Перайсьці да зьместу

Славянка (фабрыка)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°8′20″ пн. ш. 29°13′40″ у. д. / 53.13889° пн. ш. 29.22778° у. д. / 53.13889; 29.22778

«Славянка»
ААТ «Славянка»
Тып адкрытае акцыйнае таварыства
Лістынг на біржы Беларусь: Т1881
Заснаваная 3 сакавіка 1930 (94 гады таму)
Уласьнікі Бабруйскі гарадзкі выканаўчы камітэт (31%)[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёўская вобласьць
Адрас Бабруйск, Сацыялістычная вул., д. 84
Ключавыя фігуры Тэймураз Бачарышвілі (кіраўнік), Юры Дробаў (намесьнік)[2]
Галіна лёгкая прамысловасьць
Прадукцыя паліто, куртка, плашч, нагавіцы, строй, спадніца, камізэлька
Абарачэньне 33,833 млн рублёў (2023 год; 10,647 млн $)
Апэрацыйны прыбытак 5,297 млн рублёў (2023 год; 1,667 млн $)
Чысты прыбытак 4,057 млн рублёў (2023 год; 1,276 млн $)[1]
Лік супрацоўнікаў 1009 (2023 год)[1]
Матчына кампанія «Беллегпрам»[1]
Аўдытар Мікалай Ліпскі[1]

«Славянка» — швачная фабрыка Беларусі, заснаваная ў сакавіку 1930 году ў якасьці «Бабруйскай швачнай фабрыкі».

На 2024 год была адным з найбольшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці Беларусі. Вырабляла вопратку для мужчынаў, жанчынаў і дзяцей: паліто і курткі, плашчы і нагавіцы, строі і спадніцы, камізэлькі і спартовую вопратку, справавую вопратку для школьнікаў, у тым ліку з прыроднай скуры і аўчыны. Шмат гадоў выпускала вырабы на заказ для прадпрыемстваў Польшчы і Расеі, а таксама Вялікабрытаніі, Фінляндыі і Францыі. Выпускала да 600 000 вырабаў швачнай вопраткі за год. На прадпрыемстве аўтаматызавалі праектаваньне працы, насьціл, раскрой, нагрэў і перавозку[3]. На 2023 год «Славянка» мела звыш 1000 супрацоўнікаў і 10 цэхоў у Бабруйску, а таксама аддзяленьні ў Глушы і Клічаве[4]. На 2020 год вытворчая плошча фабрыкі складала 1,29 га[5].

На 2024 год «Славянка» мела 9 уласных крамаў, зь іх 2 у Менску ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» і «Першым нацыянальным гандлёвым доме» на праспэкце Незалежнасьці. Да таго ж, уласныя крамы працавалі ў Берасьці, Віцебску, Гомлі і Магілёве, а таксама ў Бабруйску, Баранавічах і Жлобіне[6]. Таксама быў магчымы заказ праз уласную інтэрнэт-краму з самавывазам зь фірмовай крамы, дастаўкай у аддзяленьне «Белпошты» і яе кур'ерам на хатні адрас[7].

3 сакавіка 1930 году запусьцілі «Бабруйскую швачную фабрыку» (Беларуская ССР), на якой стварылі вытворчасьць нагавіцаў. Спачатку на ёй працавала каля 200 чалавек. 1 траўня 1930 году пачалі выпускаць фабрычную газэту «Чырвоны Швейнік» на беларускай і жыдоўскай мовах. Да пачатку вайны выйшла 260 нумароў газэты. На 1931 год на фабрыцы працавала 74% жыдоў і 21% беларусаў. У 1938 годзе ў сувязі з ростам фабрыкі і гарадзкога насельніцтва налічвалася 62% беларусаў і 23% жыдоў[8].

У 1940 годзе на фабрыку прыпала 10% усёй швачнай вытворчасьці Беларусі. У 1959 годзе стварылі вытворчасьць плашчоў. У 1982 годзе атрымалі бронзавы мэдаль на Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі СССР за жаночы плашч з сумесевай тканіны[9]. Фабрыка налічвала звыш 1000 супрацоўнікаў. Значную частку вытворчасьці складаў заказ абмундзіраваньня для Ўзброеных сілаў СССР. У 1989 годзе аўтаматызавалі працу канструктара, што дазволіла вырабляць спартовую вопратку на заказ амэрыканскага прадпрыемства «Найк» (штат Арэгон) і нямецкага «Адыдас» (зямля Баварыя). Пазьней заказчыкам стаў нямецкі вытворца вопраткі «Гуга Бос» (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг)[10].

21 студзеня 1991 году фабрыку пераўтварылі ў арэнднае прадпрыемства «Славянка», назву якога прапанавала начальніца аддзелу працы і зарплаты Т. І. Шынкевіч. 27 жніўня 1993 году прадпрыемства ўзначаліў Тэймураз Бачарышвілі[11]. 30 жніўня 1993 году прадпрыемства пераўтварылі ў народную вытворча-камэрцыйную фірму. 29 чэрвеня 2000 году «Славянка» стала адкрытым акцыйным таварыствам[12]. У траўні 2008 году прадпрыемства пачало вырабляць школьныя строі для хлопцаў з ахоўнай тканінай кішэняў ад выпраменьваньня мабільнага тэлефона[13]. У 2009 годзе падчас эпідэміі сьвінога грыпу выпускалі 3-слаёвыя марлевыя павязкі[14]. 30 чэрвеня 2014 году Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт ухваліў Рашэньне № 18-16 «Аб пераліку гаспадарчых таварыстваў», якім надзяліў сябе пераважным правам на набыцьцё паёў фабрыкі «Славянка»[15]. На 2018 год экспарт прадпрыемства ў асноўным накіроўвалі ў Польшчу[10].

У лютым 2020 году падчас пандэміі ўханьскага каронавірусу «Славянка» атрымала замову ад «Белмэдтэхнікі» на 300 000 4-слаёвых марлевых павязак[14]. У красавіку 2020 году вытворчасьць мэдычных масак на фабрыцы дасягнула 200 000 за содні[16]. 16 красавіка запусьцілі вытворчасьць строяў біяаховы па 1000 штодня[17] для аднаразовага выкарыстаньня мэдыкамі[18]. Таксама асвоілі вытворчасьць аднаразовых бахілаў і нарукаўнікаў. Вытворчая магутнасьць прадпрыемства складала 500 000 швачных вырабаў звычайнай вопраткі за год. Да красавіка пашылі 3,5 млн мэдычных масак[19], у выніку чаго вытворчасьць вырасла 23-кратна, а прыбытак — з 1 тыс. да 132 тыс. рублёў за квартал. Маскі выраблялі зь нятканага палатна «Спанбел» ад «Сьветлагорскхімвалакна». Сярэдні месячны заробак 1064 супрацоўнікаў складаў 987,8 рублёў. Дзённы выпуск дасягнуў 200 масак на швачку. Вытворчая плошча фабрыкі налічвала 1,29 га[5]. За мяжу мэдычныя бахілы, шапачкі і камбінэзоны пастаўлялі ў Польшчу, Фінляндыю і Швэцыю[20]. У кастрычніку 2020 году пачалі шыць скураную вопратку з сыравіны, якую пастаўляў «Бабруйскі гарбарны камбінат». На новае абсталяваньне за год выдаткавалі звыш 150 000 даляраў. Пры гэтым шыцьцё вопраткі заказваў францускі мадэльер П’ер Кардэн. Уласны збыт вялі празь фірмовыя крамы і інтэрнэт-крамы[21].

У 2021 годзе вытворчая магутнасьць вырасла да 600 тыс. вырабаў вопраткі. Прапаноўвалі 68 мадэляў школьнага адзеньня, звыш паловы якіх абнаўлялі штогод. Пашыў замаўлялі прадпрыемствы Польшчы і Расеі, а таксама Вялікабрытаніі, Фінляндыі і Францыі[22]. У 2022 годзе адкрылі ўласную інтэрнэт-краму «Славянка», якая пастаўляла вопратку праз пункты выдачы «Белпошты». За 2023 год выпусьцілі 450 000 вырабаў вопраткі[23].

  1. ^ а б в г д Зьвесткі пра акцыйнае таварыства (рас.) // ААТ «Славянка», 25 красавіка 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  2. ^ Зьвесткі для сувязі (рас.) // ААТ «Славянка», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  3. ^ Наш брэнд (рас.) // ААТ «Славянка», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  4. ^ «Славянцы» – 93 гады (рас.) // Газэта «Вечаровы Бабруйск», 3 сакавіка 2023 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  5. ^ а б ААТ «Славянка» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 красавіка 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  6. ^ Крамы (рас.) // ААТ «Славянка», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  7. ^ Дастаўка (рас.) // ААТ «Славянка», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  8. ^ Алесь Красавін. Славянка і Дзяржынскі (рас.) // Партал «Бабруйск гуру», 9 лістапада 2009 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  9. ^ Гісторыя прадпрыемства (рас.) // ААТ «Славянка», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  10. ^ а б «Найк» пераехаў, «Лякост» засталася: якія брэнды працуюць зь беларускімі фабрыкамі // Радыё «Спадарожнік», 26 лютага 2018 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  11. ^ 3 сакавіка 1930 году была запушчана фабрыка «Славянка» (рас.) // Газэта «Бабруйскае жыцьцё», 3 сакавіка 2023 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  12. ^ ААТ «Славянка», УНП 700060126 (рас.) // ААТ «БізІнспэкт», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  13. ^ У Беларусі шыюць школьную форму, якая аберагае ад выпраменьваньня мабільніка // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 13 траўня 2008 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  14. ^ а б Анжаліка Васілеўская, Tut.by. Бабруйская фабрыка адклала выпуск адзеньня, каб шыць мэдпавязкі ад каронавіруса // «Эўрапейскае радыё для Беларусі», 17 лютага 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  15. ^ Як прадаць акцыі адкрытага акцыйнага таварыства // Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, 7 чэрвеня 2018 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  16. ^ Леанід Заяц з рабочым візытам наведаў Бабруйск. У цэнтры ўвагі – работа «Славянкі» і «Бабруйскага завода біятэхналёгіяў» // Газэта «Бабруйскае жыцьцё», 10 красавіка 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  17. ^ Выпуск касьцюмаў біялягічнай абароны ад ААТ «Славянка» // Газэта «Магілёўскія ведамасьці», 16 красавіка 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  18. ^ Марыя Дадалка. «Мы павінны выканаць пляны, якія перад намі стаяць» // Зьвязда : газэта. — 22 красавіка 2020. — № 78 (29192). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  19. ^ Лукашэнка азнаёміцца з выпускам ахоўных сродкаў на бабруйскай «Славянцы» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 красавіка 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  20. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Бабруйская «Славянка» цалкам перайшла на пашыў сродкаў абароны // Белтэлерадыёкампанія, 21 красавіка 2020 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  21. ^ Павал Мінчанка. Страйк на прадпрыемстве — гэта нонсэнс, лічыць дырэктар ААТ «Славянка» Тэймураз Бачарышвілі // Беларусь сёньня : газэта. — 28 кастрычніка 2020. — № 26095.
  22. ^ ААТ «Славянка» да новага навучальнага году абнавіла амаль 60% мадэляў школьнай формы // БелТА, 23 ліпеня 2021 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.
  23. ^ На «Славянцы» максімум увагі надаецца інтарэсам саміх работнікаў // Магілёўскі аблвыканкам, 12 сакавіка 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Навіны (рас.) // ААТ «Славянка», 2024 г. Праверана 9 чэрвеня 2024 г.