Перайсьці да зьместу

Палацава-паркавы комплекс Горватаў (Нароўля)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Альтанка-маяк
Альтанка-маяк
Краіна Беларусь
Места Нароўля
Каардынаты 51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д. / 51.80611° пн. ш. 29.50111° у. д. / 51.80611; 29.50111Каардынаты: 51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д. / 51.80611° пн. ш. 29.50111° у. д. / 51.80611; 29.50111
Архітэктурны стыль клясыцызм
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Палацава-паркавы комплекс Горватаў на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Палацава-паркавы комплекс Горватаў
Палацава-паркавы комплекс Горватаў на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Горватаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Нароўлі. Знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы места, на беразе ракі Прыпяці. Твор архітэктуры клясыцызму і рамантызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з палаца, капліцы-пахавальні (зьнішчаная савецкімі ўладамі), парку з малымі архітэктурнымі формамі, гаспадарчых і вытворчых пабудоваў.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фармаваньне сядзібы пачалося ў 2-й палове XVIII ст.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будаваньне мураванага палаца скончылася ў 1850 годзе. Парк канчаткова сфармаваўся да 1870 году.

У 1913 годзе на тэрыторыі сядзібы Горваты збудавалі кандытарскую фабрыку.

За савецкім часам у палацы разьмясьцілася школа. У 1930-я гады савецкія ўлады ўзарвалі капліцу-пахавальню[1].

У 2020 годзе пачалося аднаўленьне сядзібы.

Палац

Палац — помнік архітэктуры клясыцызму. Гэта 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак з высокім цокалем. У цэнтры галоўнага і бакавых фасадаў вылучаюцца роўныя рызаліты з уваходнымі парталамі і тэрасамі. Абапал дваровага фасаду месьцяцца 3-гранныя эркеры. Разьвітыя ўсходы падводзілі да ўваходаў з чатырох бакоў будынка. Роўніца сьценаў другога паверху на ўсім пэрымэтры падзяляецца пілястрамі. Галоўны фасад завяршаецца прастакутным атыкам, на якім раней быў надпіс: «DІH 1850» (пазначаў дату пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (І) Горватаў (H)). На цокалях паўднёвага фасаду ляжалі бронзавыя львы, зьніклыя за часамі Другой сусьветнай вайны ў 1941 годзе. На цокалях паўночнага фасаду ляжалі сьфінксы.

Плян калідорны з вэстыбюлем і квадратнай заляй у цэнтры. У афармленьні інтэр’еру выкарыстоўваюцца аркавыя нішы[2].

На паўночным усходзе ад сядзібы разьмяшчаўся ружоўнік, на захадзе — лядоўня і аранжарэя. У паўночная частцы парку — капліца-пахавальня. Захавалася каменнае надмагільле аднаго з роду Горватаў.

Захаваліся вытворчыя будынкі кандытарскай фабрыкі з чырвонай цэглы ў эклектычным стылі, у якім спалучаюцца рэтраспэктыўныя формы раманскага (аркатура, байніцы) і гатычнага стыляў (стральчатыя аркі і праёмы)[3].

Парк з боку Прыпяці

Парк пэйзажнага тыпу з роўным рэльефам плошчай 8,2 га. У парку растуць пераважна мясцовыя пароды дрэваў: дуб, ясень, ліпа, елка, хвоя. Пераважаюць маладыя пасадкі. Кампазыцыйна падзяляецца на дзьве часткі насаджэньнямі граба. У паўднёвай частцы знаходзіцца палац зь вялікім круглым газонам. Восьсю палаца разьмяшчаюцца выязная брама, збудаваная з цэглы паводле праекту Тадэвуша Раствароўскага. Ад яе на працягу 1,5 км у паўднёвым кірунку пралягае часткова ацалелая алея італьянскіх таполяў. Не захавалася каштанавая алея, якая вяла да сядзібы і арыентавалася на поўнач з выгінам на ўсход. Прыкладна ў сярэдзіне яе была стайня, дзе трымалі коней да выездаў. Раней на месцы, дзе цяпер разьмяшчаецца стадыён, быў стаў.

Парк багата аздабляўся малымі архітэктурнымі формамі. У яго паўночнай частцы, уздоўж ракі Нараўлянкі вядзе дарожка да паркавай альтанкі. Альтанка — помнік архітэктуры ампіру. Гэта 3-ярусная квадратная ў пляне мураваная пабудова ў выглядзе маяка. Ніжні ярус умацоўваецца кутнімі контрфорсамі і завяршаецца дарычным фрызам. Другі ярус скразны, зь вялікімі паўцыркульнымі аркавымі праёмамі з чатырох бакоў. Вуглы аздабляюцца 3/4 калёнамі з своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасьцю калёнамі карынтскага ордэра завяршаецца паўсфэрычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разэткі, гірлянды, акантаваны арнамэнт, валюты, іёнікі ды іншае. З альтанкі адкрываўся від на месца ўтоку Нараўлянкі ў Прыпяць. Шырокія сходы з боку фасаду палаца, арыентаванага на раку Прыпяць, вядуць да тэрасы, на якой разьмяшчаўся фантан, збудаваны ў стылі ампір. Гэта быў басэйн з скругленымі кутамі, з двух бакоў аточаны паўкруглымі лаўкамі з усталяванымі адзін супраць аднаго манумэнтальнымі стальцамі на ляпных ільвіных лапах. У цэнтры басэйна на нізкім цыліндрычным цокалі была ваза, якую трымалі сірэны.

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 442.
  2. ^ Кулагін А., Анціпаў В. Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 363.
  3. ^ Кулагін А., Анціпаў В. Нараўлянскі сядзібна-паркавы ансамбль // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 364.
  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  312Г000536