Перайсьці да зьместу

Першы Слуцкі полк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
1-ы Слуцкі полк

сьцяг 1-га Слуцкага палка
Гады існаваньня 1920
Краіна Беларуская Народная Рэспубліка
Падпарадкаваньне Урад БНР
Уваходзіць у Слуцкая брыгада
Тып полк
Уключае ў сябе 3 батальёны
Функцыя абарона Слуцкага павету
Колькасьць 2500 чал.
Дысьлякацыя Семежава
Дэвіз Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына
Узбраеньне 300 карабінаў, вінтоўкі, 10 кулямётаў
Удзел у Слуцкі збройны чын
Вядомыя камандзіры Павал Чайка, Ахрэм Гаўрыловіч

Пе́ршы Слу́цкі полк стральцо́ў — вайсковая частка Беларускай Народнай Рэспублікі, створаная ў лістападзе 1920 году ў Слуцку.

Быў асноўнай вайсковай часткай Слуцкай брыгады, якая бараніла Слуцкі павет БНР ад расейскіх бальшавікоў у ходзе Слуцкага збройнага чыну 1920 году.

У жніўні 1920 г. капітан Антон Самусевіч вярнуўся ў родны Слуцак, дзе сабраў у полк каля 2500 чалавек. Камандзір Асобнага аддзелу войскаў БНР генэрал-маёр Станіслаў Булак-Балаховіч прызначыў Антона Самусевіча камандзірам 1-га Слуцкага палка і вылучыў 30 000 польскіх марак на закуп зброі і абмундзіраваньня. Спачатку на ўзбраеньні налічвалася 300 карабінаў, якія дапоўнілі 500 вінтоўкамі[1].

21 лістапада 1920 году Рада Случчыны зацьвердзіла Дэклярацыю, у якой заклікала «стаяць за незалежнасьць роднай Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту збоку чужаземных захопнікаў і ў выпадку патрэбы, нават, сілаю аружжа». У выніку пачалася мабілізацыя ў Слуцкую брыгаду, якая ўлучыла 2 палкі. 22 лістапада 1920 г. Рада Случчыны зацьвердзіла стварэньне 1-ага Слуцкага палка стральцоў у складзе 3-х батальёнаў. Аднак сябры Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў у Радзе Случчыны адмовіліся ўхваліць прызначэньне Самусевіча камандзірам палка. Тады Самусевіч здаў камандаваньне падпалкоўніку Паўлу Чайку. З Горадні даслалі сьцяг 1-га Слуцкага палка з Пагоняй і дэвізам «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Камандзірам 1-га батальёна быў прызначаны падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, 2-га — капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, 3-га — капітан Аляксей Колпак. Пасаду начальніка гаспадарчай часьці заняў прапаршчык Кашкарэвіч. Паручнік Кахановіч выконваў абавязкі ад’ютанта. Роты ўзначалілі: 1-ю — паручнік Якуб Гузьней; 4-ю — Аляксандар Савановіч; 5-ю — паручнік Павал Бранавіцкі, 6-ю — падпаручнік Нікадзім Кернажыцкі. Агулам налічвалася 9 ротаў. Кулямётную каманду склалі 10 чалавек. Аддзел выведкі ўзначаліў прапаршчык Шыманскі[1].

27 лістапада 1920 г. 1-ы Слуцкі полк займаў участак ад Семежава (цяпер Капыльскі раён) да Вызны (цяпер Салігорскі раён) працягласьцю каля 20 км, калі пачаліся баі Слуцкага збройнага чыну. 6-я рота 1-га Слуцкага палка захапіла ў палон выведвальны атрад расейскіх бальшавікоў пад 4-ма вёскамі (цяпер Капыльскага раёну) Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава. У ходзе боя пад Васільчыцамі стралец Піліп Валодзька атрымаў цяжкае раненьне і стаў першым памерлым удзельнікам слуцкага паўстаньня[2]. Расейскія чырвонаармейцы страцілі 3 чалавекі забітымі, 3 — параненымі і яшчэ 1 чырвонаармеец трапіў у беларускі палон. 5-я рота 1-га Слуцкага палка пасьля бою вызваліла 2 вёскі (цяпер Капыльскага раёну) Лютовічы і Дашнава і паланіла 5 расейскіх чырвонаармейцаў. 7-я і 8-я роты 1-га Слуцкага палка адбілі напад расейскага войска на вёску Мацкевічы[1].

Сьцяг 1-а Слуцкага палка. Вільня, 1921. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык

30 лістапада 1920 г. расейскія войскі падцягнулі новыя вайсковыя часткі пад вёску Вужыца (Бабруйскі павет) на ўсход ад Слуцка, дзе спынілі наступ 1-га Слуцкага палка. 2 сьнежня начальнік выведкі Слуцкай брыгады Антон Мірановіч арыштаваў камандзіра 1-га Слуцкага палка Паўла Чайку, пасьля перахопу яго ліста да расейскіх бальшавікоў. Новым камандзірам стаў падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч. 4 сьнежня 1920 г. часткі 8-й і 17-й дывізіяў 16-й арміі расейскіх бальшавікоў выціснулі 1-ы Слуцкі полк з Вызны. 7 сьнежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк адступіў зь Семежава ў Подчыцы, адкуль у Грыцэвічы (цяпер Клецкі раён)[1].

12 сьнежня 1920 г. 1-ы Слуцкі полк вызваліў Семежава, дзе завалодаў запасам снарадаў. Істотную ролю ў наступе адыграла 2-я рота. 17 сьнежня 1-ы Слуцкі полк вызвалі Вызну, аднак адступіў зь яе 19 сьнежня. Пры наступе на Слуцак расейскія войскі выкарыстоўвалі 6 браневікоў. Пагатоў 1-ы Слуцкі полк меў па 30-40 вінтовак на роту. 20 сьнежня полк зноў пакінуў Семежава, адкуль адступіў у Морач (Клецкі раён), а затым у Заастравечча. 28 сьнежня 1920 г. Найвышэйшая рада БНР на пасяджэньні ў Баранавічах пастанавіла распусьціць Слуцкую брыгаду, у тым ліку 1-ы Слуцкі полк. У той дзень большасьць (1500) стральцоў перайшла раку Лань, дзе іх інтэрнавала польскае войска. Астатнія 400 чалавек увайшлі ў склад падпольнай арганізацыі «Зялёны Дуб»[1].

  1. ^ а б в г д Ніна Стужынская. Частка ІІ. Слуцкае паўстаньне // Беларусь мяцежная. — 3-е выд. — Менск: Вараксін, 2012. — 362 с. — (Такая гісторыя). — ISBN 978-985-7035-04-5
  2. ^ Грузьдзіловіч, Алег (2 сакавіка 2018) 10 малавядомых месцаў на мапе Беларусі, зьвязаных з БНР Гісторыя. Радыё «Свабода»Праверана 6 сакавіка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]