Холмская губэрня
Холмская губэрня | |
рас. Холмская губернія укр. Холмська губернія | |
Герб | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Расейская імпэрыя (1912—1918) Украінская дзяржава (1918) |
Статус | Губэрня |
Адміністрацыйны цэнтар | Холм |
Дата ўтварэньня | 1912 |
Дата скасаваньня | 1918 |
Насельніцтва | 760 000 чал. |
Плошча | 10 460 км² |
Месцазнаходжаньне | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Хо́лмская губэ́рня (па-расейску: Холмская губернія, па-ўкраінску: Холмська губернія, па-польску: gubernia chełmska) — адміністрацыйная адзінка Расейскай імпэрыі і Ўкраінскай дзяржавы гетмана Скарападзкага. Вылучаная зь Люблінскай і скасаванай Седлецкай губэрняў Царства Польскага ў 1912. Складалася зь мясцовасьцяў са значнай удзельнай вагой усходніх славянаў (збольшага ўкраінцаў[1]). Губэрнскае места — Холм.
Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утварэньне губэрні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі пасьля загаду ад 17 красавіка 1905 навочна праявіўся правал палітыкі русіфікацыі й навароту ў праваслаўе жыхароў Холмшчыны і Падляшша[2], у найвышэйшых кіроўных колах Расеі ўзрасла цікаўнасьць да высоўваных яшчэ ў другой палове XIX стагодзьдзя плянаў вылучэньня «спрадвечна рускіх» земляў усходніх паветаў Люблінскай і Седлецкай губэрняў (Холмшчына) зь пераважным маларускім (украінскім) насельніцтвам у асобную Холмскую губэрню. Прапанову пра вылучэньне Холмшчыны з Царства Польскага падаў у Дзяржаўнай Думе япіскап Холмскі і Люблінскі Яўлогі (Георгіеўскі). Законапраект быў унесены ў III Дзяржаўную думу 19 траўня 1909, у той самы дзень перададзены ў камісію па накіраваньні заканадаўчых прапановаў. 17—20 лістапада 1909 адбывалася абмеркаваньне ў адмысловай «Холмскай» падкамісіі. Даклад камісіі прадстаўлены ў агульны сход Думы 7 траўня 1911, ягонае абмеркаваньне заняло 17 паседжаньняў. 4 траўня 1912 Закон «Аб утварэньні з усходніх частак Люблінскай і Седлецкай губэрняў асаблівай Холмскай губэрні, з адабраньнем яе з-пад кіраваньня варшаўскага генэрал-губэрнатара» ўхвалены Думай і Высачайшэ зацьверджаны 6 ліпеня [ст. ст. 23 чэрвеня] 1912. Афіцыйнае адкрыцьцё губэрні адбылося 8 верасьня 1913 року. Супраць стварэньня Холмскай губэрні ладзіліся шматлікія пратэсты, у тым ліку і ў самой Дзярждуме. Акрамя іншага, пабачылі сьвет публікацыі пра спрадвечна польскі характар земляў Холмшчыны работы Любаміра Дымсры, Стэфана Дзявульскага і Генрыка Вярценскага.
У 1915 Холмская губэрня была фармальна падпарадкаваная Кіеўскаму генэрал-губэрнатарству, аднак у сувязі з акупацыяй губэрні Цэнтральнымі дзяржавамі гэтае рашэньне фактычна не было ўвасобленае ў жыцьцё.
Тэрытарыяльны склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Граніца Холмскай і Люблінскай губэрняў была вельмі складанай і пакручастай (у прыватнасьці, з анклявамі воласьцяў Радэчніца і Тарноград, якія не ўвайшлі ў склад Холмскай губэрні). Гэта адбылося нібыта праз наяўную на гэтай тэрыторыі перавага расейскага насельніцтва, з улікам сфальсыфікаваных (на думку польскіх крыніц) урадавых статыстычных зьвестак[3].
- У склад Холмскай губэрні ўвайшлі 58 гмінаў цалкам і 24 часткова зь ліквідаванай Седлецкай губэрні:
- Бяльскі павет
- частка Владаўскага павету (вёскі Беднароўка, Белка, Угнін і Хмелеў гміны Дубовая Калода; гміна Остраў; вёскі Бабянка, Каляховічы і Тысьмяніца гміны Тысьмяніца; гміны Усьцімаў, Воля Верашчынская, Владава, Вырыкі, Ганьск, Гарадышча, Крываверба, Аполе, Раманаў, Сабібар, Турна і места Владава)
- частка Канстантынаўскага павету (гміны Галоўчыцы, Карніца, Ласіцы, Чухлебы, Альшанка, Багукалы, Вітулін, Гушлеў, Заканальле, Паўлаў, Ракітна, Своры і асада Янаў)
- фрагмэнт Радзынскага павету (гміны Тлусьцец, Загайкі, Шустка; вёскі Калэмброды і Жалізна гміны Жалізна; гміны Бярозавы Кут, Яблань і Жэроцін).
- Акрамя таго, зь Люблінскай губэрні:
- Грубешаўскі павет
- Тамашоўскі павет
- значная частка Холмскага павету (гміны Цыцаў, Сядлішчы, Паўлаў, Букова, Вайславіцы, Жмудзь, Крывічкі, Альховец, Ракалупы, Раёвец, Сьвержы, Стаў, Турка і места Холм)
- значная частка Замосцкага павету (вёскі Вішанкі, Забытаў і Манастырак гміны Стары-Замасьць; гміны Высокая, Шчабрэшын; вёскі Воля Чарнастоцкая, Дзельцы, Радачніца, Радачніцкі кляштар, Трасіны і Чарнасток гміны Радачніца; вёска Разлопы гміны Сулаў; гміна Замосьце за выняткам вёскі Жданаў; вёскі Белаволя, Вулька Вяпрэцкая і Ліпск гміны Мокрае; гміны Зьвярынец; вёскі Ліповец, Сохі, Тарэшпаль і Шозды гміны Тарэшпаль; гміны Краснобруд, Лабуне, Скярбешаў, Сухаволя і места Замасьць)
- значная частка Бялгорайскага (места Білгорай; вёскі Пушча Сольская[4], Ражнуўка[4], Баяры[4] і Дылі гміны Пушча Сольская; вёскі Дарэзьня Сольская, Дарэзьня-Загроды, Лазоры, Майдан Стары, Майдан Новы, Рагалі, Руда Сольская, Соль і Смольскае гміны Соль; вёскі Гарасюкі і Рычкі гміны Гута Крашоўская; гміны Кшэшаў, Бабіцы, Бішча, Воля Ружанецкая, Горны Паток, Княжполь, Лукова і Майдан Сапоцкі)
- фрагмэнты Любартаўскага павету (вёскі Дратаў, Каніволя, Кабылкі, Людвін і Шчэцін гміны Людвін)
- фрагмэнты Краснастаўскага павету (вёскі Дабрыняў, Лапеньнік Рускі і Стужыца гміны Лапеньнік-Гурны; вёскі Бзітэ, Вінцэнтаў, Крупец, Крупэ, Загрода, Кастунін, Жданае і Верхавіны гміны Рудка; вёскі Аляксандраўскі Красьнічын, Анельпаль, Брэзіны, Боньча, Вулька Красьнічынская, Дзярэўнікі, Залесьсе, Красьнічын, Альшанка і Старая Весь гміны Чайкі).
Адміністрацыйны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Холмская губэрня складалася з 8 паветаў:
№ | Павет | Павятовае места | Плошча, вёрстаў² |
Насельніцтва (1897), чал. |
---|---|---|---|---|
1 | Белгарайскі | Белгарай (5846 чал.) | 1500,8 | 96 332 |
2 | Бельскі | Белая (13 090 чал.) | 1311,0 | 76 687 |
3 | Владаўскі | Владава (6673 чал.) | 1900,1 | 98 035| |
4 | Грубешаўскі | Грубешаў (10 639 чал.) | 10 639 | 101 392 |
5 | Замасцкі | Замосьце (14 705 чал.) | 1569,6 | 119 783 |
6 | Канстантынаўскі | Янаў (3861 чал.) | 1 263,0 | 61 333| |
7 | Тамашаўскі | Тамашаў (6233 чал.) | 1213,4 | 98 783 |
8 | Холмскі | Холм (18 452 чал.) | 1865,9 | 137 585 |
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 1909 рок насельніцтва земляў, што ўваходзілі ў склад Холмскай губэрні, складала 703 000 чал.
Нацыянальнасьць | Адсотак |
---|---|
украінцы | 52,6% |
палякі | 24,4% |
жыды | 15,3% |
немцы | 4,0% |
расейцы | 3,7% |
Усё насельніцтва Холмскай губэрні, паводле зьвестак афіцыйнай расейскай статыстыкі, складала каля 760 тыс. чалавек, зь якіх каталікі складалі 311 тыс., праваслаўныя — 305 тыс., юдэі — 115 тыс., пратэстанты — 28 тыс. Пры гэтым праваслаўныя складалі больш за палову насельніцтва толькі ў Грубешаўскім, а таксама нязначных частках былых Любартаўскага і Краснастаўскага паветаў. У частках Тамашаўскага і Холмскага паветаў, а таксама ў былым Владаўскім павеце колькасьць праваслаўных перавышала лік каталікоў прыблізна на 5%. На 1 студзеня 1914 у Холмскай губэрні з усяго насельніцтва 912 095 чалавек украінцы складалі 446 839, то бок 50,1%, палякі — 30,5%, жыды — 15,8%.
Нацыянальны склад тэрыторыяў паветаў, уключаных у 1912 року ў склад губэрні, паводле зьвестак перапісу 1897[5]:
Павет | палякі | украінцы | жыды | расейцы | немцы |
---|---|---|---|---|---|
Белгарайскі | 62,7% | 20,8% | 9,3% | 6,9% | … |
Грубешаўскі | 23,1% | 59,6% | 14,5% | 1,9% | … |
Замасцкі | 73,9% | 7,7% | 12,2% | 5,6% | … |
Тамашаўскі | 36,5% | 49,5% | 11,1% | 2,5% | … |
Холмскі | 34,5% | 33,4% | 12,7% | 6,3% | 12,7% |
Герб
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Герб Холмскай губэрні быў Найвышэй зацьверджаны 15 кастрычніка 1914 року і меў наступнае апісаньне: «У зялёным шчыце з галавою, між трыма залатымі дрэвамі ідзе срэбны мядзьведзь з чырвонымі вачыма і языкам. У залатой галаве шчыта чорны Імпэратарскі арол з трыма каронамі».
Улада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Губэрнатары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1 верасьня 1913[6] — (між 26 траўня[7] і 7 ліпеня [8]) 1914: Аляксандар Волжын (1862 (1860?) — 1933), сапраўдны стацкі дараднік і камэргер (с траўня 1914 — гафмайстар); першы Холмскі губэрнатар, раней — апошні седлецкі губэрнатар[9].
- (не раней за 26 траўня) 1914 — (не пазьней за 15 жніўня)[10] 1916: Барыс Кашкараў, сапраўдны стацкі дараднік[11].
- (не пазьней за 1 верасьня)[12] 1916 — (пасьля 2 сакавіка) 1917[13]: Леанід Савёлаў (1868—1947), сапраўдны стацкі дараднік і камэргер; апошні холмскі губэрнатар.
Віцэ-губэрнатары
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1 верасьня 1913 — (не раней за 26 траўня 1914): Аляксандар Фулён, стацкі дараднік і камэр-юнкер
- 1914—1917: Міхаіл Цярэнін, калескі сакратар[14]
Духоўныя ўлады Холмскай япархіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Холмская губэрня ўваходзіла ў склад утворанай 29 чэрвеня [ст. ст. 16 чэрвеня] 1905 (паводле іншых зьвестак — 18 ліпеня) 1905 року Холмскай япархіі Расейскай праваслаўнай царквы.
- 31 ліпеня [ст. ст. 18 ліпеня] 1905 (з 20 траўня 1912 архіяпіскап) — 27 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1914: Яўлогі (1868—1946)
- 27 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1914 — 23 сьнежня [ст. ст. 10 сьнежня] 1915: Анастасі (1873—1965)
- 23 сьнежня [ст. ст. 10 сьнежня] 1915 — 3 красавіка 1916: вакантнае
- 4 траўня [ст. ст. 21 красавіка] 1916[15] — 9 чэрвеня [ст. ст. 27 траўня] 1917: Сьвяты Сэрафім (1880—1937), япіскап Бельскі
1915—1918-я рокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні-верасьні 1915 тэрыторыя губэрні знаходзілася пад акупацыяй Цэнтральных дзяржаваў (нямецкія і аўстра-вугорскія войскі). Губэрнскія і павятовыя ўстановы акупаванай Холмскай губэрні былі эвакуяваныя ў Казань і працягвалі функцыянаваць і пасьля лютага 1917 року.
Пачаткова ўся тэрыторыя Холмскай губэрні знаходзілася пад непасрэдным кіраваньнем нямецкіх і аўстрыйскіх вайсковых улад, аднак у чэрвені 1916 зона аўстра-вугорскай акупацыі, што ахоплівала ўласна Холмшчыну (Бялгорайскі, Грубешаўскі, Замасцкі і Тамашаўскі паветы), адышла ў вядзеньне Люблінскага ваеннага генэрал-губэрнатарства, якое выкарыстоўвала польскую адміністрацыю. У 1916—1918 тэрыторыя губэрні ўваходзіла ў склад Каралеўства Польскага. Паводле ўмоваў Берасьцейскае мірнае дамовы 27 студзеня (9 лютага) 1918 між УНР і Цэнтральнымі дзяржавамі Холмшчына (а таксама прылеглыя раёны Гарадзенскай і Люблінскай губэрняў) была перададзеная Ўкраіне.
Украінская дзяржава
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У красавіку 1918 року паветы былой расейскай Холмскай губэрні разам з прылеглымі часткамі Люблінскай губэрні былі перададзеныя ў склад Валынскай губэрні Ўкраінскай Дзяржавы гетмана Скарападзкага. 15 лістапада 1918 гетманат вылучіў асобную Холмскую губэрню. Губэрнскім местам было вызначанае Берасьце-Літоўскае. Губэрняй кіраваў староста Аляксандар Скаропісь-Ялтухоўскі. Аднак праз супрацьдзеяньне мясцовых польскіх уладаў ён ня быў дапушчаны ў Холм і здолеў зарганізаваць украінскую адміністрацыю толькі ў паўночных паветах Холмскай губэрні, акупаваных нямецкімі войскамі.
Холмская губэрня ў гэты пэрыяд улучала:
- паўднёвую частку Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні;
- Бяльскі павет Гарадзенскай губэрні;
- паўднёвую частку Кобрынскага павету Гарадзенскай губэрні;
- Пружанскі павет Гарадзенскай губэрні;
- часткі Канстантынаўскага павету Люблінскай губэрні;
- часткі Радзынскага павету Люблінскай губэрні;
- часткі Краснастаўскага павету Люблінскай губэрні.
2-4 лістапада 1918 року фактычнае кіраваньне ў паўднёвай частцы губэрні перайшло да польскіх уладаў. У пачатку сьнежня 1918 была ліквідаваная ўкраінская адміністрацыя і на поўначы губэрні, а яе прадстаўнікі на чале з губэрнскім старостам трапілі ў лягер для інтэрнаваных асобаў у Калішы. Пазьней тэрыторыя былой Холмскай губэрні была ўлучаная асобнымі паветамі ў склад створанага 14 жніўня 1919 року Люблінскага ваяводзтва. УНР прызнала страту Холмшчыны па ўмовах Варшаўскай дамовы 21 красавіка 1920 року.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Польско-украинский территориальный спор и великие державы в 1918—1919 гг.
- ^ Пасьля 1905 на Холмшчыне ў каталіцтва навярнуліся 200 тыс. чалавек. Священник Сергий Голованов. Мост между Востоком и Западом. Греко-католическая церковь Киевской традиции с 1596 г. по наше время
- ^ Zamojszczyzna w guberni chełmskiej (1912—1915)
- ^ а б в цяпер дзяльніца Білгорая.
- ^ Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей (рас.) Демоскоп Weekly. Институт демографии Национального исследовательского университета «Высшая школа экономики». Праверана 10 жніўня 2012 г.
- ^ У некаторых крыніцах 2 верасьня 1913.
- ^ «26 траўня Ўладыка Яўлогі малітоўна разьвітваўся з усёю Холмскаю пастваю. <…> У гэты дзень Высокапраасвячоны Ўладыка Яўлогі служыў у катэдральным саборы апошнюю Літургію ў саслужэньні шматлікага мясцовага і прыезжага духавенства.<…> Сярод малітоўнікаў знаходзіліся найвышэйшыя губэрнскія чыны на чале з Холмскім губэрнатарам А. М. Волжыным». Митрополит Евлогий (Георгиевский) Путь моей жизни.
- ^ З 7 ліпеня 1914 дырэктар Дэпартамэнту агульных справаў МУС.
- ^ З 20 лютага 1904 выконваў абавязкі, з 6 сьнежня 1907 зацьверджаны на пасадзе). [1], [2]
- ^ З 15 жніўня 1916 — пскоўскі губэрнатар. У некаторых крыніцах памылкова пазначана, што заставаўся холмскім губэрнатарам і ў 1917.
- ^ Адлерберг Александр Васильевич (рас.) Псковский край. Прошлое и настоящее города Пскова и псковской области Праверана 10 жніўня 2012 г.
- ^ [3](недаступная спасылка) — «Другое письмо К. Геруца председателю Общества Штура Л. М. Савёлову, касавшееся также славянских и американского сюжетов», датаванае 1 верасьня 1916 г. Геруц пісаў: «Віншую Вас, Леанід Міхайлавіч, з прызначэньнем холмскім губэрнатарам».<…>; [4]. У некаторых крыніцах памылкова пазначана, што Савёлаў быў холмскім губэрнатарам з 1914 р. ([5], [6]).
- ^ Заставаўся на пасадзе холмскага губэрнатара на 2 сакавіка 1917 г. ([7]). Фармальная адстаўка надышла пазьней.
- ^ Губернии Российской империи: История и руководители. 1708—1917 М.: Объединенная редакция МВД России, 2003. — 479 с.
- ^ З 3 красавіка 1916 — вікары Холмскай япархіі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Бойко, Олена. Територія, кордони і адміністративно-територіальній поділ Української Держави гетьмана П. Скоропадського (1918) // Регіональна історія України. Збірник наукових статей. — 2009. — Випуск 3.
- A. Wrzyszcz, Gubernia chełmska. Zarys ustrojowy, Lublin 1997.