Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Сынковічы)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Сынкавіцкая царква-крэпасьць»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала
Царква Сьвятога Міхала
Краіна Беларусь
Вёска Сынковічы
Каардынаты 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. / 53.12306; 25.15694Каардынаты: 53°7′23″ пн. ш. 25°9′25″ у. д. / 53.12306° пн. ш. 25.15694° у. д. / 53.12306; 25.15694
Канфэсія праваслаўе[d]
Эпархія Гродзенская і Ваўкавыская епархія[d] 
Архітэктурны стыль Готыка
Статус Ахоўная зонва
Царква Сьвятога Міхала Арханёла на мапе Беларусі
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Царква Сьвятога Міхала Арханёла
Commons-logo.svg Царква Сьвятога Міхала Арханёла на Вікісховішчы

Царква́ Сьвято́га Міха́ла Арханё́ла[a] — помнік архітэктуры XV—XVI стагодзьдзяў у Сынковічах. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры готыкі. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Сынковіцкая царква — адзін зь першых абарончых храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, адна з найбольш раньніх гатычных праваслаўных цэркваў Беларусі. Утварае адзіны ансамбль з званіцай, мастацкае аблічча якой пацярпела ад надбудовы купала-цыбуліны.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку рэстаўрацыйных працаў на фасадзе царквы выявілі літары, выкладзеныя паленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна тлумачыць як 320, хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра 1320 год[1].

Існуе легенда, што царкву заснаваў Вітаўт Вялікі ўва ўдзячнасьць за тое, што ў мясцовых пушчах ён уратаваўся ад пагоні Ягайлы. Аднак паводле пашыранай думкі, будаваньне вялося ў пачатку XVI ст., магчыма, на грошы слыннага гетмана Канстантына Астроскага, фундатара Траецкай і Прачысьценскай цэркваў у Вільні, якія таксама маюць абарончыя рысы.

У дакумэнце 1760 году паведамлялася, што царкву заклалі ў пэрыяд кіраваньня каралевы Боны, паміж 1518 і 1556 гадамі. У «Акце візытацыі сынкавіцкай царквы за 1760 год» адзначаецца, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII ст. і зьнік, відаць, у час аднаго з рамонтаў. Існуюць зьвесткі пра тое, што ў кожнай кутняй вежы была крыпта. У 1760 годзе ўжо існаваў мураваны бабінец.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) царква працягвала дзейнічаць. Аднак па скасаваньні Берасьцейскай уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі сьвятыню ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату. У 1841 годзе праводзіўся рамонт царквы[2].

У 1880—1881 гадох на царкве замянілі дах, прыбудавалі прытвор і купал над апсыдай, разабралі купал над цэнтральнай часткай[3][b]. У 1891 годзе перад царквой збудавалі бутава-цагляную 2-ярусную 4-гранную званіцу.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1926 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі перадалі царкву ўніятам. Яна стала філіяй езуіцкае місіі ў Альбэртыне (Слонім) і цэнтрам грэцка-каталіцкай парафіі.

У 1945 годзе савецкія ўлады адабралі сьвятыню пад гаспадарчыя патрэбы. У 1988—1990 гадох царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату.

У 2000 годзе помнік выявілі на памятнай манэце, адбітай Нацыянальным банкам Беларусі. У 2007 годзе ў выніку рэканструкцыі царкоўнай званіцай над ёй за грошы расейскага спонсара паставілі вялізны пазалочаны купал-цыбуліну, які спаскуджвае мастацкае аблічча помніка архітэктуры.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятная манэта НББ

У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. Гэта крыху перакошаны чатырохкутнік памерам 17,5×13 м з трохнэфавым падзелам. Усе нэфы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня муроў дасягае 1,5 м[4]. Чатыры абарончыя вежы, разьмешчаныя з кутоў, адрозьніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзьве заходнія вежы стаяць на квадратных падмурках, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрафорсы. Верхняя частка вежаў — васьміграньнік з трыма ярусамі байніцаў. Дзьве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсьць байніцы. У вежах знаходзяцца вітыя ўсходы, якія некалі вялі да байніцаў, разьмешчаных у франтоне.

Верхняя частка сьценаў, апроч усходняй, ахопліваецца магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам царквы сачыць за дзеяньнямі супраціўніка і весьці агонь на большыя адлегласьці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу дзеля абароны. Апроч таго, яны зьяўляюцца важным элемэнтам і сродкам упрыгожваньня царквы. Асабліва ўмацоўваецца заходняя сьцяна царквы. У шчыце франтону зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстоўваецца «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемэнт, які выконваў ролю назіральнага пункту.

У шчыце франтону неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражаньне цяжкаватасьці і масіўнасьці, надаюць будынку яркасьць і лёгкасьць. На ўсходніх вежах і алтарных апсыдах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе роўнай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэтае ўпрыгажэньне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсыдамі адпавядае форме ўсходняга франтону. Выразнымі элемэнтамі готыкі зьяўляюцца стральчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпеньні правай апсыды храма і высокі двухсхільны дах.

Невялікая перакошанасьць пляну будынка, некаторая скрыўленасьць восі апсыдаў у адносінах да нэфаў даюць падставы меркаваць, што царкву ўзводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разьбіўкі пляну простыя, ня вельмі дакладныя вымяральныя інструмэнты.

У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць унутраную прастору на нэфы, перакрытыя крыжовымі скляпеньнямі з нэрвюрамі. Цэнтральная і паўночная апсыды перакрываюцца крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеньнямі. Атынкаваныя сьцены падзяляюцца прастакутнымі лапаткамі, аб’яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі.

Перад царквой знаходзіцца бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншыя формы назвы царквы — Сьвятога Міхаіла Архангела, Сьвятаміхальская, Міхайлаўская
  2. ^ Гэтыя зьвесткі, аднак, супярачаць малюнку В. Гразнова 1867 году, на якім ужо ёсьць прытвор

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Прымак І., Чарнуха А. Як рэстаўрацыя «састарыла» царкву // Народная газета. — 19 сакавіка 2011.
  2. ^ Кушнярэвіч А. Сынковіцкая Міхайлаўская царква // ВКЛ. Энцыкл. Т. 2. — Менск, 2005. С. 648.
  3. ^ Багласаў С. Сынковіцкая царква-крэпасць // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 465.
  4. ^ Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Менск: «Полымя», 1977. С. 67.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  410Г000282

Commons-logo.svg Царква Сьвятога Міхала Арханёла (Сынковічы)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў