Перайсьці да зьместу

Адам Міхал Ракіцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адам Міхал Ракіцкі

Герб «Равіч»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 22 траўня 1748
Памёр 25 студзеня 1779
Вільня
Пахаваны Касьцёл Сьв. Францішка ў Вільні
Род Ракіцкія
Бацькі Франц Антоні Ракіцкі (пам. 1759), ашмянскі войскі і ротмістар Ашмянскага павету
Марыяна Дэрксгоф
Жонка Марыяна (Марыя Юзафіна), дачка Рафала Алаіза Аскеркі
Дзеці Людвік
Рафал Алаіз
Ізабэла

Адам Міхал Ракіцкі (па-польску: Adam Michał Rokicki; 22 траўня 1748 — 25 студзеня 1779, Вільня) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мазырскі рэгентавіч, рэгент ВКЛ (упам. 1765), ротмістар пяцігорскай харугвы ВКЛ (1772—1776), палкоўнік пяцігорскі ВКЛ (1776—1777), кашталян менскі ў 1777—1779 гадах, 17 кастрычніка 1777 выбраны маршалкам Галоўнага Трыбунала ВКЛ, дэпутат Трыбунала літоўскага ў 1778 годзе.

Паходзіў з роду Ракіцкіх гербу «Равіч» з Ашмянскага павету. Быў сынам Марыяны Дэрксгоф і ашмянскага стражніка (1732—1739), ашмянскага скарбніка (1739—1741), ашмянскага канюшага (1741—1749), ашмянскага войскага (1749—1759) і рэгента літоўскай малой канцылярыі Франца Антонія (пам. 1759), уласьніка значнага маёнтку Брагін (купленага ў княгіні Эльжбэты Замойскай у 1754 за 550 000 злотых[Крыніца?]) і лідэра групоўкі Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце.

Эпітафія з надмагільля Адама Міхала Ракіцкага[1].

Быў жанаты з Марыянай (Марыяй Юзафінай), дачкой мазырскага маршалка Рафала Алаіза Аскеркі гербу «Мурдэліё зьменены» і князёўны Станіславы Тэрэзы, дачцы віцебскага ваяводы Марцыяна Міхала Агінскага. Меў зь ёй двух сыноў: Людвіка і Алаіза Рафала, а таксама дачку Ізабэлу (пайшла за Ігната Юзафавіча Аскерку, рэчыцкага падстаросту). Валодаў па бацьку маёнткам Брагін (Брагінскае графства і Ялчанскі ключ) у Кіеўскім ваяводзтве.

Пасьля сьмерці мужа Марыяна з Аскеркаў Ракіцкая выйшла ў другі раз за упіцкага маршалка Міхала Страшэвіча (1750—1818) і мела ад яго двух дачок – Тэрэзу (выйшла за Яна Шукшту) і Аляксандру (выйшла за Міхала Корвін-Касакоўскага).

  1. Wilno: od początków jego do roku 1750. / Przez J. I. Kraszewskiego — Wilno, 1840. T. II. S. 323—324
  • Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1931. T. 15. S. 229