Перайсьці да зьместу

Абрад

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Манэта «Дзяды»

Абрад — спалучэньне строга вызначаных чыннасьцяў, слоўных выразаў і рухаў цела, абумоўленае пэўным вераваньнем. Абслугоўвае зьвязаны зь вераваньнем грамадзка-прававы ўчынак і працоўную падзею. Ставіць за мэту спрыяльнае разьвіцьцё прыроднай зьявы, дасягненьне плёну ў працы, дабрабыту і здароўя ды забесьпячэньне працягу роду. Пры складанай будове ўлучае асноўныя чыннасьці і шэраг адвольных дзеяньняў, за кошт якіх утвараюцца мясцовыя і часавыя разнавіднасьці. Найважнейшыя паходзяць са старажытнасьці і ўвасабляюць закаранёныя ў сьвядомасьці ўяўленьні пра навакольны сьвет, жыцьцё прыроды і чалавека, узаеміны людзей з навакольным сьветам.

Манэта «Каляды»

Хрысьціянства наклала на народныя абрады адбітак праз наданьне пэўным сьвятам імёнаў сьвятых і прымеркаваньне паданьняў і знакаў. Пасху і паданьні пра замардаваньне і дзівоснае ўваскрасеньне Ісуса Хрыста далучылі да старажытнага навагодняга сьвята Вялікдзень. Запусты (Масьленка) прыпалі на дзень Вялеса, дзень сьвятога Юрыя (Юр’я) — на дзень Ярылы, Тройца (Сёмуха) — на зялёныя сьвяткі, дзень сьвятога Яна — на Купальле. Адметнасьць беларускай абрадавай творчасьці складаюць пахаваньне стралы ў Пасожжы, куст на Піншчыне, жаніцьба Цярэшкі(ru) на Полаччыне і жаніцьба коміна на Палесьсі. З гадавымі ўрачыстасьцямі зьвязваюцца абрады, абумоўленыя разуменьнем сьвяткаваньня, станам прыроды і працоўнай задачай: памінаньне продкаў (Дзяды і Радаўніца), абход двароў зь віншавальна-велічальнай песьняй, драматычнай сцэнкай, танцам і музыкай, варажба, засьцерагальнае дзеяньне, абрадавая гульня, ачышчэньне вадой і агнём, ахвяраваньне і супольная бяседа. Кожны значны абрад улучае асобныя складовыя абрады. Вясельле ўлучае віцьцё вянка, вянок (дзявочы вечар або суборная субота), каравай, пасад (дабраславеньне), царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэньне да роду), дарэньне. Дажынкі — віцьцё вянка гаспадару, дзеяньне з апошнім снапом і гуканьне Спарыні. Найбольш складаныя спалучэньні абрадаў суправаджаюць першы выган жывёлы ў поле, заворваньне нівы і засеўкі. Шэраг абрадаў мае адпаведнікі ў старажытных народаў. У пачатку 20 ст. у Беларусі занатавалі прысьвечаны хлебу абрадавы дыялёг, які дацкі летапісец 12 ст. Саксон Граматык апісаў у язычніцкім храме Арконы(en) (востраў Руген, што належаў заходнеславянскаму племю ранаў(en); цяпер зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія, Нямеччына)[1].

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]