й Марыя. Рэдагаваў часопіс «Ateneum» і публікаваў артыкулы па сацыяльна-эканамічнай праблематыцы.

Партэт. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, 1911

У 1882 г. купіў на імя жонкі пляц на паўднёвым адхоне вуліцы Гарматная Гара ў санаторна-курортным горадзе Налэнчаў і пабудаваў у 1882—1885 гг. там драўляную вілу «Падгор’е» (Podgórze), у якой жыў улетку зь сям’ёй, а таксама здаваў пакоі пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт Антон Адынец, які ў свае маладыя гады быў сябрам Адама Міцкевіча і Яна Чачота, і вэтэраны паўстаньня 1863—1864 гадоў. У 1884 г. заўчасна памерла аслабленая сібірскімі выпрабаваньнямі Тэадозія. Аскерка атрымаў дазвол ад варшаўскага генэрал-губэрнатара на пераезд у родную краіну — у Вільню, дзе ў 1885—1904 гг. служыў дырэктарам мясцовага філіяла Варшаўскага таварыства страхаваньня ад агню. У 1885 г. сваю драўляную вілу «Падгор’е» прадаў доктару Каралю Бену, які зрабіў там пансіянат, дзе адпачывалі ў свой час Баляслаў Прус, Антон Адынец, Генрык Сянкевіч, Ян Карловіч, Мечыслаў Карловіч і інш.[7].

Сафія Раствароўская (1873—1953), дачка Аляксандра Уладзіслававіча Аскеркі і жонка Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928)

Паводле ўспамінаў свайго ўнука Андрэя Раствароўскага (1899—1980), сына сярэдняй дачкі Сафіі Аляксандраўны Аскеркі (1873—1953) і вядомага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага (1860—1928) (паводле яго праекту ў 1905—1906 гг. у Рудакове пабудаваны сядзібны дом з чырвонай цэґлы, рэшткі якога можна бачыць і сёньня), у гэты пэрыяд дзед найчасьцей гасьцяваў у нараўлянскім палацы[8]. ў старэйшай дачкі Ядвігі Аляксандраўны Горват (з Аскеркаў), жонкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласьніка Нароўлі. Напэўна, Аляксандар Аскерка заязджаў і ў Рудакоў да пляменьніцы Алены з Аскеркаў Ваньковіч, дачкі Генрыка Ўладзіслававіча Аскеркі. Астатнія ж гады жыцьця Аляксандар Аскерка правёў у малодшай дачкі — Марыі Аляксандраўны з Аскеркаў Мінейкі (1878—1961), жонкі Ўладзіслава Мінейкі (1876—1953), у маёнтку Відзы Лаўчынскія ў Ковенскай губэрні, што ў сучасным Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці Рэспублікі Беларусь[9]. Памёр па афіцыйных дадзеных 11 (24) студзеня 1911 г., хоць паводле сьведчаньняў Андрэя Раствароўскага, памёр Аляксандар Аскерка на Вялікдзень (Пасху).

Магіла Аляксандра Аскеркі на могілках Роса, 2022 г.

Пахавалі А. Аскерку на могілках Росы ў Вільні. Як сьведчылі сучасьнікі, пахаваньне апошняга прадстаўніка былога паўстанцкага ўраду на Літве, нягледзячы на паліцэйскі і вайсковы кардон, ператварылася ў вялікую патрыятычную маніфэстацыю грамадзкасьці Вільні.

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хоць Аляксандар Аскерка быў пахаваны ў 1911 г. у Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам (1866—1935) у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку вакол нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowіec Aleksandra Oskіerkі» як напамін аб асобе[10].

  1. ^ Г. В. Кісялёў. Аскерка Аляксандр Уладзіслававіч // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 216.
  2. ^ а б в Stanisław Łaniec, Litwa i Białoruś w dobie konspiracji i powstania zbrojnego : 1861—1864. — Olsztyn: Ośrodek Badań Nauk. im. Wojciecha Kętrzyńskiego w Olsztynie, 2002. — С. 42-43. — 196 с. — ISBN 9788387643928
  3. ^ Марозаў С.П. Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1795–1939 гг.): манаграфія / С. П. Марозаў; пад навук. рэд. М. П. Касцюка. – Гродна: ТАА “ЮрСаПрынт”, 2019. – 446 c., с. 172.
  4. ^ Jakub Gieysztor, Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865, Tadeusz Korzon, t. 1, Wilno: nakł. Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913, s. 240-242.
  5. ^ Jakub Gieysztor, Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865, Tadeusz Korzon, t. 1, Wilno: nakł. Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913, s. 240-242.
  6. ^ Аляксандр Юстыніян Аскерка // Моя Хойникщина
  7. ^ Butryn, S. Spór o ulіcę «Armatnіa Góra» w Nałęczowіe(недаступная спасылка)
  8. ^ Rostworowskі, А. Zіemіa, której już nіe zobaczysz. Wspomnіenіa Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 67.
  9. ^ Rostworowskі, А. Zіemіa, której już nіe zobaczysz. Wspomnіenіa Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 67.
  10. ^ ’’Rostworowskі, А.’’ Zіemіa, której już nіe zobaczysz. Wspomnіenіa Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 20.