Перайсьці да зьместу

Салямон Рысінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Рысінскі»)
Салямон Рысінскі
лац. Salamon Rysinski
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1560[1]
Памёр 13 лістапада 1625(1625-11-13)
Род Рысінскія[d]
Дзейнасьць пісьменьнік, паэт

Салямон Рысінскі (лац. Solomonis Risinius (Pantherus); каля 1560, в. Рысін, Полацкае ваяводзтва, Вялікае Княства Літоўскае, цяпер Себескі раён, Пскоўская вобласьць, Расея — 13 лістапада 1625[2][3], Дзяляцічы, цяпер Наваградзкі раён) — паэт-лацініст, філёляг, фальклярыст-парэміёляг. Першы вядомы чалавек, які назваў сябе «беларусам» (Leuсorussus), а сваю краіну «Беларусьсю» (Leucorossia).

Падзел Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага з мапы 1770-х гадоў: Сапраўдная Літва (анг. Lithuania Proper) складаецца зь «Літоўскіх ваяводзтваў» і «Літоўскай або Белай Русі», тым часам Жамойць падаецца асобна ад Літвы — паміж Інфлянтамі і Курляндыяй
Фрагмэнт мапы Рэчы Паспалітай, дзе Літва (Lituania) цалкам атаясамліваецца зь Белай Русьсю (Russia Bianca), тым часам Жамойць (Samogitia) падаецца асобна ад Літвы, а Масковія (Moscovia) — асобна ад Русі (Вэнэцыя, 1740 г.)

Паводле Я. Парэцкага і Ю. Крыжаноўскага, Саламон Рысінскі нарадзіўся ў вёсцы Рысіне на Полаччыне, але на падставе ўнівэрсытэцкіх мэтрык, дзё ён пішацца «de Cobelinszky» (Ляйпцыг) і «De Kobilinki» (Базэль), Г. Люлевіч лічыць месцам нараджэньня пісьменьніка вёску з назвай Кабыльнікі (ці Кабыльнік) на Віцебшчыне.

Сын дробнага шляхціча Хведара Рысінскага. Атрымаў добрую пачатковую адукацыю (дома і, мажліва, у адной з пратэстанцкіх школаў Вялікага Княства Літоўскага). Ведаў царкоўнаславянскую мову. Верагодна, працягнуў адукацыю ў Ляйпцыскім унівэрсытэце, куды прыехаў 25 жніўня 1582 году разам зь лекарам Янам Гасьлерам, колішнім настаўнікам полацкага ваяводы К. М. Дарагастайскага. У 1584 годзе быў хатнім настаўнікам у Жамойці (у якасьці выхавацеля і настаўніка працаваў і пазьней). У 1585 годзе быў у Сэціміне (Малая Польшча), дзе выкладаў у кальвінскай школе. Не пакідаў жаданьня прадоўжыць адукацыю, у лістах прасіў перавесьці яго ў Кракаў. У канцы таго ж году працаваў прыватным выкладнікам у Войнараве. Вёў перапіску з братамі Крыштафам і Станіславам Бучынскімі з Ольшына па пытаньнях паэтычнага мастацтва. Раіў ім ехаць па навуку ў Нямеччыну. Выпраўляючыся туды, браты Бучынскія ўзялі С. Рысінскага з сабой.

2 сьнежня 1585 году С. Рысінскі ўпісаны ў мэтрыку Альтдорфцкага ўнівэрсытэту як «Salamon Pantherus Leucorussus» (Leucorussusгрэцкае «беларус»). Увесну 1587 году разам з братамі Бучынскімі наладзіў падарожжа па прыдунайскіх мясцовасьцях Нямеччыны, наведаўшы шэраг гарадоў: Нюрнбэрг, Аўгсбург, Інгальштат і інш. За няпоўныя тры гады навучаньня ў Альтдорфе значна паглыбіў свае веды ў галіне клясычнай філязофіі. Пасябраваў з Конрадам Рытэрсгаўзэнам(de), пазьней вядомым паэтам і юрыстам. У 1588—1589 гадох падрыхтаваў разам зь ім крытычны разбор і камэнтары да твораў рымскага паэта Аўзонія.

У другой палове 1589 году пакінуў Альтдорф, каб суправаджаць у Прагу К. Рытэрсгаўзэна. Імаверна, што пасьля зноў працаваў настаўнікам у Малой Польшчы. Мяркуюць, што ў 1594—1596 гадох знаходзіўся ў Лейдэне. Каля 1596 году апынуўся на службе ў князя К. Радзівіла «Перуна» ў якасьці пэдагога яго сына Крыштапа. Выхавацелем дзяцей працаваў і пры двары Радзівілаў у Вільні, Койданаве і Валожыне ў наступныя гады.

У 1601 годзе разам суправаджаў свайго выхаванца Крыштапа, калі той выехаў навучацца за мяжу. Улетку таго ж году ўпісаў сваё імя ў мэтрыкі Ляйпцыскага ўнівэрсытэту. У чэрвені 1602 годзе яны былі ўжо ў Гайдэльбэргу, адкуль у пачатку 1603 году падаліся ў Базэль. Праўдападобна, што пісьменьнік узяў ўдзел у далейшым падарожжы па Эўропе.

Вярнуўся на радзіму ў пачатку 1604 году. У пачатку XVII ст. браў чынны ўдзел у рэлігійным жыцьці беларускіх пратэстантаў. Прымаў удзел у арганізацыі пратэстанцкай школы ў Слуцку, для якой напісаў статут[4]. Браў удзел у працы сынодаў 1609—1612 і 1617—1620 гадох, на якіх абараняў інтарэсы свайго патрона, займаў высокія пасады ў кальвінісцкай грамадзе. Лічыўся знаўцам гісторыі кальвінізму ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1609 годзе яму было даручана выправіць і дапоўніць кракаўскі канцыянал, для якога ён зрабіў новы пераклад некаторых псалмаў і выдаў яго ў Любчы ў 1614 годзе. Працаваў таксама над кальвінскім катэхізісам. З 1620 году займаўся выхаваньнем сына К. Радзівіла «Перуна» Януша, які навучаўся ў кальвінскай школе ў Вільні.

У кастрычніку 1625 году, будучы пры двары жонкі К. Радзівіла — Ганны, нечакана занядужаў празь некалькі дзён сканаў «ад апаплексіі, паяднанай з эпілепсіяй»[3]. Пахаваны пры кальвінскім зборы ў Любчы.

  • Epistolarum Salomonis Pantheri libros duos. Aldorphii, 1587.
  • Exercitationum epistolicarum ad Ausonium virum consularem libri duo. Aldorphii, 1589.
  • Psalmy Dawida podlug dawnych not wierszem polskim. Lubecz ad Chronum, 1614.
  • Proverbiorum Polonicorum a Solomone Rysinio Collectorum Centuriae Decem et Octo. Lubecz ad Chronum, 1618.
  • Solomonis Rysinii Sarmatae, ad epistolas L. Annaei Senecae, philosophi Stoici, notarum sive conjecturarum liber. Noribergae, 1620.
  • Trumpas pasakojimas apie garsiuosius sviesiausiojo didiko, Birzu ir Dubingiu kunigaikscio Kristupo Radvilos zygius. Vilnius: Lietuviu literaturos ir tautosakos institutas, 2000. 253 p.
  1. ^ Salamon Rysinski // CERL Thesaurus (анг.)Consortium of European Research Libraries.
  2. ^ Рысінскі Саламон // БЭ. — Мн.: 2001 Т. 13. С. 519.
  3. ^ а б Жлутка, А. Саламон Рысінскі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. — Менск: Беларуская навука, 2007. С. 646.
  4. ^ Коршунаў А. Рысінскі Саламон // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 159—160.
  • Жлутка, А. Саламон Рысінскі // Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў: У 2 т. Т. 1. — Менск: Беларуская навука, 2007. — С. 642—657.
  • Коршунаў А. Рысінскі Саламон // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. — С. 159—160.
  • Латышонак, А. Навуковыя крыніцы самаакрэслення Саламона Рысінскага як беларуса // Рэфармацыя і грамадства: XVI стагоддзе : Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Менск: Беларускі кнігазбор, 2005. — С. 126—131;
  • Рысінскі Саламон // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — 576 с. — ISBN 985-11-0216-4 — С. 519.
  • Narbutas, S. Risinskis, Saliamonas. Trumpas pasakojimas apie garsiuosius šviesiausiojo didiko Biržų ir Dubingių kunigaikščio Kristupo Radvilos žygius / parengė, iš lot. k. vertė ir pratarmę parašė S. Narbutas. — Vilnius : LLTI, 2000. — 253 p. (лет.)
  • Korotynski, W. Salomon Rysinski. Studium // Kurier Wilenski. Nr. 132, 1863. — S. 6. (пол.)
  • Lulewicz, H. Rysinski Salomon / H. Lulewicz // Polski Slownik Biograficzny, T. XXXIII/4, Z. 139. — Wroclaw etc., 1992. — S. 553—557. (пол.)
  • Порецкий, Я. И. Соломон Рысинский: Solomo Pantherus Leucorussus (конец XVI — начало XVII в.) / Я. И. Порецкий. — Минск: Издательство БГУ, 1983. — 158 с. (рас.)