Перайсьці да зьместу

Каліграфія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прыклад арабскай каліграфіі.

Калігра́фія (ад грэц. словаў κάλλος + γραφή, што ствараюць спалучэньне «прыгожа пісаць» ці «прыгожы почырк») — гэта адзін зь відаў выяўленчага мастацтва. Каліграфіяй завецца старажытная галіна прыкладной графікі, дэкаратыўнае афармленьне рукапіснага шрыфта, мастацтва прыгожага і хуткага пісьма, а таксама — навучальная дысцыпліна. Каліграфія патрабуе высокага мастацкага майстэрства і дасканалага веданьня інструмэнта. У якасьці пісьмовых матэрыялаў выкарыстоўваюць паперу, пэргамін, папірус ці шоўк. Найбольш распаўсюджанымі графічнымі прыладамі ёсьць пяро, прыкладам, трысьняговае, птушынае ці мэталічнае, і пэндзаль. Найбольш шырокае разьвіцьцё каліграфія атрымала ў арабскіх краінах і ў краінах герагліфічнага спосабу пісьма, бо яго асаблівасьці дазвалялі ўсяляк скарыстоўваць ейны экспрэсіўны патэнцыял.

Мастацтва каліграфіі паўплывала на творчасьць Францішка Скарыны: шрыфты зь ягоных кнігаў спалучаюць рысы як заходнеэўрапейскай, так і беларускай традыцыяў.

Прыстасаваньні

[рэдагаваць | рэдагаваць код]
Прылады для пісьма.
Кітайскі пэндзаль для каліграфіі.

У заходнім сьвеце асноўнымі інструмэнтамі для каліграфіі ёсьць асадкі і пэндзалі. Каліграфічныя пёры могуць быць плоскімі, круглявымі або загостранымі[1][2][3]. Дзеля дэкаратыўных мэтаў можна выкарыстоўваць шматпёравыя асадкі і сталёвыя пэндзьлікі. Таксама можна выкарыстоўваць флямастэры і шарыкавыя асадкі, аднак яны не ствараюць кутніх рысаў. Існуюць пэўныя стылі каліграфіі, як гатычны шрыфт, якія патрабуюць прылады з кароткім пяром. У Азіі каліграфы часта выкарыстоўваюць адмысловы ножык дзеля выразаньня калямасаў. Натуральныя трысьняговыя пёры прапануюць больш шырокі дыяпазон руху ў параўнаньні з мэталічнымі прыладамі[4][5]. Пёры могуць быць з шырокім і гнуткім канцом.

Да распаўсюджаных каліграфічных пэндзьляў стасуюцца пёры, пер’евыя асадкі, чарнільныя пэндзалі, калямы, аўтаасадкі, флямастары з скошаным наканечнікам, калямасы і фудзэпэны.

Чарнілы і паперы

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Чарнілы, якія выкарыстоўваюцца для каліграфіі, звычайна ёсьць на воднай аснове і менш глейкія, чым алейныя чарніла, што ўжываюцца ў друку. Сярод гэтых водарашчынных фарбаў выкарыстоўваюцца акварэль, тэмпэра, гуаш. Пэўная адмысловая папера з высокай паглынальнасьцю чарнілаў і аднастайнай тэкстурай дапамагае маляваць больш выразныя рысы[6]. Часта выкарыстоўваецца пэргамін або вялень, таму што недахопы можна саскрэбці нажом, а рысы можна праглядаць празь іх без выкарыстаньня трафарэтаў. У адваротным выпадку трафарэты можна выкарыстоўваць дзеля стварэньня простых рысаў безь сьлядоў ад алоўка. Разьлінаваную паперу можна выкарыстоўваць беспасярэдне або з трафарэтам. Часта яна мае міжрадковы інтэрвал ад адной чвэрці да паловы цалі, але часам выкарыстоўваюцца прамежкі ў адную цалю, як у выпадку з унцыяльным пісьмом, што літаральна з лацінскай мовы значыць «літары вышынёю ў цалю»[7]. Дзеля захаваньня тушы выкарыстоўваецца тушачніца.

Славянская каліграфія

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

Славянскае і лацінскае пісьмо разьвіваліся рознымі шляхамі. Адзінага меркаваньня наконт часу і ўмоваў узьнікненьня і станаўленьня славянскага пісьма ў навукоўцаў няма з прычыны таго, што існуе вельмі мала адпаведных фактычных зьвестак, таму высьвятленьне шматлікіх пытаньняў цалкам не завершанае і сёньня.

Кірыліца і глаголіца — абэцэды, ад якіх паходзіць славянскае пісьмо, але шлях іх утварэньня застаецца загадкай.

  1. Reaves, M.; Schulte, E. Brush Lettering: An instructional manual in Western brush calligraphy. — New York: Design Books, 2006.
  2. Child, H., ed. The Calligrapher’s Handbook. — Taplinger Publishing Company, 1985.
  3. Lamb, C. M., ed. Calligrapher’s Handbook. — Pentalic, 1976.
  4. Tools and Materials. Calligraphy Qalam.
  5. Islamic Calligraphy — The Calligrapher’s Tools and Materials. Asia Society.
  6. Paper Properties in Arabic calligraphy. calligraphyfonts.info. Архіўная копія ад 13.03.2017 г.
  7. Calligraphy Islamic website. Calligraphyislamic.com. Архіўная копія ад 08.06.2012 г.
  • Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003, Эдуард Дубянецкі. ISBN 985-11-0277-6
  • Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: Дапаможнік для вучняў. Менск: Беларусь, 2001, Барыс Лазука. ISBN 985-01-0124-5

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]