Юльян Урсын Нямцэвіч
Юльян Урсын Нямцэвіч, кан. XVIII ст. | |
Герб «Равіч» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 16 лютага 1757 Скокі Берасьцейскага павету |
Памёр | 21 траўня 1841 Парыж |
Пахаваны | |
Род | Нямцэвічы |
Бацькі | Марцэлій Нямцэвіч[d] Ядвіга з Сухадольскіх[d] |
Дзейнасьць | дыплямат, перакладнік, паэт, пісьменьнік, публіцыст, гісторык, палітычны актывіст |
Подпіс |
Юльян Урсын Нямцэвіч (па-польску: Julian Ursyn Niemcewicz; 16 лютага 1757, вёска Скокі Берасьцейскага павету, цяпер Берасьцейскі раён — 21 траўня 1841, Парыж) — пісьменьнік, гісторык, палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадстаўнік шляхецкага роду Нямцэвічаў гербу «Равіч». Навучаўся ў Берасьцейскім езуіцкім калегіюме[1], у 1770—1777 працягваў адукацыю ў Рыцарскай школе ў Варшаве. Быў ад’ютантам А. К. Чартарыйскага. Падарожнічаў па Эўропе (наведаў Францыю, Ангельшчыну, Італію).
Пасол на Чатырохгадовы сойм (1788—1792), удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 траўня, ад 1791 у складзе Адукацыйнай камісіі.
Па перамозе Таргавіцкай канфэдэрацыі ў 1792 эміграваў у Саксонію, потым Аўстрыю, Італію[2].
У часе паўстаньня 1794 году ад’ютант і сакратар Т. Касьцюшкі. Паранены ў Мацяёвіцкай бітве, трапіў у палон; зьняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасьці ў Пецярбургу. У 1796 разам з Т. Касьцюшкам выехаў у ЗША.
Вярнуўся на радзіму ў 1807, займаў пасаду сакратара Сэнату Варшаўскага княства, з 1813 сакратар Сэнату Каралеўства Польскага.
Зрабіў некалькі падарожжаў з мэтай адшуканьня і апісаньня нацыянальных помнікаў па тэрыторыі сучаснай Беларусі — 1809, 1816 і 1819.
У часе паўстаньня 1830—1831 гг. увайшоў у Часовы ўрад, абіраўся сэнатарам-кашталянам. Па здушэньні паўстаньня эміграваў у Парыж.
Супрацоўнічаў з кансэрватыўным лягерам эміграцыі на чале з А. Е. Чартарыйскім[3], цалкам прысьвяціў сябе літаратурнай дзейнасьці.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У літаратурнай творчасьці прытрымліваўся эстэтыкі клясыцызму, ягоныя гістарычныя погляды трымаліся на канцэпцыі школы А. Нарушэвіча зь ейнымі ідэямі пра нутраны заняпад Рэчы Паспалітай.
У адным зь першых сваіх мастацкіх твораў — палітычнай камэдыі «Вяртаньне пасла» (1790) — выказаўся за сацыяльныя рэформы ў Рэчы Паспалітай, вызваленьне сялянаў ад прыгону.
Аўтар зборнікаў «Літоўскія лісты» (1812), дзе адлюстраваў мясцовую літоўскую (беларускую) тэматыку, і патрыятычнага палітычнага цыклю «Гістарычныя песні» (1816), раманаў «Два паны Сяцехі» (1815), «Ян з Тэнчына» (1825) і іншых твораў.
У кнігах «Дзёньнікі маіх часоў» (выйшла ў 1848), «Гістарычныя падарожжы па польскіх землях, што адбыліся ад 1811 да 1828 гадоў» (выйшла ў 1858) апісаў Берасьце, Горадню, Наваградак, жыцьцё беларускіх сялянаў.
Напісаў «Гісторыю панаваньня Жыгімонта III» (т. 1—3, 1818—1819), «Жыцьці значных людзей XVIII ст.» (выйшла ў 1904). Выдаў «Збор гістарычных мэмуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—6, 1822—1833), у які ўлучаў «Дыярыюшы» С. і Б. Маскевічаў.
Пісаў на польскай мове і лічыцца адным з найвыдатнейшых пісьменьнікаў польскага Асьветніцтва. 3 сакавіка 2009 у берасьцейскай бібліятэцы адбылася прэзэнтацыя кнігі Анатоля Гладышчука «Нямцэвічы. Сапраўдныя гісторыі»: дзёньнікі Ю. Нямцэвіча ўпершыню пабачылі сьвет на беларускай мове[4].
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Антоні Брадоўскі, 1820
-
Антоні Брадоўскі, 1822
-
Невядомы мастак, XIX ст.
-
Невядомы мастак, XIX ст.
Ацэнкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На думку польскіх дасьледнікаў Юльян Урсын Нямцэвіч бачыў Вялікае Княства Літоўскае, зь якога паходзіў, як інтэгральную частку польскай дзяржавы. Такі пункт гледжаньня ён перадаваў у сваёй творчасьці, чым уплываў на фармаваньне ў наступных пакаленьнях палякаў рамантычнай візіі Крэсаў як часткі Польшчы. Польскі этнограф Ян Станіслаў Быстрань сьцьвярджаў, што Ю. У. Нямцэвіч адносіўся да Польшчы як да адзінага цэлага, у межах перад падзеламі (…) нічога не адмаўляў, езьдзіў на Ўкраіну, на Літву, на Памор’е, на Чырвоную Русь як на польскія зямлі і абуджаў у шырокіх колах чытачоў перакананьне, што межы Кангрэсовага Каралеўства — гэта ня межы Польшчы. Невыносны стары дзядзька (…) усё жыцьцё заставаўся грамадзянінам ўсёй непадзельнай і незалежнай Польшчы[5].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ 16 лютага 1757 году нарадзіўся Юльян Нямцэвіч // «Радыё Свабода», 16 лютага 2005.
- ^ Валеры Пазднякоў. Нямцэвіч Юльян Урсын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 367.
- ^ Валеры Пазднякоў. Нямцэвіч Юльян Урсын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 368.
- ^ Юры Рубашэўскі. Нямцэвіч загаварыў па-беларуску // «Вечерний Брест», 6 сакавіка 2009.
- ^ Marek A. Koprowski. Białoruś. Uparte trwanie polskości. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2006. ISBN 978-83-7441-409-8. — S. 23—24.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Юльян Урсын Нямцэвіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Нарадзіліся 16 лютага
- Нарадзіліся ў 1757 годзе
- Памерлі 21 траўня
- Памерлі ў 1841 годзе
- Нарадзіліся ў Берасьцейскім раёне
- Польскія гісторыкі
- Польскія літаратары
- Удзельнікі Вялікага Сойму 1788—1792
- Сябры Згуртаваньня прыхільнікаў урадавай канстытуцыі
- Удзельнікі паўстаньня 1794 году
- Вязьні Петрапаўлаўскай крэпасьці
- Памерлі ў Парыжы
- Асобы Рэчы Паспалітай