Перайсьці да зьместу

Сяргей Ханжанкоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сяргей Ханжанкоў (13 сакавіка 1942, пас. Усьць-Уціны Магаданская вобласьць, СССР — 16 сакавіка 2016, Менск, Беларусь[1]) — арганізатар і кіраўнік маладзёвай антысавецкай арганізацыі, якая дзейнічала ў Менску ў 1962—1963 гадох і мела на мэце падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску.

Нарадзіўся ў сям’і былых палітзьняволеных (бацька быў асуджаны ў 1935 годзе, дзед па матчынай лініі — у 1929). У 1955 сям’я атрымала дазвол вярнуцца ў Менск.

У 1959 паступіў на гідратэхнічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытуту.

Сям’я слухала заходнія радыёстанцыі. У 1962 годзе ён разам зь Віктарам Храпавіцкім і Рыгорам Сярогіным стварыў невялікую падпольную групоўку, якая зьбіралася распачаць друк антысавецкіх улётак. Пасьля было пастаноўлена падрыхавацца і падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску. Хлопцы знайшлі ў лесе снарады і разабраўшы іх здабылі выбухоўку. Пасьля пачалі распрацоўваць тэкст улётак, якія зьбіраліся расклеіць пасьля апэрацыі. Але сярод іх быў аднагрупнік Хажанкова, які зьяўляўся сэксотам — пра ўсе іх дзеяньні органы рэспублікі ведалі[2].

Таму ўжо 27 траўня 1963 іх група арыштаваная.

7 кастрычніка 1963 засуджаны за «спробу зрабіць дывэрсію» і «антысавецкую агітацыю і прапаганду» да 10 гадоў лягераў. Пасьля вызваленьня ў 1973 вярнуўся ў Менск. Працаваў інжынэрам у Беларускім дзяржаўным інстытуце праектаваньня аўтадарог, на заводзе імя Кірава.

Аляксандар Салжаніцын пасьля ў інтэрвію згадаў Ханжанкова:

« Узгадваецца лёс Сяргея Ханжанкова, які адседзеў <…> за спробу — ці нават намер — падарваць глушальнік у Менску. Але ж сыходзячы з агульначалавечых клопатаў нельга зразумець гэтага злачынцу інакш як змагара за ўсеагульны мір. »

—Аляксандар Салжаніцын[3]

У 1976 спрабаваў арганізаваць сустрэчу былых палітзьняволеных, але сустрэча не адбылася, бо ўсе яе ўдзельнікі былі часова затрыманыя КДБ[4]. Удзельнік I-га зьезду палітзьняволеных (жнівень 1990, Санкт-Пецярбург).

З 2002 на пэнсіі. Не рэабілітаваны і рэабілітацыі ніколі не дамагаўся. Памёр ва ўласнай хаце ў Менску пасьля цяжкай хваробы 16 сакавіка 2016.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]