Split Before, Together Now

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
«Split Before, Together Now»
Вокладка альбому «Split Before, Together Now». Hair Peace Salon, Jitters. 2007
Складанка Hair Peace Salon, Jitters
Выдадзены 25 кастрычніка 2007 году
Запісаны 2006—2007
Жанр брыт-поп, брыт-рок
Працягласьць 39:08
Выдавец West Records
Прадусар Hair Peace Salon, Jitters
Храналёгія Hair Peace Salon, Jitters
Split Before, Together Now
(2007)
Gentleman
(2012)

«Split Before, Together Now» (па-беларуску: «Паасобку раней, зараз разам») — сумесны альбом беларускіх рок-гуртоў «Hair Peace Salon» і «Jitters», выдадзены па ініцыятыве лэйблу «West Records» 25 кастрычніка 2007 году. Дыск складаецца з двух самотнікаў: «Gipsy» («Hair Peace Salon») і «Pick Me Up» («Jitters»).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад канец вясны 2006 году два гурта «Hair Peace Salon» і «Jitters» вырашылі абяднацца на адной кружэлцы[1]. Увосень 2006 году «Jitters» прадставілі самотнік «Pick Me Up», у той час як «Hair Peace Salon» гатовіў максі-сынгл на 5 песень, але, так як паўнавартаснага альбому з такой колькасьці трэкаў не атрымаецца, сяброўскія гурты рашылі зрабіць спліт[1]. Па словах Артура Лучкова, бубнача «Hair Peace Salon», у яго ўжо было назапашана матэрыялу, якога б хапіла на сольны альбом, але калектыў яшчэ «не пасьпеў для альбому»[2]. Ужо напачатку вясны 2007 году ў размове з «БелГазетай» антрэпрэнэр Ян Бусел усклаў «вялікія надзеі» на будучы самотнік «Hair Peace Salon»[3].

Пасьля спроб «Hair Peace Salon» некалькі кварталаў пайграць разам з сэсійнымі клявішнікамі, у тым ліку на сцэне падчас фэстывалю «Акустыка вясны» ў сакавіку 2007 году, у сувязі з паўгадовай замежнай камандзіроўкай Канстанціна Кармана пад канец 2007 году колькасьць афіцыйных удзельнікаў гурту павялічылася[4]. Канстанцін прыпыніў існаваньне свайго гурту «Jitters» і быў запрошаны граць у «Hair Peace Salon» на пастаяннай аснове[5]. Экс-лідэр «Jitters» быў вельмі задаволены тым, што цяпер грае сумесную музыку[6]. Прыкметна, што ён з бас-гітарыста й вакаліста стаў клявішнікам і вакалістам «Hair Peace Salon», таму што ў гурце ўжо быў свой бас-гітарыст, а ў знаёмага хлопцам па сумесных выступах артысту падчас камандзіроўкі ў Шатляндыю як раз быў куплены сынтэзатар Roland JP-8000, што й стала матэрыяльнай падставай адказаць станоўча на прапанову калег зьмяніць профіль[7][8].

Гурт «Jitters» у свой час запісаў і зьвёў свае песьні на гуказапісвальнай студыі ў Баранавічах на працягу ўсяго 2 месяцаў, а «Hair Peace Salon» вырашыў запісвацца сам, каб паэкспэрымэнтаваць, пашукаць сваё гучаньне, таму ўвесь працэс запісу заняў значна больш[9]. Канцэртны бум «Hair Peace Salon» 2007 году дазволіў адпрацаваць выкананьне новых песень, якія ўвойдуць на самотнік «Gipsy», а потым і на спліт[10][11]. Тая міні-кружэлка выйдзе 28 кастрычніка 2007 году й будзе распаўсюджвацца праз кантакты з музыкамі[12].

За гэты час «Jitters» пасьпеў прэзэнтаваць сваю кружэлку, даць справаздачу перад слухачамі й разьбегчыся па ўсім сьвеце, але ідэя спліту ня зьнікла й трансфармавалася ў канцэптуальны CD[13]. «Дыск уяўляе сабою невялікую гісторыю двух дружалюбных калектываў, якія раней былі самі па сабе, затым аб’ядналіся», — узгадваў пра сяброўства абодвух гуртоў для «xlam.by» Канстанцін Карман[13].

25 кастрычніка 2007 году для прасоўваньня новага супрацоўніцтва на лэйблу «West Records» быў выдадзены сумесны альбом-складанка пад назвай «Split Before, Together Now»[14]. Алег Вяль, лідэр «Hair Peace Salon», распавёў Алене Скарабагатавай з Tuzin.fm, што асноўнай думкай яго песень з’яўляецца духоўны пошук чалавеку, а на тое ж пытаньне, пра што іх частка дыску, франтмэн «Jitters» Канстанцін Карман агучыў, што яго трэкі ўвасабляюць незадаволенасьць тым, што маеш зараз[15].

З гэтага часу гурты афіцыйна сталі абяднаны[16]. «Мы вырашылі часова „замарозіць“ праект „Jitters“, — паведамляў айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі «xlam.by» Канстанцін Карман напярэдадні прэзэнтацыі сумеснага альбому, — а паколькі з „Hair Peace Salon“ мы даўно знаёмыя й сябруем, то для аб’яднаньня не было ніякіх перашкодаў. Мы й раней „абменьваліся“ музыкамі. Цяпер у HPS будзе два галасы»[17].

Складанка была прэзэнтавана 18 лістапада 2007 году ў менскім клюбе «Гудвін» пры падтрымцы гуртоў «Open Space», «The Blackmail» і іншых артыстаў, і, як падкрэсьліла Алена «Aresha» Сабалеўская з музычнага парталу LiveSound.by, гэта быў прыгожы канцэрт, бязь лішніх людзей і музыкі «ня ў тэму»[18].

Прыём крытыкаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Нягледзячы на багацьце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — сустракаў выхад складанкі музычны партал LiveSound.by[19].

«Беларусы адчайна дзяруць гітары й горла: атрымліваецца брыт-рок з галавакружнымі перапляценьнямі гармоніяў а-ля „The Mars Volta“, тэхнічнымі гітарнымі арпэджыа а-ля „Muse“ і неўратычна-пачуцьцёвымі інтанацыямі а-ля „Travis“», — пісала пра частку дыску «Hair Peace Salon» журналіст Таццяна Заміроўская са штотыднёвіку «БелГазета», разгортваючы думку, што мэлодыі гурту неверагодным чынам нагадваюць альбом «Radiohead» 2007 году «In Rainbows», які выйшаў пасьля таго, як матэрыял дадзенага дыску быў запісаны[20]. Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты» падзяліла думку пра музычны лад калегі, у сваёй рэцэнзіі адбіў надрыўны вакал, дэпрэсіўна сьветлыя мэлодыі й разумныя мінорныя эмоцыі[1].

Музыку «Jitters» у рэцэнзіі альбому «Split Before, Together Now» Таццяна Заміроўская з «БелГазеты» апісала словамі: «назойлівая, аўтэнтычная й па-блюзаваму шалапутная — у ёй прысутнічае неўтаймаваная танцавальнасьць, як у „Gomez“ і „Happy Mondays“, і начыста адсутнічаюць пафасныя рэфлексіі»[20]. Гарэзнасьць і танцавальнасьць гітарнага року «Jitters» ацаніла й Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», на старонках якой яна параўнала музыку абодвух гуртоў з творчасьцю «Travis», «Radiohead», «Muse», «Blur» ды «Coldplay»[1].

Аздабленьне CD[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачатковая ідэя вокладкі, якая адлюстроўвае канцэпцыю дыску (чорны й белы чаравікі, зьвязаныя разам), прыйшла да Канстанціна Кармана й Яўгена Вяля, першага бубнача «Jitters», узгадваў для «xlam.by» Алег Вяль[13]. Музыкі казалі Алене Скарабагатавай, журналісту Tuzin.fm, што ў іх было шмат задумак вокладкі, але розныя боты, забарсаныя разам — найбольш цікавае рашэньне: «мы як тыя боты — розныя, але зьвязаныя паміж сабою шнуркамі».[15] Удзельнікі доўга шукалі абутак, які б падышоў для здымкаў, заглядаліся на боты менчукоў, а потым зайшлі ў аддзел дзіцячага абутку й зразумелі: гэта тое, што трэба[21]. Аказалася, што ў крамах нельга фатаграфаваць, і таму ім са Слэпам давялося арандаваць дзіцячыя чаравікі ў сэканд-хэндзе на Ждановічах[13]. Як ацаніла выбар вокладкі Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты», гуртам падышоў гэты малюнак, бо яны захавалі ў сабе гумарную непасрэднасьць і душэўную дабрыню[1]. «У выніку атрымалася такая вось мілая вокладка, якая вельмі ўсім даспадобы», — зрабіў вынік Задзіночаньню беларускіх студэнтаў Алег Вяль[22].

Узнагароды й намінацыі. Камэрцыйны посьпех[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая песьня складанкі «Hover» стала пераможным гімнам «Hair Peace Salon», які дазволіў як пасьпяхова прайсьці адборачныя этапы, так і ўзяць першы прыз (запіс на прафэсійнай музычнай студыі) конкурсу «ИдиНаРок» у 2007 годзе[23][24]. З праграмай, з большага складзенай з песень са спліту, музыкі небеспасьпяхова ўдзельнічалі й у іншых музычных конкурсах, такіх як «Музычны плэй-оф» (паўфіналісты)[10][15], «Рок-спарынг» (уладальнікі прызу на запіс на студыі)[11], «Залатая акустыка» (пераможцы)[25][26]. «Нам вельмі прыемна, што слухачы абралі менавіта нас пераможцамі гэтага конкурсу, — успамінаў перыпетыі спаборніцтва для Tuzin.fm лідэр «Hair Peace Salon» Алег Вяль і разгортваў думку далей: — „Акустыка“ мела посьпех у гледачоў. Але мы ня цешымся на гэты конт. Перамагаць, вядома, прыемна, але асабіста я гатовы да ўсяго»[27].

Дзякуючы плыце й канцэртна-спаборніцкай дзейнасьці на базе песень зь яе гурт «Hair Peace Salon» атрымаў намінацыю ў катэгорыі «Прарыў году» на цырымоніі «Рок-каранацыя-2007» у лютым 2008 году[28][29]. Па ацэнцы Хартыі’97, дыск трапіў у топ-50 кружэлак па продажы за свой год[30]. У цэлым аўдыёматэрыял увайшоў у ратацыю радыёстанцыяў, узмацніў прысутнасьць рокераў у інфармацыйнай прасторы[31][32].

Сьпіс кампазыцыяў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

НазваСловыМузыкаВыканаўца Працягласьць
1. «Hover»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 3:55
2. «Through The Dark»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 4:30
3. «Gipsy»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 4:45
4. «Enemy»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 4:45
5. «At Your Side»  Алег ВяльHair Peace SalonHair Peace Salon 2:29
6. «Pick-Me-Up»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 3:47
7. «Staggering»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 4:23
8. «Sapphire»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 4:13
9. «Dint»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 3:06
10. «Pixies»  Канстанцін КарманКанстанцін КарманJitters 3:15

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Hair Peace Salon:

  • Алег Вяль — вядучы вакал, гітары.
  • Канстанцін Карман — бэк-вакал, сынтэзатар.
  • Максім «Gandibober» Дзэвічэнскі — бас.
  • Артур Лучкоў — бубны.

Jitters:

  • Канстанцін Карман — вядучы вакал, бас.
  • Іван Барзенка — гітары, бэк-вакал, клявішыя.
  • Сяргей Кандраценка — гітары.
  • Павал Кудрын — бубны.

Запрошаныя музыкі:

  • Іван Барзенка — клявішыя (1, 2).
  • Вольга Малько — клявішыя (3, 5).
  • Андрэй Козік — клявішыя (4).

Вытворчасьць:

  • Валянцін Барысевіч, студыя «HWNL» — зьвядзеньне, мастэрынг (1, 2, 3, 4, 5).
  • Вячаслаў Банкевіч — запіс і зьвядзеньне (6, 7, 8, 9, 10).
  • Slap — дызайн вокладкі.

Кліпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Восеньню 2007 году, падчас здымак перадачы «Музыкальный плей-офф», да ўдзельнікаў «Hair Peace Salon» ад уражанага выступам гурту рэжысэру Анатоля Вечара паступіла прапанова творчага супрацоўніцтва[33]. Ужо ў пачатку 2008 году франтмэн гурту Алег Вяль паведаміў Tuzin.fm пра пляны зьняць кліп: «Цяпер мы ўпэўніліся, што нам тое неабходна. У лютым пачнем працу й возьмем для відэаўвасабленьня абавязкова нешта з новага»[11]. Афіцыйнае відэа да аднайменнага вядучага сынглу «Hover», у якім быў прадстаўлены новы выгляд гурта цяпер разам з Канстанцінам Карманам, было зьнята ў лютым 2008 году, і гатовы ролік неўзабаве быў паказаны па тэлебачаньню ў праграме каналу ЛАД «Pro движение+»[33].

Кавер-вэрсіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для складанкі Будзьма беларусамі! і Эўрапейскага радыё для Беларусі «Budzma The Best Rock / Budzma The Best Rock/New» гурт «Hair Peace Salon» у 2009 годзе перасьпяваў трэк «Gipsy» на беларускай мове як «Цянькі»[34]. Алег Вяль, лідэр «Hair Peace Salon», у свой час распавядаў Алене Скарабагатавай з Tuzin.fm, што ангельскае слова «Gipsy» перакладаецца як «цыганы» і сьпеў у духоўным сэнсе таксама апісвае стан бадзяньня па жыцьці[15].

Аўтарам мастацкага перакладу лірыкі выступіў Віталь Воранаў, беларускі літаратар; «Гэтаму твору ўжо тры гады, і некаторыя фрагмэнты тэксту нас ужо не задавальняюць. Віталь пры перакладзе напісаў тэкст наноў», — зьвярталі ўвагу да сумеснай працы музыкі[35]. «Абеларушваньне небеларускамоўных тэкстаў беларускіх гуртоў — гэта выдатная школа дасканаленьня», — тлумачыў свой падыход да працы паэт і дадаваў, што вынікі беларусізацыі дазваляюць музыкам больш грацыёзна ўлівацца ў айчынны кантэкст[35].

У выніку экспэрт Tuzin.fm Ігар Назаранка адзначаў, што яму больш пасуе слухаць песьню па-беларуску[36]. «Віталь зрабіў вельмі ўдалую інтэрпрэтацыю арыгінальнага тэксту, — казаў Канстанцін Карман, вакаліст-клявішнік у сьпеве й дадаваў: — Зьявілася адчуваньне таго, што „зразумелы“ тэкст больш дасканала перадае сапраўдную атмасфэру песьні»[37]. Іншаму экспэрту Tuzin.fm Севярыну Квяткоўскаму «Цянькі» нагадалі творы польскага рок-гурту «Czerwone Gitary» й Пола Макартні, апрацаваныя ў сучаснай брыт-поп стылістыцы[38].

Сьпеў «Цянькі» трапіў у гіт-парад Tuzin.fm, але спыніўся ў перадфінальнай частцы мегатуру-2010[39].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Е. Соболевская. (2007) Hair Peace Salon/Jitters Split Before, Together Now(рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2014-07-07 г.
  2. ^ Елена Соболевская. (2006) В гостях Hair Peace Salon(рас.). Музыкальная газетаПраверана 2019-04-09 г. Архіўная копія ад 2019-04-09 г.
  3. ^ Антон Кашликов. (2007-03-12) Ян Бусел: «Мы подвесили ее к потолку и пятки ей целовали»(рас.). БелГазетаПраверана 2019-06-18 г. Архіўная копія ад 2019-06-18 г.
  4. ^ Елена Соболевская. (2007-03-26) Акустические пробы Krok, Karavan и Hair Peace Salon(рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-11-25 г. Архіўная копія ад 2018-11-26 г.
  5. ^ Слэп. (2007) С.-Пб_NIN_Справаздача-інтэрв’ю(бел.). Музыкальная газетаПраверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2007-12-05 г.
  6. ^ Беларускі брыт-рок(бел.). Эўрапейскае радыё для Беларусі (2007-12-12). Праверана 2018-12-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-23 г.
  7. ^ p1xel. (2006-12-30) Костя, вокал и бас-гитара Jitters(рас.). xlam.byПраверана 2019-03-24 г. Архіўная копія ад 2007-01-01 г.
  8. ^ Онлайн-концерт: Hair Peace Salon. TUT.BY (3 December 2010). Праверана 2018-10-12 г. Архіўная копія ад 2018-11-23 г.
  9. ^ Ju. (2008-10-20) Hair Peace Salon отвечают на вопросы в преддверии выхода сплита с группой Jitters(рас.). xlam.by. Праверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-24 г.
  10. ^ а б Концертный бум Hair Peace Salon продолжается(рас.). West Records (2007-12-28). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-06 г.
  11. ^ а б в Алена Скарабагатава. (2008-01-10) Hair Peace Salon: наступ працягваецца(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-12-09 г. Архіўная копія ад 2018-10-26 г.
  12. ^ "Гудвин", Минск – презентация EP Hair Peace Salon. Open SpaceПраверана 2016-04-10 г. Архіўная копія ад 2018-07-13 г.
  13. ^ а б в г Ju. (2007-10-20) JITTERS, HAIR PEACE SALON, "Split Before, Together Now" и 'Gipsy'(рас.). xlam.by. Праверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2017-04-29 г.
  14. ^ Split Before, Together Now(рас.). West Records (2007-10-28). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-04 г.
  15. ^ а б в г Алена Скарабагатава. (2007-10-29) "Split Before, Together Now" – першы сумесны рэліз беларускіх брыт-рокераў Hair Peace Salon і Jitters(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-10-26 г. [ Архіўная копія]
  16. ^ Группы Hair Peace Salon и Jitters объединились(рас.). West Records (2007-10-30). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-06 г.
  17. ^ Презентация сингла Hair Peace Salon и сплита с Jitters(рас.). xlam.by (2007-11-15). Праверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-28 г.
  18. ^ Aresha. HPS не гости, а хозяева(рас.). LiveSound.byПраверана 2018-11-27 г. Архіўная копія ад 2007-12-08 г.
  19. ^ duckling. (2007-10-25) Белорусский брит-рок выходит на большую сцену(рас.). LiveSound.byПраверана 2019-04-12 г. Архіўная копія ад 2007-10-30 г.
  20. ^ а б Татьяна Замировская. (2007) Не надо «а-ля»!. Личный вкус.(рас.). БелГазетаПраверана 2018-10-27 г. Архіўная копія ад 2018-10-28 г.
  21. ^ Кася Сарокіна; Алена Скарабагатава. (2007-11-16) У Менску зноў будзе брыт-поп(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2019-03-17 г. Архіўная копія ад 2019-03-17 г.
  22. ^ 18 лістапада "Hair Peace Salon" і "Jitters" прэзэнтуюць сумесную праграму(бел.) generation.by Праверана 2017-05-21 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.
  23. ^ Елена Соболевская. ИДИнаРОК. Первый этап(рас.). LiveSound.byПраверана 2018-11-21 г. Архіўная копія ад 2008-01-06 г.
  24. ^ Ju. (2007-06-13) ИДИнаРОК. Финал.. xlam.by. Праверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-29 г.
  25. ^ Новые победы Hair Peace Salon(рас.). West Records (2008-01-29). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-06 г.
  26. ^ Виктория Попова. (2008-01-29) Рокеры — народ суровый(рас.) Советская Белоруссия Праверана 2018-11-23 г. Архіўная копія ад 2018-11-23 г.
  27. ^ Алена Скарабагатава. (2008-02-04) Новыя перамогі Hair Peace Salon(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2019-06-05 г. Архіўная копія ад 2019-06-05 г.
  28. ^ На "Рок-коронации-2007" в Беларуси корон будет больше, чем групп(рас.) Белорусская деловая газета Праверана 2018-10-28 г. Архіўная копія ад 2019-01-05 г.
  29. ^ Хто і што чакаецца на "Рок-Каранацыі 2007"?(бел.). TUT.BY (2008-01-25). Праверана 2019-02-22 г. Архіўная копія ад 2012-07-07 г.
  30. ^ «Советская Белоруссия» отметила популярность «Крамы», «Нейро Дюбеля» и «Крамбамбули»(рас.). Хартыя’97 (2007-12-29). Праверана 2019-02-22 г. Архіўная копія ад 2019-02-22 г.
  31. ^ Hair Peace Salon(рас.). show-biz.by. Праверана 2018-10-28 г. Архіўная копія ад 2018-11-28 г.
  32. ^ Шорт-ліст «Рок-Каранацыі-2007»(бел.). Tuzin.fmПраверана 2019-02-22 г. Архіўная копія ад 2008-07-25 г.
  33. ^ а б Слэп. (2008-04-21) Hair Peace Salon зачараваліся відэа(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2018-12-20 г.
  34. ^ Budzma The Best Rock [Гуказапіс ; Budzma The Best Rock / New / Еўрапейскае Радыё для Беларусі](бел.). Нацыянальная бібліятэка БеларусіПраверана 2018-12-26 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  35. ^ а б Hair Peace Salon: шлях да беларусізацыі(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru (2010-09-29). Праверана 2018-12-19 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  36. ^ Ігар Назаранка. (2010-02-22) Экспэрт ТГ І. Назаранка: «Глюкам» і «Маўзэрам» падкручваюць дзяўчынкі(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  37. ^ Hair Peace Salon працягнуў «Перазагрузку»(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru (2010-02-02). Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  38. ^ Севярын Квяткоўскі. (2009-10-09) Экспэрт ТГ С. Квяткоўскі: «У „Глюкаў“ заслужаная перамога»(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-20 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  39. ^ Усе вынікі году 2010 у гіт-парадзе «Тузіна Гітоў»(бел.) Tuzin.fm. mpby.ru (2010-09-04). Праверана 2018-12-19 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]