Леан Зянковіч
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Зянковіч.
Леан Зянковіч | |
Leon Zienkowicz | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 11 красавіка 1808 маёнтак Ляхі Пружанскага павету, Расейская імпэрыя |
Памёр | 12 сьнежня 1870 |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, публіцыст, мэмуарыст |
Мова | польская |
Значныя творы | «Вечары ляха зь Ляхаў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара» «Польскі народ, ці Дакладнае апісаньне звычаяў, нораваў, адзеньня яго і да т. п.» |
Ле́ан Зянко́віч (па-польску: Leon Zienkowicz; 11 красавіка 1808, маёнтак Ляхі каля Пружаны — 12 сьнежня 1870) — паэт, публіцыст, мэмуарыст. Называў сябе палешуком[2], аднак пісаў на польскай мове.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і дробнага шляхціча. Навучаўся ў Сьвіслацкай гімназіі, Варшаўскім унівэрсытэце, быў сябрам таемных вучнёўскіх таварыстваў.
Падчас паўстаньня 1830—1831 рокаў — ад’ютант камандзіра ганаровай аховы кіраўніка паўстаньня, пасьля паручнік 9-га ўланскага палку, удзельнік баявых дзеяньняў супраць рэгулярнага расейскага войска. Пасьля паразы паўстаньня адмовіўся прысягаць расейскаму імпэратару Мікалаю I і эміграваў у Францыю.
У 1833 стаў адным з арганізатараў паўстанцкіх атрадаў з былых інсургентаў у эміграцыі з мэтаю аднаўленьня ўзброенае барацьбы супраць Расеі за незалежнасьць Рэчы Паспалітае. Аднак спроба такім чынам вярнуцца на радзіму ня мела посьпеху. Пасьля гэтага Леан Зянковіч пасяліўся ў Кракаве і ўзяў удзел у стварэньні таемнае арганізацыі «Саюз польскага народу(pl)» (1835).
У 1837 року далучыўся да эмігранцкага Польскага дэмакратычнага таварыства ў Францыі, якое ўзначальваў адзін з былых кіраўнікоў паўстаньня Адам Чартарыйскі. Як прадстаўнік арганізацыі, Зянковіч таемна наведваў радзіму, каб наладзіць сувязі з патрыятычнымі сіламі.
Падчас рэвалюцыі 1848—1849 рокаў у Аўстрыйскай імпэрыі выправіўся на Галіччыну, каб удзельнічаць у барацьбе. Пасьля апынуўся ў Кракаве, дзе быў абраны кіраўніком Аддзелу ўнутраных справаў і паліцыі ў мясцовым нацыянальным камітэце — органе рэвалюцыйнай улады ў месьце. Пасьля разгрому рэвалюцыі, як «нядобранадзейная асоба», ня мог знаходзіцца ў Аўстрыі і выехаў у Ангельшчыну. Пасьля на стала асеў у Францыі і Швайцарыі, дзе актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю.
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1830 выдаваў (1—2 нумары разам з Канстанцыям Гашынскім) «Pamiętnik dla Płci Pięknej» (бел. Часопіс для прыгожай паловы)[3], выйшлі 4 нумары[4].
У 1835 у Кракаве Леан Зянковіч пачаў выдаваць на польскай мове «Powszechny Pamiętnik Nauk i Umiejętności» (бел. Усеагульны часопіс навук і рамёстваў). У 1839—1844 у Парыжы і Страсбургу рэдагаваў сатырычна-палітычны часопіс на польскай мове «Pszonka» (бел. Пшонка), які меў шырокі грамадзкі рэзананс.
Леан Зянковіч — аўтар вершаваных твораў «Узнагарода за нявернасьць», «Роздум», гісторыка-краязнаўчых і літаратурных працаў «Палітычны агляд пісьменства польскай эміграцыі» (1847), «Палітычны агляд пісьменства гісторыі Польскай дзяржавы» (1864—1865, у 4-х т.), «Палітычны агляд гісторыі польскай літаратуры» (1867, у 2-х т.). У працы «Польскі народ, ці Дакладнае апісаньне звычаяў, нораваў, адзеньня яго і да т. п.» (1842) між іншага апісаў побыт палешукоў, да якіх прылічваў і сябе.
Найбольшую вядомасьць атрымаў мэмуарны твор Леана Зянковіча «Вечары ляха зь Ляхоў, ці Гутаркі пры каміне старога польскага літаратара», дзе зьмешчаны ўспаміны пра бацькоў і дзяцінства, вучобу ў Сьвіслачы і Варшаве, разважаньні пра выхаваньне і адукацыю моладзі, пра долю прыгонных, у тым ліку ідэі распрыгонваньня і пашырэньня адукацыі сярод простага люду.
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Rzecz o rozumie stanu w Polsce (1864, зь Янам Альцыятам)
- Wizerunki polityczne literatury polskiej (1867)
- Wieczory lacha z Lachów, czyli Opowiadania przy kominku starego literata Polskiego
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Zienkowicz-Leon;4001503.html
- ^ ЗЯНКОВІЧ Леан. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 23 сакавіка 2012 г.
- ^ Hanna Tadeusiewicz. (13 сакавіка 2012) Pamiętnik dla płci pięknej. Pismo różnym rodzajom poezji i prozy poświęcone (пол.) Edukateria Праверана 23 сакавіка 2012 г.
- ^ Pamiętnik dla Płci Pięknej : [pismo różnym rodzajom poezyi i prozy poświęcone. 1830] (пол.). Biblioteka Uniwersytetu Warszawskiego. Праверана 23 сакавіка 2012 г.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. І. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
- Нарадзіліся 11 красавіка
- Нарадзіліся ў 1808 годзе
- Памерлі 12 сьнежня
- Памерлі ў 1870 годзе
- Памерлі ў Парыжы
- Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
- Удзельнікі паўстаньня 1830—1831 гадоў
- Навучэнцы Сьвіслацкай гімназіі
- Выпускнікі Варшаўскага ўнівэрсытэту
- Польскія паэты
- Польскія публіцысты
- Польскія мэмуарысты
- Расейскія эмігранты
- Францускія імігранты
- Польскія эмігранты
- Ангельскія імігранты