Нямецкая хваля
«Нямецкая хваля» | |
Лёга з 2012 г. | |
Горад | Бон |
---|---|
Краіна | Нямеччына |
Слоган | Зроблена для розумаў |
Фармат | Навіновы |
Частасьць | 15530 кілягэрц |
Мачта | Наўэн(de) (зямля Брандэнбург) |
Магутнасьць | 500 кіляват (2016) |
Час вяшчаньня | 11 гадзінаў (3:00-8:00, 13:00-19:00 UTC) |
Зона вяшчаньня | Аўганістан, Афрыка, Мадагаскар |
Пачатак працы | 3 траўня 1953 (71 год таму) |
Доля | 4,2% (2007)[1] |
Заснавальнік | Урад Нямеччыны |
Уласьнік | Згуртаваньне радыёвяшчальнікаў Нямеччыны(de) |
Кіраўнікі | Пэтэр Лімбург(de) |
Сайт | dw.com |
dw_deutsch | |
dw.deutschewelle | |
YouTube | deutschewelle |
Он-лайн-трансьляцыя | akamaihd.net |
«Нямецкая хваля» (НХ; ням. Deutsche Welle, DW) — дзяржаўная радыёстанцыя Нямеччыны, заснаваная ў траўні 1953 г. у Кёльне (зямля Паўночны Райн — Вэстфалія) для замежнага вяшчаньня. У 2003 г. сядзібу перамясьцілі ў Бон. На 2016 г. падавала навіны на 10 мовах Азіі (арабская, бэнгальская, гіндзі, дарыйская, інданэзійская, кітайская, пуштунская, пэрсыдзкая, турэцкая, урду), 3 мовах Афрыкі (амхарская, суахілі, хаўса) і 14 мовах Эўропы (альбанская, ангельская, баўгарская, гішпанская, грэцкая, македонская, нямецкая, партугальская, польская, расейская, румынская, сэрбскахарвацкая, украінская, француская). Радыёвяшчаньне ажыцьцяўлялася на кароткіх хвалях і праз спадарожнік на 9 мовах: амхарскай (Этыёпія), ангельскай, грэцкай, дарыйскай (Аўганістан), партугальскай, пуштунскай, суахілі (Кенія, Танзанія, Уганда), францускай і хаўса (Нігер, Нігерыя). Мае ў падпарадкаваньні аднайменны(de) спадарожнікавы тэлеканал, заснаваны 1 красавіка 1992 году ў Бэрліне. Налічвала звыш 3000 супрацоўнікаў з 60 краінаў.
Беларусь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2 сьнежня 2005 г. а 20:30 радыё «Нямецкая хваля» пачало беларускамоўнае вяшчаньне на сярэдніх хвалях і частасьці 1555 кілягэрц[2] у выглядзе 15-хвіліннай перадачы «Беларуская хроніка». 1 красавіка 2009 г. выпуск перадачы «Беларуская хроніка» спынілі[3]. Да кастрычніка 2009 г. бэрлінская тэлестудыя «Нямецкай хвалі» пачала выпускаць 4 беларускамоўныя тэлеперадачы («Будучыня», «На колах», «Эўрамакс» і «Эўропа сёньня»), што паказвалі зь серады па суботу на спадарожнікавым тэлеканале «Белсат» (Варшава, Польшча)[4]. Да 2013 г. выпуск тэлеперадачаў спынілі.
28 кастрычніка 2021 году сайт НХ заблякавалі ў Беларусі[5].
У сакавіку 2022 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі Telegram-канал «DW Беларусь» і лягатып Нямецкай хвалі[6]. У красавіку 2024 году Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь абвясьціла «DW Беларусь» экстрэмісцкім фармаваньнем[7].
Замежныя перадавальнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2016 г. радыёстанцыя выкарыстоўвала 7 замежных радыёперадавальнікаў.
- Дхабая (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Належыць Радыё Аб’яднаных Эміратаў.
- Ісудэн(fr) (дэпартамэнт Эндр, рэгіён Цэнтар-Валь дэ Люар, Францыя). Магутнасьць 500 кіляват.
- Мадагаскар.
- Мэертан(en) (правінцыя Гаўтэнг, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). Належыць прадпрыемству «Сэнтэк»(en) (Ханід’ю, прав. Гаўтэнг), што знаходзіцца ва ўласнасьці Міністэрства сувязі і паштовых паслугаў ПАР.
- Сан-Тамэ (Сан-Тамэ і Прынсыпі).
- Трынкамалі (Усходняя правінцыя, Шры-Ланка). Выкарыстоўваецца з 1984 году. У 2013 г. прадалі Шры-Ланкійскай вяшчальнай карпарацыі(en) (Каломба). Складаўся з 3 кароткахвалевых перадавальнікаў па 250 кіляват.
- Востраў Ушэсьця[8]. Належыць Брытанскай вяшчальнай карпарацыі.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]3 траўня 1953 г. у Кёльне (Заходняя Нямеччына) дзяржаўная радыёстанцыя «Нямецкая хваля» пачала вяшчаньне на кароткай хвалі даўжынёй 25 мэтраў з частасьцю 11,795 кілягэрц з урачыстага звароту 1-га прэзыдэнта Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына Тэадора Гойса (1949—1959). Першая перадача ажыцьцяўлялася з 11:30 да 14:30 са студыі «Паўночна-заходняга нямецкага радыёвяшчаньня»(de) (Кёльн), заснавага ў траўні 1945 году. 11 чэрвеня 1953 г. Згуртаваньне радыёвяшчальнікаў Нямеччыны(de) падпісала з «Паўночна-заходнім нямецкім радыёвяшчаньнем» («ПЗНР») пагадненьне аб кіраваньні радыё «Нямецкая хваля». У 1954 г. запусьцілі 5-хвіліннае вяшчаньне на ангельскай, гішпанскай, партугальскай і францускай мовах. У 1955 г. «Нямецкая хваля» перайшла ў кіраваньне вылучанага з «ПЗНР» «Заходненямецкае радыёвяшчаньня»(de) (Кёльн). У 1956 г. радыёстанцыя займела першы ўласны радыёперадавальнік у г. Юліх(de), што на захад ад Кёльна. У 1959 г. запусьцілі вяшчаньне на арабскай мове. У 1960 г. «Нямецкая хваля» стала самастойнай радыёстанцыяй. 7 чэрвеня 1962 г. уступіла ў Згуртаваньне радыёвяшчальнікаў Нямеччыны(de).
У 1965 г. пры «Нямецкай хвалі» адчынілі навучальны асяродак для радыёжурналістаў з Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Першымі навучэнцамі ў Кёльне сталі 3 радыётэхнікі дзяржаўнага радыё «Руанда»(en) (Кігалі). У 1970 г. у Заходнім Бэрліне адчынілі навучальны асяродак у галіне тэлебачаньня, у партугальскім горадзе Сініш(pt) (Сітубальская акруга) пусьцілі радыёперадавальнік. 10 красавіка 1972 г. у Баварыі запусьцілі перавадальнік Вэрташталь(de) магутнасьцю 500 кіляват. У 1974 г. нямецкая служба радыё перайшла на кругласодневае вяшчаньне, пачаў працу радыёперадавальнік на Мальце. У 1975 г. у брытанскай калёніі Антыгуа (цяпер Антыгуа і Барбуда) адчынілі перадавальнік сумесна з Брытанскай вяшчальнай карпарацыяй. У 1987 г. навучальны асяродак выпусьціў 1000-га навучэнца.
У 1990 г. у навучальным асяродку ў галіне тэлебачаньня прайшлі падрыхтоўку 12 тэлежурналістаў Вугоршчыны і Польшчы. У жніўні 1990 г. адбылося падпісаньне пагадненьня аб супрацы з Маскоўскім радыё. У 1991 г. савецкія радыёглушыльнікі пад Іркуцкам, Куйбышавам і Новасыбірскам пераабсталявалі для перадачы радыёсыгналаў «Нямецкай хвалі» на Азію. У 1992 г. падрыхтоўку прайшлі журналісты індыйскага дзяржаўнага радыё «Нябесны голас»(hi) (Нью-Дэлі), сэрбскахарвацкую службу радыё падзялілі на сэрбскую і харвацкую. 1 ліпеня 1993 г. радыё «Вяшчаньне Нямеччыны»(de) (Кёльн) перадало «Нямецкай хвалі» службы на 11 эўрапейскіх мовах.
У 1994 г. «Нямецкая хваля» мела звыш 2200 супрацоўнікаў. У верасьні 1994 г. радыёстанцыя займела сайт dwelle.de, зь якога ў 1995 г. пачала сеціўнае радыёвяшчаньне. У 1998 г. расейскамоўнае вяшчаньне павялічылі з 8 да 13 гадзінаў на дзень, нямецкамоўнае — скарацілі да 4 гадзінаў. У 2001 г. адбыўся пераход у новы дамэн dw-world.de. У 2012 г. сайт займеў дамэн dw.de, гадавы каштарыс склаў каля 271 млн эўра. 22 чэрвеня 2015 г. радыёстанцыя перайшла на сучасны дамэн у сеціве (dw.com), набыты ў 2013 годзе. У 2014 г. каштарыс склаў 323,8 млн эўра, зь іх 311,4 млн эўра (96%) дзяржаўных сродкаў[9].
Кіраўнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ота Вэзэман(de) (12 кастрычніка 1960 — 29 лютага 1968)
- Вальтэр Штайгнэр (2 сакавіка 1968 — 29 лютага 1980)
- Конрад Алерс(de) (1 сакавіка — 8 сьнежня 1980)
- Гайнц Фэльгаўэр(de) (выканаўца абавязкаў; 19 сьнежня 1980 — 30 чэрвеня 1981)
- Кляўс Шуц(de) (1 ліпеня 1981 — 30 чэрвеня 1987)
- Гайнц Фэльгаўэр (1 ліпеня 1987 — 30 чэрвеня 1989)
- Дытэр Вайрых(de) (1 ліпеня 1989 — 31 сакавіка 2001)
- Райнгард Гартштайн (в.а.; 1 красавіка — 30 верасьня 2001)
- Эрык Бэтэрман(de) (1 кастрычніка 2001 — 30 верасьня 2013)
- Пэтэр Лімбург(de) (з 1 кастрычніка 2013)
Мовы вяшчаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назоў | Год пачатку | Год сканчэньня |
---|---|---|
Нямецкая | 1953 | – |
Ангельская | 1954 | – |
Француская | – | |
Гішпанская | – | |
Партугальская | – | |
Арабская | 1959 | – |
Пэрсыдзкая | 1962 | – |
Турэцкая | – | |
Расейская | – | |
Польская | – | |
Чэская | 2000 | |
Славацкая | 2000 | |
Вугорская | 2000 | |
Сэрбскахарвацкая | – | |
Суахілі | 1963 | – |
Хаўса | – | |
Інданэзійская | – | |
Баўгарская | – | |
Румынская | – | |
Славенская | – | |
Грэцкая | 1964 | – |
Гіндзі | – | |
Бэнгальская | – | |
Урду | – | |
Італьянская | 1998 | |
Кітайская | 1965 | – |
Амхарская | – | |
Японская | 1969 | 2000 |
Македонская | – | |
Пуштунская | 1970 | – |
Дарыйская | – | |
Дацкая | 1993 | 1998 |
Нарвэская | ||
Нідэрляндзкая | ||
Альбанская | 1992 | – |
Украінская | 2000 | – |
Беларуская | 2005 | 2009 |
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нацыянальнае апытаньне ў верасьні 2007 г. (пытаньне №58) (рас.) // Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаванняў (НІСЭПД), 15 кастрычніка 2007 г. Праверана 30 траўня 2016 г.
- ^ Барыс Тумар, Яўген Васілеўскі. «Нямецкая хваля» перайшла на беларускую // Наша ніва : газэта. — 23 сьнежня 2005. — № 48 (454). — С. 2. — ISSN 1819-1614.
- ^ Марына Рахлей. Паляпшэньне адносін Менска з ЕС — яшчэ не нагода для згортваньня мэдыяпраектаў для беларусаў і па-беларуску, лічаць экспэрты // БелаПАН, 10 ліпеня 2009 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
- ^ «Нямецкая хваля» на «Белсаце» // Тэлеканал «Белсат», 18 чэрвеня 2012 г. Архіўная копія ад 18 чэрвеня 2012 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
- ^ АГ/ИР. (2021-10-28) Перестали открываться сайты газеты «Новы час» и ресурсов «Настоящее время» и «Deutsche Welle» (рас.). Белсат. Праверана 2021-10-28 г. Архіўная копія ад 2021-10-28 г.
- ^ Материалы Deutsche Welle признаны экстремистскими в Белоруссии (рас.) Інтэрфакс Праверана 2024-04-30 г.
- ^ Белорусскую службу DW признали экстремистским формированием (рас.) РБК(ru) Праверана 2024-04-30 г.
- ^ Кароткахвалевыя частасьці (ням.) // «Нямецкая хваля», 1 сакавіка 2016 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
- ^ Каштарыс выдаткаў і даходаў за 2014 фінансавы год (ням.) // «Нямецкая хваля», 2015 г. Праверана 27 траўня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мабільная бачына(недаступная спасылка) (ням.)
- RSS-паток навінаў (ням.)
- Падкасты рэпартажаў (ням.)
Гэта — накід артыкула пра Нямеччыну. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |