Міхайлова (Прыгарадны сельсавет)
| Міхайлова, трансьліт. Michajlova | |
| Населены пункт | |
| Краіна | Беларусь |
|---|---|
| Вобласьць | Менская |
| Раён | Барысаўскі |
| Сельсавет | Прыгарадны |
| Першыя згадкі | 1800 |
| Геаграфія | |
| Вышыня НУМ | 194 м |
| Часавы пас | |
| Каардынаты | 54°20′46″ пн. ш. 28°40′50,90″ у. д.HGЯO |
| Насельніцтва | |
| Колькасьць | 16 чал. (2010) |
| колькасьць двароў | 12 (2008)[1] |
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |
| Тэлефонны код | +375 177 |
| Паштовы індэкс | 202136[2] |
| СААТА | 6208826040 |
| Нумарны знак | 5 |
| Міхайлова на мапе Беларусі ± Міхайлова | |
Міхайло́ва[3] — вёска ў Барысаўскім раёне Менскай вобласьці, за 21 км на паўночны ўсход ад Барысава, 92 км ад Менску, ля вытокаў Схі. Рэльеф раўнінны, на поўначы мяжуе зь лесам. Міхайлова ўваходзіць у склад Прыгараднага сельсавету.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Час заснаваньня вёскі невядомы, як і невядома паходжаньне яе назвы. Хутчэй за ўсё, яна зьвязана зь першым гаспадаром і заснавальнікам тутэйшага маёнтку. Менавіта маёнтак у Міхайлове, а не вёска да пачатку ХХ стагодзьдзя адыгрываў у пасяленьні дамінуючую ролю.
Найбольш старое зь вядомых пісьмовае сьведчаньне пра Міхайлова адносіцца да 1800 году. На той час пасяленьне належала Станіславу Тышкевічу. Меўся тут невялікі жалезны завод. У 1830—1840-я гады гаспадаром маёнтку быў Паўлікоўскі. Па стане на 1834 год да яго адносілася 63 прыгонныя селяніны.
Пазьней Міхайлова пераходзіць да Міклашэўскага. Ён землі маёнтку дзеліць паміж сваімі дзецьмі і перадае ім у спадчыну. Па стане на 1876 год адной часткай зямлі валодалі Вікенцій, Фёдар і Фелікс (68 дзесяцін), а другой — Фёдар, Вікторыя і Альбіна (60 дзесяцін). Усе яны ў дакумэнтах узгадваюцца як сяляне-каталікі. Гаспадаркамі кіравалі самі Міклашэўскія.
Па стане на 1908 год у гаспадарскім двары Міхайлова адзначаецца два дамы. У 1917 годзе ён называецца фальваркам.
Паміж вёскай і маёнткам у былыя часы стаяў крыж. Ён быў абсаджаны ялінамі. У часы першай сусьветнай вайны ў Міхайлове зьявіліся кітайцы. Яны капалі зямлю вакол крыжа і знайшлі там чалавечыя косткі. Цяпер невядома, адкуль яны ўзяліся, чаму менавіта ў гэтым месцы яны капалі і што шукалі. І ў рэшце, чые гэта былі косткі?
Хто быў апошнім гаспадаром Міхайлова, дакладна невядома. Вядома, што звалі яго Юзаф. Ён сам працаваў у сваёй гаспадарцы і яшчэ наймаў людзей. У фальварку быў цагляны двухпавярховы панскі дом, шмат розных гаспадарчых будынкаў.
Пасьля падзеяў 1917 году на месцы былога фальварку быў утвораны калгас. Аднак справы ў ім ішлі ня вельмі добра, і ён стаў занепадаць. Панскі дом быў разабраны яшчэ да вайны. Яго рэшткі стаялі да 1950—1960-х гадоў, пасьля чаго былі зьнішчаны.
У Міхайлове цяпер няма ніякіх сьлядоў ад былога фальварку, няма на былым месцы і крыжа.
30 кастрычніка 2009 году вёска перададзеная зь ліквідаванага Бродаўскага ў Зачысцкі сельсавет[4]. 30 сакавіка 2016 году перададзеная зь ліквідаванага Зачысцкага ў Прыгарадны сельсавет[5]
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 2010 год — 16 жыхароў
- 2008 год — 18 жыхароў, 12 гаспадарак[1]
- 1999 год — 35 жыхароў
- 1988 год — 61 жыхар
- 1917 год — 41 жыхар
- 1897 год — 9 жыхароў
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць код]Аўтадарогай зьвязана з Барысавам.
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Крыж
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- 1 2 Міхайлова. Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 155
- ↑ Справочник Адресов. Белпошта
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (djvu) С. 65
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 30 октября 2009 г. № 219 (рас.)
- ↑ О некоторых вопросах административно-территориального устройства Минской области Решение Минского областного Совета депутатов от 30 марта 2016 г. № 129 (рас.)
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць код]- Міхась Мацельскі. Міхайлова // Гоман Барысаўшчыны.