Jitters

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Jitters

Гурт «Jitters» сьпявае на фэстывалі «Rock bez Igły» 17 чэрвеня 2006 году, зьлева направа: Сяргей Кандраценка, Канстанцін Карман, Артур Лучкоў, Іван Барзенка
Інфармацыя
Гады1998—2007
АдкульМенск, Беларусь
Моваангельская
Жанр(ы)рок-н-рол[1][2], альтэрнатыўны рок[3], постграндж[4][5], брыт-рок[2][6][7], брыт-поп[8]
ВыдавецWest Records
Зьвязаныя праекты«beZ bileta», «Hair Peace Salon», «Bristeil», «Helaiv», «Rosary», «Port Mone», «Usplёsk», «Paparis», «Маркі», «КонтраБанда», «Па Глазам», «The Bruised Trouveres», «Крамбамбуля»
УдзельнікіКанстанцін Карман
Сяргей Кандраценка
Іван Барзенка
Павал Кудрын
Былыя ўдзельнікіЯўген Вяль
Алег Вяль
Артур Лучкоў

«Jitters» (па-беларуску: «Спалох», «Джытэр», «Фанаты рок-музыкі»[a]; трансьліт.:«Джытэрс»[10]) — рок-гурт зь Менску, які граў у асноўным рок-н-рол і постграндж, адзін з галоўных беларускіх прадстаўнікоў брытанскага інды-року свайго часу[11][12]. Яго першапачатковы склад быў сфармаваны ў 1998 годзе, калектыў выдаў паўнафарматны альбом «Split Before, Together Now» (разам з «Hair Peace Salon»), а таксама некалькі самотнікаў[13]. У 2007 годзе музыкі прыпынілі сумесную творчасьць і ўліліся ў іншыя гурты: Канстанцін Карман — у «Hair Peace Salon»[14], Іван Барзенка[15] й Павал Кудрын — у «beZ bileta»[16].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады як трыё (1998—2002)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гурт «Jitters» быў заснаваны ў Менску (Беларусь) у 1998 годзе школьнымі сябрамі Канстанцінам Карманам, Яўгенам Вялем і Сяргеем Кандраценкам[17]. Натхнёныя творчасьцю сусьветна вядомых ангельскамоўных альтэрнатыўных і грандж гуртоў «Soundgarden», «The Smashing Pumpkins», «Pearl Jam», «Alice in Chains», «Nirvana», «Mudhoney» хлопцы набылі свае першыя музычныя інструмэнты й вырашылі таксама навучыцца граць мэлядычны і ўрачыста-псыхадэлічны рок[5][18].

Першы выступ «Jitters» адбыўся ў менскім клюбе «Альтэрнатыва» (пасьля перайменаваны ў «А-клуб»[19]) у 1999 годзе[5]. Недахопы выканаўчага майстэрства (а хлопцы з музычнага боку пачыналі практычна з нуля) напачатку ўдзельнікі кампэнсавалі энэргетыкай[20]. На дэбютны рэклямны CD «Jitters» трапілі дзьве ангельскамоўныя кампазыцыі «Floating Light» і «Consumed», і, як адзначыў Алег «О’К» Клімаў з «Музыкальнай газеты» ў сваім аглядным артыкуле, песьні былі напісаны новымі рамантыкамі, якія адхварэлі брыт-попам[21].

Той апублікаваны водгук шэф-рэдактара быў хутчэй пасрэдны («трэба працаваць, ёсьць над чым»)[21]; тым ня менш, дзякуючы першай плытцы ў 2001 годзе гурт быў запрошаны да ўдзелу ў Рэспубліканскім музычным фэстывалі «Рок-кола» ў Наваполацку, дзе атрымаў спэцыяльна прысуджаны ім дадатковы чацьвёрты дыплём ляўрэата[22]. Відавочцы памятаюць іх захапляльны выступ на гарадзкім сьвяце ў 2002 годзе: сцэна на праспэкце Скарыны насупраць КДБ і гучныя сьпевы «Pick me up» (па-ангельску: «Затрымайце мяне») у яго вокны[5].

На наступны год «Jitters» амаль разышліся, бо трыё пакінуў барабаншчык Яўген Вяль, які іміграваў, а Канстанцін Карман пачаў граць на бас-гітары ў гурце «Маркі». Паўза ў творчасьці «Jitters» працягвалася каля паўгоду, але потым калектыў сабраўся зноў і ў абноўленым складзе[5].

Квартэт (2003—2007)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2003 год «Jitters» уступіў як квартэт: да заснавальнікаў Канстанціна й Сяргея далучыліся гітарыст і бэк-вакаліст Алег Вяль і барабаншчык Артур Лучкоў зь вельмі блізкага да трыё гурта[23]. Абодва музыкі тады адначасова гралі і ў менскім інды-рок і брыт-поп гурце «Hair Peace Salon»[24], што пакінула свой істотны сьлед на гучаньні «Jitters»[25].

З прыходам Алега ды Артура музыка зьмянілася, і гэта ўжо можна было адчуць па новым матэрыяле, які дазволіў атрымаць першы прыз у намінацыі «Рок-музыка» на фэстывалі «Piirideta Muusika» (па-эстонску: «Музыка бязь межаў»), што прайшоў у горадзе Нарве (Эстонія) у чэрвені 2004 году, на якім выступіў і «Hair Peace Salon»[2][26]. У ліпені таго ж году гурт пасьпяхова ўдзельнічае з рамантычнай рок-праграмай у польскім фэстывалі «Басовішча-2004»[27][28]. Як тады напісала Вольга «ОСА» Самусік з «Музыкальнай газеты» па выніках шоў: «Тут відавочна адчуваўся стыль. Недзе можна было правесьці паралель з „Muse“»[29].

У кастрычніку 2005 году Алег Вяль пакідае склад «Jitters» з пэўных тэхнічных і лягічных прычынаў, а таксама каб больш часу ўдзяляць свайму гурту «Hair Peace Salon», дзе ён быў франтмэнам, і за гітарай яго зьмяняе Іван Барзенка, які да гэтага граў у гуртах «Rosary», «Paparis», «Port Mone», «Па Глазам»[30][31][32]. Вясною 2006 году «Jitters» для запісу новай кружэлкі «Pick Me Up» запрашаюць і новага барабаншчыка: замест Артура Лучкова, які застаўся гастралявальным удзельнікам гурта яшчэ на некалькі месяцаў, партыі бубнаў выканаў ужо знаёмы слухачам па гуртах «Rosary», «Port Mone», «Usplёsk», «Paparis», «Крамбамбуля» ды «beZ bileta» Павал Кудрын[5][31][33][34].

2006 год артысты правялі за частымі канцэртамі, у тым ліку разам з «Hair Peace Salon», «Open Space», «Milque Twins», што таксама былі прадстаўнікамі брытанскай хвалі рок-музыкі ў Беларусі[35][36], выйшлі ў фінал фэстывалю «Navarra Underground»[37]. У падтрымку сьвежага матэрыялу з кружэлкі «Pick Me Up», прэзэнтацыя якой прайшла 25 кастрычніка ў клюбе «ЁЁ»,[5] «Jitters» разам з «Hair Peace Salon» зьезьдзілі на польскія фэстывалі «Rock bez Igły» (Тыхы)[38], «Fiesta Borealis» (Алецка) (таксама разам з «beZ bileta»)[39][40]. Пасьля гэтага хлопцы ўзялі невялічкі творчы адпачынак[5].

У 2007 годзе заснавальнік гурта Канстанцін Карман паўнапраўна ўваходзіць у склад «Hair Peace Salon»[41], а, каб замацаваць адносіны, 25 кастрычніка на лэйбле гуказапісу «West Records» выдаецца сумесны альбом «Split Before, Together Now», на які трапілі самотнікі «Gipsy» («Hair Peace Salon») і «Pick Me Up» («Jitters»)[13][42][43], пагатоў музыкі «Jitters» дапамаглі сябрам з «Hair Peace Salon» у напісаньні іх часткі дыску: акрамя Канстанціна Кармана, які сьпеў партыі бэк-вакалу й падыграў у сьпевах на сынтэзатары, ігра Івана Барзенкі на клявішных была пазначана на дзьвюх першых кампазыцыях кружэлкі[30][44]. Жывая прэзэнтацыя CD адбылася 18 лістапада[45]. На вокладку дыска трапілі два дзіцячыя чаравікі, зьвязаныя шнуркамі як сымбал аб’яднаньня гуртоў[6][46].

«Энэргетыкай калектыў бярэ, вельмі інтэлігентнай, але цікавай і сьмелай. Хуліганісты вакал настойліва пралазіць у вушы, вельмі ўпэўненыя аранжыроўкі даюць задавальненьне», — такім было меркаваньне крытыка Алены Сабалеўскай з «Музыкальнай газеты» на частку альбома «Jitters», дзе яна параўнала музыку калектыву з творчасьцю «Travis», «Radiohead», «Muse», «Blur» ды «Coldplay»[47].

Спыненьне дзейнасьці (2008)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Мы вырашылі часова „замарозіць“ праект „Jitters“, — паведамляў айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі «XLAM.BY» Канстанцін Карман напярэдадні прэзэнтацыі прэзэнтацыі альбому «Split Before, Together Now», — а паколькі з „Hair Peace Salon“ мы даўно знаёмыя й сябруем, то для аб’яднаньня не было ніякіх перашкодаў. Мы й раней „абменьваліся“ музыкамі. Цяпер у „HPS“ будзе два галасы»[48]. Пасьля гэтага з 2008 году «Jitters» больш не выпускалі новага матэрыялу, а музыкі гурта канчаткова разышліся па іншым калектывам: Канстанцін Карман узмацніў склад «Hair Peace Salon», Павал Кудрын[49] і Іван Барзенка[31] — «beZ bileta»[50], прычым апошні зь іх у 2011 годзе стаў лідэрам кавэр-гурту «КонтраБанда»[51], а з 2015 году таксама прымае ўдзел у ангельскамоўным інды-рок калектыве «The Bruised Trouveres»[52]; вядучы гітарыст Сяргей Кандраценка пераехаў у Нідэрлянды[53]. Прыкметна, што Канстанцін Карман з бас-гітарыста й вакаліста[54] стаў клявішнікам і вакалістам «Hair Peace Salon», таму што ў тым гурце ўжо быў свой бас-гітарыст, а ў знаёмага хлопцам па сумесных выступленьнях артыста падчас камандзіроўкі ў Шатляндыю[55] як раз быў куплены сынтэзатар Roland JP-8000, гэта й стала матэрыяльнай падставай адказаць станоўча на прапанову калег зьмяніць профіль[56].

Стыль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Трыё з самага пачатку рабіла націск на гітары ў песьнях, і ў 2000 годзе «Музыкальная газета» паводле першых уражаньняў ад іх акрэсьліла творчасьць гурта як грандж[21]. Іх пасьлядоўнікі з гурту «МутнаеВока» праз «Музыкальную газету» ў 2007 годзе аднесьлі яго менавіта да першага пакаленьня беларускага гранджу[57]. «Хлопцы „Jitters“, прадстаўнікі андэграўнд культуры пачатку нулявых, прыпісанай да сталічных клюбаў таго часу „28“, „База“ й іншых, былі тымі, хто сярод п’яных падлеткаў і на сьціплай апаратуры ўсё ж такі граў добрую музыку й якіх на самой справе прыемна слухаць», — разважала напярэдадні Рок-каранацыі 2001 журналіст Тацьцяна Заміроўская[20].

Журы беларускага музычнага фэстывалю «Рок-кола» 2001 году адзначыла прызэраў «Jitters», таму што яны «гралі на самой справе нядрэнна, прыфанкава так, месцамі мэлёдыкай падобнай да брыт-попу — усё было прафэсійна й вельмі прыгожа», — у свой час рэзюмавала вынікі шоў Тацьцяна Заміроўская з «Музыкальнай газеты»[58]. Праграму, якую выканалі музыкі «Jitters» на фэстывалі «Басовішча-2004», крытыкі акрэсьлілі як «нешта брыт-попаўскае, што перамяжоўваецца з эйсід-джазам»[29]. Таксама да гэтага музычнага жанру «Jitters» залічалі таварышы па айчыннай «брытанскай» кагорце з гурта «Клёндайк»[59].

У цэлым гучаньне калектыву параўноўваецца з творчасьцю «Hair Peace Salon»: Алег «О’К» Клімаў на старонках «Музыкальнай газеты» пасьля праслухоўваньня прома-дыскаў 2005 году абодвух гуртоў вызначыў, што «пра „Jitters“ можна напісаць усё тое, што напісана пра „HPS“. Можа, „жітэрсы“ крыху больш рэзкія. А палова складу „Jitters“ і зусім грае ў „Hair Peace Salon“… ці наадварот»[60]. «Далей „Jitters“ — амаль нічога не зьмянілася — ратацыя „Hair Peace Salon“ на 50%», — галоўны рэдактар сайту «tvordom.com» Янка Бусел адзначыў па выніках годных і роўных выступаў абодвух гуртоў запар у рамках вечарыны брытанскага року ў сакавіку 2005 году[61]. СЛЭП як канцэртны аглядальнік «XLAM.BY» паўтарыў думку абодвух, бо «ад перамены месцаў складнікаў сума ня зьменьваецца»[62]. «Цудоўна згуртаваным блокам выглядалі й слухаліся „Hair Peace Salon“ і „Jitters“», — адзначала W. для «Музыкальнай газеты» ў справаздачы зь вясновага трыбьюту «Depeche Mode» у 2006 годзе, вылучыў «якасны брыт-рок», але й заўважыў, што «агульнанароднае прызнаньне наўрад ці здарыцца», бо мэнталітэт іх суайчыньнікаў «не пад тое заточаны»[63]. «Мы даўно ведаем адзін аднаго й паважаем творчасьць кожнага», — камэнтаваў для музычнага парталу LiveSound.by выхад сумеснага альбому ў 2007 годзе лідэр «Hair Peace Salon» Алег Вяль, — «таму й па стылю мы падобныя. Ды й сьпяваем на ангельскай мове»[11].

На фоне выступленьняў таксама брыт-рокераў «Open Space», «Milque Twins», «Hair Peace Salon» з сумеснага канцэрту восеньню 2006 году аглядальнік «Музыкальнай газеты» Слэп пісаў, што «большая частка народу ішла слухаць менавіта іх» («Jitters»), якія «ўзялі слухача галаруч», было таксама адзначана, што «яны зьвярнуліся да слухача шчырасьцю вакалу, лірычнасьцю ды самазабыцьцёвым выкананьнем, што атрымалася ў тым ліку за кошт высокага майстэрства новага барабаншчыка Паўла Кудрына (хлопец проста чараўнік, так лёгка й вольна ён граў)»[34]. Ён жа ўжо як аўтар «XLAM.BY» на прыкладзе міні-альбому «Pick Me Up» прыйшоў да высновы, што гурт перадае «сучасны гук рок-н-ролу»[1]

Jitters напярэдадні імпрэзы самотніку «Pick Me Up» (2006).

Музыку «Jitters» у рэцэнзіі альбому «Split Before, Together Now» Тацьцяна Заміроўская са штотыднёвіка «Белорусская деловая газета» апісала словамі: «назойлівая, аўтэнтычная й па-блюзаваму шалапутная — у ёй прысутнічае неўтаймаваная танцавальнасьць, як у „Gomez“ і „Happy Mondays“, і начыста адсутнічаюць пафасныя рэфлексіі»[64].

Што тычыцца моўнага пытаньня, то музыкі ангельскамоўнага гурта ў адным з інтэрвію айчыннаму парталу альтэрнатыўнай музыкі «XLAM.BY» у сярэдзіне 2000-х выказалі меркаваньне, што з-за таго, што яны не сьпяваюць на беларускай мове, іх зь цяжкасьцю запрашалі на фэстывалі ды кепска «круцілі» па радыё, нягледзячы на якасную творчую працу саму па сабе[65].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калегі музыкаў па грандж сцэне з гурта «Caravan» на пытаньне «Музыкальнай газеты» пра каманды, якія ім даспадобы, у другім студзеньскім нумары 2005 году вылучылі «выдатныя калектывы» «Hair Peace Salon» і «Jitters», прычым апошніх за тое, што «яны граюць арыгінальную музыку»[66]. Віталь Артыст, франтмэн гурту beZ bileta, праз Tuizn.fm таксама пахваліў абодва калектывы ў 2006 годзе: «Я вельмі рады, што давялося прадстаўляць нашу краіну з такімі гуртамі, як „Jitters“ і „Hair Peace Salon“. У Алецка мы па-сапраўднаму „запалілі“[67]. З гэтага часу там будуць больш паважаць беларусаў»[68]. У 2007 годзе ўдзельнікі гурту «Мутнаевока» на прапанову Ганны Сіваковай з «Музыкальнай газеты» назваць сваіх канкурэнтаў згадалі «Jitters» і ацанілі гурт як «вельмі клёвы»[57].

Падчас візыту журналістаў «Музыкальнай газеты» да гурта «Hair Peace Salon», зь якім калектыў неаднаразова выступаў і запісваўся, напрыканцы 2006 году гурт «Jitters» атрымаў станоўчую адзнаку ад удзельнікаў першага. Бас-гітарыст каманды Максім Дзевічэнскі і барабаншчык Артур Лучкоў заўважылі, што, хаця абодва праекты граюць розную музыку з супрацьлеглым настроем, яны маюць агульныя карані й мысьленьне. Лідэр квартэту Алег Вяль прызнаўся, што пасьля яго сыходу з «Jitters» абодва гурты загучалі больш упэўнена й пазбавіліся падабенства, якое раней прыпісвалася камандам, аднёсшы немалую заслугу ў гэтым на карысьць свайго пераемніку Івана Барзенкі[69].

Мультыіструмэнталіст Павел Кудрын у ацэнках «Hair Peace Salon» апісваўся як вельмі таленавіты барабаншчык, які «настолькі спрытна перадае свае рыфаны — вельмі складаныя, ламаныя, але ў той жа час даходлівыя да папсовасьці — што ўзьнікае адчуваньне палёту ў яго гульні, што ён танцуе за ўстаноўкай»[70]. Алег Вяль, экс-гітарыст і бэк-вакаліст «Jitters», падчас выступленьня на тэлеканале «Сталічнае тэлебачаньне» у 2010 годзе быў названы «адным з лепшых беларускіх рок-выканаўцаў»[71]. Алег Клімаў, музычны экспэрт «Experty.by», у 2012 годзе прыпісаў яго ж да шэрагу «лепшых айчынных рок-вакалістаў, якія сьпяваюць на ангельскай мове»[72].

«Хлопцы з „HPS“ заўсёды захапляліся творчасьцю не вельмі вядомай, але каханай у пэўных колах каманды „Jitters“. А сёньня яны дагналі іх па майстэрству, сталі побач і ў чымсьці нават абышлі», — у 2007 годзе падсумавала дзесяцігодзьдзе існаваньня абодвух Алена Сабалеўская з «Музыкальнай газеты»[47]. Музычны крытык Тацьцяна Заміроўская на старонках «БелГазеты» ў 2007 годзе выказала асабістае меркаваньне, што «шчыра кажучы, ужо лепш бы „Hair Peace Salon“ распаліся й увайшлі ў склад „Jitters“, чым наадварот»[64]. Яе калега па выданьні Зьміцер Безкаравайны па выніках зборнага канцэрту ў падтрымку выпуску кампіляцыі «Наша музыка-2» ўвосень 2004 году кантраставаў, паўшчуваў «Jitters» за шумную, але занудлівую й незапамінальную праграму[73].

«Нягледзячы на багацьце каманд, якія граюць у стылі брыт-рок, гэты музычны напрамак у нашай краіне доўгі час заставаўся ў цяні. І вось здарыўся прарыў», — такімі словамі сустракаў выхад дыска «Split Before, Together Now» LiveSound.by[11].

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былыя ўдзельнікі
Часовая шкала

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тэрмін, які паходзіць з Брысталю, Вялікабрытанія, каб апісаць (часам у зьневажальным тоне) фаната (цяжкай) рок-музыкі ці мужчын з доўгімі валасамі, жаргоннае слова звычайна выкарыстоўваецца ў адносінах да скейтбардыстаў або людзей, якія носяць мехаватую вопратку, талстоўцы й слухаюць у асноўным рок-музыку (у тым ліку панк-рок)[9]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б СЛЭП. (2006-08-26) JITTERS - “PICK ME UP”. XLAM.BY. Праверана 2019-12-15 г. Архіўная копія ад 2017-04-25 г.
  2. ^ а б в Самусик, Ольга. (2005) Jitters И Их Британский Рок-Н-Ролл (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-11-18 г. Архіўная копія ад 2018-12-03 г.
  3. ^ Jitters – Bristeil!. BristeilПраверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2019-01-01 г.
  4. ^ !SLAP! (2006-11-04) PICK-ME-UP - !SLAP!. LiveJournalПраверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2019-01-01 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж p1xel. (2006-11-10) Справаздача : Прэзентацыя сінгла JITTERS. XLAM.BYПраверана 2018-12-22 г. Архіўная копія ад 2006-11-14 г.
  6. ^ а б Алена Скарабагатава. (2007-10-29) «Split Before, Together Now» – першы сумесны рэліз беларускіх брыт-рокераў Hair Peace Salon і Jitters Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-11-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-26 г.
  7. ^ Музыкальная Газета N 15/2005 (Минск, Беларусь) (рас.). music.com.ua (2005-04-21). Праверана 2019-12-09 г. Архіўная копія ад 2019-12-09 г.
  8. ^ Кася Сарокіна; Алена Скарабагатава. (2007-11-16) У Менску зноў будзе брыт-поп Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2019-03-17 г. Архіўная копія ад 2019-03-17 г.
  9. ^ Jitter (анг.). Urban DictionaryПраверана 2019-04-13 г. Архіўная копія ад 2019-04-13 г.
  10. ^ Трехлетие сайта «МУЗЫКА ТУТ» совпало с 15-летием Конвенции о правах ребенка (рас.). TUT.BY (2004-11-15). Праверана 2019-04-09 г. Архіўная копія ад 2019-04-09 г.
  11. ^ а б в duckling. (2007-10-25) Белорусский брит-рок выходит на большую сцену (рас.). LiveSound.byПраверана 2019-04-12 г. Архіўная копія ад 2007-10-30 г.
  12. ^ ЕВ. (2005-12-20) Минск отметил день рождения Джима Моррисона (рас.) Telegraf.by. Музыкальная газетаПраверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2006-01-03 г.
  13. ^ а б Split Before, Together Now (рас.). West Records (2007-10-28). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-04 г.
  14. ^ Беларускі брыт-рок. Эўрапейскае радыё для Беларусі (2007-12-12). Праверана 2018-11-18 г. Архіўная копія ад 2018-10-23 г.
  15. ^ beZ bileta рассекретили новый альбом (рас.) TUT.BY Праверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2019-01-01 г.
  16. ^ Накануне "Дня безбилетника 2006" группа beZ bileta стала больше (рас.) БелаПАН Праверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2018-10-28 г.
  17. ^ Презентация сингла группы Jitters - Pick Me Up (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2019-02-11 г. Архіўная копія ад 2019-02-11 г.
  18. ^ Jitters (Минск) (рас.). realmusic.ru. Праверана 2018-11-18 г. Архіўная копія ад 2005-05-19 г.
  19. ^ Ілля Маліноўскі. (2013-02-15) Рок-клубы нашага дзяцінства (фота). Эўрапейскае радыё для БеларусіПраверана 2018-10-28 г. Архіўная копія ад 2016-10-25 г.
  20. ^ а б Татьяна Замировская. (2002) Фестиваль "Рок-Коронация-2001": Кремация обратима (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2007-09-24 г.
  21. ^ а б в г О’К. (2000) Jitters Jitters (рас.). Музыкальная газета. Архіўная копія ад 2016-03-06 г.
  22. ^ БДГ. (2001-07-06) Новополоцк: рок-фестиваль имени музыканта (рас.) Белорусская деловая газета Праверана 2018-10-28 г. Архіўная копія ад 2018-06-27 г.
  23. ^ Тася Ахрамович. (2005) Muravei Inc. «Мы подумали: зачем нам надеяться на кого-то? И решили все сделать сами…» (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2006-01-13 г.
  24. ^ Hair Peace Salon. (2010) Hair Peace Salon - Live @ LAD TV (part 1) Беларусь 2 Праверана 2018-12-15 г.
  25. ^ Группы Jitters и Hair Peace Salon ждут своих фэнов (рас.). guitar.by (2004-06-03). Праверана 2018-10-24 г. Архіўная копія ад 2019-01-01 г.
  26. ^ BAND | Hair Peace Salon. Hair Peace SalonПраверана 2018-11-15 г. Архіўная копія ад 2013-09-25 г.
  27. ^ Стэп Татка. Юбілейнае „Басовішча”  (бел.) // Ніва. — 2004. — № 31 (2516). — ISSN 0546-1960.
  28. ^ Павал Сьвярдлоў. (30 ліпеня 2004 года) Больш ня плача песьня наша. Наша НіваПраверана 2018-11-01 г. Архіўная копія ад 2019-01-03 г.
  29. ^ а б Ольга “ОСА” Самусик; Лянькевич Андрей. (2004) Басовище-2004 (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2005-02-07 г.
  30. ^ а б Ju. (2007-10-20) JITTERS, HAIR PEACE SALON, «Split Before, Together Now» и «Gipsy» (рас.). XLAM.BYПраверана 2018-11-18 г. Архіўная копія ад 2017-04-29 г.
  31. ^ а б в Вера Вагнер. (2007-05-14) Нестареющие «безбилетники» (рас.). БелГазетаПраверана 2020-02-22 г. Архіўная копія ад 2020-02-22 г.
  32. ^ MoonliT. (2005-08-17) Paparis & PortMone - 2 in 1. «МЫ». Праверана 2019-02-13 г. Архіўная копія ад 2005-08-28 г.
  33. ^ Без билета (рас.). experty.byПраверана 2018-10-24 г. Архіўная копія ад 2017-09-23 г.
  34. ^ а б Слэп. (2006) “АЎСЯНКА, СЭР!”. Музыкальная газета. Праверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2018-10-25 г.
  35. ^ Анонсы концертов (рас.). talks.by (2005-01-29). Праверана 2018-10-26 г. Архіўная копія ад 2018-10-26 г.
  36. ^ Сергей Полаженко. (2006-09-23) Афиши и анонсы событий в клубе "Граффити" (рас.). subscribe.ru. Праверана 2018-11-25 г. Архіўная копія ад 2018-11-26 г.
  37. ^ В Минске стартует музыкальный конкурс Navara Underground. Музыкальная газета. Праверана 2018-12-18 г. Архіўная копія ад 2006-05-25 г.
  38. ^ Festiwal "Rock bez Igły z WSB" - Zespoły (пол.). bezigly.pl. Праверана 2018-12-19 г. Архіўная копія ад 2018-12-20 г.
  39. ^ Людмила Погодина. (2007) ИТОГИ ГОДА: К итогам 2006-го (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2020-07-27 г.
  40. ^ SLAP. (2006-11-20) Справаздача : “Дзень Безквітоўніка”. XLAM.BYПраверана 2018-12-22 г. Архіўная копія ад 2006-12-06 г.
  41. ^ Группы Hair Peace Salon и Jitters объединились (рас.). West Records (2007-10-30). Праверана 2018-12-12 г. Архіўная копія ад 2008-03-06 г.
  42. ^ Алена Скарабагатава. (2008-01-10) Hair Peace Salon: наступ працягваецца Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-12-09 г. Архіўная копія ад 2018-10-26 г.
  43. ^ Воля Кузьміч. (2008-11-04) Hair Peace Salon: "Кожны думае ў меру распушчанасьці сваіх валасоў". generation.byПраверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2018-10-17 г.
  44. ^ !SLAP! (2007-12-13) здаецца мне што я сапраўды "казачны далбаёб". LiveJournalПраверана 2019-01-04 г. Архіўная копія ад 2019-01-04 г.
  45. ^ Дмитрий Подберезский. Hair Peace Salon (рас.). ej.by. Праверана 2018-10-16 г. Архіўная копія ад 2018-10-19 г.
  46. ^ SlaDa. (14 лістапада 2007) 18 лістапада "Hair Peace Salon" і "Jitters" прэзэнтуюць сумесную праграму generation.by Праверана 1 лістапада 2018 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.
  47. ^ а б E. Соболевская. (2007) Hair Peace Salon/Jitters Split Before, Together Now (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-03 г. Архіўная копія ад 2008-05-12 г.
  48. ^ Презентация сингла Hair Peace Salon и сплита с Jitters (рас.). XLAM.BY (2007-11-15). Праверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-04-28 г.
  49. ^ 10 ноября beZ bileta отыграют большой концерт в честь "Дня безбилетника 2006" (рас.) TUT.BY Праверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2019-01-01 г.
  50. ^ Кася Сарокіна. (2007-09-25) «Кіназдымкі» beZ bileta Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2018-12-17 г. Архіўная копія ад 2019-01-03 г.
  51. ^ Группа «КонтраБанда» в гостях программы «Утро. Студия хорошего настроения» на СТВ (рас.). Сталічнае тэлебачаньне (2014-12-05). Праверана 2018-12-22 г. Архіўная копія ад 2016-04-11 г.
  52. ^ The Bruised Trouveres представили дебютный ЕР (+слушать/+скачать) (рас.). experty.by (2016-09-19). Праверана 2018-12-17 г. Архіўная копія ад 2017-03-19 г.
  53. ^ Freedom of Rock (рас.). Hair Peace Salon (2008-04-03). Праверана 2019-04-25 г. Архіўная копія ад 2008-04-04 г.
  54. ^ Слэп. (2007) С.-Пб_NIN_Справаздача-інтэрв’ю. Музыкальная газетаПраверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2007-12-05 г.
  55. ^ p1xel (2006-12-30) Костя, вокал и бас-гитара Jitters (рас.). XLAM.BYПраверана 2019-03-24 г. Архіўная копія ад 2007-01-01 г.
  56. ^ Слэп. (2007-08-30) Як беларусы да Nine Inch Nails завіталі Tuzin.fm. Музычная прастора Беларусі. Праверана 2018-10-27 г. Архіўная копія ад 2018-10-27 г.
  57. ^ а б Анна Сивакова. (2007) МутнаеВока: «Мы играем какой-то непонятный рок…» (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2018-12-18 г. Архіўная копія ад 2016-04-04 г.
  58. ^ Татьяна Замировская. (2001) Фестиваль "Рок-Кола" рок живет не только в Минске (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-04 г. Архіўная копія ад 2007-08-24 г.
  59. ^ Татьяна Ахрамович, Елена Волкова. (2005) Клёндайк: «Мы – это что-то типа британского рока по-белорусски» (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-18 г. Архіўная копія ад 2020-01-09 г.
  60. ^ а б О’К. (2005) Jitters Jitters (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-04 г. Архіўная копія ад 2016-03-06 г.
  61. ^ Янка Бусел. (2005-03-28) Вечерние настроения на Britrock Party (рас.). tvordom.com. Праверана 2020-08-24 г. Архіўная копія ад 2005-04-18 г.
  62. ^ СЛЭП. (2006-10-15) British wave lovers gig, клюб "Арена". XLAM.BY. Праверана 2019-12-15 г. Архіўная копія ад 2017-04-25 г.
  63. ^ W. (2006-04-13) Трибьют Depeche Mode плюс дебют (рас.). Музыкальная газетаПраверана 2020-02-18 г. Архіўная копія ад 2020-02-18 г.
  64. ^ а б Татьяна Замировская. (2007) Не надо «а-ля»!. Личный вкус. (рас.). БелГазетаПраверана 2018-12-07 г. Архіўная копія ад 2018-10-28 г.
  65. ^ Ju. (2006-01-06) Интервью с группой Hair Peace Salon (рас.). XLAM.BY. Праверана 2018-12-16 г. Архіўная копія ад 2017-03-20 г.
  66. ^ Марина Новикова. (2005) Caravan Они играют грандж (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2018-12-06 г. Архіўная копія ад 2008-01-10 г.
  67. ^ p1xel (2006-08-01) beZ bileta удостоены приза прессы на рок-фестивале в польском Олецко (рас.). XLAM.BYПраверана 2019-03-21 г. Архіўная копія ад 2006-08-22 г.
  68. ^ Марыя Грудзько; Пазьнякоў, Віктар (2006-08-02) beZ bileta на польскім фэсьце Przystanek Tuzin.fm. mpby.ru. Праверана 2019-03-17 г. Архіўная копія ад 2019-03-17 г.
  69. ^ Елена Соболевская; Катя Петрова. (2006) В гостях Hair Peace Salon (рас.). Музыкальная газета. Праверана 2019-04-09 г. Архіўная копія ад 2019-04-09 г.
  70. ^ Конечно Паша - ну кто ж его не знает (рас.). Hair Peace Salon (2007-04-29). Праверана 2018-11-18 г. Архіўная копія ад 2007-10-30 г.
  71. ^ Константин Карман (группа"Hair Peace Salon"): Бегать по "Динамо" и искать новую маечку – слишком дорого (рас.). Сталічнае тэлебачаньне (2010-06-20). Праверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2017-01-11 г.
  72. ^ Hair Peace Salon "Gentleman" (+аудио) (бел.) experty.by Праверана 2018-10-30 г. Архіўная копія ад 2019-03-11 г.
  73. ^ Дмитрий Безкоровайный. (2004-09-27) Слабали по-нашенски (рас.) Праверана 2020-02-10 г. Архіўная копія ад 2020-02-10 г.
  74. ^ Jaded, by Jitters. Bandcamp (2005-03-02). Праверана 2018-10-24 г. Архіўная копія ад 2018-11-07 г.
  75. ^ Pick Me Up, by Jitters. Bandcamp (2006-06-01). Праверана 2019-01-04 г. Архіўная копія ад 2019-01-04 г.
  76. ^ Hair Peace Salon, Jitters – Split Before, Together Now (CD). Discogs. Праверана 2018-10-23 г. Архіўная копія ад 2018-10-18 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]