Перайсьці да зьместу

Украінская дзяржава

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Украінская Дзяржава»)
Украінская дзяржава
укр. Українська Держава

1918
Сьцяг Украінскай дзяржавы Герб Украінскай дзяржавы
Сьцяг Герб
Месцазнаходжаньне Украінскай дзяржавы
Афіцыйная мова украінская
Сталіца Кіеў
Форма кіраваньня
Гетман
Дыктатура
Павал Скарападзкі
Валюта Карбованец
Незалежнасьць
— зацьверджаная
— скасаваная

29 красавіка 1918
14 сьнежня 1918

Украі́нская дзяржа́ва (па-ўкраінску: Українська Держава) — пэрыяд у новай гісторыі сучаснае Ўкраіны ў часы пасьлярэвалюцыйнай эпохі былой Расейскай імпэрыі, падчас якога на тэрыторыі большай часткі Ўкраіны быў зацьверджаны антысацыялістычны ўрад (таксама вядомы як Гетманат), што існаваў з 29 красавіка[1] да сьнежня 1918 году[2]. Рэжым Гетманату замяніў сабою прасацыялістычны ўрад Цэнтральнай Рады Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, які быў разагнаны 28 красавіка 1918 году. На чале новага ўраду стаў гетман Павал Скарападзкі, пры якім украінскі ўрад пераўтварыўся ў часовую дыктатуру, якая, у прыватнасьці, забараніла ўсе прасацыялістычныя палітычныя рухі з мэтаю стварэньня антыбальшавіцкага фронту.

У сьнежні 1918 году ўрад Скарападзкага быў зрынуты, у выніку чаго ў выглядзе г. зв. Дырэкторыі ва Ўкраіне аднавіўся ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі[2][3].

Стварэньне рэжыму Ўкраінскай дзяржавы прывяло да аб’яднаньня большай часткі Ўкраіны пад эгідай адной формы дзяржаўнасьці з роспускам прасавецкіх квазідзяржаўных утварэньняў, такіх як Адэская Савецкая Рэспубліка, Данецка-Крывароская Савецкая Рэспубліка і г. д. Больш жорсткая зьнешняя палітыка і ваенная падтрымка з боку Цэнтральных дзяржаваў прывялі да вызначанай стабілізацыі жыцьця ўнутры краіны[1][3].

Дзяржава знаходзілася ва Ўсходняй Эўропе, уключаючы ў сваю тэрыторыю большую частку тэрыторыі сучаснай Украіны, за выняткам Заходняй Украіны ды Крыму, пры гэтым шэраг тэрытарыяльных прэтэнзіяў або падкантрольных тэрыторыяў распаўсюджваўся на сучасныя рэгіёны Беларусі, Расеі, Малдовы й Польшчы. На паўночным усходзе, у раёнах сучаснай украінска-расейскай мяжы, існавала часовая дэмаркацыйная лінія з Расеяй, на ўсход ад краіны праходзіла мяжа зь дзяржавай Усевялікага Войска Донскага, на паўднёвым усходзе й паўднёвым захадзе праходзіла ўзьбярэжжа Чорнага мора, на поўдні праходзіла мяжа з Крымам, падкантрольным ураду Сулькевіча. На паўднёвым захадзе ў раёне ракі Днестар праходзіла мяжа з Румыніяй, на захадзе — з Аўстра-Вугоршчынай і зонамі нямецкай акупацыі. На поўначы Ўкраіна фармальна мела межы зь Беларусьсю, аднак амаль увесь поўдзень сучаснай Беларусі, на які прэтэндаваў урад БНР, кантраляваўся Ўкраінай, а на поўнач знаходзіліся тэрыторыі пад кантролем нямецкіх акупацыйных уладаў.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Украінскай дзяржавы. Тэрытарыяльныя прэтэнзіі пазначаныя зялёнай лініяй.

Пры існаваньні УНР усе губэрні Расеі, якія існавалі на тэрыторыі новаўтворанай УНР, былі скасаваныя, наўзамен ім былі створаныя землі, колькасьць якіх была большай за колькасьць губэрняў, якія ахоплівалі тэрыторыю УНР. Па прыходзе да ўлады Скарападзкага губэрнскі адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел зь невялікімі папраўкамі[a] быў вернуты, а таксама былі створаныя 2 акругі, у выніку чаго Ўкраіна пачала дзяліцца на 9 губэрняў і 2 акругі, кіраўнікамі якіх сталі старосты. Зь мясцовымі ўрадамі Крыму й Кубані вяліся перамовы па мажлівым аб’яднаньні або стварэньні фэдэрацыі.

Адзінка Адміністрацыйны цэнтар Староста

     Валынская губэрня

Жытомір Дзьмітры Андра

     Кацярынаслаўская губэрня

Кацярынаслаў Іван Чэрнікаў

     Кіеўская губэрня

Кіеў Іван Чартарыскі

     Падольская губэрня

Камянец Сяргей Кіселаў

     Палтаўская губэрня

Палтава Сяргей Іваненка

     Харкаўская губэрня

Харкаў Пётар Залескі

     Хэрсонская губэрня

Хэрсон Сямён Пышчэвіч

     Холмская губэрня

Берасьце Аляксандар Скорапіс-Ялтухоўскі

     Чарнігаўская губэрня

Чарнігаў Мікола Савіцкі

     Палеская акруга

Мазыр

     Таўрычная акруга

Бярдзянск

     Крымскі краёвы ўрад

Сімфэропаль

     Кубанская Народная Рэспубліка

Кацярынадар

Тэрытарыяльныя спрэчкі зь Беларусьсю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ужо да існаваньня Ўкраінскай дзяржавы, у часы існаваньня Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, паміж кіраўніцтвамі Беларусі і Ўкраіны ўзьнікла пытаньне пра будучы статус памежных земляў — поўдня былых Гарадзенскай, Менскай і Магілёўскай губэрняў (Палесьсе).

Асноўнымі прычынамі дыскусіяў стаў розны набор этнаграфічных зьвестак пра рэгіён, згодна зь якім рэгіён мог лічыцца як беларускім, так і ўкраінскім; адначасовыя прэтэнзіі беларускіх і ўкраінскіх нацыянальных дзеячоў на рэгіён, а таксама палітыка нямецкіх уладаў, якія сваімі рашэньнямі замацавалі сучаснае беларускае Палесьсе спачатку за Ўкраінскай Народнай Рэспублікай, а потым за Ўкраінскай дзяржавай.

Першапачаткова тэрыторыі сучаснага беларускага Палесься, якія складаюць поўдзень сучасных Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцяў, былі падзеленыя паміж паветамі Валынскай і Холмскай губэрняў Украінскай дзяржавы. У чэрвені ў Кіеў прыбыў надзвычайны пасол БНР Раман Скірмунт, які паспрабаваў правесьці з украінскім міністрам замежных справаў Дзьмітрыем Дарашэнкам перамовы наконт прыналежнасьці рэгіёну. Гэтыя перамовы не атрымалі посьпеху з прычыны таго, што ўкраінскія ўлады дазналіся пра адсутнасьць рэальнае ўлады ў Беларусі з боку ўраду БНР. У выніку гэтага нямецкае камандаваньне дала згоду на распаўсюджаньне на гэтыя тэрыторыі ўкраінскай улады.

Паводле пастановы Рады міністраў ад 14 жніўня на гэтых тэрыторыях стварылі Палескую акругу, адміністрацыйным цэнтрам якой стаў Мазыр. Праз стратэгічныя мэты ў склад Украіны таксама патрапіў Гомельскі павет Магілёўскай губэрні, які быў далучаны да Чарнігаўскай губэрні[4].

Па скасаваньні Ўкраінскай дзяржавы ўсе гэтыя тэрыторыі апынуліся ў складзе УНР. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі працягваў захоўваць прэтэнзіі датычна іх, але ніколі ня меў над імі фактычнага кантролю. З 1919 году тэрытарыяльныя прэтэнзіі на рэгіён беларускага Палесься выказаў і ўрад ССРБ.

У выніку бальшавіцкай агрэсіі, пасьля якой 9 студзеня 1918 году Кіеў быў узяты Саветамі, урад УНР, які першапачаткова перасьледаваў антываенную палітыку, быў вымушаны шукаць ваенную палітыку з боку іншых дзяржаваў.

9 лютага гэтага ж году Ўкраіна ў Берасьці падпісала сэпаратны мір з Цэнтральнымі дзяржавамі, і ў сакавіку 1918 году расейскія савецкія сілы пакінулі тэрыторыю Ўкраіны. На чале зь нямецкім фэльдмаршалам фон Айхгарнам была створаная група арміяў «Кіеў», функцыяй якой стала абарона Ўкраіны ад мажлівай бальшавіцкай агрэсіі.

25 красавіка 1918 году адбыўся інцыдэнт між нямецкай арміяй і ўрадам Украіны, у ходзе якога адміністрацыя групы арміяў «Кіеў» стала падазраваць тагачасны ўрад Украіны на чале з Усеваладам Галубовічам у выкраданьні старшыні Банку зьнешняга гандлю Абрама Добрага. Праз гэты банк нямецкае вайсковае камандаваньне зьдзяйсьняла ўсе фінансавыя апэрацыі з цэнтральнымі ўладамі Нямеччыны. Фон Айнгарн аддаў загад, згодна зь якім крымінальныя справы на тэрыторыі Ўкраіны змаглі выбарачна трапляць пад юрысдыкцыю нямецкага ваенна-палявога суду разам з судовай сыстэмай уласна Ўкраіны. У адказ на гэта 29 красавіка Ўсевалад Галубовіч заявіў, што падобныя меры занадта вялікія і неапраўданыя ў маштабах расьсьледаваньня справы Добрага.

У той жа дзень у будынку кіеўскага цырку адбыўся зьезд украінскіх хлебаробаў, на якім сабралося каля 6000 чалавек з усіх васьмі губэрняў, што кантраляваліся Ўкраінай[1]. Пасьля атрыманьня Скарападзкім інфармацыі пра зьезд, Скарападзкі асабіста прыбыў у цырк, дзе ён быў абраны гетманам Украіны, пасьля чаго ўдзельнікі зьезду сабраліся на Сафіеўскай плошчы, дзе Павал Скарападзкі быў блаславёны на новую пасаду біскупам Кіеўскім і Галіцкім Нікадымам. У ноч з 29 на 30 красавіка 1918 году прыхільнікі гетмана ўзялі пад кантроль будынкі міністэрства ўнутраных справаў, вайсковага міністэрства і Дзяржаўнага банку. 30 красавіка эліта і найбольш ляяльная частка прыхільнікаў Цэнтральнай Рады, Сечавыя стральцы, былі раззброеныя.

Неўзабаве Скарападзкім была выдадзеная Грамата да ўсяго ўкраінскага народу і закон пра часовае дзяржаўнае ўладкаваньне[5]. Жадаючы стабільнасьці ва Ўкраіне, да перавароту схільна паставіліся камандаваньні войскаў Аўстра-Вугоршчыны й Нямеччыны. Тым ня менш, супрацоўніцтва Скарападзкага зь дзьвюма краінамі, якое пачалося ў хуткім часе, зрабіла яго непапулярным сярод заўважнай часткі ўкраінскіх сялянаў.

Новая ўлада захавала агульную стылістыку гербу (быў захаваны трызуб, але была дададзеная выява казака), аднак зьмяніла пазыцыю палосаў на сьцягу, у выніку чаго ён набыў аналягічны з сучасным выгляд.

Супраць перавароту выступілі Сечавыя стральцы і падразьдзяленьні г.зв. сінежупаньнікаў (апошнія былі сфармаваныя з ваеннапалонных Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны і атрымалі сваю назву праз колер мундзіраў).

Унутраная апазыцыя ў грамадзтве была ўзмоцненая рэквізыцыяй харчовых запасаў у насельніцтва і аднаўленьня ўладаньняў багатых землеўладальнікаў. Праціўнікі ўраду Скарападзкага сталі ажыцьцяўляць акты сабатажу і падпалу, у ліпені 1918 году быў забіты фон Айнгальм. У жніўні гэтага ж году антыўрадавая кааліцыя прымусіла Скарападзкага аднавіць інстытут Сечавых стральцоў. На гэты момант стала відавочным паражэньне Цэнтральных дзяржаваў у Першай сусьветнай вайне, таму Скарападзкі, разумеючы беспасьпяховасьць разьліку на падтрымку Цэнтральных дзяржаваў, стаў шукаць падтрымкі ў расейскага Белага руху. Гэта яшчэ больш павялічыла незадавальненьне Скарападзкім, бо Белы рух вельмі скептычна ставіўся як да ўкраінскай нацыянальнай ідэі, так і да ідэі ўкраінскае дзяржаўнасьці.

У сьнежні 1918 году ўрад Скарападзкага быў зрынуты, і на ягоным месцы была зацьверджаная Дырэкторыя, якая аднавіла ўрад Украінскай Народнай Рэспублікі[2][3].

Падзеі Грамадзянскай вайны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паўстаньні ва Ўкраіне ў лістападзе — сьнежні 1918 году. Салятавым — ужо існая на той момант ЗУНР, блакітным уверсе — Обэр-Ост, зьлева ад яго ружовым — тэрыторыі пад кантролем мясцовых атрадаў польскае самаабароны.

Амаль увесь камандны склад узброеных сілаў Украінскае дзяржавы складаўся з афіцэраў былой імпэратарскай арміі Расеі[6], таму большасьць зь іх не падтрымала ўкраінскі нацыянальны рух, разглядаючы яго толькі як сродак дасягненьня ўласных мэтаў[6]. У той жа час шырокія масы ўкраінскага насельніцтва ня мелі разьвітага адчуваньня нацыянальнае самасьвядомасьці, праз што заўважная іх частка трапіла пад уплыў сацыялістычнай і камуністычнай прапаганды[6].

Пасьля перамір’я, якім было азнаменаванае заканчэньне Першай сусьветнай вайны, украінскія сацыялісты (галоўным чынам прадстаўнікі несавецкіх сацыялістаў, якія, у адрозьненьне ад украінскіх прарасейскіх сацыялістаў, ставілі на мэце здабыцьцё ўкраінскае дзяржаўнасьці) сфармавалі ўрад, вядомы ў гістарыяграфіі як Дырэкторыя. Гэты ўрад абапіраўся на атрады Сечавых стральцоў і шэражупаньнікаў. Нягледзячы на тое, што аўстра-вугорскія ды нямецкія войскі яшчэ не былі выведзеныя на той момант з Украіны, яны ўжо былі ў дэмаралізаваным стане адносна баявых дзеяньняў. Тым ня менш, падтрымку Дырэкторыі аказала большая частка былых сілаў Скарападзкага[6].

16 лістапада 1918 годзе ў горадзе Белая Царква пачаліся баявыя дзеяньні супраць Гетманату. Скарападзкі быў вымушаны зьвярнуцца да белагвардзейцаў, якія ў сваю чаргу ўспрымалі Ўкраіну як пляцдарм на выхад і далучэньне да сілаў Добраахвотніцкай арміі Дзянікіна, што месьцілася ля ракі Дон. Іхныя войскі былі сабраныя ў г.зв. Асаблівы корпус, які, аднак, ня здолеў супрацьстаяць сілам Дырэкторыі на чале з Сымонам Пятлюрам, у выніку чаго 14 сьнежня Скарападзкі зрокся пасады гетмана, калі Ўкраінская Народная Армія авалодала Кіевам. Урад гетмана быў скасаваны і на зьмену яму прыйшоў урад Дырэкторыі.

  1. ^ Напрыклад, Гомель трапіў у склад Чарнігаўскай губэрні, у склад якой пры Расеі ніколі не ўваходзіў.
  1. ^ а б в Orest Subtelny. Ukraine: A History. — Toronto: University of Toronto Press, 1988. — ISBN 0-8020-5808-6
  2. ^ а б в Taylor & Francis Group. Eastern Europe and the Commonwealth of Independent States. — Routledge, 1999. — С. 849. — 1004 с. — ISBN 1857430581
  3. ^ а б в Serhy Yekelchyk. Ukraine: birth of a modern nation. — Oxford University Press, 2007. — ISBN 978-0-19-530546-3
  4. ^ Бойко, Олена. Територія, кордони і адміністративно-територіальній поділ Української Держави гетьмана П. Скоропадського (1918). — Регіональна історія України. — Збірник наукових статей, 2009. — Т. Випуск 3. — С. 222-223.
  5. ^ Павло Скоропадський, М. Устимович. Закони про тимчасовий державний устрій України // Державний Вістник, Конституційні акти України, Невідомі конституції України, Київ: Філософська і соціологічна думка. — Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны, 1918.
  6. ^ а б в г Andriy Rukkas. The Army and Independence. Why the Baltic States succeeded in defending their states in 1917-20 while Ukraine failed. — Тиждень.ua, 2013.
  • II Міжнародна наукова конференція: «Гетьман Павло Скоропадський та Українська Держава 1918 року» : наук. зб., присвячений 125-річчю від народження Гетьмана Скоропадського, та 80-річчю проголошення Української Держави 1918 року / Гетьман Павло Скоропадський та Українська Держава 1918 року; Кульчицький С. [та ін.]. — Київ, 1998. — 242 с.
  • Білодід О. Павло Скоропадський і Україна / О. Білодід, В. Панченко. – Київ : Бібліотека українця, 1997. – 88 с.
  • Булгаков Ю.В. Відносини Гетьманату з центральними державами: новітні підходи та інтерпретації // Вісник Державної академії керівних кадрів культури і мистецтв : науковий журнал / Державна академія керівних кадрів культури і мистецтв. – Київ, 2009. – № 4. – С. 118-122
  • Гавриленко О. А., Логвиненко І. А. Гетьманський переворот 29 квітня 1918 р.: причини та наслідки // Актуальні проблеми юридичної науки у дослідженнях вчених: науково-практичний збірник. — К., 2000. — № 3. — С. 2-10.
  • Гай-Нижник П. П. Міністерство праці Української Держави і робітниче законодавство Гетьманату 1918 р. у світлі невідомих документів // Збірник наукових праць Науково-дослідного інституту українознавства. — Т. XVIII. — К.: Поліграфічний центр «Фоліант», 2007. — C. 325–350.
  • Гай-Нижник П. Торгівельно-промислова політика уряду Української Держави Гетьмана Павла Скоропадського 1918 р. // Наукові записки. Збірник праць молодих вчених та аспірантів. — Т. 2. — К.: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 1997. — С. 353–396.
  • Гай-Нижник П. П. Фінансова політика уряду Української Держави Гетьмана П. Скоропадського (29 квітня — 14 грудня 1918 р.). — К., 2004. — 430 с.
  • Гетьманат Павла Скоропадського: історія, постаті, контроверсії: Всеукраїнська наукова конференція, 19-20 травня 2008 р. / Український інститут національної пам’яті; Інститут історії України НАНУ; [ відп. ред. В.Ф. Верстюк ]. — Київ: Видавництво ім. Олени Теліги, 2008. — 320 с.
  • Дацків І.Б. Здобутки дипломатії гетьманату Павла Скоропадського // Збірник наукових праць Науково-дослідного інституту українознавства / Науково-дослідний інститут українознавства. – Київ, 2009. — Т. 23. — С. 349-367.
  • Капелюшний В.П. Новітня історіографія Гетьманату Павла Скоропадського // Вісник Київського національного університету імені Тараса Шевченка / Київський національний університет імені Тараса Шевченка. — Київ, 2001. — С. 23-25. — (Історія; Вип. 54)
  • Ковальчук М. Гетьман Павло Скоропадський та українське державотворення доби визвольних змагань // Пам’ять століть. Україна : Історичний науковий та літературний журнал. / Мін. освіти і науки Укр., Нац. пед. ун. ім. Михайла Драгоманова та інш. — Київ, 2002. — № 1. — С.38-53.
  • Корольов Г. Гетьманат Павла Скоропадського 1918 р.: уявлення та образи сучасної історіографії // Історія України. — Київ, 2012. — червень (№ 21/22).
  • Пиріг Р.Я. Гетьманат Павла Скоропадського з погляду німецько-австрійських союзників // Український історичний журнал : науковий журнал / НАНУ, Ін-т історії України, Ін-т політич. і етнонаціон. досліджень. — Київ, 2008. — № 4. — С. 38-47.
  • Пиріг Р.Я. Гетьманат Павла Скоропадського: між Німеччиною і Росією / НАН України. Інститут історії України. — К.: Інститут історії України, 2008. — 209 с.
  • Пиріг Р. Українська гетьманська держава 1918 року. Історичні нариси / НАН України. Інститут історії України. — К.: Інститут історії України, 2011. — 336 с.
  • Чернега А.П. Гетьманат Павла Скоропадського — консервативні спроби національно-державного відродження // Часопис Київського університету права : український науково-теоретичний часопис / Київський ун-т права НАН України, Ін-т держави і права ім. В.М. Корецького НАН України. — Київ, 2012. — № 1. — С. 43-48.
  • Яневський Д.Б. Маловідомі конституційні акти України. — К., 1991.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]