Перайсьці да зьместу

Ніна Багінская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ніна Багінская
27 верасьня 2020 году
Род дзейнасьці грамадзкая дзейнасьць
Дата нараджэньня 30 сьнежня 1946 (77 гадоў)
Месца нараджэньня Сьцяг СССРМенск, Беларуская ССР, СССР
Грамадзянства Сьцяг БеларусіБеларусь
Месца вучобы Менскі радыётэхнічны інстытут (1959)
Прафэсія геоляг
Месца працы Беларускі навукова-дасьледчы геалягічны выведвальны інстытут
Гады дзейнасьці з 1988 году
Пасада Пасол на Сойм Партыі БНФ
Тэрмін зь 7 лістапада 2020 году
Бацька Рыгор
Дзеці сын Павал Багінскі (нар. 1978), дачка
Узнагароды знак Івашкевіча (2017),
мэдаль Хіжанкова (2018),
Мэдаль да стагодзьдзя БНР (2020),
прэмія «Людзі Свабоды» (2020)

Ні́на Рыго́раўна Багі́нская (нар. 30 сьнежня 1946, Менск, БССР, СССР; цяпер Беларусь) — грамадзкая дзяячка Беларусі.

Ляўрэатка знака Івашкевіча (2017), мэдалёў Хіжанкова і 100-годзьдзя БНР (2018), прэміі «Людзі Свабоды» (2020). Пасол на Сойм Партыі БНФ (зь 7 лістапада 2020 году).

Гадавалася ў сям’і гарадзкой інтэлігенцыі[1]. У 1959 годзе скончыла Менскі радыётэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «мантаж радыёапаратуры». Другую вышэйшую адукацыю атрымала ў Івана-Франкоўскім інстытуце нафты і газу па спэцыяльнасьці «геалёгія нафтавых і газавых радовішчаў». У 1988 годзе на Дзяды выйшла на марш у Курапаты[1]. 24—25 чэрвеня 1989 году была дэлегаткай Устаноўчага зьезду Беларускага народнага фронту «Адраджэньне» ў Вільні (Летувіская ССР)[2]. Да 1994 году працавала ў Беларускім навукова-дасьледчым геалягічным выведвальным інстытуце, дзе стварыла суполку Беларускага народнага фронту[3]. У 1999 годзе ўступіла ў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю БНФ і стала штогадовай арганізатаркай вулічных пікетаў у Менску зь бел-чырвона-белым сьцягам. Да 2012 году пашыла звыш 10 бел-чырвона-белых сьцягоў, зь якіх 2 для грамадзкага аб'яднаньня «Белы легіён»[4]. У 2006 годзе часопіс «Архэ-Пачатак» зьмясьціў на сваёй вокладцы яе здымак зь бел-чырвона-белым сьцягам падчас Дня Волі. Гэты здымак абнародавалі іншыя СМІ, што зрабіла яе пазнавальнай асобай[3].

1 жніўня 2014 году спаліла савецкі сьцяг перад будынкам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і патлумачыла свой учынак:

«спаліла чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам — бо гэта сьцяг, пад якім забівалі мільёны людзей, рабілі генацыд беларусаў. І што 1 жніўня правяла сваю акцыю, таксама патлумачыла — бо ў гэты дзень ў 1937 годзе тут, ў дворыку турмы „амэрыканкі“ палілі кнігі нашых беларускіх пісьменьнікаў і паэтаў, якія мы ужо ніколі не прачытаем».

— Алег Грузьдзіловіч: Пэнсіянэрку Ніну Багінскую, якая спаліла савецкі сьцяг каля КДБ, вызвалілі.[5]

На жнівень 2016 году сума налічанага спагнаньня за вулічныя пікеты склала 75 млн недэмінаваных рублёў (3750 $). У выніку яе лецішча ў Дамашанах Смалявіцкага раёну коштам 5000 $ выставілі на аўкцыён 17 жніўня ў Смалявічах[6].

24 сакавіка 2017 году выйшла на пікет да будынка КДБ Беларусі на праспэкце Незалежнасьці ў Менску з плякатам «Свабоду палітвязьням!», на якім пералічвалася 25 затрыманых. Багінская патлумачыла:

«пачула, што шмат моладзі затрымалі. На працы, як Дашкевіча, ці ў іншых умовах. Дашкевічу трэба працаваць, дзяцей карміць, а яго забралі. А чаму? Бо яны ня хочуць, каб нацыянальна-сьвядомая, лепшая моладь прыйшла на сьвята Дня волі і прывяла сваіх сяброў і знаёмых. Таму я напісала плякат, каб іх вызвалілі. Тут збоку яшчэ палітзьняволеныя Бандарэнка і Жамчужны, якія сядзяць, і іх баяцца выпусціць. А вось гэтыя 25 чалавек — гэта моладзь. Пазаўчора, учора іх затрымлівалі. Яны сядзяць тут, у "амэрыканцы", на "валадарцы". Таму я выйшла сюды, да КДБ».

— Павал Сьвярдлоў: Ніна Багінская выйшла да КДБ з плякатам «Свабоду палітвязьням!», яе затрымалі.[7]

На студзень 2019 году сума налічанага спагнаньня за пікеты склала 40 000 рублёў (каля 20 000 $). У выніку судовыя выканаўцы забіралі 50 % пэнсіі, ад якой заставалася 170 рублёў (85 $). Таксама пад арыштам знаходзіліся абодва лецішчы ў Дамашанах Смалявіцкага раёну і ў Пухавіцкім раёне[8]. Увесну 2020 году штоаўторак пікетавала рэстаран, пабудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў[9]. 7 лістапада 2020 году Зьезду Партыі БНФ абраў яе ў склад Сойму[10]. На сьнежань 2020 году пашыла звыш 200 бел-чырвона-белых сьцягоў[1].

У 2017 годзе Партыя БНФ узнагародзіла яе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча[11]. Рух «Разам» узнагародзіў яе мэдалём імя Сяргея Ханжанкова за грамадзянскі ўчынак. Пасьля Дня Волі яна штодня цягам тыдня пікетавала будынак КДБ Беларусі з новым плякатам «Свабоду народу!», які прысьвячаўся арыштаваным сябра «Белага легіёну». 28 жніўня 2020 году наваполацкая мастачка Вольга Якубоўская прысьвяціла Багінскай палатно «Я гуляю!»[12]. У верасьні 2020 году расейская майстарка Заіра Нагуар стварыла брошку «Ніна Багінская», якая дзякуючы пісьменьніцы Надзеі Ясьмінска атрымала шырокую вядомасьць. У выніку брошка стала прадавацца партыямі[13]. 30 верасьня 2020 году заступні старшыні Рады БНР Мікалай Пачкаеў уручыў ёй Мэдаль да стагодзьдзя БНР[14]. У кастрычніку 2020 году прадстаўніцы беларускай дыяспары Тамара Куеен і Аліна Ольсэн распачалі збор сродкаў на прэмію імя Ніны Багінскай «За мужнасьць»[15]. 10 сьнежня 2020 году Беларуская служба Радыё Свабода ўручыла Багінскай прэмію «Людзі Cвабоды» за пашырэньне межаў свабоды[1].

20 кастрычніка 2020 году А. Лукашэнка падчас прызначэньняў згадаў Ніну Багінскую ў сувязі з удзелам у пасьлявыбарчых дэманстрацыях:

«Вы глядзіце толькі: Ніну Багінскую не забірайце з плошчаў! Калі Ніну Багінскую забраць, апазыцыі ня будзе! Я памятаю яшчэ Ніну Багінскую, жартам кажу, яна яшчэ ў службе бясьпекі Пазьняка працавала. Малайчына, яна чалавек зь перакананьнямі».

— Надзея Бужан: Да Ніны Багінскай прыйшлі зь ператрусам.[16]>

  1. ^ а б в г Ніна Багінская — «Чалавек Cвабоды – 2020» // Радыё «Свабода», 10 сьнежня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  2. ^ «Калі на нас нападуць, як на Ўкраіну, я вазьму ў рукі зброю» // Радыё «Свабода», 4 лютага 2015 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  3. ^ а б Зьміцер Лукашук. Нязломная і непахісная Ніна Багінская // «Эўрарадыё», 10 верасьня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  4. ^ Мараты Гаравы. Сьцяганосец Ніна Багінская // Новы час : газэта. — 14 верасьня 2012. — № 35 (307). — С. 6. — ISSN 2218-2244.
  5. ^ Алег Грузьдзіловіч. Пэнсіянэрку Ніну Багінскую, якая спаліла савецкі сьцяг каля КДБ, вызвалілі // Радыё «Свабода», 2 жніўня 2014 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  6. ^ Кастусь Заблоцкі. Як дзяржава змагаецца зь 70-гадовай пэнсіянэркай // Радыё «Рацыя», 12 жніўня 2016 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  7. ^ Павал Сьвярдлоў. Ніна Багінская выйшла да КДБ з плякатам «Свабоду палітвязьням!», яе затрымалі // «Эўрарадыё», 24 сакавіка 2017 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  8. ^ Як Ніна Багінская выжывае на 170 рублёў у месяц // Партал «Свабоду палітвязьням», 22 студзеня 2019 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  9. ^ Алег Грузьдзіловіч. Актывістка Ніна Багінская ў адзіночку пікетуе рэстарацыю ў Курапатах // Радыё «Свабода», 15 красавіка 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  10. ^ Вынікі XX Зьезду Партыі БНФ (XVI Зьезд БНФ “Адраджэньне”) // Партыя БНФ, 20 лістапада 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  11. ^ Зьміцер Уласаў. 28 гадоў таму была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі // БелаПАН, 27 ліпеня 2018 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  12. ^ Паліна Кузьміцкая, партал Tut.by. Ваўкі і коцікі // Газэта «Новы час», 22 верасьня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  13. ^ Паліна Кузьміцкая, партал Tut.by. Брошка «Ніна Багінская» стала хітом у Расіі і не толькі // Газэта «Новы час», 21 верасьня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  14. ^ Уручэньне Мэдалёў да стагодзьдзя БНР, верасень 2020 г. // Рада БНР, 30 верасьня 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  15. ^ Названы прэтэндэнты на прэмію імя Ніны Багінскай у лістападзе // Газэта «Новы час», 4 лістапада 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.
  16. ^ Надзея Бужан. Да Ніны Багінскай прыйшлі зь ператрусам // Партал «Наша ніва», 5 лістапада 2020 г. Праверана 8 сакавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]