Рэнэ Мартэль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Рэнэ Мартэль
Дата нараджэньня 1893[1]
Дата сьмерці 1976[1]
Грамадзянства Францыя
Занятак гісторык, пісьменьнік, навэліст, перакладнік і журналіст
Месца працы Paris-Soir[d]

Рэнэ Мартэль (1893—1976) — францускі гісторык, публіцыст, журналіст, сарбонавец і авіятар. Піянэр франкамоўнай беларусікі, пачынальнік беларусазнаўчых дасьледваньняў у Францыі ў 1920-я гады. У сваіх працах ён у асноўным канцэнтраваўся на Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе. Выказваў пранямецкія погляды і пранацысцкія сэнтымэнты, падчас нямецкай акупацыі Францыі супрацоўнічаў з акупацыйнай уладай. У 1945 г. быў асуджаны да прымусовых працаў, пазбаўлены грамадзянскіх правоў, і яго імя замоўчвалася доўга пасьля ягонай сьмерці.

Жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тытульная старонка кнігі Рэнэ Мартэля «Les Blancs-Russes». Зроблена з асобніка, які захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.
Першая старонка эсэ Рэнэ Мартэля «La Russie blanche». Зроблена з асобніка, які захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Францішка Скарыны ў Лёндане.

Падчас Першай сусьветнай вайны Р. Мартэль быў пілётам.[2] Падчас падрыхтоўкі доктарскай дысэртацыі жыў некаторы час у Савецкім Саюзе. У выніку ў 1933 г. апублікаваў манаграфію  «Le Mouvement antireligieux en U.R.S.S. (1917—1932)» [Антырэлігійны рух у СССР (1917—1932)][3] Р. Мартэль быў суаўтарам біяграфіі Івана Мазэпы і ў сваіх іншых працах дасьледваў Польшчу, Славенію, Вугоршчыну і Ўкраіну. Выкладаў у парыскім  Lycée Montaigne і Сарбоне.[4]

У 1930 г. апублікаваў «Les frontières orientales de l’Allemagne» (Усходнія межы Нямеччыны), у якой заняў пазыцыю Нямеччыны ў яе памежным канфлікце з Польшчай.[5]

Рэнэ Мартэль супрацоўнічаў з рэдакцыяй часопіса Le Monde Nouveau і з Панэўрапейскім хаўрусам, і стаў адным з найбольш адметных распаўсюднікаў ідэі панэўрапейства.[6]

Падчас нямецкай акупацыі Францыі выказваў пранямецкія сымпатыі, публікаваўся ў Paris-Soir'', дзе граміў  амэрыканцаў — «янкаў-скатоў» і «янкаў-барбараў» — якіх абвінавачваў у заняпадзе Эўропы.[7] Працаваў у сэкцыі культуры ў La France — газэце, якая сымпатызавала рэжыму Вішы. У 1941 г. апублікаваў кнігу Les principes du national socialisme (Прынцыпы нацыянал-сацыялізму), у якой падтрымаў акупантаў і якая стала асноўным фактам абвінавачаньня падчас суду ў 1945 г.[8]

За калябарацыю Р. Мартэль быў асуджаны да дзесяці гадоў прымусовай працы і пазбаўлены грамадзянскіх правоў[9] , пасьля чаго ягоныя працы ўжо не публікаваліся.

Беларусіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэнэ Мартэля часта блытаюць з Антуанам Мартэлем — абодва займаліся Ўсходняй Эўропай прыкладна ў той самы час. Рэнэ Мартэль у сваіх эсэ міжваеннага часу апісваў і аналізаваў г.зв. «беларутэнскае» (пазьней стаў ужываць «беларускае») пытаньне. У працах «Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique» [Беларусы. Гістарычны, геаграфічны, палітычны і эканамічны досьлед] (1929), La Polgne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités [Польшча і мы: легенда і гісторыя, гімэры і рэальнасьць] (1928), «La France et la Pologne; réalités de l’Est européen» [Францыя і Польшча: рэальнасьці Ўсходу Эўропы] (1931) ён знаёміў чытача з малавядомай на Захадзе культурай беларусаў і крытыкаваў палітыку Польшчы ў дачыненьні да памежных народаў — беларусаў, украінцаў і летувісаў, а францускі ўрад — за палёнафільства і сьлепату ў дачыненьні да ўсходнеэўрапейскіх народаў.[10]

Асноўныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • L’Aviation française de bombardement des origines au 11 novembre 1918, 1939, Paris.
  • Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, Paris.
  • Les frontières orientales de l’Allemagne, Paris, 1930.
  • La Pologne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités, 1928, Paris.
  • La France et la Pologne; réalités de l’Est européen, 1931, Paris.
  • Les Principes du national-socialisme, Paris, 1941.

Цытаты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Па-француску ня існуе да сёньняшняга дня жаднага агульнага ці адмысловага дасьледаваньня пра Беларусь і беларусаў.» (Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, с. 5)
  • «Хоць новая дзяржава і атрымала назву Вялікае княства Літоўскае, насамрэч, у ёй дамінаваў беларускі элемэнт: усе тэксты, усе акты пісаліся па‐беларуску.» (Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, с. 13)
  • «Беларусь ‐ гэта краіна, дзе сустрэліся дзьве вялікія адрозныя гістарычныя сілы ‐ Рым і Бізантыя, ваяўнічае каталіцтва і захопніцкае праваслаўе.» (Les Blancs-Russes. Etude historique, géographique, politique et économique, 1929, с. 7)
  • «Пяршынство ў сьпісе прыгнечаных народаў Польшчы варта аддаць беларусам. Менавіта яны пацярпелі больш за ўсіх. Вельмі аддаленыя ад цэнтру, амаль невядомыя на Захадзе, яны маляваліся Варшавай як напаўдзікунская арда.» (La Pologne et nous: la légende et l’histoire chimères et réalités, 1928, с. 216).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б MAK
  2. ^ Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres. Perrin, Paris 2013, ISBN 978-2-262-03437-5, S. 247.
  3. ^ Rachel Mazuy: Croire plutôt que voir?: Voyages en Russie soviétique (1919—1939). Odile Jacob, Paris 2002, ISBN 2-7381-1153-X, S. 314.
  4. ^ Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres. Perrin, Paris 2013, ISBN 978-2-262-03437-5, S. 247 u. Politique étrangère, Ausgabe 1 von 1939, Seite 100.
  5. ^ Besprechung der englischen Ausgabe durch Arthur I. Andrews im American Journal of International Law, Ausgabe Januar 1932, S. 223-234.
  6. ^ Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres. Perrin, Paris 2013, ISBN 978-2-262-03437-5, S. 248.
  7. ^ Гарбацкі, У. На золку французскай беларусікі: Рэнэ Мартэль. Новы Час, 27.03.2016. http://novychas.by/kultura/na_zolku_francuzskaj_bielarusi/
  8. ^ Cédric Meletta: Jean Luchaire: L’enfant perdu des années sombres.
  9. ^ Études de presse, L’Institut français de presse, Paris 1946, Jg. 1, S. 544.
  10. ^ Гарбацкі, У. На золку французскай беларусікі: Рэнэ Мартэль. Новы Час, 27.03.2016. http://novychas.by/kultura/na_zolku_francuzskaj_bielarusi/

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]