Пагародна
Пагародна | |
трансьліт. Paharodna | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гарадзенская |
Раён: | Вярэнаўскі |
Сельсавет: | Пагародзенскі |
Насельніцтва: | 860 чал. (2009)[1] |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 1594 |
СААТА: | 4213866061 |
Нумарны знак: | 4 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°5′47″ пн. ш. 25°8′37″ у. д. / 54.09639° пн. ш. 25.14361° у. д.Каардынаты: 54°5′47″ пн. ш. 25°8′37″ у. д. / 54.09639° пн. ш. 25.14361° у. д. |
± Пагародна | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Пагаро́дна[2] (таксама — Пагаро́дня[2]) — вёска ў Вярэнаўскім раёне Гарадзенскай вобласьці. Цэнтар Пагародзенскага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Іпацьеўскім летапісе ёсьць запіс, дзе паведамляецца, што ў 1276 годзе князь Трайдзень прыняў да сябе прусаў, якіх прыгняталі немцы, і пасадзіў частку іх у Горадні[3].
Маёнтак Гародна згадваецца з XV ст. (да 1489 году Гарадзенскае войтаўства, уласнасьць караля Казімера). У канцы XVI стагодзьдзя Падгарадная, уласнасьць Падгарадзінскага, у Лідзкім павеце Віленскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пазьней уласнасьць М. Сапегі, 12 душ сялянаў.
Пасьля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гарадзенскай, з 1842 году Віленскай губэрнях. У сярэдзіне XIX ст. вёска таго маёнтку ў Аляксандраўскай воласьці Лідзкага павету Віленскай губэрні, уладаньне графа М. Патоцкага, у 1857 г. налічвалася 39 рэвіскіх душ.
Сядзібна-паркавы ансамбпль у Гародне сфармаваўся ў другой палове XVIII ст. пры ўладальніку гетману Людвіку Тышкевічу, якому маёнтак дастаўся ад бабкі Салямэі Радзівілякі. Драўляны панскі дом быў узьведзены ў стылі клясыцызму ў 1780 годзе паводле праектаў польскага архітэктара Шымана Цуга. Праз стагодзьдзе сядзіба належала А. Патоцкаму, потым Ігнаткевічу, а ў пачатку XX ст. — генэралу К. Кандратовічу. Ад разбуранай у 1914 годзе сядзібы застаўся парк і рэшткі капліцы.
Паводле перапісу ў 1870 году ў вёсцы 360 жыхароў. У 1885 годзе ў вёсцы фальварак, капліца, карчма. У 1897 годзе ў Падгародна 18 двароў, 132 жыхары, лаўка, заезны дом, у сядзібе 59 жыхароў, у 1908 годзе — 11 двароў 154 жыхары (28 сямей), 166,3 дзесяцін зямлі, 30 коней. У маёнтку 81 жыхар.
3 1921 году Пагародна ў складзе Польшчы, у Аляксандраўскай гміне Лідзкага павету, 23 двары, 138 жыхароў.
3 лістапада 1939 году ў БССР. 3 15 студзеня 1940 году Радунскім раёне, з 12.10.1940 г. у Асаўскім сельсавеце. У 1940 годзе 143 жыхары. У маёнтку Гародна знаходзілася сядзіба Радунскай МТС (7 трактароў).
З канца чэрвеня 1941 году да сярэдзіны ліпеня 1944 году вёска акупавана немцамі.
3 20.9.1944 году ў Гарадзенскай вобласьці.
24.1.1945 годзе на пост 10-га асобнага батальёна паветранага назіраньня, апавяшчэньня і сувязі, які разьмяшчаўся ля вёскі, напала каля 30 байцоў польскай Арміі Краёвай («лясныя браты») з мэтай захапіць зброю[4]. Баявы разьлік паста — 5 дзяўчат-сувязістак — некалькі гадзін вёў бой. Нападнікі захапілі пост пасьля таго, як 4 сувязісткі былі забіты і 1 цяжка паранена.
У 1949 годзе ў былым маёнтку створаны калгас. 3 1959 годзе вёска ў Вярэнаўскім раёне, з 1963 г. цэнтар сельсавету. У 1970 годзе 363 жыхары, швейная майстэрня, сярэдняя школа, Дом культуры, бальніца, бібліятэка, дзіцячы сад, аптэка, аддзяленьне сувязі, ветучастак, сталовая, 2 крамы.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1870—360 жыхароў
- 1897—132 жыхары
- 1908—154 жыхары
- 1940—143 жыхары
- 1970—363 жыхары
- 2004—977 жыхароў, 349 гаспадарак
- 2009 год — 860 жыхароў[1]
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Парк
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Парк рэгулярнага тыпу закладзены ў канцы XVIII ст. Садоўнікам і стваральнікам сядзібнага парка, верагодна, быў І. Л. Кнакфус. Парк рэгулярнай сымэтрычна-восевай пляніроўкі, крыжападобны ў пляне. Захаваўся часткова.
Цэнтрам кампазыцыі быў мураваны сядзібны дом (не зьбярогся), пастаўлены на невялікай тэрасе. Па падоўжнай пляніровачнай восі (усход — захад) разьмешчаны ўязная брама ў выглядзе двух мураваных пілёнаў, алея, абсаджаная дрэвамі, плошча перад домам. За будынкам знаходзяцца прамавугольны партэр і вузкі штучны вадаём, абсаджаны дрэвамі мясцовых парод. Раней пэрспэктыву завяршала мураваная капліца (не зьбераглася), ад якой да партэру ішла вакол сажалкі кругавая сьцежка. Па баках партэра сымэтрычна разьмяшчаліся падзеленыя алеямі баскеты з пладовымі дрэвамі. Пасьля на месцы баскэтаў зьявіліся маляўнічыя паляны з дэкаратыўнымі групамі дрэў і кустоў. У паўночнай частцы парку захавалася капліца, пабудаваная ў сярэдзіне XVIII ст.
Капліца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Капліца пабудавана ў сярэдзіне XVIII ст. каля палаца Людвіка Скумін-Тышкевіча (не захаваўся) як радавая пахавальня.
Помнік архітэктуры ракако. 1-нэфавы аб’ём з 2-павярховай квадратнай у пляне пад агульным 2-схільным дахам плябаніяй з боку апсіды. Увагнутая плоскасьць галоўнага фасаду раскрапавана шматслойнымі пілястрамі з ракайльнымі капітэлямі, завершана фігурным шчытом з выявай гербу ўладальніка сядзібы. Уваход вырашаны паўавальным парталам, над ім — фігурны аконны праём. Бакавыя фасады расчлянёны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі і буйнымі контрфорсамі.
Унутры прастора была перакрытая крыжовымі скляпеньнямі на падпружных арках, якія на сьценах пераходзілі ў пілястры з ракайльнымі капітэлямі. Плястыка-дэкаратыўным акцэнтам інтэр’еру зьяўляецца плястычны алтар, кампазыцыйна падобны да галоўнага фасаду будынку: пілястры зь лепкай на капітэлях абрамлялі арку, над якой быў картуш з гербам уладальніка сядзібы. Над уваходам былі разьмешчаны хоры з выпуклай агароджай на фігурных слупах. У бакавых цыліндрычных шахтах знаходзіліся вітыя лесьвіцы на хоры. Дзьверы абапал алтару вялі ў калідор, а зь яго — у прыбудову плябаніі з авальнымі скляпеньнямі на 1-м паверсе. Пад храмам — вялікая скляпеністая крыпта.
Помнік сувязісткам
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнік сувязісткам на месцы бою 24.1.1945 пастаўлены ў 1975 годзе (аўтар В. Каравашкін) — вэртыкальная стэля і 2 бэтонныя блёкі, скампанаваныя ў форме стылізаванай рымскай лічбы IV, па трохступеньчатым стылабаце. На плоскасьцях стэлы і блёкаў — барэльефная выява ордэна Айчыннай вайны, рэльефная выява дзяўчыны-сувязісткі і надпіс-прысьвячэньне.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сядзібны дом
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прасторны аднапавярховы сядзібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады, па цэнтры якіх вылучаліся моцныя архітэктурныя акцэнты ў выглядзе рызалітаў з чатырохконнымі дарычнымі порцікамі, пад галоўны зь якіх па шырокіх бакавых пандусах праяжджалі карэты. Трохкутныя франтоны порцікаў запаўнялі плястычныя разныя картушы. Архітэктурную выразнасьць будынку надаваў мерны рытм высокіх простакутных вокнаў у багатых ліштвах з сандрыкамі на фоне суцэльнай рустоўкі. Унутры дом меў парадную анфіляду апартамэнтаў зь вялізнай бальнай заляй у цэнтры. У падвале, у які вялі тарцовыя лесьвіцы, знаходзіліся гаспадарчыя памяшканьні і жыльлё прыслугі. Строгі і аскетычны зьнешні выгляд будынку значна кантраставаў з багацьцем і пышнасьцю інтэр’ера дому, аформленага з выкарыстаньнем палатняных шпалер, стукавых панэляў, пазалочаных барэльефаў, мэдальёнаў, гірляндаў, кветак, ваз з арнамэнтным росьпісам, кафляных грубак і камінаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Колькасьць насельніцтва Беларусі на кастрычнік 2009 году (рас.)
- ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 155—156
- ^ nashaziamlia.org
- ^ Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі… Гарады і вёскі Беларусі…
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / Рэд. кал.: С. Марцэлеў і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с, іл.
- Страчаная спадчына / Т. Габрусь, А. Кулагін, Ю. Чантурыя, М. Ткачоў: Уклад. Т. Габрусь. — Менск: Беларусь, 2003. — 351 с.: іл. ISBN 985-01-0415-5.
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У. Андрыевіч і інш. — Мн.: БелЭн, 2015.— 656 с, іл. ISBN 978-985-11-0839-4
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 2000 Т. 11: Мугір — Паліклініка. — С. Пагародна. — С. 476.